ПЕКІ́НСКІ ТРАКТА́Т 1860,

расійска-кітайскі дагавор. Падпісаны 14 ліст. ў Пекіне. Пацвердзіў і развіў Айгунскі дагавор 1858 і Цяньцзіньскі трактат 1858. Усталяваў усх. рас.-кіт. граніцу па рэках Амур, Усуры, Сунгача, воз. Ханка і далей па гарах да р. Тумыньцзян. Вызначыў рас.-кіт. граніцу ў Сіньцзяні (канчаткова вызначана Пецярбургскім дагаворам 1881). Уводзіў бязмытны рас.-кіт. гандаль на ўсім працягу рас.-кіт. мяжы, Расія атрымала права на прызначэнне рас. консулаў у гарады Кашгар і Ургу.

т. 12, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДКАРПА́ЦКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На тэр. Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абласцей Украіны. Пл. 20,8 тыс. км². Тэктанічна звязана з Перадкарпацкім краявым прагінам. Паклады нафты ў палеагенавых пясчаніках на глыб. 1000—4500 м, газу — у верхняюрскіх вапняках, верхнемелавых і міяцэнавых пясчаніках на глыб. 800—1800 м. Прамысл. здабыча нафты з 1881, газу — з 1920. Адкрыта 60 радовішчаў нафты і газу. Цэнтры здабычы і перапрацоўкі — гарады Івана-Франкоўск, Львоў, Барыслаў, Драгобыч, Даліна, Надворная і інш.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Цэнтр — г. Пінск. Утворана 4.12.1939, уключала 5 паветаў: Драгічынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі (часткова). 15.1.1940 паветы скасаваны, утвораны 11 раёнаў: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі. У 1941 пл. вобласці 16,3 тыс. км², нас. 533,6 тыс. чал., 4 гарады, 5 гар. пасёлкаў, 1 раб. пасёлак, 159 сельсаветаў. 8.1.1954 пасля скасавання тэр. вобласці ўключана ў Брэсцкую вобласць.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1583, адзін з дагавораў паміж Расіяй і Швецыяй, якімі закончылася Лівонская вайна 1558—83. Заключаны на р. Плюса тэрмінам на 3 гады (потым прадоўжаны да 1590). Паводле П.п. пад уладай Швецыі заставаліся рус. землі, якія яна захапіла ў час вайны: гарады Івангорад, Ям, Капор’е і Карэла з іх паветамі. У выніку рус.-шведскай вайны 1590—93 паводле Цяўзінскага мірнага дагавора 1595 усе гэтыя тэрыторыі вернуты Расіі. Гл. таксама Ям-Запольскі мірны дагавор 1582.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУР (Ruhr),

рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 235 км, пл. басейна 4,5 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Заўэрланд, у нізоўях цячэ па паўд. ускраіне Паўн.-Герм. нізіны. Зімовае разводдзе, летняя межань, асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля вусця 70 м³/с. На Р. вадасховішча, ГЭС. Суднаходны ад г. Вітэн, злучаны каналам з р. Эмс. Уздоўж Р. — Рурскі вугальны басейн. На Р. — гарады Эсэн, Мюльгайм, у вусці порт Дуйсбург-Рурарт.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1723,

мірны дагавор паміж Расіяй і Іранам (Персіяй), які замацаваў вынікі Персідскага паходу 1722—23. Падпісаны 23 вер. ў Пецярбургу. Да Расіі адыходзілі фактычна заваяваныя ёю гарады Дэрбент, Баку і Рэшт з прылеглымі землямі, а таксама паўд. ўзбярэжжа Каспійскага м. Расія абяцала Ірану ваен. дапамогу супраць афг. плямён, якія ўварваліся на яго тэр., і тур. войск. Дагавор абвяшчаў ўсталяванне пастаяннай дружбы паміж дзвюма дзяржавамі, свабоду гандлю і перамяшчэння іх падданых.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН (San),

рака на ПдУ Польшчы, правы прыток р. Вісла, у вярхоўях на невял. участку цячэ па мяжы Польшчы з Украінай. Даўж. 444 км, пл. басейна 16,7 тыс. км². Вытокі ва Усх. Бяскідах (сістэма Карпат), перасякае Сандамірскую нізіну. Асн. прытокі: Віслак (злева), Танеў (справа). Разводдзе ў лютым—маі, летнія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 125 м³/с. Сплаўная; у вярхоўях Салінскае і Мычкоўскае вадасх., ГЭС. На С. — гарады Санак, Пшэмысль, Ярослаў.

т. 14, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДАШЫ́Р I, Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241),

заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛАТАН (Balaton),

возера ў Венгрыі, на Сярэднедунайскай раўніне, каля паўд.-ўсх. падножжа гор Бакань на выш. 105 м. Пл. 598 км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ 78 км. Глыб. да 11 м. Берагі пераважна нізкія, часткова забалочаныя, уздоўж паўн. ўзбярэжжа месцамі высокія. У Балатан упадае шмат кароткіх рэк, сцёк з возера праз канал ў р. Шыо (бас. Дуная). Суднаходства. Рыбалоўства. Балатан і яго наваколле — курортны раён міжнар. значэння. Па берагах гарады Шыяфок, Кестхей; ландшафтны заказнік Ціхань, рэзерват Кішбалатан.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ВА (Drava, ням. Drau),

рака ў Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, часткова з’яўляецца мяжой паміж Харватыяй і Венгрыяй; правы прыток р. Дунай. Даўж. 749 км, пл. бас. 40,4 тыс. км². Пачынаецца ў Карнійскіх Альпах, перасякае Клагенфурцкую катлавіну, прарываецца праз паўд. адгор’і Усх. Альпаў і цячэ па Сярэднедунайскай раўніне. Гал. прытокі — Гурк, Мура (злева), Гайль, Карашыца (справа). Сярэдні расход вады 610 м³/с. Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі. Каскад ГЭС. Суднаходная. На Д. — гарады Філах (Аўстрыя), Марыбар (Славенія), Враждзін, Осіек (Харватыя).

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)