род кветкавых раслін сям. залознікавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца ўсюды З. звычайная, або лянок (L. vulgaris), у паўд. раёнах — жаўтазелялістая (L. genistifolia). Растуць на палях, лугах, у лясах, каля дарог. У культуры вырошчваюць З. мяса-чырвоную (L. incarnata), якая зрэдку трапляецца як здзічэлая.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністая расліны з прамастойным ці галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце сядзячае, чаргаванае або кальчаковае. Кветкі няправільныя з трубчастым, двухгубым вяночкам жоўтага, чырв., белага, сіняга і інш. колеру, з моцна развітым нектарнікам, сабраныя ў верхавінкавыя суквецці. Плод — шматнасенная каробачка. Лек., медапосныя і дэкар. расліны. Некат. віды (напр., З. звычайная) — пустазелле, ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ АДРО́ЗНЕННЯваеннаслужачых,
знакі на форменным адзенні для абазначэння персанальных званняў воінскіх, прыналежнасці да відаўузбр. сіл, родаў войск, спец. войск, службаў. Да З.а. адносяцца пагоны, пятліцы, нагрудныя і нарукаўныя знакі (нашыўкі, шаўроны), знакі на галаўных уборах, пагонах, пятліцах (кукарды, эмблемы, зорачкі і інш.), канты і лампасы. Зарадзіліся ў старажытнасці; у рус. арміі ў 16 ст., у Сав. Арміі з 1918. З.а. ваеннаслужачых Рэспублікі Беларусь уведзены пастановай СМ 7.5.1993. Асн. З.а. з’яўляецца наплечны пагон, на якім размешчаны адпаведна воінскаму званню З.а. ў выглядзе прасветаў, зорачак, нашывак і да т.п., а таксама эмблемы або літары. З.а. на пагонах дапаўняюцца нагруднымі або нарукаўнымі нашыўкамі, эмблемамі на пятліцах і кукардамі на галаўных уборах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКА, ліхніс (Lychnis),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў паўн.ч. ўмеранага пояса Еўразіі, у т. л. ў Сібіры і на Д. Усходзе. Растуць звычайна на лугах, узлесках, у хмызняках. Як дэкар. расліны шырока выкарыстоўваюць З. зіхатлівую (L. fulgens) і інш. віды; на Беларусі — З. халцэдонскую (L. chalcedonica), з высокімі сцёбламі і густымі яркімі суквеццямі.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом. Лісце буйное, супраціўнае. Кветкі двухполыя, 5-членныя, сабраныя ў шчыткападобнае верхавінкавае суквецце; вяночак чырв., ружовы, радзей белы ці бледна-жоўты. Плод — аднагнездавая каробачка. Лек. і дэкар. расліны. Карані З. халцэдонскай раней ужываліся замест мыла, адсюль яе інш. назвы — татарскае мыла, панская фанабэрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬВІ́НЫ ЗЕЎ, антырынум (Antirrhinum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Міжземнамор’і. У культуры вырошчваюць І.з. вялікі (A. majus), інтрадукаваны на Беларусі. Вылучаюць сарты высокія (вышэй за 70 см, напр., Гольдмары, Гіянт Вельвет), паўвысокія (45—65 см, напр., Біла Піраміда, Канарыён Фогель), нізкія (15—25 см, напр., Дункель Гранат, Сульфурэум).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—90 см. Сцябло прамастойнае, восенню каля асновы дравяністае. Лісце ланцэтнае, у верхняй ч. чаргаванае, у ніжняй супраціўнае. Кветкі разнастайныя па афарбоўцы (чырвоныя, жоўтыя, белыя, ружовыя, ёсць двухколерныя), у гронкападобных суквеццях; ёсць махрыстыя. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — каробачка. Дэкар. расліна. Аб’ект генет. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАСПО́РТ,
спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт. разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,
хваробы, якія выклікаюцца мікраарганізмамі і вірусамі. эвалюцыйна прыстасаванымі да паразітавання ў арганізме жывёлы. Характарызуюцца наяўнасцю спецыфічнага ўзбуджальніка, цыклічнасцю развіцця, здольнасцю перадавацца ад захварэлай жывёлы здаровай і пры адпаведных умовах выклікаць эпізаотыі і панзаотыі. Наносяць эканам. страты сельскай гаспадарцы. Узбуджальнікі І.х.ж. пранікаюць у арганізм праз органы дыхання, стрававальны тракт, слізістыя абалонкі, скуру і інш. Хваробы падзяляюць на агульныя для некалькіх відаў жывёл (сібірская язва, туберкулёз, яшчур і інш.) і ўласцівыя асобным відам (напр., брадзот авечак, інфекцыйная анемія коней, лейкоз птушак, мыт коней, чума свіней і інш.). Некаторыя І.х.ж. перадаюцца чалавеку (бруцэлёз, сап, сібірская язва, туберкулёз і інш.). Пры падазрэнні на інфекц. хваробу жывёл ізалююць і аказваюць лячэбную дапамогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Н (Citrullus),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. 3—5 відаў. Пашыраны на Пд Еўропы, у Паўн. і Паўд. Афрыцы, Азіі і Аўстраліі. На Беларусі вырошчваюць К. сталовы (C. vulgaris), пераважна ў цяпліцах і на ўцепленым грунце; пры выкарыстанні расаднага спосабу яго можна вырошчваць і ў адкрытым грунце на паўд. і паўд.-зах. схілах.
К. сталовы — аднагадовая расліна з паўзучым, галінастым, апушаным сцяблом. Лісце рассечанае, апушанае, з васковым налётам. У пазухах лісця ўтвараюцца вусікі, у верхняй ч. сцябла — раздзельнаполыя жоўтыя кветкі. Плод — несапраўдная ягада (гарбузіна). Мякаць сакаўная, салодкая, мае цукры (да 11%), вітаміны, карацін, мінер. рэчывы. Сарты: Любімец хутара Пяцігорска, Стокса, Крымскі пераможца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РЫ (Teuthida),
атрад галаваногіх малюскаў. 2 падатр., 25 сям., больш як 85 родаў, больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах.
Даўж. ад 2 см да 5 м, гіганцкіх К. (Architeuthis) да 18 м; маса больш за 300 кг (зрэдку да 1 т). Цела падоўжанае, верацёнападобнае. На галаве 8 рук і 2 шчупальцы. Вочы вялікія. Шкілет — вузкая рагавая пласцінка. Ёсць радула і чарнільны мяшок. Мелкаводныя К. здольны мяняць афарбоўку, глыбакаводныя — амаль празрыстыя ці аднатонныя. Многія К. маюць органы свячэння. Адкладваюць яйцы. Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Корм кашалотаў і інш. кітападобных, рыб, птушак, ластаногіх. Многія — аб’екты промыслу, сыравіна для фармацэўтычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНА́Т (позналац. combinatus злучаны ад combino злучаю),
1) прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі тэхналагічна звязаных паміж сабой спецыялізаваных вытв-сцей. Асн. іх прыкметы: аб’яднанне разнастайных вытв-сцей, іх прапарцыянальнасць, тэхніка-эканам. і вытв. адзінства. Грунтуюцца на паслядоўнай перапрацоўцы сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі, выкарыстанні адходаў вытв-сці для выпрацоўкі інш.відаў прадукцыі або на комплекснай перапрацоўцы сыравіны На Беларусі працуюць шынны, сілікатных вырабаў, камвольны, цэлюлозна-папяровы і інш. К. Некаторыя з іх з’яўляюцца аб’яднаннямі.
2) Адм. аб’яднанне не звязаных тэхналагічна прадпрыемстваў адной галіны (напр., у вугальнай прам-сці), дробных вытв-сцей, мясц. прам-сці (райпрамкамбінат), прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, вучэбных фарміраванняў (вучэбны К.) Гл. таксама Камбінаванне ў вытворчасці.