МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),
апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.
развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл.Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт.Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л.Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл.«Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл.Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл.Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр.рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.
Літ.:
Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;
Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;
Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),
спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВКБССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНКБССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУСССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУСССР.
Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр.Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановыЦВКБССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУСБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),
адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.
Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б.Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.
На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл.Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш). Прыхільнікі П складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт.Беларуская праваслаўная царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановыЦВКБССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.Ф.Карскі, прафесары В.П.Волгін, Л.С.Мінор, У.І.Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.М.Пранішнікаў, Ф.Ф.Турук, А.Ф.Фартунатаў, К.А.Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.І.Барычэўскі, Ц.М.Годнеў, М.В.Доўнар-Запольскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, А.Смоліч, М.М.Шчакаціхін, М.А.Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук.л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел.політэхн.ін-т. У гады Вял.Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.
У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд.навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв.геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук.час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),
спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановыВярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБСССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж.к-тпагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл.Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец.тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.
П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр.ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл.Паспалітае рушэнне) гар. абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр.ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр.БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССРузнаг. ордэнам Прац.Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял.Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням -фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.М.Сівачоў. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.М.Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).
А.А.Паўлоўскі.
Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),
адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц.філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш.філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б.правасл. і стараж.усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл.Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановыЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ САВЕ́Т НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ (ВСНГ),
у 1917—32 і 1957—65 цэнтр. орган Сав. дзяржавы па рэгуляванні і кіраванні асн. галінамі нар. гаспадаркі, гал.ч. прамысловасцю. Створаны дэкрэтам ВЦВК і СНК ад 2(15)12.1917 для арганізацыі планавай гаспадаркі і дзярж. фінансаў. Кіраванне асобнымі галінамі прам-сці ў сістэме ВСНГ ажыццяўлялі аддзелы, галіновыя гал. ўпраўленні і цэнтр. к-ты.
На месцах створаны абл., губ. і павятовыя саветы нар. гаспадаркі (СНГ). У першы год сав. улады ВСНГ праводзіў работу па ажыццяўленні дэкрэта аб усеаг. нацыяналізацыі буйной прам-сці і арганізацыі вытв-сці на сацыяліст. асновах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 ён выконваў ваен. заказы, забяспечваў Чырв. Армію зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем; пасля яе заканчэння кіраваў перабудовай прам-сці на мірную вытворчасць. У 1922 у сувязі з утварэннем СССР арганізаваны СНГ саюзных рэспублік, у т. л.БССР. ВСНГ нададзены правы аб’яднанага наркамата па кіраванні прам-сцю. У непасрэдным падпарадкаванні ВСНГСССР заставаліся прадпрыемствы саюзнага значэння. СНГ саюзных, аўтаномных рэспублік і мясцовым СНГ перададзена прам-сцьрэсп. і мясц. значэння. У задачы ВСНГСССР уваходзіла распрацоўка агульных нормаў і планаў эканам. развіцця краіны, аб’яднанне дзейнасці цэнтр. і мясц.гасп. органаў.
СНГ БССР ажыццяўляў кіраўніцтва нацыяналізацыяй прам-сці, кантроль за дзейнасцю прамысл. прадпрыемстваў, запасамі сыравіны, паліва, выпускам гатовай прадукцыі і інш. З пераходам да новай эканамічнай палітыкі праводзіў перабудову кіравання прам-сцю на прынцыпах гасп. разліку. Паводле пастановыЦККП(б)Б ад 13.7.1921 утворана 16 гасп.-разліковых групавых упраўленняў і 15 заводаўпраўленняў. У 1923 СНГ БССР перайменаваны ў ВСНГБССР. З 26.3.1924 вядучай гасп. адзінкай у сістэме ўпраўлення прам-сцю стаў гасп.-разліковы прамысл. трэст. Дзейнічалі 9 трэстаў: металічнай, лясной, харчовай, папяровай, шкляной, гарбарнай, спіртавой, буд. прам-сці, шчотачны. ВСНГБССР даводзіў трэстам план, правяраў яго выкананне, рэгуляваў рост і рух асн. фондаў. Ён не меў права ўмешвацца ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў і трэстаў і ператварыўся ў каардынацыйны цэнтр. У 1932 на аснове ВСНГСССР утвораны нар. камісарыяты цяжкой, лёгкай і лясной прам-сці, а ВСНГ саюзных рэспублік — наркаматы лёгкай прам-сці (ВСНГБССР 3.4.1932 пераўтвораны ў Наркамат лёгкай прам-сці БССР). Пазней на Беларусі арганізаваны наркаматы (з 1946 мін-вы) па інш. галінах прам-сці. У 1957 праведзена рэарганізацыя кіравання прам-сцю і буд-вам, зноў створаны СНГ СССР, СНГ саюзных рэспублік і СНГ эканам. раёнаў. СНГ БССР быў падпарадкаваны адначасова СМБССР і СНГ СССР. У сак. 1963 сістэму дзярж. органаў па кіраванні прам-сцю краіны ўзначаліў ВСНГСМСССР. Акрамя кіравання ўсімі галінамі прам-сці і будаўніцтва на яго былі ўскладзены каардынацыя дзейнасці планавых і гасп. органаў (Дзяржплана, СНГ СССР, дзярж. галіновых к-таў), забеспячэнне выканання планаў, распрацоўка і ажыццяўленне мерапрыемстваў па развіцці прамысл. вытворчасці. Паводле рашэння вераснёўскага (1965) пленума ЦККПСС скасаваны СНГ і ўтвораны агульнасаюзныя, саюзна-рэсп., рэсп. мін-вы і дзярж. к-ты. У БССР было арганізавана 5 саюзна-рэсп. мін-ваў (лёгкай, харчовай, цэлюлознапапяровай і дрэваапрацоўчай, мясной і малочнай, буд. матэрыялаў прам-сці) і 2 упраўленні (нафтаперапрацоўчай і нафтахім., хім. прам-сці). Для кіравання прадпрыемствамі, якія абслугоўвалі гал.ч. патрэбы рэспублікі і працавалі на мясц. сыравіне, былі створаны рэсп. мін-вы мясц. і тарфяной прам-сці. Прадпрыемствы БССР перадаваліся зноў створаным галіновым мін-вам. З 719 прадпрыемстваў, якія знаходзіліся ў распараджэнні СНГ БССР і яго галіновых упраўленняў, у непасрэднае падпарадкаванне агульнасаюзных мін-ваў СССР былі перададзены 94 буйнейшыя з-ды і ф-кі, 550 прадпрыемстваў перайшлі ў падпарадкаванне саюзна-рэсп., 75 — рэспубліканскіх мін-ваў і ведамстваў БССР. 1.1.1966 СНГ БССР спыніў сваю дзейнасць.
горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м.Зах.ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх.ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс.ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.
Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э. — Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц.брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст.адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст.адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.
У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах.ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.Рэзнік, Э.Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.Нейфельд, 12 вітражоў М.Шагала), Кнесет (арх. Д.Кармі, І.Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.Кенэдзі (абодва 1966) і інш.Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).
Да арт.Іерусалім. М.Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.Мемарыял Дж.Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.
Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.