кветкі, у якіх ёсць толькі тычынкі і няма песціка (песцікаў) або ёсць толькі песцік (песцікі), але няма тычынак. Першыя наз. тычынкавыя (мужч.), другія — песцікавыя (жан.). У многіх аднаполых кветак органы другога полу захоўваюцца ў рэдукаваным стане і не функцыяніруюць. Паводле эвантавай тэорыі паходжання кветкі, аднаполыя кветкі ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ад двух кветак у выніку прыстасавання да апылення ветрам. Такія кветкі наз. функцыянальна-мужчынскімі або функцыянальна-жаночымі. Размеркаванне аднаполых кветак на раслінах рознае (гл.Аднадомныя расліны, Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЫ́ЛЬ (Stipa),
род кветкавых раслін сям. злакаў. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых, субтрапічных і горных раёнах тропікаў абодвух паўшар’яў. Асн.расліны стэпаў, прэрый, пампасаў і паўпустынь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.
АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: К. валасацік (S. capillata), К. перысты (S. pennata), К. Лесінга (S. lessingiana).
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, шчыльнакустовыя расліны з моцным голым сцяблом выш. 30—150 см. Лісце вузкае, складзенае ўздоўж, шылападобнае. Суквецці — сціснутая або слабараскіданая мяцёлка з аднакветнымі двухполымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя, прамысл., дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯ́НЫ (франц. lianes ад lier звязваць),
група травяністых і дрэвавых раслін, якія не здольны самастойна захоўваць вертыкальнае становішча сцябла і выкарыстоўваюць у якасці апоры інш.расліны, скалы, пабудовы. Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны пераважна ў трапічных лясах. Л. ўзнімаюцца да святла, абвіваюць інш.расліны або падпоры, чапляюцца за іх вусікамі, кручкападобнымі валаскамі. Пераважна кветкавыя расліны. Адрозніваюць Л. лазячыя і павойныя. Да культ. Л. адносяцца вінаград, хмель, некат. віды бабовых (напр., гарох); дэкар. — розныя віды дзявочага вінаграду, павойніку, фасолі, некат. віды аспарагуса, сапр. язмін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯФІ́ТЫ [ад гелія... + ...фіт(ы)],
расліны, якія прыстасаваліся да жыцця пры вял. колькасці сонечнага святла (святлолюбівыя расліны). У цяні выяўляюць прыкметы прыгнечанасці. У геліяфітаў высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу: гэты працэс пачынае пераважаць над працэсам дыхання пры высокім асвятленні (хвоя звычайная, бяроза бародаўчатая, дуб звычайны, лістоўніца, пшаніца, падбел і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАСНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для прыгатавання сіласу. Да іх адносяць расліны, што даюць высокі ўраджай зялёнай масы, багатыя асн. пажыўнымі рэчывамі, паддаюцца механізаванай уборцы і апрацоўцы. На Беларусі асн. С.к.: кукуруза, кармавыя лубін і капуста, сланечнік, віка-аўсяная сумесь, рапс, рэдзька і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НІК (Milium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 6—7 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. разгалісты (M. effusum). Трапляецца ў лясах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, у якіх ёсць пажыўныя для раслін хім. элементы пераважна ў форме арган. злучэнняў расліннага ці жывёльнага паходжання. Да арганічных угнаенняў адносяцца гной, гнойная жыжка і птушыны памёт, таксама кампосты (сумесі на аснове гною з торфам, фасфатнай мукой), торф, глей (сапрапель), зялёныя ўгнаенні, сцёкавыя воды і інш. адходы прам-сці і камунальнай гаспадаркі. Забяспечваюць расліны азотам, фосфарам, каліем, неабходнымі мікраэлементамі, паляпшаюць фіз. і фіз.-хім. ўласцівасці глебы, яе водны і паветраны рэжым, змяншаюць шкоднае ўздзеянне кіслотнасці на расліны, актывуюць жыццядзейнасць азотфіксавальных бактэрый. Перапрэлы гной (пры вільготнасці 75%) мае (у %): азоту (N) 0,5, фосфару (P2O5) 0,25, калію (K2O) 0,6, кальцыю (CaO) 0,7; курыны памёт (пры вільготнасці 56%) 2,2; 1,8; 1,1; 2,4 адпаведна. Калій і натрый у арганічных угнаеннях больш засваяльныя, чым у мінеральных угнаеннях. Праз арганічныя ўгнаенні ажыццяўляецца кругаварот пажыўных рэчываў: глеба — расліны — жывёла — расліны — глеба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕ́НІІ (грэч. xenia гасціннасць ад xenos госць, чужы),
уплыў пылку вышэйшых кветкавых раслін на адзнакі эднасперму расліны, што апыляецца. Залежыць ад падвойнага апладнення. У выніку насенне або плады адрозніваюцца ад інш. насення ці пладоў той жа расліны афарбоўкай, велічынёй, формай (напр., наяўнасць зерня рознай афарбоўкі ў адным катаху кукурузы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАТРО́ФЫ [ад мез(а)... + ...троф(ы)],
расліны, сярэдне патрабавальныя да наяўнасці ў глебе элементаў мінер. жыўлення. Займаюць прамежкавае становішча паміж алігатрофамі і эўтрофамі. Да М. адносяць зялёныя імхі, некат. драўняныя пароды (напр., елка), з кусцікаў — чарніцы, брусніцы, а таксама нешматлікія травяністыя расліны, што растуць пад полагам цёмнахвойнага лесу (напр., кісліца, майнік і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКВЕ́ТНІК (Leucojum),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Сярэдняй Еўропе, на Каўказе і ў Паўн. Афрыцы.
Дэкар. ранаквітучыя расліны. Найб. вядомыя белакветнік летні (Leucojum aestivum) і веснавы (Leucojum vernum). На Беларусі некаторыя віды белакветніка вырошчваюцца на прысядзібных участках, у бат. садах і парках.
Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны з разеткай шырокалінейнага лісця і бязлістым кветаносам (стрэлкай) выш. да 60 см. Цыбуля яйцападобная з белай перапончатай абалонкай. Кветкі белыя, адзіночныя або ў малакветкавых суквеццях (завітках), на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя расліны (маюць алкалоіды лейкацын і лейкацыцін).