характарыстыка элементарных часціц, роўная падвоенаму сярэдняму эл. зараду часціцы ў ізатапічным мультыплеце (гл.Ізатапічная інварыянтнасць). Адрозніваюць моцны і слабы гіперзарад.
Моцны гіперзарад вызначаецца алг. сумай усіх унутраных квантавых лікаў часціцы і выкарыстоўваецца для апісання прыблізнай ізатапічнай інварыянтнасці адронаў. У розных рэакцыях элементарных часціц моцны гіперзарад амаль што захоўваецца, парушэнні яго захавання звязаны з уплывам электрамагнітнага ўзаемадзеяння. Слабы гіперзарад вызначае інтэнсіўнасць электраслабага ўзаемадзеяння элементарных ферміёнаў з нейтральным прамежкавым базонам і з’яўляецца крыніцай поля гэтага базона. Значэнні слабага гіперзараду, атрыманыя эксперыментальна, пакуль што не паддаюцца тлумачэнню. Напр., левыя нейтрына і электрон маюць слабы гіперзарад, роўны -1/2, правы электрон -1, левыя u- і d-кваркі + 1/6, правыя u- і (d-кваркі -2/3 і -1/3 адпаведна (гл.Кваркі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОД,
прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць),
1) перапынак (у прасторы або часе), прамежак, паўза, адлегласць паміж чым-небудзь.
2) У матэматыцы — мноства лікаў або пунктаў на прамой, размешчаных паміж двума лікамі (пунктамі) a і b. Пазначаецца (a, b), a і b — канцы І. ў яго не ўключаюцца.
3) У тэорыі адноснасці — велічыня, якая характарызуе сувязь паміж прасторавай адлегласцю і прамежкам часу, што раздзяляе 2 падзеі; «адлегласць» паміж дзвюма падзеямі ў чатырохмернай прасторы-часе. Квадрат І. Sab паміж дзвюма падзеямі A і BроўныS2AB = c = (∆t)2 − (∆r)2, дзе ∆t і ∆r — прамежак часу і прасторавая адлегласць паміж гэтымі падзеямі адпаведна, c — скорасць святла ў вакууме. І. Sab застаецца нязменным (інварыянтным) пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ІДНАСЦЬ (ад грэч. ploos кратны + eidos выгляд),
колькасць набораў храмасом, якія знаходзяцца ў клетцы або ва ўсіх клетках шматклетачнага арганізма. Характэрная для ўсіх асобін пэўнага віду. Арганізмы або клеткі, што маюць 1 поўны набор храмасом (мінім. ўзровень П.), наз. гаплоіднымі (n=1). Звычайна гаплоідныя палавыя клеткі, гаметафіты імхоў, папарацей і інш. Для большасці эўкарыёт нармальны ўзровень П. саматычных (не палавых) клетак роўны 2 (дыплоіднасць). Для некат. відаў характэрны больш высокі ўзровень П. (поліплаідыя). Змена П. ўласціва ўсім відам з палавым працэсам: зліццё гамет аднолькавай П. дае зіготу, П. якой у 2 разы вышэйшая; пры ўтварэнні гамет пасля меёзу П. зніжаецца ў 2 разы. Павелічэнне ўзроўню П. ў норме часта бывае ў клетках некат. органаў чалавека (напр., у печані) і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНЫ РУХАВІ́К (лац. perpetuum mobile літар. бесперапынны рух),
1) вечны рухавік 1-га роду — уяўная машына, якая, аднойчы прыведзеная ў рух, выконвала б работу неабмежавана доўгі час, не атрымліваючы энергіі з навакольнага асяроддзя. Спробы стварыць вечны рухавік рабіліся з 13 ст. Адмоўныя вынікі гэтых намаганняў стымулявалі адкрыццё і ўсталяванне закону захавання і ператварэння энергіі, адна з фармулёвак якога сцвярджае немагчымасць стварэння вечнага рухавіка 1-га роду (гл.Першы закон тэрмадынамікі).
2) вечны рухавік 2-га роду — уяўная машына, якая б цалкам ператварала ў работу ўсю цеплыню, атрыманую з навакольнага асяроддзя, г. зн. мела б каэфіцыент карыснага дзеяння, роўны 100%. Існаванне такога вечнага рухавіка фармальна не супярэчыць закону захавання і ператварэння энергіі, аднак стварэнне яго забаронена другім законам тэрмадынамікі, з якога вынікае немагчымасць самаадвольнай перадачы цеплыні ад халоднага цела да нагрэтага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНАВІЧ ((Vojnovič) Іва) (9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),
харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд.ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац.т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЦЯЖКА,
1) кавальская аперацыя, накіраваная на павелічэнне даўжыні загатоўкі пры адпаведным памяншэнні яе папярочнага сячэння. Ажыццяўляецца на молатах і прэсах паслядоўным абцісканнем з паваротам загатоўкі на 90°.
2) Аперацыя халоднай ліставой штампоўкі, у выніку якой з плоскай загатоўкі атрымліваюць танкасценныя пустыя вырабы (дэталі машын, карпусы прылад, каструлі, бітоны і інш.). Робіцца ў выцяжных штампах пуансонам і матрыцай. Глыбокія вырабы атрымліваюць пры паўторных выцяжках з прамежкавым адпалам (для аднаўлення пластычнасці металу). Прынцып выцяжкі выкарыстоўваецца таксама ў пракатцы металу і ў валачэнні.
3) Паказчык дэфармацыі, роўны адносінам даўжынь загатоўкі пасля і да пластычнага дэфармавання.
4) У хіміі, харчовай і парфумернай прам-сці выцяжка — прадукт выбіральнага выцягвання аднаго або некалькіх кампанентаў з сумесі або пэўнай сыравіны ў растваральнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС, колькасць руху, вектарная велічыня, роўная для часціцы здабытку масы на скорасць яе руху; мера механічнага руху цела. І. часціцы
, дзе m — маса і — скорасць часціцы. Адзінка І. ў СІ — кілаграм-метр за секунду (кг∙м/с).
І. механічнай сістэмы роўны вектарнай суме І. ўсіх часціц (матэрыяльных пунктаў) сістэмы:
, дзе
І. k-тай часціцы. Змена І. сістэмы адбываецца пад дзеяннем знешніх сіл і вызначаецца асноўным законам дынамікі:
(гл.Ньютана законы механікі). Пры адсутнасці знешніх уздзеянняў І. сістэмы застаецца пастаянным (закон захавання І.). І. разам з энергіяй і момантам імпульсу — фундаментальныя велічыні, якія характарызуюць фіз. сістэмы, у т. л.эл.-магн., гравітацыйныя і інш. палі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ РА́ДЫУСу агульнай тэорыі адноснасці,
радыус паверхні (сферы Шварцшыльда) у гравітацыйным полі сферычнага невярчальнага цела, на якой сіла прыцягнення імкнецца да бясконцасці; выпрамяненне ад крыніцы на гэтай паверхні мае бясконцае гравітацыйнае чырвонае зрушэнне. Гравітацыйны радыус вызначаецца масай цела M і роўны rg = 2GM/c2, дзе G — гравітацыйная пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме.
Гравітацыйны радыус астр. аб’ектаў надзвычай малы ў параўнанні з іх сапраўднымі памерамі, напр., для Зямлі rg = 0,9 см, для Сонца rg = 3 км. Пры рэлятывісцкім гравітацыйным калапсе цела дасягае памераў, меншых за гравітацыйны радыус, і ніякія сілы не здольныя спыніць яго далейшага сціскання пад уздзеяннем сіл прыцягнення. Сфера Шварцшыльда з’яўляецца «гарызонтам падзей» для вонкавага назіральніка (з-пад яе не могуць выходзіць ні выпрамяненне, ні часціцы), таму вобласць r < rgназ. шварцшыльдаўскай чорнай дзірой, а сферу r = rg — шварцшыльдаўскай паверхняй.