1) прылада для вымярэння двухгранных вуглоў паміж гранямі цвёрдых цел. Бывае прыкладны і адбівальны. Прыкладны ганіёметр мае транспарцір і лінейку. Дакладнасць вымярэнняў да 15. Адбівальны ганіёметр мае каліматар, зрокавую трубу і адліковае прыстасаванне. Дакладнасць вымярэнняў да 1′. Выкарыстоўваецца ў метралогіі, крышталяграфіі, геадэзіі і інш. 2) Прыстасаванне для зрушэння дыяграмы накіраванасці антэны эл. спосабам. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЕЛЯВА́ННЕ (ад ням. drosseln душыць; скарачаць),
працяканне вадкасці, пары або газу праз мясц. гідрадынамічнае супраціўленне патоку (звужэнне трубаправода, вентыль, кран і інш.). Суправаджаецца змяншэннем ціску, калі паток не выконвае знешняй работы і адсутнічае цеплаабмен з навакольным асяроддзем. Пры Д. рэальных газаў адначасова змяняецца т-ра (гл.Джоўля—Томсана эфект). Выкарыстоўваецца для ахалоджвання і звадкавання газаў, вымярэння і рэгулявання расходу вадкасці і газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ТЧЫК,
элемент вымяральнага, сігнальнага, рэгулявальнага або кіравальнага прыстасавання, які пераўтварае велічыню, што кантралюецца (ціск, т-ру, частату, эл. напружанне і інш.), у сігнал, зручны для вымярэння, перадачы, захоўвання, апрацоўкі, рэгістрацыі, а таксама для ўздзеяння ім на кіроўныя працэсы. Звычайна мае ўспрымальны (адчувальны) орган і адзін або некалькі прамежкавых пераўтваральнікаў. Тэрмін «Д.», які ўжываецца ў шырокім сэнсе, стандартам заменены на тэрмін вымяральны пераўтваральнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́НІУС,
дапаможная шкала, па якой адлічваюць долі дзяленняў асн. шкалы вымяральнай прылады (штангенінструментаў, оптыка-мех. і інш. сродкаў вымярэння). Бываюць лінейныя, вугламерныя, спіральныя, трансверсальныя і інш. віды Н. Назва — ад імя партуг. вынаходніка шкалы П.Нуніша. Прататып сучаснага Н. прапанаваны франц. матэматыкам П.Вернье (Н. часта наз.верньерам).
Ноніусы: а — лінейны (паказвае адлік 17, 14); б — вугламерны (паказвае адлік 34°28′).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮВІЁГРАФ (ад лац. pluvia дождж + ...граф),
прылада для вымярэння колькасці, працягласці і інтэнсіўнасці вадкіх ападкаў. Уключае прыёмнік ападкаў пл. 500 см² і злучаную з ім цыліндрычную пасудзіну з паплаўком, на якім ёсць стрэлка з пяром. Ападкі, што трапляюць у пасудзіну, падымаюць паплавок і адначасова пяро самапісца вычэрчвае крывую (верт. лінія на ёй адпавядае колькасці ападкаў, гарыз. — часу іх выпадзення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЗО́НД (ад радыё... + зонд),
прылада для вымярэння ціску, т-ры і вільготнасці паветра ў свабоднай атмасферы і перадачы вынікаў вымярэнняў з дапамогай радыёсігналаў на Зямлю. Р. падымаецца на паветр. шары на выш. да 40 км. Далёкасць дзеяння каля 150—200 км. Сканструяваны рас. вучоным П.А.Малчанавым у 1930. На Беларусі радыёзандзіраванне свабоднай атмасферы пры дапамозе Р. праводзіцца з 1934.