КОНТРПРАПАГА́НДА (ад контр... + прапаганда),
пашырэнне поглядаў, ідэй, процілеглых тым, якія распаўсюджвае ідэалагічны праціўнік. Гал. мэта К., побач са сцвярджэннем уласных ідэй, — нейтралізацыя магчымага ўплыву на грамадскую свядомасць варожай прапаганды. Аб’ектамі К. могуць выступаць як людзі, так і непрымальныя, некарысныя для пэўнай палітыкі падзеі і факты аб’ектыўнай рэчаіснасці. Напр., у другую сусв. вайну дзярж. кіраўніцтва гітлераўскай Германіі імкнулася з дапамогай контрпрапагандысцкіх захадаў пераадолець глыбокі негатыўны ўплыў на свядомасць насельніцтва паражэння германскіх войск у бітвах пад Масквой, Сталінградам і інш. Суб’ектамі К. могуць быць спецорганы і ін-ты дзяржавы (армія, паліт. партыі і інш.). Ва ўмовах бурнага развіцця сродкаў масавай камунікацыі і іх манапалізацыі дзяржавай або прыватнымі карпарацыямі К. разам з прапагандай можа быць эфектыўным сродкам маніпуліравання свядомасцю людзей у паліт. мэтах.
В.І.Боўш.
т. 8, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАХО́ЎСКІ Уладзіслаў Юльянавіч (1830?, б. маёнтак, цяпер в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.10.1900),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў ін-т інжынераў шляхоў зносін. Адзін з кіраўнікоў партыі «чырвоных», найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага. З чэрв. 1863 уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. У лют.—сак., чэрв.—жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Са жн. 1863 за мяжой, з 1866 у Англіі. У 1875 сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». У 1880-я г. некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. ў Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Рас. імператарскага тэхн. т-ва.
Г.В.Кісялёў, В.Ф.Шалькевіч.
т. 10, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ ПАРТЫ́ЙНЫЯ ЦЭ́НТРЫ, міжрайпартцэнтры,
кіруючыя парт. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай і ч. Мінскай абл. у 1942—43. Ствараліся і працавалі пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б і абл. падп. к-таў КП(б)Б. У сувязі з недахопам парт. кадраў гар. і раённага звёнаў вялі работу адначасова ў замацаваных за імі раёнах. Выконвалі тыя ж задачы, што і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. У Баранавіцкай вобл. таксама ажыццяўлялі парт. кіраўніцтва антыфашысцкімі арганізацыямі. Дзейнічала 6 міжрайпартцэнтраў: Івянецкі (14.4—19.12.1943), Лідскі (25.4—19.12.1943), Слонімскі (14.8 — снеж. 1943), Стаўбцоўскі (2.10—19.12.1943), Шчучынскі (18.4 — снеж. 1943) Баранавіцкай і Барысаўскі (6.10.1942 — ліп. 1943) Мінскай абл. Са стварэннем раённых падпольных камітэтаў КП(б)Б М.п.п.ц. расфарміроўваліся.
А.А.Каваленя.
т. 10, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НІ́КА»,
народнае паўстанне ў сталіцы Візантыі Канстанцінопалі 11—17.1.532. Назва ад клічу-пароля ўдзельнікаў «Ніка!» («Перамагай!»). Рамеснікі, дробныя гандляры, бедната — члены т.зв. цыркавых партый венетаў і праксінаў — разам выступілі супраць падатковага цяжару, праследаванняў ератыкоў і язычнікаў з боку імператара Юстыніяна I. Яны нападалі на ўрадавыя ўстановы, падпалілі горад, аблажылі ў палацы імператара, які дарэмна спрабаваў пагасіць паўстанне частковымі ўступкамі (адстаўка вышэйшых чыноўнікаў). Да руху далучыліся некаторыя сенатары. Паўстанцы абвясцілі імператарам Іпація (пляменніка б. імператара Анастасія I). Урад здолеў шляхам подкупу кіраўніцтва венетаў раскалоць паўстанцаў і потым з дапамогай наёмных атрадаў готаў і герулаў задушыць «Н.»: 35 тыс. чал. забіты, Іпацій пакараны смерцю, многія апазіцыйныя сенатары сасланы.
Літ.:
Чекалова А.А. Константинополь в VI в.: Восстание Ника. 2 изд. СПб., 1997.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ЕЎСКАЕ ЗАБО́ЙСТВА,
забойства наследніка аўстр. прастола эрцгерцага Франца Фердынанда 28.6.1914 у г. Сараева (Боснія). Здзейснена членамі тайнай групы сербскай нац. арг-цыі «Маладая Боснія» на чале з Г.Прынцыпам і Д.Ілічам. План забойства распрацавала з ведама сербскага ўрада блізкая да сербскага ген. штаба тайная арг-цыя «Аб’яднанне або смерць» («Чорная рука»), Франц Фердынанд, разам з жонкай, быў застрэлены Прынцыпам у час руху па вуліцах Сараева, куды ён прыбыў для кіраўніцтва манеўрамі аўстра-венг. арміі. Іліч і 2 інш. члены тэрарыст. групы пакараны смерцю, Прынцып (як непаўналетні) асуджаны на 20 гадоў катаргі (памёр у турме). С.з. было выкарыстана Аўстра-Венгрыяй і Германіяй як падстава для ваен. нападу на Сербію, што стала пачаткам 1-й сусв. вайны.
т. 14, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЦЦАЦІТЫ́СЯЧНІКІ,
работнікі прамысл. прадпрыемстваў, міністэрстваў, ведамстваў, НДІ, парт. і сав. работнікі, якія ў 1955—57 былі накіраваны на гасп.-арганізац. работу ў вёску. Кіраўніцтва СССР заклікала «... аказаць дапамогу калгаснай вёсцы ва ўмацаванні адстаючых калгасаў кіруючымі кадрамі, накіраваўшы перадавых і найбольш падрыхтаваных людзей сацыялістычнага горада для пастаяннай работы ў якасці старшынь калгасаў». Пра накіраванне на працу ў сельскую гаспадарку падалі заявы больш за 100 тыс. чал., з іх адабрана больш за 30 тыс. работнікаў, больш за 90% з іх былі камуністы. У БССР заявы падалі 3 тыс. чал., у 1955 рэкамендавана і адабрана на пасады старшынь калгасаў 969 чал. Усяго па СССР у канцы 1956 працавалі больш за 32 тыс. Т., у БССР — 1341.
Ю.Л.Грузіцкі.
т. 16, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІ́ТА (партуг. União Nacional para Independẽncia Total de Angola Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы),
палітычная арг-цыя ў Анголе. Засн. ў 1966, абапіраецца пераважна на прадстаўнікоў найбуйн. народнасці Анголы — авімбунду. Спачатку УНІТА атрымліваў дапамогу ад Кітая, з сярэдзіны 1970-х г. — ад ЗША. У 1966—74 вёў узбр. барацьбу супраць партуг. панавання, пасля паражэння ў грамадз. вайне 1975—76 — супраць урада Нар. руху за вызваленне Анголы (МПЛА). У 1989 заключыў мірнае пагадненне з МПЛА, пасля паражэння на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах 1992 аднавіў ваен. дзеянні. Паражэнні ад урадавай арміі да пач. 2000-х г., гібель у лют. 2002 ген. сакратара УНІТА Ж.Савімбі прымусілі кіраўніцтва УНІТА у крас. 2002 падпісаць мірнае пагадненне з ангольскім урадам.
т. 16, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКІ КАМІТЭ́Т НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (Le Comité Français de Liberation Nationale; ФКНВ),
орган цэнтральнай франц. улады ў 1943—44. Прадстаўляў дзярж. інтарэсы Франц. Рэспублікі ў перыяд яе акупацыі ням. войскамі ў 2-ю сусв. вайну. Кіраваў вызв. барацьбой франц. патрыётаў у антыфаш. кааліцыі. Створаны ў чэрв. 1943 у Алжыры ў выніку пагаднення паміж Ш. дэ Голем і кіраўніком франц. адміністрацыі і каманд. арміяй у Паўн. Афрыцы А.Жыро. У ліст. 1943 у склад ФКНВ увайшлі прадстаўнікі некат. арганізацый унутр. Супраціўлення, у крас. 1944 — прадстаўнікі франц. кампартыі. ФКНВ аб’яднаў амаль усе былыя франц. калоніі і значныя ўзбр. сілы. Яго кіраўніцтва прызнавалі цэнтр. органы ўнутр. Супраціўлення. 2.6.1944 ФКНВ прыняў назву Часовага ўрада Французскай Рэспублікі. Гл. таксама Парыжскае паўстанне 1944.
т. 16, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ДРЫК Міхаіл Сямёнавіч (9.5.1930, в. Доўгі Лог Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 29.11.1994),
бел. фізік і педагог. Д-р фізіка-матэм. н. (1984), праф. (1985). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954), дзе і працаваў (з 1961 і з 1993 заг. кафедры, з 1971 прарэктар). Навук. працы па фізіцы сегнетаэлектрыкаў, даследаванні працэсаў крышталізацыі і ўплыву знешніх фактараў пры вырошчванні сегнетаэл. крышталёў на іх структуру і фіз. ўласцівасці. Аўтар першага на бел. мове «Курса агульнай фізікі: Цеплыня і малекулярная фізіка» (1994) і інш.
Тв.:
Физические свойства кристаллов семейства триглицинсульфата. Мн.,1986;
Сборник задач по курсу общей физики. М., 1989 (у сааўт.);
Кіраўніцтва да рашэння задач па агульнай фізіцы. Мн., 1995 (разам з В.М.Варыкашам).
А.Л.Болсун.
т. 17, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУЦБУ́НД (ням. Schutzbund Саюз абароны), Рэспубліканскі Шуцбунд,
ваенізаваная арг-цыя С.-д. партыі Аўстрыі (СДПА) у 1920—30-я г. Засн. ў 1923/24 з атрадаў па падтрыманні парадку і розных рабочых дружын, што існавалі з 1918. Сваёй задачай лічылі абарону дэмакр. рэспублікі і процістаянне прафаш. Хаймверу. У 1928 налічваў 80 тыс. чал.; быў арганізаваны на федэральным і мясц. узроўнях. Яго ўзначальваў І.Дойч; у кіраўніцтва ўваходзілі таксама О.Баўэр, І.Кёрнер, Р.Бернашэк і А.Айфлер. У 1927 і 1931 рэарганізаваны. У 1933 распушчаны ўрадам Э.Дольфуса, але працягваў дзейнічаць у падполлі да 1934, у т. л. быў асн. сілай с.-д. ўзбр. паўстання ў лют. 1934 у Вене, Лінцы і інш. гарадах краіны.
Літ.:
Мочалин Д.Н. Вена на баррикадах. М., 1964.
У.Я.Калаткоў.
т. 17, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)