ША́РЫЙ Валерый Пятровіч (н. 2.1.1947, г. Чэрвень Мінскай вобл.),
бел. спартсмен (цяжкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1975). У 1980—82 і 1988—91 ст. трэнер БВА па цяжкай атлетыцы. У 1982—87 трэнер у складзе групы сав. войск у Германіі. У 1994—2001 трэнер нац. зборнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы, з 2001 трэнер Мінскай абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада), свету (1975, Масква; 1976, Манрэаль), Еўропы (1975, Масква; 1976, Берлін). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1980, Бялград), бронз. прызёр (1979, Сафія). Чэмпіён Еўропы сярод ветэранаў (1994, г. Шробенгаўзен, Германія). Чэмпіён VI i VII Спартакіяд народаў СССР (1975, Вільнюс; 1979, Ленінград). Пераможца першынства СССР сярод моладзі (1967, Талін), чэмпіён СССР (1971—79). Уладальнік Кубка СССР (1978, 1979). Пераможца міжнар. турніраў; «Кубак Балтыкі» (1969, 1972, 1978), «Кубак Дружбы» (1979). Выступаў у сярэдняй і ў 1-й паўцяжкай вагавых катэгорыях. Устанавіў 13 рэкордаў свету, 15 рэкордаў СССР (1971—79).
Літ.:
Катюшенко М. Легкий на подъем // Олимп-76. М., 1976;
Мясников А. Эта нелегкая тяжелая атлетика // Белорусские олимпийцы. Мн., 1978;
Зейналов А.А., Цивес И.Л. Белорусские богатыри. Мн., 1979;
Ясный Э.М. Власть над судьбой и металлом. Мн., 1994.
М.Я.Вінічонак.
т. 17, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)