ЛОГАТЭРАПІ́Я (ад логас + тэрапія),

адзін з кірункаў сучаснай псіхатэрапіі, які займаецца вывучэннем і пошукам сэнсу чалавечага існавання; метад псіхатэрапіі, звязаны з карэкцыяй анамалій у развіцці асобы. Як метад распрацаваны аўстр. псіхіятрам і псіхолагам В.​Франклам. Імкненне да пошуку і рэалізацыі чалавекам сэнсу свайго жыцця — прыроджаная матывацыйная тэндэнцыя і асн. рухаючая сіла паводзін і развіцця асобы. У самых складаных абставінах чалавек здольны знайсці пэўны сэнс жыцця і ўзяць на сябе асабістую адказнасць за яго практычную рэалізацыю. Адсутнасць падобнага сэнсу ці немагчымасць яго ажыццяўлення (фрустрацыя) прыводзяць да апатыі, дэпрэсіі, неўрозаў. Магчымыя пазітыўныя сэнсы жыцця могуць выяўляцца праз 3 асн. групы каштоўнасцей: творчасці, перажывання (напр., каханне) і адносін (свядомай пазіцыі чалавека да жыццёвых абставін, якія нельга змяніць). Найб. важная роля адводзіцца каштоўнасцям творчасці, асн. шляхам рэалізацыі якіх лічыцца праца. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неагенных неўрозаў (звязаных са стратай цікавасці да жыцця), апатычна-дэпрэсіўных сіндромаў.

Літ.:

Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,

1) навучальная ўстанова ў 1914—18. Засн. 1.7.1914 у Мінску. У вер. 1915 эвакуіраваны ў Яраслаўль, дзе працаваў да вер. 1918. Рыхтаваў настаўнікаў для вышэйшых пач. вучылішчаў. Тэрмін навучання 3 гады. Утрымліваўся за дзярж. кошт. Напачатку прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання з 2-гадовым стажам настаўніцтва. Пасля скасавання паліт., рэліг., нац. і інш. абмежаванняў прымаліся асобы абодвух полаў. Уведзена спецыялізацыя ў падрыхтоўцы настаўнікаў, уключаны новыя дысцыпліны (палітэканомія, філасофія, сацыялогія і інш.), выпускнікі ін-та мелі права паступаць ва ун-ты. У розны час у ін-це вучыліся С.Г.Булат, В.С.Гарбацэвіч, В.​Р.​Камлюк, М.І.Каспяровіч, М.І.Мароз, А.​В.​Сташэўскі, В.​Сташэўскі, К.​Станкевіч, М.Чарот і інш. 30.12.1918 рэфармаваны ў Мінскі беларускі педагагічны інстытут.

2) Навуч. ўстанова пры Мінскім пед. ін-це ў 1936—55 (з 1947 у Маладзечне, наз. Маладзечанскі настаўніцкі ін-т). Рыхтаваў настаўнікаў для 5—7-х класаў агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЭ́Р (ням. Offizier),

асоба каманднага і начальніцкага складу ва ўзбр. сілах, міліцыі, паліцыі. Першапачаткова афіцэрамі называліся асобы, якія займалі некаторыя дзярж. пасады. З узнікненнем пастаянных наёмных армій і ВМФ (16 ст.) у Францыі, а потым і ў інш. еўрап. краінах (у т. л. ў ВКЛ) афіцэрамі пачалі называць вайсковых камандзіраў. Афіцэры маюць прысвоеныя ім званні воінскія ці спецыяльныя.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЭ́РСКІ СКЛАД,

адміністрацыйна-прававая катэгорыя асоб, якія маюць ваен. або ваен.-спец. падрыхтоўку (адукацыю) і асабіста прысвоеныя афіцэрскія званні; асн. частка ваен. кадраў дзяржавы. Асобы афіцэрскага складу могуць знаходзіцца непасрэдна на ваен. службе, лічыцца ў запасе або быць у адстаўцы. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь афіцэрскі склад падзяляецца на малодшы, старшы і вышэйшы (гл. ў арт. Званні воінскія).

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),

правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ (ад позналац. manifestum заклік),

1) асобы акт кіраўніка дзяржавы або вышэйшага органа дзярж. улады, звернуты да насельніцтва. Прымаецца ў сувязі з якой-н. важнай паліт. падзеяй, урачыстай датай і да т.п.

2) Заклік, дэкларацыя паліт. партыі, грамадскай арг-цыі, якія змяшчаюць праграму і прынцыпы дзейнасці.

3) Пісьмовае выкладанне літ. або маст. прынцыпаў якога-н. кірунку або групы.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПЛІКА (франц. réplique, італьян. replica ад лац. replico паўтараю, адказваю),

1) у тэатры — элемент сцэнічнага дыялогу: фраза ў адказ на словы партнёра, апошняя фраза (або яе частка) персанажа, за якой ідзе тэкст інш. дзейнай асобы.

2) У выяўленчым мастацтве — аўтарская копія маст. твора, якая адрозніваецца ад яго памерамі, часам дробнымі дэталямі. Можа быць выканана інш. мастаком пад наглядам аўтара.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДАКО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (н. 23.2.1923, в. Бахараўка Рослаўльскага р-на Смаленскай вобл.),

бел. філосаф. Канд. філас. н. (1959), праф. (1978). Скончыў БДУ (1950). Выкладаў у БПІ, Мінскім пед. ін-це. З 1973 у Гродзенскім ун-це (да 1994 рэктар). Аўтар навук. прац «Свядомасць, яе паходжанне і сутнасць» (1976), «Што вывучае філасофія» (1981), «Фарміраванне ўсебакова развітой асобы» (1987), вучэбнага дапаможніка, «Дыялектычны матэрыялізм» (1972).

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЭ́САР (лац. assessor),

службовая або судовая пасада (засядацель, прысудак лаўнік). У Стараж. Рыме асэсарам называлі засядацеля. Пазней у некаторых краінах Еўропы асэсарамі былі асобы, якія займалі суд. і адм. пасады. У ВКЛ і Польшчы з сярэдзіны 15 да 18 ст. Асэсары з’яўляліся засядацелямі земскага, вечавога, асэсарскага і інш. судоў. Асэсарскі суд, напрыклад, разглядаў апеляцыі мясц. судоў. Асэсар займаўся і справамі адм. кіравання.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)