БО́ГДАН (Фёдар Емяльянавіч) (н. 28.3.1939, в. Кацельня-Баярская Брэсцкага р-на),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Украіны (1979). Скончыў Львоўскую кансерваторыю імя М.​Лысенкі (1966). З 1966 саліст ансамбляў песні і танца «Данбас» ваенна-паветраных сіл Групы сав. войскаў у Германіі, Чарнаморскага флоту. З 1990 саліст Брэсцкай абл. філармоніі. У рэпертуары арыі з опер кампазітараў-класікаў, класічныя рамансы, песні сучасных аўтараў, апрацоўкі бел., рус., укр. нар. песень.

А.​А.​Мартыненка.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ ((Bykowski) Якса Пётр) (31.1.1823, с. Якушынцы Вінніцкай вобл., Украіна — 3.6.1889),

польскі пісьменнік, збіральнік і даследчык бел. нар. песень і абрадаў. Скончыў Кіеўскі ун-т (1843). З 1858 жыў у Камянцы, з 1866 у Варшаве. Аўтар аповесцяў пра мінулае польск. шляхты. У працы «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878) апісаў куставы і вясельны абрад на Піншчыне, апубл. сямейна-, каляндарна-абрадавыя і пазаабрадавыя бел. нар. песні.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСЦЬЯ́НАЎ (Фёдар Міхайлавіч) (н. 21.3.1937, г. Данецк, Украіна),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968; клас М.​А.​Зюванава). У 1961—62 артыст Шахцёрскага ансамбля песні і танца. З 1968 выкладчык Маладзечанскага муз. вучылішча. З 1973 саліст Бел. філармоніі. У рэпертуары бел., укр., рус. нар. песні, рамансы П.​Булахава, А.​Варламава, А.​Даргамыжскага, М.​Глінкі і інш., творы Ф.​Шуберта, Р.​Шумана і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.

Тв.:

Рус. пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;

Репр. Б.м., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (30.11. 1859, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1924),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Брат А.М.Ляпунова і Б.М.Ляпунова. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1883). З 1885 у Пецярбургу: у Прыдворнай пеўчай капэле, дырэктар Бясплатнай муз. школы, у 1910—23 праф. кансерваторыі, з 1919 Ін-та гісторыі мастацтваў. У творчасці прадаўжаў традыцыі «Магутнай кучкі». Сярод твораў: 2 сімфоніі (1887, 1917), Канцэртная уверцюра (1883), Урачыстая уверцюра на рус. тэмы (1896), сімф. паэмы і інш. для арк.; 2 канцэрты, Рапсодыя на ўкр. тэмы для фп. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; саната, 12 эцюдаў вышэйшага выканальніцкага майстэрства, прэлюдыі, вальсы, мазуркі для фп.; хары, рамансы, песні; аркестроўкі. Запісваў і вывучаў нар. песні (зб. «Песні рускага народа», 1899). Разам з М.​Балакіравым удзельнічаў у выданні найб. поўнага збору твораў М.​Глінкі. Завяршыў і інструментаваў шэраг твораў Балакірава.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРКЕ́СТР СІМФАНІ́ЧНАЙ І ЭСТРА́ДНАЙ МУ́ЗЫКІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1987. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор М.Фінберг. У складзе аркестра «Бігбэнд»

(кіраўнік Фінберг). камерны аркестр (кіраўнік В.Сарока),

ансамбль салістаў (кіраўнік Б.Нічкоў). ансамбль І.​Сацэвіча. Аранжыроўшчыкі аркестра А.Шпянёў. У.​Ткачэнка; сярод артыстаў В.Шчарыца (труба), вакалісты М.Скорыкаў, Я.​Навуменка. У рэпертуары эстр. песні, творы сімф., джазавай і эстр. музыкі сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, У.​Будніка, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Г.​Гарэлавай, А.​Елісеенкава, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, В.​Іванова, У.​Кур’яна, І.​Лучанка, І.​Паліводы, У.​Прохарава, В.​Раінчыка, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, Шпянёва, Г.​Гараняна, А.​Мажукова, А.​Пахмутавай, А.​Пятрова, Ю.​Саульскага, Г.​Свірыдава, М.​Фрадкіна, Дз.​Шастаковіча, Р.​Шчадрына і інш На базе аркестра праведзены фестывалі польскай песні (1988—1991), «Славянскі кірмаш» (1992—97) у Віцебску, бел. песні і паэзіі ў г. Маладзечна (1993—96), джазавай музыкі ў Мінску (1994—97), «Музы Нясвіжа» (1996, 1997), 3 фестывалі «Ступень да Парнаса» (Масква), аўтарскія вечары песні на словы паэтаў Я.​Купалы, М.​Багдановіча, А.​Куляшова, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна, Л.​Дранько-Майсюка, У.​Карызны, У.​Някляева і інш.

Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́ВІЧ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 28.3.1938, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. хар. дырыжор, фалькларыст, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1964). З 1964 дырыжор-хормайстар, з 1970 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.​Шырмы. З 1982 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1988—92 — Пінскім пед. вучылішчы. У 1987—88 і 1992—98 працаваў у н.-д. лабараторыі бел. фальклору і дыялекталогіі БДУ. Стваральнік і кіраўнік прафес. мужчынскага вак. актэта (з 1998), самадз. хар. калектываў, у т. л. Нар. хар. капэлы і хору хлопчыкаў Мінскага трактарнага з-да, Нар. хар. капэлы БДУ. З 1957 збірае бел. нар. песні (больш за 3 тыс.). Аўтар Боскай літургіі св. Іаана Златавуста для салістаў і мяшанага хору, больш за 200 апрацовак і пералажэнняў нар. і аўтарскіх твораў для аднароднага і мяшанага хароў; зборнікаў бел. песеннага фальклору, у т. л. «Беларускія абрадавыя песні» (1985), «Вянок беларускіх народных песень» (1988), укладальнік муз. часткі зб. «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл.» (1989).

Тв.:

Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.​Ліцвінкам, М.​Гаманюком;

Песенны фальклор Палесся: У 3 т. Т. 1. Песні святочнага календара. Мн., 2001.

Н.​Г.​Мазурына.

т. 13, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.​Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́К (Адам Герасімавіч) (24.5.1904, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1987),

бел. паэт. Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). Працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (1932—49), Бел. філармоніі (1949—59). Друкаваўся з 1927. Аўтар кніг паэзіі «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы А.​Русака» (1980). У яго вершах услаўляюцца жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць, ім характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкія да фальклору. Песня на яго словы «Бывайце здаровы» (музыка У.​Захарава і І.​Любана) стала народнаю. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі інш. песні (каля 300) на тэксты вершаў Р.: «Толькі з табою» і «Не шукай» (муз. Любана), «Лясная песня» (муз. У.​Алоўнікава), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю.​Семянякі), «Узнялося сонца яснае» (муз. Дз.​Лукаса), «Дзе ты, зорка мая» (муз. І.​Лучанка), «Сярожка» (муз. К.​Паплаўскага), «Як той Зосі давялося» (муз. Г.​Цітовіча), «Чырвоная вяргінечка» (муз. Н.​Сакалоўскага), «Як правёў мяне Цімох» (муз. М.​Ларкова) і інш. Для дзяцей выдаў зб-кі паэзіі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1972;

Толькі з табою. Мн., 1960. Засцілайце сталы. Мн., 1984.

Літ.:

Цішчанка І. Жыццё песні. Мн., 1984;

Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;

Вайткевіч В. Выбіраць словы, як кветкі для букета // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.

Л.​М.​Гарэлік.

А.Г.Русак.

т. 13, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССО́НАЎ (Пётр Аляксеевіч) (16.6.1828, Масква — 6.3.1898),

рускі гісторык л-ры, фалькларыст, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1879 праф. Харкаўскага ун-та. Выдаў зборнік балгарскіх песень (1855), песень, паданняў і вусных апавяданняў сербаў (1857), песень-літанняў старцаў («Калікі вандроўныя», вып. 1—6, 1861—64; разам з рус. ўвайшлі і бел. творы). У 1864—67 узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, бліжэй пазнаёміўся з бел. гісторыяй, культурай, фальклорам. Падрыхтаваў і выдаў «Песні, сабраныя П.​В.​Кірэеўскім» (вып. 1—10, 1860—74), «Беларускія песні» (1874). У апошні зборнік увайшлі каляндарна-абрадавыя нар. песні — валачобныя, юраўскія, мікольскія, куставыя, купальскія, пятроўскія, калядныя і масленічныя. Падзяляў погляды міфалагічнай школы.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 89—98.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)