ЧЫРВАНАЗЁМЫ,

тып глеб, які ўтвараецца пад шыракалістымі лясамі вільготных субтропікаў і часткова пад трапічнымі саваннамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Для іх характэрны яркая чырванаватая ці аранжавая афарбоўка, высокая наяўнасць аксідаў жалеза і алюмінію, нізкая крэменязёму і асноў, добрая гумуснасць (6—9%), але збедненасць пажыўнымі рэчывамі, кіслая ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору. Выкарыстоўваюцца для вырошчвання чаю, тытуню, цытрусавых культур, вінаграду. Пашыраны ў Грузіі, Італіі, Іспаніі, Азербайджане, Кітаі, Японіі, В’етнаме, ЗША, Бразіліі, Аўстраліі, Афрыцы.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)