АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),
у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́Н-ЛАРА́ ((Autant-Lara) Клод) (н. 5.8.1903, г. Люзарш, Францыя),
французскі кінарэжысёр. Дэбютаваў у кіно ў 1919 як мастак. У 1930 зняў адну з першых шырокафарматных стужак «Раскладанне агню». У 1933 дэбютаваў у гукавым кіно (камедыя «Цыбулька»). З 1939 ставіў фільмы-экранізацыі: «Шлюб Шыфон», «Любоўныя лісты», «Пяшчотная»; сярод лепшых — паводле рамана Стэндаля «Чырвонае і чорнае» (1954). У фільмах 1950—70-х г. адчуваюцца сац. накіраванасць, антываен. пратэст: «Д’ябал у цялесным вобразе», «Праз Парыж», «Не забі», «Бульба», «Дзённік жанчыны ў белым», «Новы дзённік жанчыны ў белым», «Глорыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЫ́Т (ад англ. audit праверка, рэвізія),
праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАСТО́П (ад аўта... + англ. stop спыненне),
1) прыстасаванне на лакаматыве і чыг. пуці для аўтам. спынення чыг. поезда. Адрозніваюць аўтастопы механічныя (на чыгунках метрапалітэнаў) і эл.-магнітныя (на магістральных чыгунках). Сістэма аўтастопа на лакаматыве злучана з паветраным тормазам, на чыг. пуці — з пастаяннымі пуцявымі сігналамі. Паводле прынцыпу ўздзеяння на лакаматыўныя тармазныя сістэмы аўтастопы бываюць кропкавыя (індуктыўнарэзанансныя; уздзеянне аўтастопаў на лакаматывы перадаецца ў вызначаных пунктах) і безупынныя (на працягу ўсяго блок-участка).
2) У самадзейным турызме — метад падарожжа па краіне з дапамогай безаплатнага спадарожнага аўтатранспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРАДЫ́ТА,
у стараж.-грэч. міфалогіі багіня кахання і хараства. Дачка Зеўса і акіяніды Дыёны (паводлеінш. міфаў, Афрадыта ўзнікла з марской пены). Культ Афрадыты быў пашыраны акрамя Грэцыі на ўзбярэжжы М. Азіі, Эгейскага м. і ў грэч. калоніях Прычарнамор’я. У творах мастацтва ўвасабляла ідэал жаночага хараства. З ант. скульптур найб. вядомыя: Афрадыта Кнідская Праксіцеля, Афрадыта Медычы, Афрадыта Таўрыйская, Афрадыта (Венера) Мілоская і інш.Грэч. пісьменнік Лукіян прысвяціў Афрадыце трактат «Пра Сірыйскую багіню». У рымскай міфалогіі Афрадыце адпавядае Венера.
Афрадыта з г. Арль. Скульптар Праксіцель. 350—340 да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТЭР (ад англ. barter тавараабмен),
прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб. пашыраны ў міжнар. гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв. ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.
рускі акцёр. Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 працуе ў Вял.драм. т-ры імя Г.А.Таўстаногава (С.-Пецярбург). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Вайніцкі, Прозараў («Дзядзя Ваня», «Тры сястры» А.Чэхава), князь Серпухаўскі («Гісторыя каня» паводле аповесці Д.Талстога «Халстамер») і інш. З 1957 здымаецца ў кіно: «Жывы труп», «Службовы раман» (Дзярж. прэмія Расіі (1979), «Асенні марафон», «Вакзал для дваіх», «Прадказанне», «За беднага гусара закіньце слоўца» (тэлевізійны) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЭ́Р-ШЭ́ВА, Беэршэба (араб.Бір-эс-Саба,
грэч.Вірсавія),
горад на Пд Ізраіля. Адм. ц. акругі Беэр-Шэва. 114 тыс.ж. (1990). Гандл.-трансп. ц. паўд.ч. краіны — пустыні Негеў. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Дрэваапрацоўка, машынабудаванне, эл.-тэхн., швейная прам-сць, вытв-сць зборных дамоў, керамікі, шкляных вырабаў; хім.з-д. Ун-т.
Горад на месцы сучаснага вядомы з 4-га тыс. да н.э. У Беэр-Шэве знаходзілася свяцілішча бога Яхве, збудаванае, паводле Бібліі, Ісаакам. Захаваліся рэшткі рым. крэпасці 3—4 ст.н.э., стараж. студні і падземныя цыстэрны для вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫЧЭ́ЎСКІ (Аляксей Іванавіч) (2.3.1914, г. Вялікі Усцюг, Расія — 4.3.1987),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю ў Архангельску (1932). Працаваў у т-рах Вялікага Усцюга, Калініна, Ціраспаля і інш. У 1950—84 у Гродзенскім абл.драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вызначаліся арганічнасцю і жыццёвай праўдай. Сярод лепшых роляў бел. рэпертуару: Снапок («Калі зацвітаюць сады» В.Палескага), Швагераў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Вартаўнік Варэніч («Трывога» А.Петрашкевіча), Першы кліент («Мілы чалавек» К.Крапівы). Паспяхова выступаў у п’есах А.Астроўскага і М.Горкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
функцыя размеркавання на ўзроўнях энергіі тоесных часціц з нулявым ці цэлалікавым спінам (базонаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж часціцамі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу, які падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы.
Паводле Бозе-Эйнштэйна размеркавання ni = [exp((εi-μ)/kT)−1]−1, дзе ni — сярэдні лік часціц у стане з энергіяй εi, i — набор квантавых лікаў, якія характарызуюць стан часціцы, μ — хім. патэнцыял, k — Больцмана пастаянная, T — абс.т-ра. Бозе—Эйнштэйна размеркаванне выкарыстоўваецца пры разліках тэрмадынамічных характарыстык эл.-магн. выпрамянення і кандэнсаваных асяроддзяў пры нізкіх т-рах.