1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л.бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в.Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
харвацкі пісьменнік. Правадз.чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.
Тв.:
Drame. Zagreb, 1950;
Novele. Zagreb, 1952;
Drame. Zagreb, 1960;
Рус.пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;
Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;
Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БНАЎ (Генадзь Фёдаравіч) (н. 9.5.1945, в. Цяляткава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
рускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст. Скончыў Магілёўскі Маскоўскі ун-т (1972). Працаваў на Бел. радыё. З 1975 у час. «Неман» (з 1984 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1965. Побыт вёскі, унутр. свет вяскоўца, яго думкі і імкненні, роздум над жыццём, узаемадачыненнямі чалавека і прыроды, грамадства, гісторыі — гал. тэмы паэт. зб-каў «Сувязная нітка» (1975), «Жытнёвы поўдзень» (1978), «Вяшчун-камень» (1987). Лірыка-філас. паэма-фантазія «Вяшчун-камень» перадае пачуцці любові аўтара да роднай зямлі, яднання з мінулым і сучаснасцю. Аўтар эсэ, крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Пераклаў на рус. мову раманы «Янка Купала» (1982) і «Францыск Скарына» (1989) А.Лойкі, «Першую кнігу» (1984) І.Мележа, паасобныя творы Я.Купалы, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, В.Зуёнка, К.Камейшы, Ю.Свіркі, І.Шамякіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАТЫ, велікалюды,
персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;
Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл.ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ,
элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл.Нігілізм).
Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЎК ((Bevk) Францэ) (17.9.1890, Закойца, каля г. Цэркна, Славенія — 17.9.1970),
славенскі пісьменнік. Чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1953). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў Горыцы (1913). Друкаваўся з 1906. Вядомасць прынеслі творы, прысвечаныя жыццю славенцаў у розныя эпохі: трылогія «Знакі на небе» (1927—29), раманы «Чалавек супраць чалавека», «Бог Трыглаў, які памірае» (абодва 1930), «Чарадзей» (1931), «Жалезная гадзюка» (1932), «Каплан Марцін Чадэрмац» (1938), «І сонца садзілася» (1963); зб-кі паэзіі «Вершы» (1921), навел «Новая ніва» (1940), «Навелы» (1947), «Расправа» (1950), аповесці «Смерць перад домам» (1925), «Хата ў даліне» (1927), «Сцяг на ветры» (1928), «Крыўда» (1929), «Чужая кроў» (1954), «З іскры пажар» (1963).