Пабудаваны ў 1999 у Мінску ў зоне грамадскага цэнтра зах. планіровачнага раёна. Аўтары: арх. Ю.Патапаў, І.Боўт, А.Шафрановіч, дызайнеры В.Цыёнская, Н.Дарашкевіч. Разлічаны для спаборніцтваў і трэніровак па хакеі з шайбай і інш.Гал. фасад будынка арыентаваны на вул. Прытыцкага, з якой арганізаваны ўезд на аўтастаянку і знешнія падыходы на перадпалацавую плошчу ў выглядзе шырокіх алей з лесвіцамі і пандусамі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка засн. на спалучэнні простых геам. аб’ёмаў, кантрасце гладкіх глухіх сцен з рэдкім рытмам аконных праёмаў і шклянога аб’ёму колеру бірузы (нагадвае лядовы адкол на беласнежным фоне). Уключае глядзельную залу на 2 тыс.месцаў, лядовае поле (60 × 30 м), гал. службовы і касавы вестыбюлі, фае з вынаснымі буфетамі, раздзявалкі з саунамі для дарослых і дзяцей, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інж. абсталяваннем, што дазваляе праводзіць спарт. мерапрыемствы на высокім міжнар. узроўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (НАП),
працэс удасканальвання арганізацыі працы на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі з мэтай аптымізацыі яе ўмоў і вынікаў.
Пачынальнік укаранення НАП і кіравання — амер.інж. Ф.Тэйлар (гл.Тэйларызм). Рас. філосаф А.А.Багданаў вылучыў у 1912 ідэю стварэння навукі аб агульных законах арганізацыі — тэкталогію, якая пазней была развіта ў канцэпцыях НАП. Ініцыятар і арганізатар НАП у СССР — эканаміст А.К.Гасцеў, які ў 1920—38 узначальваў Цэнтр.ін-т працы. У СССР дзейнічала дзярж. сістэма планавання НАП і дзярж. стат. справаздачнасць прадпрыемстваў аб выкананні планаў, створаны ўсесаюзныя, галіновыя і рэсп. цэнтры НАП.
Асн. кірункі практычнай дзейнасці па ўкараненні НАП: удасканальванне форм падзелу і кааперацыі працы на прадпрыемствах, паляпшэнне арганізацыі і абслугоўвання прац.месцаў, рацыяналізацыя прыёмаў і метадаў працы, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, рацыяналізацыя рэжымаў працы і адпачынку, выкарыстанне матэрыяльных стымулаў. Пры распрацоўцы і ўкараненні НАП выкарыстоўваюцца дасягненні сацыялогіі, агульнай і інж. псіхалогіі, фізіялогіі і гігіены працы, эрганомікі, тэхн. эстэтыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СНІЦТВА,
сістэма размеркавання службовых пасад («месцаў», адсюль назва) у Рас. дзяржаве з 14—15 ст. пры назначэнні на ваен., адм. і прыдворную службу з улікам паходжання, службовага становішча продкаў чалавека і яго асабістых заслуг. Перавага аддавалася прадстаўнікам больш старадаўніх і засл. родаў. Складаныя адносіны ўнутры знатных родаў і недакладнасць генеалагічных звестак выклікалі спрэчкі, якія вырашалі цар і баярская дума. У сярэдзіне 16 ст. М. з асяроддзя баяр і нашчадкаў удзельных князёў пашырылася на дваран, а ў 17 ст. нават на вярхі купецтва і гараджан. Прынцып М. часта закрываў шлях да заняцця значных вайск. і дзярж. пасад здольным, але недастаткова радавітым людзям, што супярэчыла рэальным інтарэсам дзяржавы. Развіццё ў 17 ст. ў Расіі абсалютызму, які прадугледжваў стварэнне строга падначаленага цэнтр. ўладзе бюракратычнага апарату, таксама вяло да выцяснення М., якое афіцыйна скасавана земскім саборам 1682. У сучасным значэнні М. — прытрымліванне вузкамясц. інтарэсаў, якое прычыняе шкоду агульнай справе.
Літ.:
Шмидт С.О. Местничество и абсолютизм // Абсолютизм в России (XVII—XVIII вв.). М. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,
творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял.т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым.тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.Анісімаў, дырыжоры М.Калядка, Л.Лях, Г.Праватораў, В.Чарнуха, А.Галанаў, М.Сінькевіч), міманс, Нац.тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел.нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.Кірыенка.
Працуе ў будынку б.Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс.месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял.Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.
Т.У.Аляксандрава, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,
устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац.месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАТУРЭ́ЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1908,
рэвалюцыя ў Турцыі супраць дэспатычнага рэжыму султана Абдул-Хаміда II, за ўсталяванне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Пачалася з ўзбр. выступлення 3.7.1908 у Македоніі войск на чале з афіцэрамі — членамі тайнай арг-цыі младатуркаў Ніязі і Энверам пад заклікам аднаўлення канстытуцыі 1876. Султан вымушаны прыняць гэта патрабаванне 24.7.1908. На выбарах у парламент б.ч.месцаў атрымала партыя младатуркаў. У крас. 1909 султан распусціў парламент і скасаваў дзейнасць канстытуцыі. У адказ верныя младатуркам войскі занялі сталіцу, скінулі Абдул-Хаміда II і абвясцілі султанам Мехмеда V. Быў ажыццёўлены шэраг рэформ, у т. л. рэарганізацыя арміі і паліцыі. Аднак з 1910 пад лозунгамі панцюркізму і панісламізму пачаліся ганенні на нетур. народы. У 1912 улада перайшла да ліберальнай арг-цыі «Свабода і згода». Пасля паражэння Турцыі ў 1-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) уладу зноў захапілі младатуркі. З 1914 у краіне фактычна ўсталявалася дыктатура трыумвірату Энвер-пашы, Талаат-пашы і Джэмаль-пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. oppositio проціпастаўленне, пярэчанне),
1 супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі інш. поглядам, палітыцы.
2) Агульная назва партый, арг-цый, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і паліт. груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фарміраванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фарміраваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя — парт. групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яе кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя — неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У бел. парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярх. Савета Беларусі, дзе ў апазіцыі да палітыкі ўрада выступілі Бел.нар. фронт «Адраджэньне», Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Бел.сац.-дэмакр. грамада і інш. Прадстаўнікі апазіцыі прымаюць удзел у заканатворчым працэсе, прапануюць шляхі ўмацавання суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы, паглыблення рыначных адносін, духоўнага адраджэння і кансалідацыі нацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПЕ́ЖНЫЯ ЗВЯРЫ́ (Carnivora),
млекакормячыя атр. драпежных. 7 сям., 90 родаў, 232 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. У шэрагу месцаў акліматызаваны. Жывуць на адкрыты прасторах, у гарах, лясах і інш. Большасць аселыя, інш. мігрыруюць. Трымаюцца па адным або парамі, зрэдку аб’ядноўваюцца ў статкі. Большасць драпежнікі, радзей усёедныя. Актыўныя пераважна ў прыцемках і ноччу. У Чырв. кнізе МСАП 36 відаў і 20 падвідаў. На Беларусі жыве 15 відаў з 6 сямействаў. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу: барсук, буры мядзведзь, рысь.
Даўж. цела ад 11 см (ласка) да больш як 300 см (тыгры), маса ад 100 г да 1000 кг (белы мядзведзь). Цела ўкрыта валасамі, сярод якіх вылучаюць накіравальныя, восцевыя і пуховыя. Лінькі 2 або 1, у зімовы час валасяное покрыва больш густое. Зубы падзяляюцца на разцы, вял. конусападобныя востраканцовыя выгнутыя іклы і карэнныя (сярод іх — драпежныя зубы). Характэрны развітыя грабяні на чэрапе для мацавання моцнай сківічнай мускулатуры. Пераважна манагамы. Дзіцянят 1—8, зрэдку 20—22, нараджаюцца сляпыя і бездапаможныя. Многія Д.з. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі, некат. шкоднікі.