МЯСЦО́ВЫЯ ВЯТРЫ́,

вятры, якія маюць лакальнае пашырэнне, звязанае з геагр. асаблівасцямі пэўнага рэгіёна (яго рэльефам, наяўнасцю вял. вадаёмаў). Падзяляюцца на вятры, абумоўленыя пераважна мясц. цыркуляцыяй атмасферы (бара, брызы, фён, горна-далінныя вятры і інш.), і вятры, якія ўяўляюць сабой цячэнні агульнай цыркуляцыі атмасферы, змененыя мясц. ўмовамі — нізкімі т-рамі, запыленасцю паветра і інш. (напр., афганец, сірока, хамсін).

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХЛЕ́БНІЦТВА,

асаблівы характар сувязей паміж жывёламі, калі адны арганізмы кормяцца рэшткамі здабычы другіх або прадуктамі іх выдзялення і не прычыняюць шкоды ці страт адзін аднаму; адзін з тыпаў сімбіёзу, форма каменсалізму (сатрапезніцтва). Напр., пясцы кормяцца рэшткамі здабычы белых мядзведзяў. Нахлебнікамі часам называюць жывёл, якія кормяцца рэшткамі корму, харч. прадуктаў, што знаходзяць у жыллі чалавека або каля яго.

т. 11, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД,

1) назва ўстаноўчага сходу ў Францыі ў 1789, 1848, 1871 і ў Германіі ў 1848 і 1919.

2) У Францыі ў 1840—1940 — аб’яднанае пасяджэнне абодвух палат парламента, якое выбірала прэзідэнта рэспублікі.

3) У шэрагу краін (Арменія, Беларусь, Бенін, В’етнам, Туніс, Францыя і інш.) назва парламента або адной з яго палат (Габон, Мадагаскар, Маўрытанія і інш.).

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТАДАПТА́ЦЫЯ (ад пост... + адаптацыя),

эвалюцыйнае змяненне арганізмаў (або органаў), якое ўдасканальвае іх адаптацыю да ўжо асвоенага асяроддзя пражывання. П. проціпастаўляюць прэадаптацыі, якая развіваецца на падставе П. да папярэдняга асяроддзя пражывання (або да папярэдняй адаптыўнай ролі органа). Прэадаптацыя і П. фарміруюцца ў працэсе эвалюцыі, якая накіроўваецца натуральным адборам, але П. — яго непасрэдны вынік, а прэадаптацыя — ускосны выпадковы вынік.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПАРЛА́МЕНТ, Часовы савет Расійскай рэспублікі,

дарадчы орган пры рас. Часовым ўрадзе 7—25.10 (20.10—7.11).1917. Створаны паводле рашэння Дэмакратычнай нарады — з’езда прадстаўнікоў Саветаў, прафсаюзаў, арміі і флоту [14—22.9 (27.9—5.10). 1917] — у якасці прадстаўнічага органа ўсіх рас. партый. У складзе П. пераважалі меншавікі і эсэры; бальшавікі пакінулі яго пасля першага пасяджэння. Распушчаны Петраградскім ВРК ў час Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

частка норм прававой сістэмы, якая рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры расследаванні злачынстваў, разглядзе і вырашэнні крымін. і цывільных спраў. П.п. непарыўна звязана з матэрыяльным правам, паколькі замацоўвае працэсуальныя формы, неабходныя для яго ажыццяўлення і абароны. На Беларусі пры захаванні норм П.п. разглядаюцца справы аб адм. правапарушэннях, арбітражных і гасп. спрэчках, а таксама ў парадку канстытуцыйнага судаводства.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ЗІНЕР ((Prusiner) Стэнлі Бен) (н. 28.5.1942),

амерыканскі неўролаг, біяхімік і вірусолаг. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Адкрыў прыёны — інфекц. агенты бялковай прыроды, якія выклікаюць пашкоджанні галаўнога мозга (энцэфалапатыі) чалавека і жывёл, у т. л. скрэйпі (сверб) авечак і губчатую энцэфалапатыю («шаленства») буйн. раг. жывёлы. Вызначыў амінакіслотную паслядоўнасць прыёнавага бялку і ідэнтыфікаваў яго ген. Нобелеўская прэмія 1997.

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЯВЫ́Я ЗНА́КІ,

паказальнікі, устаноўленыя ўздоўж чыг. ліній, якія інфармуюць машыністаў і работнікаў чыг. транспарту аб канкрэтных умовах руху і стане шляху. На іх найчасцей пазначаюць працягласць лініі, асаблівасці яе профілю, рэжым руху, месцазнаходжанне пуцявых збудаванняў і інш. Бываюць кіламетровыя з пазначэннем наступнага і папярэдняга кіламетраў, пікетныя (паміж кіламетровымі), схілапаказальныя (паказваюць лікавае значэнне нахілу і яго працягласць) і спецыяльныя.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІКНІ́ЖЖА,

першыя 5 кніг Бібліі (Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другазаконне); вядомыя таксама пад назвай Закон, або Вучэнне (па-яўрэйску — Тора); гал. свяшчэнныя кнігі іудаізму. П. — раздзел Старога запавету, складзены ў 1-м тыс. да н.э. Стварэнне яго прыпісваюць біблейскаму герою Майсею. У 1519 Ф.​Скарына выпусціў у Празе П. ў 5 асобных кнігах на старабел. мове.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁХВАЛЯВО́Д,

канал (хвалявод), уздоўж якога распаўсюджваюцца радыёхвалі. Для Р. характэрна, што яго папярочныя памеры параўнальныя з даўжынёй перададзеных хваль. Бываюць трубчастыя металічныя круглага, прамавугольнага ці інш. папярочнага сячэння, а таксама стрыжнёвыя дыэлектрычныя (суцэльныя ці пустацелыя). Выкарыстоўваюцца як элементы ЗВЧ-ланцугоў радыётэхн. апаратаў.

Радыёхваляводы: 1 — прамавугольны; 2 — круглы; 3 — П-падобны; 4 — Н-падобны; 5 — кааксіяльны; 6 — з паверхневай хваляй.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)