галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.
П. ўзнікла каля 4—3 тыс.г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.
У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-r. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,
кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.
Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.Казлоўскі, Н.Навумаў-Страж, Д.Шлюглейт, мастак М.Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.Бяляеў, С.Іваноў, Б.Рабаў, А.Рагоўскі; мастакі С.Мандэль, У.Пакроўскі, Р.Фэдор.
У Вял.Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г.маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).
Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.
У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.Васілеўскі, Л.Голуб, М.Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.Волчак, А.Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні«Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт.Беларусь.
Л.І.Паўловіч.
Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЬКАЎШЧЫНА, Айчына, Радзіма,
1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.
З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, Я.Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.
Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт.Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв.аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба за нац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт.Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.Луцкевічаў, А.М.Уласава, В.Ю.Ластоўскага, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Л.Гмырака, М.Гарэцкага, Я.Лёсіка, І.Канчэўскага, асабліва Я.Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнуты Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел.дэмакр. партый і арг-цый.
2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ, цывільнае грамадства,
сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.Лок, Г.Гегель, Ж.Ж.Русо, І.Кант, Ш.Л.Мантэск’ё, Т.Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, А.Волана, І.Страйноўскага, Ф.Багушэвіча і інш. Паводле К.Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.
Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д.Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.
Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.
Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.
Літ.:
Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч.М., 1988. Т. 3;
Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;
Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;
Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар.аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым праве пры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч. зямель с.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.
На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл.Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш.Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв.аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.Агафоненка, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Кулак, Н.Ліцюк, Л.Лось, У.Лук’янец, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова і інш.
Літ.:
Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.Да арт.Пляценне мастацкае. Т.Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.Да арт.Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц.аб’яднаннібел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЦТВА,
1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.
2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.
3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш. Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.
Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-вадзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар. развіцця.
У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сцьбуд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял.Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з-д і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сцьбуд. матэрыялаў і машын.
Літ.:
Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;
Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;
Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,
сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднаннірус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;