ЛАПЛА́ЦКАЯ НІЗІ́НА,

усходняя ч Унутраных раўнін Паўд. Амерыкі ўздоўж рэк Парагвай і Парана. Даўж. з Пн на Пд каля 2300 км. Шыр. да 900 км. Уключае прыродныя вобласці Пантанал, Гран-Чака, Пампа і Міжрэчча. Уяўляе сабой сінеклізу Паўд.-амер. платформы, якая запоўнена магутнай тоўшчай кантынентальных, пераважна кайназойскіх адкладаў. На Пн клімат трапічны, летам вільготны; рэдкалессі і вял. балоты ўздоўж рэк. На Пд клімат трапічны, раўнамерны, вільготны; светлыя лясы, прэрыі і стэп. Земляробства. жывёлагадоўля.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁБІУСА ЛІСТ,

найпрасцейшая з аднабаковых паверхняў. З’яўляецца неарыентаванай паверхняй (гл. Арыентацыя ў матэматыцы). Можна атрымаць з прамавугольніка ABCD склейваннем паміж сабой старон AB і CD так, каб сумясціліся процілеглыя (па дыяганалі) вяршыні прамавугольніка. Мяжой М.л. з’яўляецца адна замкнутая крывая і таму, калі яго разрэзаць уздоўж сярэдняй лініі, ён не распадаецца, а ператвараецца ў двойчы перакручанае цыліндрычнае кальцо. Разглядаўся незалежна ням. матэматыкамі А.Ф.Мёбіусам і І.​Лістынгам.

Да арт. Мёбіуса ліст: а — зыходны прамавугольнік; б — ліст Мёбіуса.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],

тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаў ц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць мытна-прававыя адносіны. Асн. крыніцы М.п. Рэспублікі Беларусь — Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мытным тарыфе» 1993 з наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі, а таксама нормы цывільнага і адм. заканадаўства. Як навука М.п. ўяўляе сабой сукупнасць ведаў пра мытна-прававыя адносіны, разнастайнасці мытных рэжымаў, мытна-прававую адказнасць і г.д. М.п. таксама разглядаюць як вучэбную дысцыпліну — спец. курс, што выкладаецца студэнтам юрыд. і некаторых эканам. ВНУ.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКА́НДРАВА (Ганна Аляксееўна) (13.10.1921, в. Барашкіна Краснагародскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.6.1944),

удзельніца вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941. Камсорг стралк. батальёна старшы лейт. Н. вызначылася пры прарыве абароны праціўніка ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл.: першая паднялася ў атаку і павяла за сабой байцоў; загінула ў гэтым баі. У г. Дуброўна помнік на яе магіле, подзвіг Н. увекавечаны ў мемар. комплексе «Рыленкі».

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЛЯ́РЫЕВЫ ІЛ,

сучасны акіянічны глыбакаводны крамяніста-гліністы іл, абагачаны шкілетамі радыялярый (гл. Прамянёвікі). У вільготным стане ўяўляе сабой карычневы, зеленавата-шэры, чорны алеўра-пелітавы і пелітавы асадак. Складаецца з апалавага крэменязёму, гліністых мінералаў, вулканагеннага матэрыялу, гідраксідаў жалеза і марганцу, радзей цэалітаў. Пашыраны ў экватарыяльнай зоне Інд. і Ціхага акіянаў на глыб. 4,5—6 км і больш. Займае каля 3,4% агульнай плошчы дна Сусветнага акіяна. У выкапнёвым стане пераходзіць у арганагенную асадкавую пароду — радыялярыт.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МА (ад ням. Rahmen) у будаўніцтве, стрыжнёвая сістэма, элементы якой злучаны паміж сабой жорсткімі сувязямі ці шарнірамі. Асн. элементы Р. — стойкі (верт. стрыжні) і рыгелі (гарыз. стрыжні). Бываюць плоскія і прасторавыя, адна- і шмат’ярусныя, сіметрычныя, замкнёныя і інш. Большасць Р. — статычна нявызначаныя сістэмы; разлік іх праводзіцца метадамі буд. механікі. Выкарыстоўваюцца як нясучыя канструкцыі прамысл. і грамадскіх будынкаў, мастоў, пуцеправодаў, эстакад і інш. інж. збудаванняў.

Рамы: а — плоскія (бесшарнірная і трохшарнірная); б — прасторавая.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТ’ЯГРА́ХА (санскр. літар. — упартасць у ісціне),

форма грамадска-паліт. барацьбы ненасільнага характару ў калан. Індыі, распрацаваная М.​К.​Гандзі. Уяўляла сабой масавае несупрацоўніцтва індыйцаў з калан. ўладамі, што ўключала дэманстрацыі, байкот брыт. устаноў і тавараў, адмову ад выплаты падаткаў (як апошняя мера). Упершыню выкарыстана індыйцамі-эмігрантамі ў Паўд. Афрыцы ў пач. 20 ст. ў барацьбе за свае правы, у 1920—30-я г. — гал. форма барацьбы Індыйскага нацыянальнага кангрэса супраць брыт. калан. панавання ў Індыі.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РА-ДУ-ЭСПІНЬЯ́СУ (Serra do Espinhaço),

група горных хрыбтоў у Бразіліі, на У Бразільскага пласкагор’я, па правабярэжжы р. Сан-Франсіску, паміж 15—21° паўд. ш. Уласна С.-д.-Э. наз. паўд. ч. паміж 16—20° паўд. ш. Выш. да 2107 м (г. Сол). Уяўляюць сабой выхады шчыльных метамарфічных парод, пераважна кварцытаў. На Пд радовішчы жал. (Ітабіра) і марганцавых руд, а таксама алмазаў, золата. На ўсх. схілах вільготныя лясы, на зах. — ксерафітныя хмызнякі і рэдкалессі.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)