ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,

вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, або дэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХА́ННЕ,

сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць паступленне кіслароду ў арганізм, выкарыстанне яго ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, выдаленне з арганізма вуглякіслага газу і некат. інш. канчатковых прадуктаў абмену рэчываў; адна з асн. жыццёвых функцый. Аснова Д. — спажыванне кіслароду жывымі клеткамі, якое суправаджаецца рэакцыямі дэгідрагенізацыі з пераносам вадароду ад арган. рэчываў (субстратаў) на кісларод з утварэннем вады (гэтыя рэакцыі ідуць у спец. структурах клеткі — мітахондрыях). Д. ажыццяўляецца пераважна за кошт акіслення вугляводаў. Мае 2 этапы: пачатковы (анаэробны), які адбываецца па тыпу гліколізу (цукры ў анаэробных умовах распадаюцца да піравінаграднай кіслаты) і канчатковы (аэробны), пры якім піравінаградная кіслата акісляецца да вуглякіслага газу і вады (цыкл Крэбса). Д. жывых арганізмаў узнікла на Зямлі, калі ў яе атмасферы з’явіўся кісларод.

У аднаклетачных і некат. шматклетачных жывёл абмен газаў паміж клеткамі і асяроддзем ажыццяўляецца шляхам дыфузіі праз паверхню цела. Больш высокаарганізаваныя жывёлы і чалавек маюць спец. органы дыхання і сістэму кровазвароту, у якой цыркулююць кроў і гемалімфа, здольныя звязваць кісларод і вуглякіслы газ (гл. Гемаглабін). Адрозніваюць Д. вонкавае, якое забяспечвае абмен газаў паміж лёгкімі і вонкавым асяроддзем, перанос газаў крывёю (гл. Газаабмен), і тканкавае. У насякомых кісларод паступае ў тканкі з сістэмы паветраносных трубачак — трахей. У многіх водных жывёл вонкавае Д. ажыццяўляецца паверхняй цела і шчэлепамі, якія маюць вял. сетку крывяносных сасудаў. Раствораны ў вадзе кісларод дыфундзіруе ў кроў, якая цыркулюе ў сасудах шчэлепаў. У многіх рыб значную ролю адыгрывае кішэчнае Д., калі заглытваецца паветра і кісларод паступае ў кроў праз крывяносныя сасуды кішэчніка. У сухапутных жывёл вонкавае Д. забяспечваецца пераважна лёгкімі. У амфібій і інш. жывёл разам з лёгкімі функцыянуе скурнае Д. У птушак ёсць паветраныя мяшкі, якія злучаюцца з лёгкімі і мяняюць аб’ём пры лятальных рухах (палягчае Д. ў палёце). Вонкавае Д. забяспечваецца дыхальнымі рухамі (удыхам, выдыхам), колькасць якіх у стане спакою ў чалавека 16—20. Пры адным спакойным удыху чалавека ў лёгкія паступае каля 350 см паветра (гл. Жыццёвая ёмістасць лёгкіх), мінутная лёгачная вентыляцыя ў стане спакою складае 4—8 л. Прычына абмену паветра ў альвеолах лёгкіх — рознасць парцыяльнага ціску. Рэгуляцыя Д. ў чалавека і пазваночных жывёл адбываецца дыхальным цэнтрам. Аснова тканкавага Д. — акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Пры іх вызваляецца энергія, якая ідзе на аднаўленне жывога рэчыва, рост і развіццё тканак, скарачэнне мышцаў, сакрэцыю залоз і інш. (гл. Акісленне біялагічнае). Пры парушэннях Д. і механізмаў яго рэгуляцыі ўзнікаюць змяненні газавага саставу крыві. Пры парушэннях або адсутнасці Д. робяць дыханне штучнае.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЦА,

мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.

Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.

Г.​М.​Сакалова.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ,

агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл. Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл. Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.

Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДЗІ (Індзіра Прыядаршыні) (19.11.1917, г. Алахабад, Індыя — 31.10.1984),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Дачка Дж.Нэру. Вучылася ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі. З 1938 чл. партыі Інд. нац. кангрэс (ІНК), у 1959—60 яе старшыня. У 1946—64 паліт. кансультант Нэру. Міністр інфармацыі і радыё (1964—66). Дэп. Нар. палаты парламента (1967—77, 1978, 1980—84). У 1966—77 і 1980—84 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр па справах атамнай энергіі (1967—77), замежных спраў (1967—69), фінансаў (1969—70), унутр. спраў (1970—73). Урад Гандзі нацыяналізаваў 14 буйнейшых банкаў (1969—70), заключыў дагавор аб дружбе з СССР (1971), пасля інд.-пакістанскага канфлікту 1971 палепшыў адносіны з Пакістанам (сустрэча Г. і З.А.Бхута ў г. Шымла ў 1972, абмен пасламі ў 1976) і інш. З 1978 кіраўнік заснаванай прыхільнікамі Гандзі партыі Інд. нац. кангрэс (Індзіра). У 1983—84 старшыня Руху недалучэння. Забіта сваімі целаахоўнікамі, якія належалі да адной з сікхскіх арг-цый. Аўтар твораў «Мая праўда» (1981), «Народы і праблемы» (1982) і інш.

Літ.:

Горев А.В. Роса на лотосе: Индира Ганди: мечты и свершения. М., 1987;

Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986.

І.Гандзі.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНА́ЛЬНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫ,

рэчывы, якія маюць у сабе гармоны або іх сінт. аналагі і ўжываюцца для гармонатэрапіі. Атрымліваюць іх з залоз унутр. сакрэцыі жывёл або сінтэтычна. Па хім. будове належаць да бялковых ці пептыдных рэчываў (прэпараты гармонаў гіпаталамуса, гіпофіза, парашчытападобнай і падстраўнікавай залоз), вытворных амінакіслот (прэпараты шчытападобнай залозы), стэроідных злучэнняў (прэпараты кары наднырачнікаў і палавых залоз).

Гарманальныя прэпараты гіпаталамуса і гіпофіза — кортыкатрапін, які стымулюе дзейнасць кары наднырачнікаў, самататрапін — рост арганізма, тыратрапін — сакрэцыю гармонаў шчытападобнай залозы, саматастацін прыгнечвае выпрацоўку гармону росту, лактын павялічвае выдзяленне малака малочнымі залозамі пасля родаў, ганадатрапін стымулюе функцыю палавых залоз, аксітацын, пітуітрын — мускулатуру маткі, вазапрэсін — гладкую мускулатуру. Гарманальныя прэпараты шчытападобнай і парашчытападобнай залозы (тырэаідзін, тыратаксін, паратырэаідзін) назначаюць пры недастатковай функцыі гэтых залоз; кальцытацын рэгулюе абмен кальцыю. Гарманальныя прэпараты падстраўнікавай залозы — інсулін ужываюць пры цукр. дыябеце. Гарманальныя прэпараты кары наднырачнікаў — глюкакартыкоіды (гідракартызон, прэднізалон, дэксаметазон) рэгулююць функцыі наднырачнікаў, маюць процізапаленчыя і проціалергічныя ўласцівасці, мінералакартыкоіды назначаюць пры Адысонавай хваробе. Гарманальныя прэпараты жаночых палавых залоз — эстрагены (эстрадыёл, сінестрол) ужываюць пры аменарэі, у клімактэрыяльны перыяд, гестагены (прагестэрон, прагнін) выкарыстоўваюць для прафілактыкі выкідышаў, пры парушэнні менструацыі. Гарманальныя прэпараты мужчынскіх палавых залоз (тэстастэрон) ужываюць пры функцыян. недастатковасці гэтых залоз. Гл. таксама Гармоны.

А.​С.​Захарэўскі.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.​Бел, З.​Бжазінскі, А.​Тофлер, А.​Кінг, Дж.​Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВАРО́Т РЭ́ЧЫВАЎ на Зямлі, працэсы ператварэння і перамяшчэння рэчываў у прыродзе, якія шматразова паўтараюцца. Маюць розны маштаб і цыклічны характар у межах кожнай асобнай геасферы (біясферы, атмасферы, гідрасферы, літасферы) і паміж імі. Агульны кругаварот складаецца з асобных працэсаў (кругаварот вады, газаў, хім. элементаў), якія не поўнасцю абарачальныя (адбываецца рассейванне рэчыва, змена яго складу і інш.). У сучасны перыяд абмен рэчываў паміж геасферамі па вертыкальным напрамку назіраецца ў межах 10—20 км ад паверхні Зямлі (месцамі да 50—60 км). Вял. ролю ў К.р. адыгрываюць жывыя арганізмы, што ўдзельнічаюць у кругавароце асобных хім. элементаў (кіслароду, вугляроду, кальцыю і інш.). Глабальнае ўздзеянне на К.р. аказвае дзейнасць чалавека, у выніку якой узнікаюць новыя шляхі міграцыі рэчываў, і мяняюцца тыя, што склаліся ў прыродзе, з’яўляюцца рэчывы з новымі ўласцівасцямі. Вял. ўклад у вывучэнне К.р. зрабіў У.І.Вярнадскі, які вылучыў геахім. групу т.зв. цыклічных хім. элементаў (да іх адносяцца вельмі пашыраныя і многія рэдкія хім. элементы); В.Р.Вільямс і інш. разглядалі біял. цыклы азоту, вуглекіслаты. фосфару і інш. ў сувязі з вывучэннем урадлівасці глеб. Гл. таксама Ахова прыроды, Прыродакарыстанне.

Да арт. Кругаварот рэчываў на Зямлі. Схема кругавароту фосфару.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАРТАЛО́ГІЯ,

медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер. вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.

Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.

На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер. вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер. вод і кліматычных фактараў і інш.

Літ.:

Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)