АБРАМО́ВІЧ (Антон Іванавіч) (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),

бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.​Баршчэўскага і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;

Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУЦЮНЯ́Н (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 23.9.1920, Ерэван),

армянскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1941), з 1962 выкладае ў ёй (з 1977 праф.). З 1954 кіраўнік Армянскай філармоніі. Сярод твораў: опера «Саят-Нава» (1969); «Кантата аб Радзіме» (1948), «Паданне аб армянскім народзе» (1961); сімфонія (1957); 5 канцэртаў з аркестрам для розных інструментаў; камерна-інстр. і вак. творы (у т. л. для хору а капэла); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1949, Дзярж. прэмія Арменіі 1970, 1986.

Літ.:

Еолян И. Александр Арутюнян. М., 1962.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗО́ЎСКІ (Максім Сазонтавіч) (27.10.1745, г. Глухаў Сумскай вобл., Ўкраіна — 2.4.1777),

расійскі кампазітар. З канца 1750-х г. жыў у Пецярбургу. У 1769—73 вучыўся ў Балонскай філарманічнай акадэміі (у 1771 атрымаў званне акадэміка-кампазітара). Пасля вяртання з Італіі, дзе жыў у 1766—74, залічаны ў Прыдворную пеўчую капэлу. Аўтар оперы «Дэмафонт» (лібр. П.​Метастазіо, 1773), духоўных канцэртаў, богаслужэбных песнапенняў. Майстар хар. пісьма а капэла, разам з Дз.Бартнянскім стварыў новы класічны тып рус. хар. канцэрта.

Літ.:

Рыцарева М. Композитор М.​С.​Березовский: Жизнь и творчество. Л., 1983.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРО́ЎКА (Рыгор Гур’евіч) (25.12.1895, г.п. Беразна Чарнігаўскай вобл., Украіна — 21.10.1964),

украінскі кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Нар. арт. Украіны (1960). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1933). Быў арганізатарам і кіраўніком самадз. хароў. З 1934 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). З 1943 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Украінскага дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору (з 1965 яго імя). У 1948—52 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Аўтар вак.-сімф. твораў, хароў, песень, апрацовак нар. і рэв. песень і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948, Дзярж. прэмія Украіны 1968.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Джэніс) (19.1.1943, г. Порт-Артур, штат Тэхас, ЗША — 4.10.1970),

амерыканская рок-спявачка і кампазітар, аўтар тэкстаў; адна з першых вядомых белых спявачак блюза. З 1966 выступала і гастраліравала з некалькімі рок-групамі (у т. л. «Вялікі брат і кампанія»), стала кумірам руху хіпі. Валодала дасканалым ад прыроды моцным прыгожым голасам, тонкай нюансіроўкай. Яе рэпертуар уключаў блюзы, творы ў стылях «соўл» і «кантры» (у т. л. ўласныя). Вылучалася эмацыянальна-страснай манерай выканання (сярод прыёмаў — віск, хрып, шэпт, стогн), якая зрабіла вял. ўплыў на наступныя пакаленні рок-спевакоў.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ДМЕН ((Goodman) Бені) (Бенджамін Дэйвід; 30.5.1909, г. Чыкага, ЗША — 13.6.1986, амерыканскі джазавы віртуоз-кларнетыст, кампазітар, кіраўнік джаз-аркестра. З 1921 выступаў з рознымі (з 1934 з уласным) джазавымі калектывамі; адзін з першых практыкаваў сумеснае музіцыраванне неграў і белых. Адзін з заснавальнікаў стылю свінг (празваны «каралём свінгу»),

выпрацаваў індывід. віртуозна-імправізацыйны стыль ігры на кларнеце. Вядомы і як выканаўца акад. музыкі (у т. л. канцэрта В.​А.​Моцарта, а таксама прысвечаных Гудмену твораў для кларнета Б.​Бартака, А.​Копленда, П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага, Д.​Міё і інш.). Аўтар камерных джазавых твораў.

Б.Гудмен.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МЕЛЬ,

(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.​Гілер, К.Чэрні, А.​Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА (Мікалай Іванавіч) (15.6.1821, Віцебская губ. — 8.4.1879),

музычны тэарэтык, педагог, кампазітар. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Ігры на фп. і віяланчэлі вучыўся ў А.​Герке і І.​Гроса, тэорыю музыкі вывучаў у А.​Б.​Маркса ў Берліне. З 1859 выкладаў у Муз. класах Пецярбургскага аддзялення Рас. муз. т-ва. З 1862 праф. Пецярбургскай кансерваторыі, у 1867—71 яе дырэктар. Распрацаваў «Інструкцыю для Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі», якая садзейнічала ўпарадкаванню навуч. працэсу і стала асновай працы кансерваторыі. Аўтар араторыі «Іаан Хрысціцель», сімфоніі, хароў. Сярод яго вучняў Г.Ларош, П.Чайкоўскі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (18.10.1901, руднік пры Багадухаўскай балцы, Данбас, Украіна — 13.7.1956),

расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Данскую (Растоў-на-Доне) кансерваторыю (1927). У 1932—56 муз. кіраўнік Рускага народнага хору імя Пятніцкага. На аснове традыцый рус. нар. муз. мастацтва стварыў індывід. стыль шматгалосай песні («Уздоўж вёскі», «Праводзіны», «Зялёнымі прасторамі», «І хто яго ведае», «Ой, туманы мае», «Руская прыгажуня» і інш., многія з якіх сталі народнымі). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1952.

Літ.:

Ливанова Т. В.​Г.​Захаров. М., 1954;

Воспоминания о В.​Г.​Захарове. М., 1967.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́АХІМ ((Joachim) Іожэф) (Іозеф; 28.6.1831, Браціслава — 15.8.1907),

венгерскі скрыпач, педагог, кампазітар, дырыжор. Вучыўся ў І.​Бёма, Ф.​Давіда. Выступаў з 1838. У 1849—66 канцэртмайстар у Веймары і Гановеры. З 1866 у Берліне, з 1868 дырэктар і праф. Вышэйшай муз. школы. Заснавальнік (1869) і кіраўнік струннага квартэта. Сярод твораў З канцэрты для скрыпкі з арк., п’есы для скрыпкі і фп., песні і інш.; стварыў шэраг скрыпічных транскрыпцый (у т. л. «Венгерскія танцы» І.​Брамса). Аўтар працы «Скрыпічная школа» (т. 1—3, 1905; з А.​Мозерам).

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)