МАДЭ́ЛЬ (франц. modèle узор ад лац. modulus мера, узор, норма),

1) узор (эталон) якога-н. вырабу для серыйнай ці масавай вытв-сці.

2) Тып, марка, узор канструкцыі.

3) Прадмет маст. адлюстравання (натура); чалавек, які пазіруе мастаку (натуршчык).

4) Узнаўленне, імітацыя якога-н. прадмета, часцей у зменшаным выглядзе (напр., М. самалёта). Гл. таксама Макет.

5) Узор прадмета (звычайна з матэрыялу, што лёгка апрацоўваецца), з якога робіцца форма для ўзнаўлення ў інш. матэрыяле. Напр., ліцейная мадэль, з дапамогай якой робіцца рабочая поласць у ліцейнай форме.

6) Схема, апісанне якой-н. з’явы ці працэсаў у прыродзе і грамадстве.

7) Канструкцыя, якая перадае, імітуе (звычайна ў зменшаным маштабе) будову і дзеянне якога-н. інш. («сапраўднага») аб’екта ў навук., вытв. (гл. Мадэліраванне) ці спарт. мэтах (гл. Мадэлізм спартыўны).

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель), карабель,

у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.

Нефы базілікальнага храма.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́БНАСЦЬ у матэматыцы,

лік, які характарызуе меру блізкасці дакладнага і набліжанага значэнняў пэўнай велічыні. Адрозніваюць абсалютную Х. — модуль рознасці |x − a| і адносную Х. — |x − a|/a (звычайна выражаецца ў працэнтах), дзе a — дакладнае і x — набліжанае значэнні зададзенай велічыні.

Пры лікавым рашэнні задач Х. вынікаў абумоўлена набліжаным матэм. апісаннем рэальнага працэсу, недакладнасцю задання зыходных даных, недакладнасцю метаду рашэння і Х. акруглення. Звычайна значэнне a невядомае і таму для характарыстыкі дакладнасці набліжанай роўнасці x ≈ a абмяжоўваюцца ўказаннем верхняй мяжы абс. Х. (лімітнай абс. Х.), якая вызначаецца як лік Δa такі, што |x − a| ≤ Δa. Аналагічна вызначаецца лімітная адносная Х. Выраз «лік x роўны a з дакладнасцю Δa» матэматычна запісваецца як x = a ± Δa. Гл. таксама Памылак тэорыя.

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРА́ЗІС (грэч. antiphrasis) у літаратуры, стылістычная фігура, ужыванне слова ў процілеглым, звычайна іранічным, значэнні. Часцей сустракаецца ў сатыр. творах, напр. у байцы К.​Крапівы «Мандат» пра асла гаворыцца: «Ну й розум. Вось дык галава!».

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭФІ́КС (лац. antefixum),

від архітэктурнага аздаблення з мармуру ці тэракоты ў форме пальметы або шчыта з рэльефным арнаментам, з выявай фантаст. жывёліны. Звычайна размяшчаліся па краях дахавага накрыцца ўздоўж падоўжнай сцяны ант. храма.

Антэфікс.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖО́Р,

вялікая колькасць у рэчышчы ракі ўнутрыводнага лёду і шарашы ў час асенняга крыгаходу або ў пачатку ледаставу. З. памяншае плошчу жывога сячэння ракі, выклікае падняцце ўзроўню і затапленне поймы. Утвараецца звычайна ніжэй парогаў.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАША́К,

гібрыд ад скрыжавання асліцы з жарабцом. Знешне бліжэй да каня, чым да асла. Звычайна драбнейшы за мула і не такі дужы. Бясплодны. Гасп. значэння амаль не мае (выключэнне Л., якога гадуюць у Кітаі).

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІЦЫЯ́Т,

інстытут папярэдняй падрыхтоўкі і апрабавання прэтэндэнтаў на членства ў каталіцкім ордэне манаскім. Звычайна перыяд Н. працягваецца адзін год. Навіцый на працягу гэтага тэрміну павінен беспярэчна падначальвацца ордэнскаму кіраўніцтву, выконваць статут, насіць адпаведнае адзенне.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТР (ад грэч. plēktron), медыятар,

прыстасаванне для гуказдабывання на некат. струнных шчыпковых муз. інструментах (цытры, мандаліне, домры і інш.). Звычайна касцяная, пластмасавая або метал. пласцінка, гусінае пяро ці кальцо з «кіпцюром», якое надзяваюць на палец.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЕ́СТР (лац. semestris шасцімесячны ад sex шэсць + mensis месяц),

палавіна навуч. года ў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. установах (звычайна 16—18 вучэбных тыдняў). У некат. краінах (напр., Вялікабрытаніі, ЗША) навуч. год дзеляць на трыместры.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)