СКАЛІ́СТЫЯ ГО́РЫ (Rocky Mountains),

усходняя частка сістэмы Кардыльер Паўн. Амерыкі на З Канады і ЗША, паміж 60° і 32° паўн. шыраты. Даўж. каля 3200 км, шыр. да 700 км. Сфарміраваліся ў ларамійскую складкаватасць. Паводле характару рэльефу падзяляюцца на 3 часткі: Паўночную (на Пн ад 45°), якая характарызуецца кампактнасцю і працягласцю хрыбтоў, складзеных з гранітаў, шырокім развіццём ледавіковых форм, выш. да 3954 м (г. Робсан); Сярэднюю (паміж 45° і 41° паўн. ш.) з шырокімі хрыбтамі са згладжанымі вяршынямі, падзеленымі шырокімі тэктанічнымі паніжэннямі і плато; Паўднёвую (на Пд ад 41° паўн. ш.) найб. шырокую і высокую (г. Элберт, 4399 м), перасечаную глыбокімі каньёнамі рэк Кароткія хрыбты размешчаны кулісападобна, складзены з вапнякоў, гліністых сланцаў і пясчанікаў, чаргуюцца з вялізнымі басейнамі — «паркамі». Радовішчы малібдэну, фасфарытаў, медзі, золата, серабра, поліметалаў, нафты, каменнага вугалю. Вулканічныя з’явы (гейзеры, тэрмальныя крыніцы), землетрасенні. Клімат кантынент., умераны, на Пд субтрапічны, сухі, асабліва ў паніжэннях і на ўсх. схілах. На вяршынях і зах. схілах ападкаў да 1000 мм за год. Выш. снегавой мяжы 4000 м на Пд, 2500 м на Пн. С.г. — водападзел паміж бас. Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Тут бяруць пачатак рэкі: Місуры, Каларада, Рыо-Грандэ, Снейк, Арканзас і інш. Расліннасць — пераважна лясы, на Пн — горнатаежныя, падымаюцца да выш. 1500 м, і рэдкалессі, горная тундра; на Пд хваёвыя лясы — да выш. 3600 м, вышэй субальпійскія, альпійскія лугі і вечныя снягі. У далінах — стэпы і паўпустыні. Буйныя нац. паркі: Джаспер, Банф, Іоха, Глейшэр (Канада), Йелаўстонскі, Рокі-Маўнтын (ЗША).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,

у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл. Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр. б. Югаславіі пасля 25.6.1991.

Літ.:

Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;

Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́Р (Алесь) (Аляксандр Цярэнцьевіч; 3.4.1918, в. Суха Палтаўскай вобл., Украіна — 14.7.1995),

украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1978). Герой Сац. Працы (1978). Ганаровы д-р Альберцкага ун-та (Канада, 1992). Старшыня СП Украіны (1959—71), сакратар Праўлення СП СССР (1959—86). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1946). Друкаваўся з 1938. Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцей, нарысаў і публіцыстычных артыкулаў. Тэматычна звязаныя з падзеямі Вял. Айч. вайны трылогія «Сцяганосцы» («Альпы», 1946; «Блакітны Дунай», 1947; «Злата Прага», 1948; Дзярж. прэмія СССР 1948, 1949), зб. «Горы спяваюць» (1949), раман «Чалавек і зброя» (1960, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1962) і інш. Паднявольная праца, абуджэнне класавай свядомасці ўкр. сялянства ў 1920-я г. адлюстраваны ў дылогіі «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957), сац. і этычныя праблемы — у рамане «Сабор» (1968), мірная праца і здзяйсненні сучаснікаў, праблема пераемнасці пакаленняў у раманах «Тронка» (1963, Ленінская прэмія 1964), «Цыклон» (1970), «Бераг кахання» (1976), «Твой світанак» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1982). У творчасці Ганчара арганічна спалучаюцца лірызм, рамантычная прыўзнятасць і паглыблены рэалізм у адлюстраванні жыцця. Аўтар кніг нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Сустрэчы з сябрамі» (1950), «Японскія эцюды» (1961), «Пісьменніцкія роздумы» (1980), «Чым жывём» (1991) і інш. На бел. мову творы Ганчара перакладалі Т.​Кабржыцкая, У.​Краўчанка, А.​Кулакоўскі, І.​Мележ, С.​Міхальчук, Л.​Салавей, В.​Рагойша, А.​Шарахоўская, У.​Шахавец.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1987—88;

Бел. пер. — Сцяганосцы. Мн., 1949;

Тронка. Мн., 1974;

Твая зара. Мн., 1985.

Літ.:

Семенчук У. Олесь Гончар — художник слова. Киев, 1986;

Погрібній А. Слово про Олеся Гончара. Київ, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

А.Ганчар.

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна горназдабыўной прамысловасці, якая займаецца здабычай, першаснай перапрацоўкай і абагачэннем сыравіны (фасфатных, серных, борных, мыш’яковых, барыевых і барытавых руд, прыродных сульфату натрыю, калійных солей, соды і кухоннай солі), а таксама атрыманнем брому, ёду і інш. рэчываў. Засн. на комплексным выкарыстанні сыравіны з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя адходамі і недапушчэння агульнага адмоўнага ўплыву сваіх працэсаў. Прадпрыемствы горнахімічнай прамысловасці пераважна з’яўляюцца часткай адпаведных спецыялізаваных аб’яднанняў, што ўключаюць аб’екты здабычы, перапрацоўкі зыходнай сыравіны, атрымання спадарожных рэчываў і разнастайных матэрыялаў. У месцах развіцця горнахімічнай прамысловасці паявіліся цэлыя прамысл. комплексы, з гарадамі, якія іх абслугоўваюць.

Узнікненне горнахімічнай прамысловасці як самаст. галіны вытв-сці звязана з неабходнасцю забеспячэння сельскай гаспадаркі мінер. ўгнаеннямі. У 1913 прамыслова развітыя краіны здабывалі каля 10 млн. т горнахім. сыравіны, з якой на самародную серу, флюарыты, бараты, бром, ёд і хромавую руду прыпадала каля 1,15 млн. т, астатняе — фасфатная сыравіна і калійныя солі. У 1980 у краінах з рыначнай эканомікай здабывалася 165 млн. т горнахім. сыравіны. Буйнейшыя здабытчыкі і краіны-экспарцёры — ЗША і Марока, буйнейшыя імпарцёры — дзяржавы Зах. Еўропы, Японія і Канада. У б. СССР здабыча фасфарытных (Ягор’еўскае і Вяцка-Камскае радовішчы) і апатыта-нефелінавых (на Кольскім п-ве) руд і іх перапрацоўка пачалася ў 1928—30-я г.; у 1980 здабыта 155 млн. т горнахім. сыравіны.

У Беларусі развіццё горнахімічнай прамысловасці пачалося з адкрыцця ў 1949 Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (буйнейшае ў свеце). На базе іх здабычы і перапрацоўкі ўзнік г. Салігорск з ВА «Беларуськалій».

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

група пісьменнасцей Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, якія звязаны агульнасцю паходжання і адзіным (фанет.) прынцыпам пабудовы алфавіта. Акрамя Індыі, Бангладэш, Пакістана, Непала і Шры-Ланкі пашырана і ў суседніх раёнах.

Пранікла разам з будызмам у 1-м тыс. да н.э. Мае некалькі дзесяткаў разнавіднасцей. У самой Індыі пісьменнасць існуе больш за 5 тыс. г. Самыя стараж. варыянты І.п. не дэшыфраваны. Найб. раннія прачытаныя пісьмовыя помнікі (3 ст. да н.э.) заснаваны на складовым пісьме брахмі, якое з’яўляецца родапачынальнікам уласна інд. пісьменства. На яго аснове склаліся 3 асн. галіны І.п.: паўночнае (гупцкае, тыбецкае з некалькімі варыянтамі, нагары і яго пазнейшая форма дэванагары, якая займае цэнтр. месца сярод алфавітаў Паўн. Індыі, шарада ў Кашміры, невары, бенгальскае, орыя, гуджарацкае, гурмукхі — пенджабскае пісьмо і інш.), паўднёвае (грантха, алфавіты 4 сучасных літ. моў: канада, тэлугу, малаяламскай і тамільскай) і паўднёва-ўсходняе (сінгальскае. бірманскае, кхмерскае, лаоскае, тайскае і інш.), якое развіваецца па-за межамі Індыі.

Агульнаінд. пісьмо — складовае, адпавядае фанет. сістэме інд. моў (гл. Індыйскія мовы). Кожная літара абазначае склад з аднаго галоснага ці зычнага з галосным «а». Астатнія галосныя абазначаюцца дадатковымі знакамі, ужываецца поліфункцыян. значок «вірама». У алфавітах асобных моў знакі І.п. істотна; вар’іруюцца. Алфавіт хіндзі, ці санскрыту, лічыцца фанематычным, у інш, мовах суадносіны паміж фанемай і графемай парушаны.

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Dani A.H. Indian palaeography. Oxford, 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Асноўныя разнавіднасці індыйскага пісьма.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ ЦЭНТР,

цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.

Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.

На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в. Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.

Літ.:

Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;

Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;

Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

В.​І.​Анікін.

Да арт. Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.
Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая вырабляе абутак са скуры і інш. матэрыялаў. У прамысл. развітых краінах працэс механізацыі абутковай вытв-сці пачаўся ў 1850-я г. з выкарыстаннем швейных і інш. спец. машын для механізаванага вырабу абутку.

Сусветная вытв-сць скуранога абутку складае 9,7 млрд. пар штогод, з іх 12% (1,05 млрд.) у краінах ЕЭС. Вядучыя фірмы на сусв. рынку: «Кларк» (Вялікабрытанія), «Баця Інтэрнэшанал» (Канада), «Адзідас», «Саламандэр» і «Пума» (Германія). Абутковая прамысловасць Беларусі пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. з дробных шавецкіх майстэрняў. Механічная ф-ка «Арол» у Мінску выпускала 800 пар абутку за суткі (1913), дзейнічалі таксама 2 ф-кі рус.-амер. і рус.-бельг. акц. т-ваў і абутковыя майстэрні ў Віцебску. У 1921 абутковая прамысловасць выпускала каля 14 тыс. пар абутку за год. У 1920—30-я г. пачалі дзейнічаць абутковыя ф-кі «Праца» ў Гомелі, «Прагрэс» у Віцебску, механізаваная ф-ка імя Калініна і ф-ка імя Тэльмана ў Мінску і інш. Да пач. Вял. Айч. вайны дзейнічала 12 высокамеханізаваных фабрык, якія выраблялі 9,8 млн. пар абутку (1940). У Вял. Айч. вайну ўсе прадпрыемствы разбураны. У 1952 абутковая прамысловасць дасягнула даваен. ўзроўню вытв-сці. Макс. вытв-сць скуранога абутку на Беларусі дасягнута ў 1988 (46,9 млн. пар). У 1993 выпуск абутку скараціўся да 13,3 млн. пар. Самыя буйныя прадпрыемствы абутковай прамысловасці ўваходзяць у дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці «Беллегпрам» (Мінскае абутковае адкрытае акц. т-ва «Прамень», акц. т-ва «Гроднаабутак», акц. т-ва Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Лідская абутковая ф-ка, Гомельскае вытв. абутковае аб’яднанне «Праца», Бабруйская абутковая ф-ка, акц. т-ва «Баранавіцкая абутковая ф-ка» і інш.). Створаны сумесныя абутковыя прадпрыемствы з Германіяй: у Віцебску — «Белвест» (1988), у Мінску — «Отыка»(1993).

В.​М.​Лагвінко.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],

полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн. Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл. Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус. правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).

Літ.:

Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;

Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;

Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў.

Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ПА́РКІ,

асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (акваторыі), якія маюць экалагічную, гіст., эстэт. каштоўнасць і амаль не змененыя дзейнасцю чалавека. Ствараюцца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асв., навук. мэтах. Вылучаюцца своеасаблівым спалучэннем натуральных і культ. ландшафтаў. У Н.п. праводзяцца мерапрыемствы па ўзнаўленні ландшафтаў, захаванні рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Тэрыторыя Н.п. звычайна падзяляецца на зоны: запаведную, гасп., рэкрэацыйную і (часам дадаткова) буферную (вакол Н.п.). Статус Н.п., прыняты Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) у 1969, мае пэўныя патрабаванні да арганізацыі парку: адносна вял. тэрыторыя, наяўнасць каштоўных у навук. і пазнавальных адносінах прыродных ландшафтаў або аб’ектаў, адносная захаванасць прыродных комплексаў, дазвол наведвання парку турыстамі пры спец. умовах. У большасці краін Н.п. — найб. распаўсюджаная катэгорыя дзярж. ахоўных тэрыторый з розным рэжымам аховы. Н.п. маюць асаблівыя адм. дзярж. органы, якія з’яўляюцца асн. землекарыстальнікам на тэрыторыі Н.п. або ў яго адпаведнай зоне.

Першы Н.п. створаны ў ЗША (1872, Йелаўстонскі нацыянальны парк). У пач. 20 ст. Н.п. з’явіліся ў Паўд. Амерыцы — Наўэль-Уапі (Аргенціна, 1903), Ігуасу (Бразілія, 1909); у Еўропе — Пельву (Францыя, 1913), Энгадзін (Швейцарыя, 1914), Кавадонга (Іспанія, 1915) і інш. Існуе больш за 2,3 тыс. нац. паркаў (у т. л. ў Еўропе — больш за 160) агульнай плошчай больш як 400 млн. га. Каля 30 Н.п. свету маюць плошчу больш за 1 млн. га — Грэнландскі нацыянальны парк (Данія, 7 млн. га), Вуд-Бафала (Канада, 4,5 млн. га), Серэнгеці (Танзанія, 2 млн. га), Цэнтральнакалахарскі (Батсвана, 5,3 млн. га), Габійскі (Манголія, 5 млн. га) і інш.

На Беларусі існуюць 4 Н.п.: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі, Прыпяцкі, агульнай пл. каля 327 тыс. га.

Літ.:

Заповедными тропами зарубежных стран. М., 1976;

Реймерс Н.Ф., Штиль марк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,

рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.​Лапіцкі, І.​Касяк, Т.​Шыбут, М.​Сяднёў, Н.​Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел. правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл. царк. к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.​Грынкевіч, В.​Пануцэвіч, А.​Попка, Б.​Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.​Сіповіч, Л.​Гарошка, А.​Адамовіч, М.​Навумовіч, Ф.​Бартуль, А.​Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г. Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.​Ясько і У.​Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.​Рыжы-Рыскі, В.​Матэйчык, Л.​Галубовіч.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)