КАЛЯРО́ВАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, у якой узнаўляецца каляровы відарыс аб’екта здымкі. Грунтуецца на колерных уласцівасцях зроку чалавека, колераметрыі, фарміраванні першасных сігналаў асн. колераў (чырвонага, зялёнага і сіняга). Выкарыстоўваецца ў тэлевізійным вяшчанні і прыкладным тэлебачанні; найб. пашыраныя сістэмы К.т. ПАЛ, НТСЦ і СЕКАМ.

Адрозніваюць К.т. з адначасовай (найб. пашырана) і пачарговай перадачай тэлевізійных сігналаў (відарыса і гуку), для фарміравання і перадачы па каналах сувязі якіх выкарыстоўваюць спец. метады кадзіравання каляровай інфармацыі Асн. патрабаванне да сістэм вяшчальнага К.т. — сумяшчальнасць з сістэмамі чорна-белага тэлебачання. Для гэтага фарміруюцца сігналы яркасці і 2 колерарозныя, якія ўтвараюць сігнал колернасці. Відэасігнал займае такую ж паласу частот, што і сігнал чорна-белага тэлебачання і таму перадаецца па тых жа каналах сувязі. У каляровым тэлевізары відэасігналы вылучаюцца шляхам дэкадзіравання тэлевізійных сігналаў і падаюцца на кінескоп ці інш. ўзнаўляльную прыладу (у чорна-белых тэлевізарах выкарыстоўваецца толькі сігнал яркасці). Паляпшэнне якасці відарыса ў К.т. дасягаецца ў сістэмах тэлебачання павышанай якасці і асабліва ў сістэмах высокай выразнасці. У СНД, у т. л. на Беларусі, эксплуатуецца (з 1967) сав.-франц. сістэма К.т. з адначасовай перадачай сігналаў СЕКАМ.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЗНАЧА́ЛЬНАСЦЕЙ СУАДНО́СІНЫ,

фундаментальныя суадносіны квантавай механікі, якія ўстанаўліваюць межы дакладнасці адначасовага вызначэння пэўных пар фіз. велічынь, у прыватнасці — кананічна спалучаных дынамічных пераменных, напр., каардынаты і імпульсу мікрачасціцы. Устаноўлены В.К.Гайзенбергам (1927) пры аналізе ўяўных эксперыментаў па вымярэнні каардынат і імпульсаў квантавага аб’екта.

Вынікаюць з карпускулярна-хвалевай прыроды квантавых аб’ектаў, фармальна — з уласцівасцей тых матэм. аб’ектаў (аператараў), якія апісваюць фіз. велічыні ў апараце квантавай механікі. Запісваюцца ў выглядзе няроўнасцей віду Δx Δpx ≥ h/2 , дзе Δx = ( Δx ) 2 і Δpx = ( Δpx ) 2 — неазначальнасці (сярэднеквадратычныя адхіленні ад сярэдніх значэнняў) аператараў каардынаты і кампаненты імпульсу адпаведна; h = h/2π , дзе h — Планка пастаянная. Такія ж суадносіны выконваюцца для каардынат y і z і адпаведных кампанентаў імпульсу. Аналагічныя суадносіны маюць месца і для інш. пар фіз. характарыстык мікрааб’ектаў, напр., энергіі і часу жыцця сістэмы ў зададзеным стане, вугла павароту вакол зададзенай восі і праекцыі на яе моманту імпульсу. Н.с. вызначаюць спосаб найпрасцейшых ацэнак колькасных характарыстык квантавых сістэм.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙10​4. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.

Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГМА́ТЫКА [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],

1) адзін з раздзелаў семіётыкі, які вывучае адносіны паміж знакавымі сістэмамі і іх карыстальнікамі. Асн. ідэі П. сфармулявалі амер. філосафы Ч.​Пірс і Ч.​Морыс (прапанаваў тэрмін «П.» ў канцы 1930-х г.). Улічвае ўласцівасці і магчымасці чалавечага інтэлекту і чалавечых зносін, імкнецца іх змадэляваць з мэтай вырашэння міждысцыплінарнай праблемы стварэння т.зв. штучнага інтэлекту.

2) Галіна даследаванняў у мовазнаўстве; вывучэнне мовы як універсальнай знакавай сістэмы, што выкарыстоўваецца чалавекам. Уключае комплекс праблем: узаемадзеянне ў працэсе камунікавання адрасанта (таго, хто гаворыць), адрасата і сітуацыі зносін; правілы і мэты размовы, ускосныя сэнсы выказванняў, экспрэсіўныя сродкі маўлення, адносіны суразмоўцаў да прадметаў рэчаіснасці, прэсупазіцыі тых, хто гаворыць (аб’ём і разнастайнасць іх ведаў, што адбіваецца на маўленчым кантакце); прынцыпы і магчымасці інтэрпрэтацыі выказанага; форма, стыль, жанр, логіка маўлення, яго рытарычныя характарыстыкі. Узаемазвязана з праблематыкай розных гуманітарных навук і іх раздзеламі (стылістыка, рыторыка, псіхалінгвістыка, этналінгвістыка, тыпалогія маўлення, тэорыя камунікацыі, тэорыя дыскурсу і інш.).

Літ.:

Арутюнова Н.Д., Падучева Е.В. Истоки, проблемы и категории прагматики // Новое в зарубежной лингвистике. М., 1985. Вып. 16.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ТАН-ТО́МПСАН ((Seton-Thompson) Эрнест) (14.8.1860, г. Саўт-Шылдс, Вялікабрытанія — 23.10.1946),

канадскі пісьменнік, прыродазнавец, мастак-анімаліст. Скончыў каледж мастацтваў у Таронта (1879), вывучаў выяўл. мастацтва ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Падарожнічаў, даследаваў жыццё жывёл. Арганізатар руху следапытаў у Амерыцы. Друкаваўся з 1883. Пісаў на англ. мове. Аўтар больш як 40 кніг пра жывёльны свет, індзейскую і эскімоскую нар. культуру. Вядомасць прынеслі праца «Жыццё дзікіх жывёл» (т. 1—8, 1925—27) і блізкія да навук.-папулярнай л-ры аповесці, апавяданні, нарысы «Дзікія жывёлы, як я іх ведаў» (1898), «Біяграфія грызлі» (1900), «Жыцці тых, на каго палююць» (1901), «Два малыя дзікуны» (1903), «Героі-жывёлы» (1906), «Біяграфія серабрыстага ліса» (1909), «Рольф сярод лясоў» (1911), «Кніга аб лесе» (1912) і інш. Аўтар маст. аўтабіяграфіі «След мастака-натураліста» (1940). Сам ілюстраваў свае кнігі.

Тв.:

Бел. пер. — Гісторыя аднаго мядзведзя. Мн., 1927;

Лепш смерць, чым няволя. Мн., 1928;

Рванае вушка. Мн., 1939;

Рус. пер. — Рассказы о животных. Мн., 1980;

Прерии Арктики... М., 1987;

Моя жизнь;

Маленькие дикари;

Рассказы о животных. М., 1991;

Приключения Рольфа. М., 1993;

Лесные рассказы. СПб., 1994.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

група індаеўрапейскіх моў. Адны з найб. архаічных; добра захоўваюць стараж. індаеўрап. моўную аснову. Паводле структуры найб. блізкія да славянскіх моў. Падзяляюцца на ўсходнюю (сучасныя літоўская мова і латышская мова) і заходнюю (мёртвыя мовы — старажытнапруская мова, яцвягаў мова і куршская) групы. Некаторыя даследчыкі дапускаюць існаванне ў мінулым трэцяй — верхнедняпроўскай групы. Адзначалася тэндэнцыя (у пэўнай ступені захоўваецца і цяпер) фарміравання асобнай латгальскай мовы на аснове ўсх.-латышскага дыялекту.

У наш час арэал пашырэння балтыйскіх моў у асн. абмяжоўваецца тэр. Літвы і Латвіі. У мінулым вобласць, дзе жылі балцкія народы і плямёны, была ў некалькі разоў большая, пра што сведчаць шматлікія назвы рэк і азёраў (гідранімія), нас. пунктаў, урочышчаў (тапанімія і мікратапанімія) у тых рэгіёнах, дзе цяпер балты не жывуць; пісьмовыя звесткі і запазычанні з балтыйскіх моў у інш. мовах. Арэал балцкай гідраніміі ахоплівае частку Беларусі, ПнУ Польшчы, Укр. Палессе на У ад Гарыні, частку Расіі (бас. Дзясны, верхняй і сярэдняй Акі, вярхоўі Дняпра і Волгі, Падмаскоўе, паўд. Пскоўшчыну) і інш. Найбольш балтызмаў у бел. мове, менш у польск., рус. і ўкр. мовах, сустракаюцца ў чэшскай, балг., сербскахарвацкай, славенскай.

Ф.​Д.​Клімчук.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,

тэрыторыі, вылучаныя з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных, а таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін і жывёл. На Беларусі 52 біялагічныя заказнікі агульнай пл. 412,5 тыс. га (1995). Падзяляюцца на батанічныя і заалагічныя заказнікі: у Брэсцкай вобл. — Баранавіцкі, Борскі, Міхалінска-Бярозаўскі, Радастаўскі, Спораўскі, Ялоўскі, Лукава, Тырвовічы і інш., у Віцебскай — Асвейскі, Вялікае Балота, Забалацце, Запольскі, Казьянскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, у Гомельскай — Бабінец, Буда-Кашалёўскі, Букчанскі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Струменскі, Чачэрскі, Чырковіцкі, Шабрынскі, Нізоўе Случы (ч. ў Брэсцкай вобл.), у Гродзенскай — Гожаўскі, Дубатоўскае, Парэцкі, Сапоцкінскі, Слонімскі, Дакудаўскі і інш., у Мінскай — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Ленінскі (ч. ў Брэсцкай вобл.), Мацеевіцкае, Налібоцкі (ч. ў Гродзенскай вобл.), Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, Антонава, Кайкаўскі, Лебядзіны і інш.

У біялагічных заказніках вызначаны спец. рэжым прыродакарыстання, які забяспечвае ахову асобных відаў, груп ці згуртаванняў раслін і жывёл з мэтай захавання генафонду, стварэння аптымальных умоў іх існавання або рацыянальнага выкарыстання пэўных раслінных і жывёльных рэсурсаў. У розных зонах рэспублікі створаны заказнікі-журавіннікі пераважна на вярховых балотах (каля 20) і заказнікі лек. раслін (каля 10). Адметныя біял. аб’екты ахоўваюцца і ў інш. заказніках (гідралагічных, ландшафтных і інш.).

А.​К.​Фядосаў.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЬЦМАНА СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел статыстычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм неўзаемадзейных часціц (электронаў, атамаў, малекул), што рухаюцца паводле законаў класічнай механікі.

Распрацавана ў 2-й пал. 19 ст. Дж.К.Максвелам і Л.Больцманам. Ва ўмовах цеплавой раўнавагі стан ідэальнага газу апісваецца функцыяй размеркавання 𝑓 = Cexp(-E/kT), дзе C — нарміровачная канстанта, E — поўная мех. энергія (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергія часціцы), k — Больцмана пастаянная, T — абс. тэмпература. Функцыя 𝑓 наз. размеркаваннем Максвела—Больцмана, з якога вынікае закон раўнамернага размеркавання кінетычнай энергіі па ступенях свабоды малекул: на кожную ступень свабоды прыпадае ў сярэднім энергія 1/2 kT. Больцмана статыстыкай карыстаюцца ў тых выпадках, калі квантавыя эфекты ў руху часціц можна не ўлічваць. Крытэрый яе дастасавальнасці (2ΠmkT)​3/2/nh>1, дзе m — маса часціцы, n — канцэнтрацыя часціц, h — Планка пастаянная. Гэты крытэрый практычна выконваецца для малекул звычайных газаў і электронаў праводнасці ў паўправадніках. Для мікрачасціц Больцмана статыстыка недакладная і заменьваецца статыстыкай Бозе—Эйнштэйна або Фермі—Дзірака (гл. Квантавая статыстыка).

Больцмана статыстыка шырока карыстаецца ў кінетычнай тэорыі газаў, фізіцы паўправаднікоў, фізіцы плазмы, тэорыі эл. і магн. з’яў у рэчыве і інш. галінах фізікі.

В.​І.​Кузьміч.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЕ І АДНО́СНАЕ,

катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькі як рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс. і адносную ісціну гл. ў арт. Ісціна.

Літ.:

Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНАСЦЬ,

бясконцае (у часе) існаванне матэрыяльнага свету, абумоўленае нестваральнасцю і незнішчальнасцю матэрыі і яе атрыбутаў, матэрыяльным адзінствам свету. Вечнасць уласціва толькі матэрыі ў цэлым; кожная асобная матэрыяльная сістэма, у т. л. грамадскае жыццё і формы яго арганізацыі, абмежаваная ў прасторы і часе (мае пачатак і канец). Вечнасць не зводзіцца да неабмежаванага аднароднага існавання матэрыі ў адных і тых жа станах ці да бясконцай паслядоўнасці кругаваротаў. Яна ўключае ў сябе пастаянныя якасныя ператварэнні матэрыі і ўзнікненне новых станаў. Прызнанне вечнасці матэрыяльнага свету, яго здольнасці бясконца рухацца і самаразвівацца з’яўляецца асновай любога паслядоўнага матэрыяліст. погляду на працэсы, што адбываюцца ў Сусвеце. У тэалогіі і аб’ектыўным ідэалізме вечнасць трактуецца як атрыбут Бога або абсалютнага духа. Бог як бясконцая і абсалютна дасканалая існасць існуе не ў часе, а ў вечнасці. Усё, што ўласціва Богу, з’яўляецца абсалютна дасканалым і застаецца нязменным. Матэрыяліст. філасофія лічыць прынцыпова немагчымым які-небудзь канчатковы стан накшталт «цеплавой смерці Сусвету» або сціскання ўсяго рэчыва свету да бясконца вял. шчыльнасці і спынення (для патэнцыяльнага знешняга назіральніка) часу. У працэсе змянення матэрыі час можа змяняцца толькі ад мінулага да будучыні (гл. таксама Прастора і час, Касмалогія, Матэрыя).

В.​І.​Боўш.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)