АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,

адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;

Декарт Р. Первоначала философии // Соч. М., 1989. Т. 1;

Лейбниц Г.В. Монадология // Соч. М., 1982. Т. 1;

Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.

А.​В.​Рубанаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЦКІЯ (Kątscy),

польскія музыканты 19 ст., браты.

Антоній (27.10.1817, г. Кракаў, Польшча — 7.12.1889), піяніст, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Дж.​Філда ў Маскве (1829—30) і ў С.​Зехтэра ў Венскай кансерваторыі. У 1853—67 выкладаў у Пецярбургу. Выступаў з 6 гадоў. Здзейсніў канцэртнае турнэ па муз. цэнтрах усіх кантынентаў. Яго выкананне вылучалася бліскучай тэхнікай і элегантнасцю. Рэпертуар уключаў творы класікаў і ранніх рамантыкаў, салонныя п’есы, танцы, уласныя кампазіцыі. Аўтар больш як 400 фп. твораў (найб. вядомы «Абуджэнне льва»), рамансаў (у т. л. «Не, не цябе так палка я люблю») і інш. Напісаў некалькі дапаможнікаў і артыкулаў па пытаннях фп. педагогікі. Апалінарый (23.10. 1825, Варшава — 29.6.1879), скрыпач, кампазітар, педагог. Вучань Н.Паганіні. Выступаў з 4 гадоў, у т. л. з братамі Каралем (скрыпач і яго першы настаўнік), Станіславам і Антоніем (піяністы) і сястрой Эўгеніяй (спявачка). Канцэртаваў у Расіі і муз. цэнтрах Еўропы (у 1838—48 у Францыі). У 1853—60 прыдворны саліст у Пецярбургу. З 1861 у Варшаве, заснаваў Муз. ін-т (яго дырэктар да 1879). Скрыпач-віртуоз, імкнуўся выявіць новыя выразныя магчымасці скрыпкі. Аўтар транскрыпцый, варыяцый і фантазій на тэмы опер М.​Глінкі, В.​Беліні, Г.​Даніцэці, Дж.​Меербера і інш.

Літ.:

Грум-Гржимайло Т. Братья Контские и полемика о музыкально-исполнительских стилях // Вопросы музыкально-исполнительского искусства. М., 1967. Вып. 4.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1566 у складзе Мінскага ваяв. ВКЛ. Цэнтр — г. Рэчыца Гомельскай вобл. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай скасаваны, яго тэр. 23.4.1793 падзелена паміж Мінскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губ. 29.10.1796 адноўлены на тэр., што ўвайшла ў Чарнігаўскую губ., з далучэннем часткі б. Кіеўскага ваяв. З 12.12.1796 у складзе Маларасійскай губ., з 29.8.1797 у Мінскай губ., да яго далучана частка прылеглых тэр. Мазырскага пав. У 1886 пл. павета 10,85 тыс. км², нас. 110 тыс. чал. Уключаў 23 воласці: Аравіцкую, Аўцюцевіцкую, Брагінскую, Васілевіцкую, Горвальскую, Даманавіцкую, Дзёрнавіцкую, Дзяражыцкую, Дудзіцкую, Ёлчанскую, Заспенскую, Карпавіцкую, Крукавіцкую, Лоеўскую, Маладушскую, Мікуліцкую, Нараўлянскую, Ровенскаслабодскую, Ручаёўскую, Савіцкую, Хойніцкую, Холмецкую, Юравіцкую; 405 вёсак. У 1894—52 мястэчкі (найб. значныя Лоеў, Горваль, Брагін), 861 гандл. прадпрыемства, 34 пачатковыя і царк.-прыходскія школы, некалькі школ граматы і хедэраў, 5 цэркваў, 3 касцёлы, некалькі яўр. малітоўных школ, 2 бальніцы, 4 прыёмныя пакоі, 7 аптэк, 6 паштова-тэлеграфных і 5 паштовых устаноў. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні РСФСР. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 14. У 1924 і 1926 павет часткамі перададзены ў БССР. У снеж. 1926 скасаваны, яго тэр. ўключана ў Мазырскую і Гомельскую акругі.

В.​Л.​Насевіч, Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 14, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЎДЗЕ́ЛЬНІЦТВА,

наўмысны сумесны ўдзел дзвюх ці больш асоб ва ўчыненні наўмыснага злачынства. Саўдзельнікамі злачынства побач з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Выканаўцам прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая непасрэдна ўчыняе злачынства або непасрэдна ўдзельнічае ў ім сумесна з інш. асобамі, або ўчыняе злачынства праз выкарыстанне інш. асоб, якія не падлягаюць паводле закону крымін. адказнасці або ўчынілі злачынства па неасцярожнасці. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая стварыла арганізаваную групу (злачынную арг-цыю) ці кіравала імі. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, што схіляла інш. асобу да ўчынення злачынства. Памагатым прызнаецца асоба, якая садзейнічала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадстаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў учынення злачынства, устараненнем перашкод або аказаннем інш. дапамогі, або асоба, якая загадзя абяцала схаваць злачынцу, сляды злачынства або прадметы, набытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы. Адказнасць арганізатара, падбухторшчыка і памагатага настае па тым жа арт. Асаблівай часткі Крымін. кодэкса Рэспублікі Беларусь, што і выканаўцы. За дзеянні, што ўчынены выканаўцам і не ахопліваюцца намерам саўдзельнікаў, інш. саўдзельнікі крымін. адказнасці не нясуць. Саўдзельнікі нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства ўчынена групай асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў яго ўчыненні, або арганізаванай групай, або злачыннай арг-цыяй.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВА́Р,

прадукт працы, выраблены для задавальнення патрэб грамадства шляхам куплі-продажу ці абмену на рынку. Прадукт працы становіцца Т. ва ўмовах грамадскага падзелу працы і адасаблення вытворцаў на выраб якога-н. прадукту. Т. мае вартасць і спажывецкую вартасць. Паводле К.​Маркса, 2 бакі Т. абумоўлены дваістым характарам, увасобленай у ім працы. Спажывецкая вартасць утвараецца вызначанай карыснай працай работніка пэўнай спецыяльнасці (канкрэтная праца) і складае рэчавы змест багацця кожнага грамадства. Вартасць утвараецца абстрактнай працай — затратай інтэлектуальнай, нервовай, мускульнай энергіі таваравытворцы наогул, незалежна ад канкрэтнай формы праяўлення. У адпаведнасці з працоўнай тэорыяй вартасці (А.​Сміт, Д.​Рыкарда, К.​Маркс) спажывецкая вартасць з’яўляецца носьбітам вартасці, але паміж імі існуе ўнутр. супярэчнасць. Як спажывецкія вартасці розныя Т. якасна разнародныя і колькасна несувымерныя, як вартасці — аднародныя. Гэтая агульная ўласцівасць (арэчаўленая грамадская праца) дае магчымасць прыраўноўваць Т. адзін да аднаго і абменьваць яго ў адпаведных прапорцыях (гл. Менавая вартасць). Прадстаўнікі гранічнай карыснасці тэорыі (К.​Менгер, О.​Бём-Баверк, Ф.​Візэр і інш.) у сваіх даследаваннях найперш вылучаюць ролю карыснасці Т. пры абмене, паводзіны чалавека на рынку. Яны лічаць, што у аснове абмену знаходзіцца не вартасць, а карыснасць Т., якая і вызначае велічыню яго каштоўнасці. Узровень карыснасці Т. знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад яго колькасці.

А.​Л.​Падгайскі.

т. 15, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВА́РНЫ ЗНАК,

абазначэнне ці сімволіка. якая зарэгістравана на падставе дзеючага заканадаўства і ставіцца на тавары (часам на ўпакоўцы): садзейнічае адрозненню аднародных тавараў (паслуг) розных юрыд. або фіз. асоб і іх рэалізацыі. Можа мець слоўныя (у т. л. імёны ўласныя), літарныя. лічбавыя, аб’ёмныя абазначэнні або іх камбінацыі, любы колер ці колеравыя спалучэнні. Асн. патрабаванні да Т.з.: прастата, індывідуальнасць, распазнавальнасць, прывабнасць для спажыўцоў, адсутнасць элементаў герба, дзярж. сцяга і інш. абазначэнняў, што з’яўляюцца аб’ектамі выключнай уласнасці дзяржавы і ўрада. У Т.з. можна ўключаць скарочаныя ці поўныя назвы міжнар. і міжурадавых арг-цый, пячаткі, узнагароды і інш. знакі адрознення, як неахоўваемыя элементы, калі на гэта ёсць згола адпаведнага кампетэнтнага органа ці іх уладальніка. Рэгіструецца ў краіне, дзе фірма мае намер яго выкарыстоўваць. На сусв. рынку тавары. маркіраваныя Т.з., звычайна на 15—20% каштуюць даражэй, чым немаркіраваныя. Уладальнік Т.з. мае выключнае права на яго выкарыстанне, ён можа прадаць яго юрыд. або фіз. асобам па ліцэнзійных пагадненнях. Зарэгістраваны ў рамках міжнар. пагадненняў (напр., Парыжскай канвенцыі па ахове прамысл. уласнасці), карыстаецца аховай ва ўсіх краінах-удзельніцах і наз. сусветным Т.з. Разам з Т.з. у якасці фірменнага знака ўжываецца гандлёвая марка, якой абазначаюцца не адзін, а ўсе тавары пэўнай фірмы.

Таварны знак акцыянернага таварыства «Атлант».

т. 15, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТАНО́ЎЧЫ СХОД у Расіі,

прадстаўнічая ўстанова, створаная на аснове ўсеагульнага выбарчага права для вызначэння формы праўлення і выпрацоўкі канстытуцыі краіны пасля звяржэння манархіі ў лют. 1917. Скліканне У.с. лічылася гал. задачай Часовага ўрада, але выбары яго дэпутатаў адбываліся ўжо пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, пры рэальнай уладзе бальшавікоў, з 12(25).11.1917 да пач. 1918. Было выбрана 715 дэпутатаў, з іх 59% эсэраў, 25% бальшавікоў, 5% канстытуцыйных дэмакратаў, 3% меншавікоў. На Беларусі і Зах. фронце за бальшавікоў прагаласавала 49% выбаршчыкаў, за эсэраў — 37%. Пасяджэнне У.с. адкрылася 5(18).1.1918 у Таўрычаскім палацы ў Петраградзе (у той жа дзень бальшавікі разагналі дэманстрацыю ў яго падтрымку). З’явіліся 410 дэпутатаў (у асн. эсэры-цэнтрысты, бальшавікоў і левых эсэраў 155 чал., або 38,5%), старшынёй абраны эсэр В.М.Чарноў. Калі У.с. адмовіўся прызнаць дэкрэты з’ездаў Саветаў, бальшавікі і левыя эсэры пакінулі пасяджэнне, і каля 5 гадзін раніцы 6(19).1.1918 паводле загаду СНК яго спыніў нач. каравула палаца матрос А.​Р.​Жалезнякоў («Каравул стаміўся»). У ноч на 7(20).1.1918 ВЦВК сваім дэкрэтам афіцыйна распусціў У.с., што абвастрыла грамадз. супрацьстаянне ў краіне.

Кр.:

Учредительное собрание. Россия, 1918: Стенограмма и др. док. М., 1991.

Літ.:

Протасов Л.Г. Всероссийское учредительное собрание: История рождения и гибели. М., 1997.

т. 16, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫШ (Frisch) Макс (н. 15.5.1911, г. Цюрых, Швейцарыя),

швейцарскі пісьменнік. Ганаровы чл. Марбургскага ун-та. Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це, скончыў Цюрыхскую вышэйшую тэхн. школу. Піша на ням. мове. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Юрг Райнхарт» (1934), «Homo Faber» (1957), «Штылер» (1959), «Назаву сябе Гантэнбайн» (1964), аповесцей «Вільгельм Тэль для школы» (1971), «Манток» (1975), «Чалавек з’яўляецца ў эпоху галацэну» (1979), «Сіняя барада» (1982) і інш., у якіх праблемы ідэнтычнасці чалавека — яго маскі і сутнасці, асобы і грамадства. Для яго прозы характэрны сюжэтная напружанасць, псіхалагізм, фрагментарнасць аповеду, гульнявы прынцып. У п’есах «Яны зноў спяваюць» (1946), «Санта Крус» (1947), «Граф Эдэрланд» (1951), «Дон Жуан, або Любоў да геаметрыі» (1953), «Бідэрман і падпальшчыкі» (паст. 1958), «Андора» (1961), «Біяграфія: Гульня» (1967), «Трыпціх» (1978) і інш. праблемы сац.-псіхал. каранёў фашызму, небяспекі атамнай катастрофы, бездухоўнасці грамадства. Яго п’есы-парабалы, п’есы-прытчы пазначаны выразнай эксперыментальнасцю, сэнсавай незавершанасцю, размытасцю межаў паміж рэальным і ўмоўным, сумяшчэннем элементаў трагедыі, камедыі і фарса. Аўтар аўтабіягр. кніг, дзённікаў, навел.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—3. М., 1991, Триптих: Пьесы. М.;

Харьков, 2000.

Літ.:

Фрадкин И.М. Вопросы Макса Фриша // Литература Швейцарии. М., 1969;

Затонский Д.В. Театр Фриша и Дюрренматта // Затонский Д.В. Зеркала искусства. М., 1975.

Е.​А.​Лявонава.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДКО́ЎСКІ (Jodkowski) Юзаф (20.12.1890, г. Гродна — 2.1.1950),

бел. і польскі археолаг, нумізмат. Скончыў Гродзенскую гімназію, Маскоўскі археал. ін-т (1912). Працаваў у Румянцаўскім музеі ў Маскве, кансерватарам Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Выступаў за захаванне помнікаў старажытнасці, у т. л. Сынковіцкай царквы-крэпасці, Мірскага замка. Яго намаганнямі захаваны іканастас 17 ст. ў Супраслі, касцёл з фрэскамі ў Гарадзішчы. Разам з В.Шукевічам праводзіў археал. даследаванні ў в. Нача (Воранаўскі р-н), з Ю.Талька-Грынцэвічам — у вёсках Ланкішкі (Воранаўскі р-н) і Дубічы (замак Вітаўта). У 1920 урад Польшчы зацвердзіў яго кіраўніком бюро дзярж. апекі над помнікамі гісторыі і культуры ў Гродне і Гродзенскім пав. Стварыў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і быў яго хавальнікам да 1936. Арганізаваў выданне штогодніка «Музей у Гродне» («Muzeum w Grodnie»). З канца 1930-х г. працаваў у Варшаве, з 1944 у Кракаве, з 1945 хавальнік Народнага музея, старшыня Варшаўскага нумізматычнага т-ва, рэдактар час. «Wiadomości numizmatycznoarcheologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя ведамасці»). Правёў археал. раскопкі ў Ваўкавыску (1925), на Замкавай Гары ў Гродне (1932—33), дзе выявіў княжацкі церам, рэшткі 2 мураваных храмаў (пазней атрымалі назвы Гродзенская Ніжняя царква і Гродзенская Верхняя царква). У 1935 даследаваў Каложскую царкву, якую датаваў 11 ст.

А.​П.​Госцеў, В.​В.​Швед.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц АГІ́НСКАГА.

Існаваў у 17 — 1-й пал. 19 ст. ў Віцебску на тэр. Ніжняга замка. Будынак з рысамі готыкі і рэнесансу меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асн. 2-павярховы ў плане аб’ём завяршаўся 2-схільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прымыкала высокая гранёная вежа з купалам, з другога — невялікі аб’ём, аформлены ў 2-м ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбяной балюстрадай. Гал. ўваход быў у выглядзе 8-граннай вежы з шатровым пакрыццём. Палац як сімвал горада адлюстраваны на пач. 18 ст. на «Чарцяжы Заходняй Дзвіны», яго выява змешчана на «Чарцяжы» Віцебска 1664. На пач. 19 ст. ў палацы размяшчалася базыльянская школа.

Літ.:

Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991. С. 69.

А.​М.​Кулагін.

Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)