возера на мяжы Ушацкага і Лепельскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,14 км², даўж. 2,9 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд і ПнЗ да возера прымыкаюць балотныя масівы. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на Пд і ПнЗ забалочаныя. Дно возера мае некалькі ўпадзін глыб. 10—15 м. Востраў пл. 0,3 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей мул. Злучана на Пд пратокай з воз. Цеменіца, на ПнЗ сцёк па канале ў воз. Атолава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),
военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды патэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.П.Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДАРД ((Goddard) Роберт) (5.10.1882, г. Вустэр, штат Масачусетс, ЗША — 10.8.1945),
амерыканскі вучоны, адзін з заснавальнікаў ракетнай тэхнікі. Скончыў Вустэрскі політэхн.ін-т (1908). З 1914 ва ун-це Кларка (г. Вустэр; з 1919 праф.). У 1942—45 дырэктар Даследчага авіяц. бюро пры мін-ве ВМФ ЗША. Навук. працы па тэорыі касманаўтыкі, стварэнні і выкарыстанні вадкасных ракет. Аўтар 214 патэнтаў на вынаходствы ў галіне ракетнай тэхнікі. Правёў першы ў свеце запуск ракеты з вадкасным ракетным рухавіком (1926). Імя Годарда прысвоена амер. Цэнтру касм. палётаў НАСА і кратэру на Месяцы. Кангрэс ЗША заснаваў медаль Годарда за дасягненні ў галіне ракетабудавання (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),
падклас (паінш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 мдаўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРО́МЫСЛУ,
якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.—ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім«катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст.за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ЙРА»,
«Войра», «Какетка», гарадскі бытавы (бальны) танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гарадах, потым і ў вёсках, дзе зазнаў прыкметны ўплыў нар. харэаграфіі. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з блока рухаў, які паўтараецца некалькі разоў: простыя і пераменныя крокі з прытупам, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», плясканне ў далоні, заглядванне ў твар партнёру і інш. Часта выканаўцы падахвочваюць сябе воклічамі «Ой-ра!» (адсюль назва). Суправаджаецца прыпеўкамі тыпу: «Што за танец ойра, ойра! // Да чаго ж ты стройна, стройна...». Існуюць парныя і сольныя варыянты танца.
Падобны танец вядомы ў цэнтр. Расіі і Сібіры, у Башкортастане.