ХІ́ТЧЫНГС (Hitchings) Джордж Херберт (18.4.1905, г. Хоквім, ЗША — 27.2.1998),
амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі і фармакалогіі. Д-р філасофіі (1933). Скончыў Вашынгтонскі ун-т (1928). З 1928 у Гарвардскай мед. школе, з 1942 у н.-д. лабараторыі Велкам (Нью-Йорк). Навук. працы па хіміі пірымідзінавых сістэм, антаганістаў пурыну і пірымідзіну, антыметабалітаў нуклеінавых к-т, хіміятэрапіі пухлін, стварэнні антыбактэрыяльных і імунадэпрэсантных прэпаратаў. Нобелеўская прэмія 1988 (з Дж.Блэкам і Г.Элаян).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́МЕР, Гомер (Homer) Уінслаў (24.2.1836, г. Бостан, ЗША — 29.9.1910), амерыканскі мастак. З 1854 працаваў як літограф, у 1857—74 часопісны ілюстратар. У час грамадзянскай вайны 1861—65 ваен. карэспандэнт. Наведаў Францыю і Вялікабрытанію. З 1862 займаўся жывапісам, удасканальваўся самастойна, вывучаў творы амер. і франц. жывапісцаў. Адлюстроўваў буйнафігурныя сцэны з жыцця простых людзей на фоне напісаных сакавітымі фарбамі амер. пейзажаў: «Абедзенная гадзіна» (1873), «Спадарожны вецер» (1876), «Паляўнічы і ганчак» (1892), «Гальфстрым» (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ГАС (Chagos),
1) архіпелаг у Індыйскім ак.; уладанне Вялікабрытаніі. Пл. каля 200 км². Складаецца з 5 груп атолаў, якія ўяўляюць сабой вяршыні падводнага Мальдыўскага хрыбта, акаймаваныя каралавымі рыфамі. Вырошчваюць какосавыя пальмы; вываз копры. Рыбалоўства. На самым буйным (25 км²) атоле Дыега-Гарсія ваен. база ЗША.
2) Глыбакаводны жолаб каля ўсх. падножжа гэтага архіпелага або паўд.-ўсх. падножжа Мальдыўскага хр. ў выглядзе вузкай упадзіны тыпу грабена. Даўж. 510 км, шыр. 25 км, макс.глыб. 5431 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВАНАЗЁМЫ,
тып глеб, які ўтвараецца пад шыракалістымі лясамі вільготных субтропікаў і часткова пад трапічнымі саваннамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Для іх характэрны яркая чырванаватая ці аранжавая афарбоўка, высокая наяўнасць аксідаў жалеза і алюмінію, нізкая крэменязёму і асноў, добрая гумуснасць (6—9%), але збедненасць пажыўнымі рэчывамі, кіслая ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору. Выкарыстоўваюцца для вырошчвання чаю, тытуню, цытрусавых культур, вінаграду. Пашыраны ў Грузіі, Італіі, Іспаніі, Азербайджане, Кітаі, Японіі, В’етнаме, ЗША, Бразіліі, Аўстраліі, Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНА́ЙТЭД ПРЭС ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ (ЮПІ; United Press International; UPI),
адно з найбуйнейшых інфарм. агенцтваў свету; камерцыйнае прадпрыемства ЗША. Створана ў 1958 у выніку зліцця агенцтваў Юнайтэд Прэс (1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (1909). Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Распаўсюджвае паведамленні друку і радыё, тэлефільмы навін, кабельныя тэлевізійныя праграмы, фотаматэрыялы для 6 тыс. карыстальнікаў. Інфармацыю ЮПІ на англ., араб., ісп. мовах прымаюць больш за 100 краін свету. Мае 230 замежных бюро.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛСТАН (Sulston) Джон (н. 27.3.1942, Вялікабрытанія),
англійскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1986). Д-р філасофіі (1966). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1963). З 1966 у Ін-це біял. даследаванняў (г. Сан-Дыега, ЗША). З 1992 дырэктар Ін-та Зэнгера (г. Кембрыдж, Вялікабрытанія). Навук. працы па вывучэнні клетачных працэсаў генет. рэгуляцыі і запраграміраванай гібелі клетак у арганізме нематоды. Нобелеўская прэмія 2002 (з С.Брэнерам і Р.Хорвіцам; гл. Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),
паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.
Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату 1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.
Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б.СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТАК (Bartók) Бела (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),
венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук.прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг.сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.
Літ.:
Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.К.Грын (ЗША), Э.Габарыо, Г.Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб. поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.Спілейн, С.Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.Р.Адамаў, Ю.С.Сямёнаў, браты А.А. і Г.А. Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.Чаргінец, К.Тарасаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́БРАК Антон Раманавіч (27.12.1901, в. Збляны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.5.1965),
бел. генетык і селекцыянер. Акад.АН Беларусі (1940), д-рбіял.н., праф. (1936). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1925), Ін-тчырв. прафесуры (1929). У 1930—31 стажыраваўся ў ЗША. У 1934—48 заг. кафедры Маскоўскай с.-г. акадэміі. У 1940—47 чл. Прэзідыума АН Беларусі. У сак. 1945 прадстаўнік Беларусі ў рабоце Усеславянскага сабора ў Сафіі, чл. дэлегацыі БССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска (ЗША), дзе з інш. ўдзельнікамі 26.6.1945 падпісаў Статут ААН. У 1947 прэзідэнт АН Беларусі. 16.10.1947 зняты з пасады прэзідэнта. Фармальнай падставай для гэтага паслужыла публікацыя Ж. ў амер. штотыднёвіку «Science» («Навука»), у якой ён выказаў крытыку ў адрас антынавуковай тэорыі Т.Дз.Лысенкі. З 1949 заг. кафедры Маскоўскага фармацэўтычнага ін-та. У 1953—65 кіраваў работамі па эксперым. поліплаідыі ў Ін-це біялогіі, з 1963 у Аддзеле генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па гібрыдызацыі, поліплаідыі і імунітэце раслін, філагеніі і біял. асновах селекцыі пшаніцы і грэчкі. Атрымаў гібрыдныя пладавітыя формы ад скрыжавання шэрагу відаў пшаніцы.
Тв.:
Полиплоидные виды пшениц. М., 1957;
Курс ботаники. М., 1959.
Літ.:
Хотылева Л.В. А.Р.Жебрак // Полиплоидия и селекция. Мн., 1972.