пражыванне значнай ч. народа (этн. супольнасці) па-за межамі той краіны, дзе жыве асн.ч. народа. Утваралася ў выніку гвалтоўнага высялення, пагрозы генацыду, эканам. і геагр. фактараў. Першапачаткова Д. — вобласці па-за межамі Палесціны, дзе жылі яўрэі, асабліва ў часы Вавілонскага палону пасля выгнання іх у пач. 6 ст. да н.э.Навухаданосарам II, а ў 1—2 ст.н.э. — рымлянамі. Паступова тэрмін Д. стаў выкарыстоўвацца і да інш.рэліг. і этн.груп, якія жывуць у новых раёнах рассялення. Гл. таксама Дыяспара беларуская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,
група вострых інфекц. хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл.Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАБРО́ЎСКІ (Канстанцін Адамавіч) (псеўд.Костка, Навіцкі; 1838, Аўгустоўская губ. —6.7.1863),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Арлоўскі кадэцкі корпус і Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Пецярбург). З 1861 вучыўся ў Артыл. акадэміі ў Пецярбургу, уваходзіў у ваен.рэв. арг-цыю. 16.4.1863 уцёк на Магілёўшчыну, прызначаны паўстанцкім ваен. начальнікам Сенненскага пав. З групай каля 100 валанцёраў перайшоў у Барысаўскі пав., дзе злучыліся некалькі паўстанцкіх груп. 19.5.1863 аб’яднаны атрад разбіты ўрадавымі войскамі каля в. Падбярэззе. Ж. схоплены і паводле прысуду расстраляны ў Барысаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРДА́Н ((Jordan) Мары Энмон Каміль) (5.1.1838, г. Ліён, Францыя — 21.1.1922),
французскі матэматык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1895). Скончыў Політэхн. (1859) і Горную школы (1861) у Парыжы. З 1861 працаваў інжынерам, з 1873 у Політэхн. школе (з 1876 праф.), адначасова з 1875 у Калежы дэ Франс. Навук. працы па алгебры, тэорыі функцый, тапалогіі, крышталяграфіі, механіцы. Аўтар першага сістэм. курса па тэорыі груп і тэорыі Галуа (1870) і 3-томнага курса матэм. аналізу (1882—87).
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, заалагічныя карты,
карты, якія адлюстроўваюць геагр. заканамернасці размяшчэння жывёл. Падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. На агульных картах паказваюць: тыпы насялення розных груп жывёл (сістэматычных — млекакормячых, птушак і інш.; групы, якія ўтвараюць ланцугі жыўлення і падтрымліваюць цыркуляцыю прыродна-ачаговых хвароб), фауністычныя комплексы, тыпы біяцэнозаў і інш. На спецыяльных картах паказваюць арэалы (асобін, папуляцый, відаў, і інш.) і іх змены ў часе; колькасць жывёльнага насельніцтва і яго дынаміку; міграцыю жывёл; феналагічныя з’явы, промыслы і інш. У кожнай групе вылучаюцца карты размяшчэння картаграфічнага аб’екта і карты раянавання тэр. па гэтых адзнаках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБА́РЫЯ (Lobaria),
род ліставатых лішайнікаў сям. лабарыевых. 80 відаў. Пашыраны ва ўмеранай, трапічнай і субтрапічнай зонах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 2 віды Л.: лёгачная (L. pulmonaria), занесена ў Чырв. кнігу, і ямчатая (L. scrobiculata). Трапляецца пераважна ў лясах на ствалах і галінах, радзей — на скалах.
Слаявіна буйналіставатая з шырокімі лопасцямі, дыяметр 5—30 см. Зверху — характэрны сеткавы малюнак, знізу — кароткія раснічастыя рызоіды, месцамі голая. Пладовыя целы сподкападобныя Споры бясколерныя ці афарбаваныя, 2—10-клетачныя. Фікабіёнты з груп Trebouxia i Myrmecia.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрадаў «Камарова», «Пятровіча», імя М.Ц.Шыша па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п.Ленін Пінскай вобл. 12 вер. ў Вял.Айч. вайну. Са створаных партызанамі для гэтай аперацыі штурмавых груп (150 чал.) 3 былі размешчаны на шляхах магчымага адыходу праціўніка, 2 — у засадах на дарогах верагоднага падыходу падмацаванняў ворагу. У выніку раптоўнага нападу партызаны разграмілі гарнізон, вызвалілі зняволеных патрыётаў, захапілі трафеі і арганізавана адышлі. У гонар бою партызан у в. Ленін Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТАСПІ́РЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі + speira кручаная лінія),
род аэробных бактэрый сям. спірахет. 2 віды: Л. паразітычныя (L. interrogans) і Л.-сапрафіты (L. biflexa). Л. паразітычныя складаюць 18 сералагічных груп, 124 сератыпы, узбуджальнікі лептаспірозаў. Вылучаны яп. вучонымі Іда, Інада і інш. (1914).
Даўж. да 20 мкм, дыяметр да 0,3 мкм. Складаюцца з асявой ніткі, акружанай цытаплазматычнай спіраллю. Рухомыя. Размнажаюцца папярочным дзяленнем. Патагенныя Л. гінуць пры ўздзеянні прамога сонечнага святла, хім. рэчываў (кіслоты, шчолачы, дэзінфіцыруючыя сродкі), высокай т-ры, але ўстойлівыя да нізкіх т-р, здольныя перазімоўваць у вадаёмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,
прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.