крэпасць у С.-Пецярбургу на Заечым в-ве. Засн. 27.5.1703 (дата заснавання С.-Пецярбурга) як ваен. крэпасць, але ў 1-й чвэрці 18 ст. амаль страціла баявое значэнне. З часоў Пятра I памяшканні П.к. выкарыстоўваліся для зняволення дзярж. злачынцаў, для якіх пазней існавалі спец. пабудаваныя турмы ўнутры Аляксееўскага равеліна (1797—1884) і Трубяцкога бастыёна (1872—1917). Сярод вязняў крэпасці былі царэвіч Аляксей Пятровіч, эканаміст і публіцыст І.Ц.Пасашкоў, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., А.М.Радзішчаў, Т.Касцюшка, дзекабрысты, члены Патрыятычнага таварыства, петрашэўцы, народнікі, рэвалюцыянеры-марксісты, удзельнікі рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 у П.к. знаходзіўся штаб узбр. паўстання. З 1924 гіст.-рэв. музей, з 1993 гіст.-культ. запаведнік «П.к. — Дзярж. музей гісторыі С.-Пецярбурга».
Арх. помнікі: вароты Пятроўскія (1717—18, арх. Д.Трэзіні; драўляны рэльеф «Звяржэнне Сімона Волхва», скульпт. К.Оснер) і Неўскія (1784—87, арх. М.Львоў, класіцызм), кронверк (1752; перабудаваны ў 1850, арх. П.Таманскі; з 1872 Артыл.гіст. музей). Унутры П.к. — Петрапаўлаўскі сабор (1712—33, арх. Трэзіні, барока, 3-нефавая базіліка са званіцай, завершанай залачоным шпілем; разны драўляны іканастас, 1722—27, паводле малюнка І.Заруднага, майстры Т.Іваноў і І.Цялега) з пахавальняй рас. імператараў; домік для боціка Пятра I — Ботны домік (1761—62, арх. А.Віст; тэракотавая фігура «Навігацыя», 1891, скульпт. Д.Іенсен); комплекс манетнага двара (1798—1806, прыпісваецца арх. А.Порта) і інш. Уключана ЮНЕСКА у спісСусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМА́НКА (Salamanca),
горад у цэнтр.ч. Іспаніі, у аўт. вобласці Кастылія-Леон, на р. Тормес. Адм. ц.аднайм. правінцыі. Каля 160 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая. 2 ун-ты.
З 5 ст. да н.э. згадваецца як умацаванае паселішча племя ветонаў. У 3 ст. да н.э. заваявана карфагенянамі, у 2 ст. да н.э. — рымлянамі. У 8—11 ст.н.э. (з перапынкамі) пад уладай арабаў. У час Рэканкісты горад амаль апусцеў, зноў заселены ў 1102. У 1218 засн. Саламанкскі універсітэт, у 1254 бібліятэка. У 1520 С. — цэнтр паўстання камунерас. У 16—17 ст. цэнтр сукнаробства і кнігадрукавання.
22.7.1812 войскі А.Уэлінгтана і ісп. партызаны разбілі каля С. франц. войска. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 у С. (з 1936) знаходзілася рэзідэнцыя Ф.Франкл Баамондэ.
Горад-ансамбль С. вызначаецца адносна рэгулярнай планіроўкай вуліц, аднародным буд. матэрыялам (залацісты пясчанік), стылістычным падабенствам будынкаў (пераважна стылі платэрэска і чурыгерэска). Шматлікія арх. помнікі надаюць гораду выгляд музея: рым. мост з 15 арак, раманскія сабор (1140—60) і касцёл Томаса Кентэрберыйскага (перабудаваны ў 15 ст), кафедральны сабор з рысамі готыкі і барока (1513—1733, арх. Р.Хіль дэ Антаньён і інш.), кляштар дамініканцаў і касцёл Сан Эстэбан (1524—1610), езуіцкая семінарыя (1617—1755), касцёл кляштара аўгусцінцаў (1636—87, размалёўкі Хасэ дэ Рыбейры) і інш. У стылі платэрэска — комплекс універсітэцкіх будынкаў (канец 15—16 ст.). На цэнтр гар плошчы Пласа Маёр (1729—55, арх. А. дэ Чурыгера і інш.) ансамбль будынкаў у стылі ісп. барока (чурыгерэска). Старая ч. С. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НТА-ДАМІ́НГА (Santo Domingo),
горад, сталіца Дамініканскай Рэспублікі, на паўд. узбярэжжы в-ва Гаіці. 3599 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, порт на Карыбскім м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр, дае больш за палавіну прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., ромавая, алейная, мылаварная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, цэм., лесапільная, мэблевая. Акадэміі: мовы, гісторыі, музычная. 2 ун-ты. Горад перыядычна церпіць ад ураганаў. Цэнтр турызму.
Засн. ў 1496 Б.Калумбам (братам Х.Калумба) пад назвай Новая Ізабела, потым названы С.-Д. У 1538 у горадзе засн.ун-т. У 16 ст. тут знаходзілася рэзідэнцыя віцэ-караля ісп. калоній у Амерыцы. З 1844 сталіца Дамініканскай Рэспублікі. У 1916—24 акупіраваны амер. войскамі. У 1930 горад знішчаны ўраганам. Пасля адбудовы ў 1936 атрымаў назву Сьюдад-Трухільё (з 1962 зноў С.-Д.). У 1965 горад — арэна баёў паміж урадавымі войскамі і сіламі хунты.
У 1-й пал. 16 ст. горад набыў рэгулярную планіроўку. Забудоўваўся магутнымі каменнымі збудаваннямі ў стылі, пераходным ад готыкі да рэнесансу: манум. вежа Торэ дэль Аменахе (1503—07), замак-палац Каса дэль Альмірантэ (1510—14), сабор (1512—40) з грабніцай Х.Калумба, палац Каса дэ Энгомбе (1535), шпіталі, кляштары, 2-павярховыя жылыя дамы з унутр. дворыкамі. У 1543—1702 узведзены гар. сцены (захаваліся часткова). Пасля ўрагану 1930 узводзяцца жалезабетонныя будынкі. Сярод значных пабудоў 20 ст. — т-р (1913), атэль «Ярагуа» (1943) і інш. Музеі: нац., Нац.маст. галерэя і інш.Калан. цэнтр С.-Д. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс.га, з іх у Беларусі 87,5 тыс.га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіссусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж.нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.
Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр.ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх.Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр.ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).
У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкі паўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у т. л. змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).
Літ.:
Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,
помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн.Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.
Літ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;
Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;
М., 1994.
В.А.Чамярыцкі.
Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Dubrovnik),
горад у Харватыі. Каля 50 тыс.ж. (1994). Порт на беразе Адрыятычнага м. Чыгункай і аўтадарогамі звязаны з Босніяй і Герцагавінай. Харч.прам-сць. Стараж.культ. цэнтр (Дуброўніцкі архіў, з 1628 сталы тэатр); з 1956 штогадовыя летнія тэатр. фестывалі. Прыморскі кліматычны курорт і цэнтр турызму. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для лячэння хвароб органаў дыхання (у т. л. бранхіяльнай астмы), сардэчна-сасудзістых, алергічных хвароб скуры і інш. Старая частка Д. — цэласны гарадскі комплекс 14—18 ст. з палацамі і манастырамі эпохі Адраджэння, у т. л. палацы Княжацкі двор (2-я пал. 15 ст.) і Дывона — б. мытня і манетны двор (1516—21), манастыры — францысканскі (1-я пал. 14 ст.) і дамініканскі (14—15 ст.), цэрквы ў стылі барока (17 і 18 ст.) і інш. Пашкоджаны землетрасеннем 1979. Моцна разбураны ў час сербска-харвацкай вайны 1991—92. Стары горад Д. уключаны ў спісСусветнай спадчыны.
Засн. ў 7 ст. славянамі. З 9 ст. да 1205 пад уладай Візантыі. У 1205—1808 самаст. камуна-рэспубліка (Дуброўніцкая рэспубліка, уключала горад, ч. ўзбярэжжа на ПнЗ ад яго, п-аў Пелешац, а-вы Шыпан, Ластава, Млет і інш.); васал (плаціла даніну) Венецыі (1205—1358), Венгрыі (да 1526), Турцыі (1526—1806). Культ. росквіт («паўд.-слав. Афіны») прыпадае на 14—17 ст., эканам. (мараходства, марскі і сухап. гандаль, мясц. рамёствы) — на 16—17 ст. Пасля землетрасення 1667 паступова заняпаў. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі, у 1815—1918 пад уладай Аўстрыі. З 1919 у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія): У 2-ю сусв. вайну акупіраваны войскамі фаш. Італіі (крас. 1941 — канец 1944). Пасля распаду саюзнай Югаславіі застаўся ў складзе Харватыі.
Літ.:
Rapacka J. Rreczpospolita Dubrownicka. Warszawa, 1977;
Фрейденберг М.М. Дубровник и Османская империя. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МАСЦЬ (Zamość),
горад на ПдУ Польшчы. Адм. ц. Замойскага ваяв. 66 тыс.ж. (1994). Прам-сць: харч., мэблевая, трансп. машынабудаванне, швейная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. Турыстычны цэнтр.
Засн. ў 1580 Я.Замойскім як горад-крэпасць, рэзідэнцыя і гасп. цэнтр Замойскай ардынацыі (створана ў 1589). Размяшчэнне на гандл. шляху з Валыні ў Люблін і Варшаву і прывілеі (на правядзенне кірмашоў, бяспошлінны гандаль у краіне і інш.) спрыялі развіццю рамёстваў (кушнерства, гарбарства і інш.). У 1585 тут створана першая ў Польшчы мануфактура па вытв-сці саф’яну, тур. дываноў і апрацоўцы казліных шкур. Заснаванне ў 1595 Замойскай акадэміі і друкарні ператварыла З. у навук. і культ.цэнтр. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі, з 1809 у Варшаўскім герцагстве. У час напалеонаўскай кампаніі заняты рус. войскамі (1813). З 1815 у Каралеўстве Польскім. З канца 19 ст. павятовы горад (да 1975).
Горад спраектаваў і пачаў будаваць арх. Б.Маранда ў 1579—1600; прыклад рэнесансавага горадабудаўніцтва. Быў пяцівугольны ў плане, абнесены кальцом бастыённых фартыфікацый (1587—1605; завершаны ў 1617—19, арх. А. дэль Аква; дабудаваны ў 1809—30) з брамамі, у т. л. Любельскай (1588) і Старой Львоўскай (1599). Уключае: палац (1581—86, арх. Маранда; дабудаваны ў 1747—51, арх. Бэм’дэ Кавэ, і пасля 1831), ратушу (1591—1600, арх. Маранда; 1639—51, арх. Я.Ярашэвіч, Я.Вольф, перабудавана ў 18 і 19 ст., рэстаўрыравана ў 1937—38 і 1967—70), будынкі Акадэміі (1638—48, арх. Ярашэвіч; перабудаваны ў 1752—61, арх. Бэм’дэ Кавэ, і ў 19 ст.), калегіяту (1587—98), капліцы Замойскіх (1635, арх. Дж.Б.Фальконі; цяпер кафедральны сабор), царкву (1618—31), сінагогу (каля 1610—20), камяніцы з аркадамі, у т. л. каля Вялікага і Сольнага рынкаў (16—17 ст.). З. уключаны ЮНЕСКА у спісСусветнай спадчыны. Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́МА (Lima),
горад, сталіца Перу. Знаходзіцца на раўніне паміж падножжам Андаў і ўзбярэжжам Ціхага ак., на р. Рымак. Адм. ц. дэпартамента Ліма. 6,7 млн.ж. з прыгарадамі (1993). Буйнейшы трансп. вузел краіны, праходзіць Панамерыканская шаша. Марскі порт — Кальяо, фактычна зліўся з Л. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны (каля 80% апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., хім., аўтамаб., металаапрацоўчая. Разнастайная рамесная і саматужная вытв-сць. Ун-ты, у т. л. Сан-Маркас (з 1551). 3 акадэміі навук.Нац. музей перуанскай культуры, Музей натуральнай гісторыі «Хаўер Прада», Нац. музей антрапалогіі і археалогіі. Нац. тэатр.
Засн. ў 1535 ісп. канкістадорам Ф.Пісара. У 16 — пач. 19 ст. цэнтр ісп. каланіяльных уладанняў у Паўд. Амерыцы і сталіца віцэ-каралеўства Перу. У 1551 засн. Каталіцкі ун-т (старэйшы ў Паўд. Амерыцы). Пасля абвяшчэння незалежнасці ад Іспаніі (1821) Л. — сталіца рэспублікі Перу. У 1687 і 1746 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У Ціхаакіянскія войны 1864—66 і 1879—83 быў акупіраваны войскамі Чылі.
Горад захаваў прамавугольную сетку вуліц калан. часу. У цэнтры — Стары горад з арх. помнікамі, на ПнЗ — прамысл. раён, на ПдЗ — дзелавыя кварталы, на Пд і ПдУ — раёны асабнякоў. Вакол гал.пл. Пласа дэ Армас сабор (1572—1797), Палац прэзідэнта рэспублікі (1937—38, неакалан. стыль). У 16—18 ст. у стылі барока пабудаваны комплексы манастыроў (Сан-Франсіска, 1556—1624, Санта-Дамінга, сярэдзіна 16 ст.; Ла Мерсед, 1628—30) і цэрквы са складанай разьбой на парталах і ў інтэр’ерах, палацы (Торэ Тагле, 1735), жылыя дамы з унутр. дварамі, драўлянымі балконамі, ляпнымі парталамі. У 19 ст. будавалі ў духу эклектызму, у 1-й пал. 20 ст. — у «неаперуанскім стылі» (будынак Саюза архітэктараў, 1947), у 2-й пал. 20 ст. — у стылі сучаснай зах.-еўрап. і амер. архітэктуры (жылы раён Матутэ, 1952, і інш.). Гіст. цэнтр Л. ўключаны ЮНЕСКА у спісСусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАГРА́ФІЯ (ад лац. nota знак, заўвага + ...графія),
1) апісанне нотных выданняў і рукапісаў; дапаможнікі (паказальнікі, агляды, спісы, каталогі), у якіх апісаны і сістэматызаваны нотныя выданні і рукапісы; дапаможная галіна музыказнаўства.
2) Навук. дысцыпліна, што вывучае гісторыю, тэорыю і методыку апісання і класіфікацыю муз. твораў у іх нотным запісе. У заходнееўрап. краінах Н. як самаст.навук. галіна не вылучаецца, нотныя выданні і рукапісы вывучае муз. бібліяграфія.
Найб. ранняя форма Н. — індэксы ў рукапісных танарыях 9—11 ст. (зборы грыгарыянскіх песнапенняў, што размеркаваны па ладах). Адна з першых друкаваных Н. — сістэматычны спіс 1299 нотных, пераважна ням., выданняў у кнізе П.Болдуана «Філасофская бібліятэка» (1616). З 18 ст. ў краінах Еўропы і ЗША выходзяць разнастайныя нотаграфічныя спісы, агляды, каталогі, у большасці з іх змяшчаюцца Н., складзеныя ў нац. аспекце. У Расіі першай формай Н. былі выдавецка-гандл. каталогі 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы з 1-й пал. 19 ст. З пач. 20 ст. нотныя выданні рэгіструюцца ў «Нотной летописи» (1931). З 1805 рэгулярна выдаваліся каталогі выд-ва І.Завадскага (Вільня). «Летапіс друку Беларусі» мае спец. раздзел «Летапіс нотаў» (з 1924), бібліягр. паказальнік «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін» (1946—91) — раздзел «Ноты». Нотаграфічныя спісы і агляды змяшчаюцца ў дадатку да бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Рэтраспектыўныя паказальнікі «Музычная літаратура БССР» (1963, 1977) і «Музычная літаратура Беларусі» (1997) улічылі нотныя выданні, якія выйшлі ў 1917—90, а таксама муз. творы бел. фальклору і бел. кампазітараў, апублікаваныя за межамі рэспублікі, матэрыялы перыяд. друку Беларусі 1945—90. Нотаграфічныя спісы прыводзяцца ў разнастайнай інфарм., навук.-даследчай, метадычнай і пед. л-ры па музыцы, бібліягр. даведніках (гл.Лексікаграфія музычная), бел. праграмах для муз. школ, вучылішчаў, Бел. акадэміі музыкі, персанальных бібліягр. паказальніках і інш.
Літ.:
Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979. С. 163—164;
Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі, 1997. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМІ́РА,
старажытны горад на тэр.Паўн.-Усх. Сірыі (паблізу сучаснага г. Тадмар). Як буйны цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва ўпершыню згадваецца ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. У канцы 2-га тыс. да н.э. разбурана асірыйцамі, у 10 ст. да н.э. адбудавана ізраільска-іудзейскім царом Саламонам. У 1 ст.н.э. ў час праўлення Тыберыя прызнала вярх. ўладу Рыма, але захавала аўтаномію. Найб. росквіту дасягнула ў 1—3 ст.н.э., калі гандлявала з гарадамі Паўд. Месапатаміі, Скіфіі, Сярэдняй Азіі, Паўд. Аравіі. Развівалася сельская гаспадарка; былі пабудаваны падземныя водаправоды і рэзервуары для арашэння палёў і садоў вакол П. У 3 ст.н.э. ў часы праўлення Адэната і Зенобіі дасягнула вял.паліт. магутнасці (валодала ўсёй Пярэдняй Азіяй і Егіптам). У 272 рым. імператар Аўрэліян захапіў П. У 273 пасля антырым. паўстання рымляне зруйнавалі горад, а яго жыхароў прадалі ў рабства.
Арх. ансамблі П. вылучаюцца маштабамі, веліччу і пышнасцю форм, багаццем скульпт. дэкору. З 19 ст. праводзяцца сістэм. раскопкі П. Выяўлена частка руін ант. горада з рэгулярнай планіроўкай і вуліцамі ў абрамленні грандыёзных карынфскіх каланад. Арх. помнікі: свяцілішча Бела на высокай платформе (з храмам у цэнтры, 1 ст.), храмік Баалшаміна (2 ст.), «Вялікая каланада» з 3-пралётнай манум. аркай (1100 м; 2—3 ст.), агора, т-р (3 ст.), частка гар. сцяны (2-я пал. 3 ст., адноўлена ў сярэдзіне 6 ст.), т.зв. лагер Дыяклетыяна (канец 3 — пач. 4 ст.). з «Храмам знамёнаў». Па-за гар. сценамі даследаваны некропаль з грабніцамі 3 тыпаў: вежавымі, падземнымі і ў выглядзе дамоў з атрыямі. Знойдзены шматлікія статуі, рэльефы, мазаікі, размалёўкі. Археал. запаведнік П. ўключаны ЮНЕСКА у спісСусветнай спадчыны. Слова П. стала сімвалам горада мастацтва.
А.У.Казленка.
Пальміра. «Вялікая каланада» з трохпралётнай аркай. 2—3 ст.