бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1977), Нар. мастак Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961), у 1968—72 выкладаў у ім. Сярод работ у станковай пластыцы: партрэты С.Рахманінава (1965), К.Каліноўскага (1977), М.Багдановіча (1981), М.Савіцкага (1983), М.Гусоўскага (1986), А.Клімавай (1987), Ф.Скарыны, М.К.Радзівіла Сіроткі (абодва 1992), У.Караткевіча (1994); кампазіцыі «Скіф» (1959), «Партызаны» (1969), «Жалейка» (1982), «Экалогія» (1987), «За зямлю, за волю» (1988), «Чорная быль» (1996) і інш.Манум. творы вылучаюцца шырынёй абагульнення, разнастайнасцю кампазіцый, добрай архітэктанічнай арганізацыяй аб’ёму: помнікі Я.Купалу ў парку імя Я.Купалы (1972, з А.Анікейчыкам, А.Заспіцкім, Дзярж. прэмія Беларусі 1974) і партызанам братам Сянько (1973) у Мінску, кампазіцыя «Крылатая» (1973), мемар. комплекс «Змагарам за савецкую ўладу» ў Магілёве (1982) і інш. Працуе таксама ў галіне паркавай скульптуры: «Русалка» (1990) у Нясвіжы, надмагілле Я.Янішчыц (1992) у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),
бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).
В.Даўгала, У.Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),
бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).
Літ.:
Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.
А.Я.Ракава.
А.М.Генералаў.А.Генералаў у ролі Змітрака (злева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГРЫ́ШЧА,
народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).
Літ.:
Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ (Ігар Уладзіміравіч) (24.7.1901, Масква — 13.1.1987),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў тэатр. студыі Ф.Камісаржэўскага ў Маскве (1917). З 1918 у маскоўскіх т-рах. У 1920—35 у т-ры імя У.Меерхольда: ролі Прысыпкіна («Клоп» У.Маякоўскага), Аркашкі Шчасліўцава («Лес» А.Астроўскага), Расплюева («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1938 у Малым т-ры. Сярод роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Загарэцкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Юсаў («Даходнае месца» Астроўскага), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.Дастаеўскага), Акім («Улада цемры» Л.Талстога) і інш. У кіно з 1924. Зняўся ў фільмах «Аэліта» (1924), «Волга-Волга» (1938), «Карнавальная ноч» (1956), «Гусарская балада» (1962) і інш. Мастацтва І. вызначалася псіхал. глыбінёй у спалучэнні з гратэскавымі, эксцэнтрычнымі прыёмамі, майстэрскім валоданнем пантамімай, мімікай. Паставіў спектаклі «Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя (1958), «Любоў Яравая» К.Транёва (1960, абодва з В.Цыганковым), «Рэвізор» (1965). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЯ́ЗІН (Мікалай Аляксандравіч) (15.9.1898, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 9.3.1950),
бел. рэжысёр, педагог, мастак, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1949). У 1928—31 стажыраваўся ў Маскоўскім і Ленінградскім т-рах юнага гледача. З 1922 акцёр і мастак у 2-й вандроўнай трупе Галоўпалітасветы, у 1923—28 выкладаў маляванне ў чыг. школе Мінска. Арганізатар і маст. кіраўнік Т-ра юнага гледача Беларусі (1931—37), Полацкага калгасна-саўгаснага (1938—39), абласных драм. Палескага (з 1944), Бабруйскага (з 1945), Гродзенскага (з 1947) т-раў. Пастаноўкі К. вызначаліся тэатральнасцю, глыбокім раскрыццём сутнасці з’яў і характараў. Рэжысёр і мастак спектакляў: «На штурм» Я.Маўра (1931), «Наш» М.Зныка (1932), «Шлях далёкі» М.Шастакова (1934), «Заложнікі» А.Кучара (1944), «Без віны вінаватыя» (1945) і «Праўда добра, а шчасце лепш» (1946) А.Астроўскага, «Сын» С.Паташова (1948), «На дне» М.Горкага (1950). Рэжысёр спектакляў: «Дружына» А.Бруштэйн (1935), «Мікола Гоман» В.Сташэўскага і «Ная» М.Зарэцкага (абодва 1936), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1947), «Ракавая спадчына» Л.Шэйніна (1949) і інш.
Літ.:
Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Барыс Іванавіч) (н. 30.5.1937, г. Балахна Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. жывапісец і мастак тэатра. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964), у 1969—73 выкладаў у ім. У 1964—69 мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача, дзе аформіў спектаклі «Яны і мы» Н.Далінінай, «Варшаўскі набат» В.Карастылёва, «Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна, «Вялікі канспіратар» А.Кузняцова і інш. У Магілёўскім абл.драм. т-ры аформіў «Каварства і каханне» Ф.Шылера і «Мільянерка» Б.Шоу. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Яблыня» (1974), «У майстэрні» (1975), «Рака», «Таня» (абодва 1976), «Атака», «Чорны грузд» (абодва 1979), «Лазневы дзень» (1981), «У Сяргеевічах» (1982), «Вяртанне дадому» (1983), «Карміліца» (1985), «Восень у садах вёскі, якая знікла», (1988), «Хлеб» (1991), «У канцы стагоддзя» (1991—98); серыі «Поры года» (1980—84), «Падлетак» (1986—88); трыпціх «Дарогі, па якіх ніхто не ходзіць» (1987—91), партрэты бел. і рус. вучоных для залы пасяджэнняў НДІ глебазнаўства і аграхіміі ў Мінску (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),
французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл.Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст.аднайм. монаопера Ф.Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ (сапр.Вервіцыёці) Аляксандр Паўлавіч
(13.10.1847, Кішынёў — 26.10.1908),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог і тэарэтык т-ра. На прафес. сцэне з 1865. У 1876—1908 у маскоўскім Малым т-ры (у 1882—84 у Александрынскім т-ры). З 1888 выкладаў у Маскоўскім тэатр. вучылішчы. Адзін з заснавальнікаў Новага т-ра (філіял Малога т-ра), у 1898—1903 узначальваў у ім драм. трупу. Імкнуўся да перадачы рэаліст. шматграннасці і гіст. дакладнасці характарыстыкі персанажа, да спалучэння творчага натхнення з высокай сцэн. тэхнікай. Сярод роляў: Петручыо, Гамлет, Атэла, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы», «Гамлет», «Атэла», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.Гуцкава), Чацкі і Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Паратаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Сталбцоў, Дзямурын («Новая справа» і «Цана жыцця» У.Неміровіча-Данчанкі). У Новым т-ры паставіў спектаклі: «Рэвізор» М.Гогаля, «Казьма Захар’іч Мінін-Сухарук» і «Снягурка» Астроўскага; у Малым т-ры — «Рамэо і Джульета», «Бура» Шэкспіра, «Без віны вінаватыя» Астроўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГА,
горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс.ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед.ін-т. Драм.тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага.
Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.Нікіцін), Троіцкі сабор (1786—1819, арх. І.Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага (1967, арх. Р.Бархін і інш.).