мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́Б (франц. engobe),
вадкая керамічная фарба на аснове белай ці каляровай гліны, прызначаная для дэкарыравання гліняных вырабаў. Для афарбоўкі выкарыстоўваюць солі металаў і керамічныя пігменты. Ангобам можа пакрываць увесь выраб ці па малюнку. Пасля сушкі вырабы абпальваюць, часта пакрываюць празрыстай глазурай, размалёўкай. Танкамолаты ангоб з дабаўкамі наносяць на чарапіцу і інш. керамічныя вырабы для зніжэння порыстасці. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў у дэкар.-прыкладным мастацтве Б. Усходу. Разнавіднасць ангоба — грэч. керамічныя лакі (terra argeta). У Зах. Еўропе ангабіраваныя глазураваныя вырабы наз. мецца-маёліка. На Беларусі ангоб выкарыстоўваюць з 12 ст. (ганчарны посуд, керамічныя пліткі і дробная пластыка з Гродна, Турава, Навагрудка, Полацка, Слоніма). На Івянецкай маст. фабрыцы (Валожынскі р-н) шырока выкарыстоўваюць каляровы ангоб для размалёўкі посуду і сувеніраў, фляндроўкі, размалёўкі ражком, пэндзлем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1964 у в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. як школьны, з 1977 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 536 м², больш за 7,6 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Асн. экспазіцыя прысвечана падзеям Вял.Айч. вайны на Барысаўшчыне: стварэнне і дзейнасць партыз. атрадаў, брыгад Барысаўска-Бягомльскай партыз. зоны, матэрыялы пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, карта спаленых імі вёсак; у зале «Памяць сэрца» запісаны прозвішчы 5 тыс загінуўшых жыхароў раёна. У этнагр зале экспануюцца нар. адзенне, драўляны і керамічны посуд, вырабы з лену і саломкі. У маст. галерэі дэманструюцца карціны самадзейных і прафесійных мастакоў, творы графікі і скульптуры. Вакол музея парк Герояў, у якім устаноўлены бюсты Герояў Сав. Саюза, абеліск з імёнамі землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, урны з зямлёй гарадоў-герояў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1990, адкрыты ў 1994 у г.п. Круглае Магілёўскай вобл.Пл. экспазіцыі 149 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў ляпны і ганчарны посуд, жаночыя ўпрыгожанні 11—12 ст. з археал. помнікаў Кругляншчыны, манетны скарб 17 ст., царк. статут, псалтыр, «Жыціе і пакуты св. вялікамучаніцы Варвары» (1897), бел.нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., матэрыялы жыцця і дзейнасці рус. военачальнікаў І.У.Гуркі (гл. ў арт.Гуркі) і М.Р.Чарняева, рэпрадукцыі карцін мастака-перасоўніка М.В.Неўрава, апошнія гады жыцця якога прайшлі на Кругляншчыне, бел.нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., дакументы, фотаздымкі і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны, вырабы з саломкі, калекцыя карункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬ-АБА́,
курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).
Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСО́ЧКА,
спосаб атрымання жывіцы, цукрыстых сокаў і латэксу натуральнага з дрэў шляхам штучнага паранення ствалоў у перыяд вегетацыі.
На ствале спелага дрэва робяць косыя зрэзы, якія ўскрываюць смаляныя хады, і накіравальны жалабок, па якім жывіца сцякае ў прыёмнікі. Для стымуляцыі выдзялення ці змянення хім. саставу смалы зрэз апрацоўваюць хім. стымулятарамі. Пашырана таксама П. бярозы для атрымання бярозавага соку. З пачаткам руху соку ў ствале свідруюць невял. адтуліны, пад якія змяшчаюць жалабок і посуд для соку. П. аслабляе дрэвы, таму яе праводзяць за 10—15 гадоў да высечкі.
Забаронена П. ў запаведніках, заказніках, нац. парках, дрэў ці насаджэнняў — помнікаў прыроды, насенных дрэў. Для павышэння жыццеўстойлівасці падсочаных дрэў і актывізацыі працэсаў смола- і сокаўтварэння праводзяць іх падкормку, біял. меліярацыю і інш. На Беларусі асн.прамысл. значэнне мае П. хвоі звычайнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш.посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙСЕНСКІ ФАРФО́Р, мейсенскі фарфор,
мастацкія вырабы першага ў Еўропе фарфоравага завода ў г. Майсен каля Дрэздэна, Германія. Завод засн. ў 1710. У 1710—19 выпускаў посуд строгіх форм з каменнай масы і фарфору; у 1720—35 (у «жывапісны» перыяд) пашырана паліхромная надглазуравая і кобальтавая падглазуравая размалёўка посуду; у 1735—63 («скульптурны» перыяд) набылі вядомасць багатыя сервізы, вазы, туалетныя і пісьмовыя прыборы, табакеркі ў стылі ракако, скульпт. фігуры і групы — жанравыя, галантныя, пастаральныя, персанажы «камедыі дэль артэ», жывёл (мадэльеры І.І.Кендлер, І.Г.Кірхнер, І.Ф.Эберлайн). М.ф. ўласцівы вытанчанасць мадэліроўкі, мяккасць пластыкі ў спалучэнні з размалёўкай. Традыцыі керамічнага мастацтва М.ф. захоўваюцца. Марка завода (з 1725) — сінія мячы, нанесеныя падглазуравай размалёўкай. Іл.гл. таксама да арт.Кераміка.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Майсенскі фарфор. Сервіз і дэкаратыўныя кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙЦЫ, арыі,
індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў канцы 5-га — 3-м тыс. да н.э. насялялі тэр.ўсх. Беларусі ў бас. Дняпра і яго левабярэжных прытокаў. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы існавання культуры — магчыма, земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло ў паўзямлянкавых жытлах на паселішчах. Вырабляла таўстасценны вастрадонны посуд з прамымі сценкамі; асн. элементы арнаменту — адбіткі грабеньчатага штампа, ямкавыя ўцісканні, лапчастыя наколы, насечкі. Спачатку помнікі Верхнедняпроўскай культуры былі аб’яднаны ў лакальныя варыянты днепра-данецкай культуры (гомельска-чарнігаўскі на 2-м этапе развіцця, рагачоўскі — на 3-м). Пасля даследаванняў І.М.Цюрынай і А.Г.Калечыц вылучана ў самаст. культуру. Значна адчувальныя ўплывы дзяснінскай культуры і неаліт. культур Волга-Окскага рэгіёна. На Беларусі вядома больш за 300 паселішчаў Верхнедняпроўскай культуры (Струмень, Гронаў, Вець Быхаўскага, Лучын Рагачоўскага, Сябровічы Чачэрскага, Дубовы Лог Добрушскага р-наў і інш.).