ДЫ́ЛІУС ((Delius) Фрэдэрык Тэадор Альберт) (29.1.1862, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 10.6.1934),
англійскі кампазітар. З 1884 у ЗША, вывучаў негрыцянскі фальклор, у т. л. спірычуэлы (іх інтанацыі ўвасоблены ў многіх яго творах). З 1897 у Францыі. Майстар яркіх, незвычайных гармоній, адзін з першых англ. кампазітараў, якія звярталіся да нац. крыніц і вобразаў. Сярод твораў: оперы (6), у т. л. «Сельскія Рамэо і Джульета» (паст. 1907), «Ірмелін» (1953), «Фенімор і Герда» (1919); для салістаў, хору і аркестра — «Песні захаду сонца» (1907), Рэквіем (1916), «Песні развітання» (1930); для аркестра — «У летнім садзе» (1908), «Песня гор» (1911), «Песня лета» (1930); сюіты («Фларыда», 1887), рапсодыі і інш.; 4 канцэрты для інструментаў з аркестрам (1897—1921); 4 санаты для скрыпкі і фп. (1892—1930); для голасу з аркестрам — «Шакунтала» (1889) і інш.; камерна-вак. творы, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)