песні батракоў, парабкаў, наймітаў у памешчыцкіх або кулацкіх гаспадарках; сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка. Змест іх — скарга на гаротнае жыццё, цяжкую працу, здзекі гаспадара, сац. пратэст. Глыбінёй пачуцця вылучаюцца песні парабчанкі-сіраты, вымушанай жыць на «служэбным хлебе», што ела «ў сенцах за дзвярмі, аблівалася слязьмі», і наогул найміткі, бо яе хлеб таксама горкі («хто яго ўкусіць, той плакаці мусіць»). Батрацкія песні ўвабралі ў сябе больш раннія бурлацкія і некаторыя прымацкія песні, блізкія да іх сац. гучаннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАІ́ЗМ, бехаізм,
рэлігійна-палітычнае вучэнне. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў Іраку як форма бурж. рэфармацыі ісламу. Яго заснавальнік Мірза Хусейн Алі (1817—92) называў сябе Баха Алах і атаясамліваўся з богам, намагаўся стварыць універсальную рэліг. сістэму. У канцы 19 — пач. 20 ст. бахаізм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у т. л. ў Расіі. Існуе больш як у 160 краінах, на Беларусі зарэгістраваны ў 1992. Сучасныя бахаісты прапаведуюць ідэі касмапалітызму, грамадскай дыферэнцыяцыі, эканам. прагматызму. Цэнтр. кіруючы орган бахаізму — «Сусветны дом справядлівасці» знаходзіцца ў Хайфе (Ізраіль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКУ́ДРАНІК (Ballota),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Азіі. На Беларусі ў садах і парках, каля жылля і дарог, на засмечаных мясцінах і берагавых схілах трапляецца белакудранік чорны (Ballota nigra).
Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—125 см з кароткім карэнішчам. Сцябло простае або галінастае, шурпатаапушанае. Лісце круглавата-яйцападобнае, пілаватае, на чаранках. Кветкі дробныя, брудна-ружовыя, з непрыемным пахам, сядзяць на кароткіх кветаносах у шматлікіх пазушных паўпарасоніках (дыхазіях). Плод — чатырохарэшак. Лек. (выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне) і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «БЕЛАВЕ́ЖА» ў Аргенціне.
Існавала ў 1938—49. Аб’ядноўвала каля 400 беларусаў-эмігрантаў (1942). Пры т-ве дзейнічалі жаночая і маладзёжная секцыі, драм. гурток, бібліятэка-чытальня (больш за 1 тыс. тамоў). У маі 1939 увайшло ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне і разам з ёй у 1941 далучылася да Славянскага саюза Аргенціны — аб’яднання прасав., пракамуніст. арыентацыі. З 1945 наз.Бел.т-ва Я.Коласа. Дзейнасць т-ва забаронена пасля асуджэння аргенцінскімі ўладамі Слав. саюза як антыдзярж. арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік пра важнейшыя сферы жыццядзейнасці Беларусі. Выдадзены ў 1995 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Усебакова і дастаткова поўна асвятляе гіст. мінулае бел. народа і сучасны ўзровень развіцця краіны, адм.-тэр. падзел, эканоміку, навуку, культуру і мастацтва, мову, л-ру, фальклор і этнаграфію, прыродныя багацці, геаграфічныя і геалагічныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. Уключае 4800 артыкулаў, у т. л.больш як 1600 біяграфій прадстаўнікоў розных галін ведаў і дзейнасці. Артыкулы праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ САВА́, палярная сава (Nyctea scandiaca),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана кругапалярна, характэрна для Арктыкі і Субарктыкі: у тундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і на а-вах Паўн. Ледавітага ак. Вандроўная птушка. На Беларусі вельмі рэдкі зімуючы від.
Даўж. цела 56—65 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з бураватымі стракацінамі розных памераў або э бурымі папярочнымі палоскамі. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая. Гняздо на зямлі ў выглядзе ямкі. Корміцца мышападобнымі грызунамі, птушкамі, зайцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛМЕДПРЭПАРА́ТЫ»,
адкрытае акц.т-ва ў Мінску. Створана ў 1977 як ВА «Мінмедпрэпараты» на базе Мінскага з-да мед. прэпаратаў (галаўное прадпрыемства, працуе з 1929) і Мінскага з-да эндакрынных прэпаратаў (працуе з 1959). З 1986 ВА «Белмедпрэпараты», з 1995 акц.т-ва. Выпускае больш за 150 відаў лек. сродкаў (1995): антыбіётыкі, кровазамяшчальнікі, прэпараты для парэнтэральнага жыўлення, арганатэрапеўтычныя прэпараты, гатовыя лек. формы інсулінаў, гематаген дзіцячы і тырэаідзін у гранулах, сіроп парацэтамолу, прэпараты першай неабходнасці і інш. Частка прадукцыі выкарыстоўваецца ў касметыцы, жывёлагадоўлі і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНШТЭ́ЙН (Іосіф Гдалевіч) (17.7.1904, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.2.1966),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1921—24 рабочы запалкавай ф-кі ў Пінску. Удзельнічаў у арганізацыі забастовак, узначальваў работу прафсаюзаў Пінска. З 1927 чл. Пінскага гаркома і акругкома КПЗБ, з 1931 — інструктар ЦККПЗБ па Беластоцкай і Віленскай акр. На пач. 1934 сакратар Віленскага акругкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць не аднойчы быў арыштаваны, больш за 10 гадоў правёў у турмах. У 1944—52 на гасп. рабоце ў Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСКУ́ПІНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
археалагічны помнік жал. веку (сярэдзіна 6—5 ст. да н.э.) каля в. Біскупін Быдгашчцкага ваяв. Польшчы. Пляцоўка ўмацавана сцяной з драўляных канструкцый, запоўненых зямлёй і камянямі. Да варот гарадзішча праз тарфянік вёў драўляны мост (даўж. 120 м). Выяўлены рэшткі больш за 100 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, пастаўленых уздоўж 1 акружной і 11 папярочных вуліц з драўлянай вымасткай. Насельніцтва (1000—1200 чал.) належала да плямёнаў лужыцкай культуры.
Літ.:
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974. С. 346.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛАТАЎ (Андрэй Цімафеевіч) (18.10.1738, в. Дваранінава Тульскай вобл., Расія — 16.10.1833),
рускі аграном, раслінавод і пісьменнік. Яго праца «Пра падзел палёў» (1771) — першы дапаможнік па ўвядзенні севазваротаў і арганізацыі с.-г. тэрыторый. Распрацаваў памалагічную сістэму і апісаў больш за 600 сартоў яблынь і груш. Сфармуляваў асн. палажэнні тэорыі мінер. жыўлення раслін (1780—84). Склаў першы рус. дапаможнік па марфалогіі і сістэматыцы раслін «Дапаможнік пры пазнанні лекавых раслін» (1781). Распрацаваў прынцыпы лесаразвядзення і лесакарыстання. Аўтар літ. твораў, у т. л.аўтабіягр. запіскі «Жыццё і прыгоды А.Болатава... (1738—1793)».