БУРМІ́СТРАЎСКА-РАДЗЕ́ЦКІ СУД,
мясцовы суд для гараджан у ВКЛ у 14—18 ст. Дзейнічаў адначасова з войтаўска-лаўніцкім судом у гарадах, якія атрымалі прывілей на магдэбургскае права. У склад суда ўваходзілі бурмістры і радцы, колькасць якіх залежала ад памераў горада. Суд разглядаў пераважна нязначныя правапарушэнні мяшчан, цяжбы купцоў і рамеснікаў.
Т.І.Доўнар.
т. 3, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЛ, Бел,
у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.
т. 3, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДАМСТВА,
1) цэнтральная ўстанова або група ўстаноў, якія ўзначальваюць якую-небудзь галіну дзярж. кіравання. Кіраўнікі ведамства ў склад урада не ўваходзяць. У межах сваёй кампетэнцыі ведамствы выдаюць нарматыўныя акты, карыстаюцца правам інспектавання і ведамаснага кантролю. Большасць ведамстваў маюць апрача цэнтральных устаноў мясцовыя органы.
2) Упраўленне ў распараджэнні якога-н. афіц. органа ці асобы.
т. 4, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДХУК (Windhoek),
горад, сталіца Намібіі. У цэнтр. ч. краіны на выш. 1,6 тыс. м. Засн. ў 1840. 114,5 тыс. ж. (1988). Вузел чыгунак і аўтадарог, якія злучаюць горад з партамі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і з суседнімі краінамі.
Міжнар. аэрапорт. Харчасмакавыя, харч., швейныя, мэблевыя прадпрыемствы. Зборка машын і абсталявання. Цэнтр гандлю каракулевымі шкуркамі.
т. 4, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗО́ЙЛЬ,
сумесь вуглевадародаў рознай будовы (пераважна з 12—35 атамамі вугляроду ў малекуле); фракцыі нафты, якія выкіпаюць пры 200—500 °C. Атрымліваюць пры атмасфернай (атм. газойль tкіп 270—360 °C) ці вакуумнай (вакуумны газойль tкіп 350—500 °C) перагонцы нафты. Выкарыстоўваюць як кампанент дызельнага паліва і сыравіну для каталітычнага крэкінгу і гідракрэкінгу.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ, АБО ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ, ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа, у яго найб. прыўзнятай восевай частцы. Працягваецца з З — ПнЗ на У — ПдУ. З’яўляецца водападзелам рэк, якія сцякаюць на Пн (бас. Кубані, Церака, Сулака і інш.) і на Пд (бас. Кадоры, Інгуры, Рыёні, Куры і інш.). Выш. да 5068 м (г. Шхара). Ледавікі. Гл. Каўказ.
т. 4, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАКО́КІ,
парныя бобападобныя, нерухомыя, грамадмоўныя, гнаяродныя бактэрыі, якія не ўтвараюць спор; узбуджальнікі хвароб чалавека. Адкрыты ням. вучоным А.Нейсерам (1879). Выклікаюць гнойныя захворванні слізістых абалонак мочапалавых органаў (ганарэя) і вачэй (бленарэя); могуць пашкоджваць суставы, залозы і эндакард. Ганакокі гінуць пры высушванні, награванні да 40—45 °C, пад уздзеяннем солей серабра, антыбіётыкаў і інш.
т. 5, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯ,
у грэчаскай міфалогіі дачка Арэса і Афрадыты, жонка Кадма, заснавальніка г. Фівы. На вяселлі багі падарылі ёй сукенку і каралі, вырабленыя Гефестам, якія пасля прыносілі няшчасце ўсім, хто імі валодаў, і сталі прычынай гібелі прарока Амфіярая. У аснове міфа — казачны матыў аб закляцці, якое ляжыць на скарбах, здабытых вайной ці несумленным шляхам.
т. 5, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,
дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ ТАБЛІ́ЦА,
схема радаводу ў выглядзе табліцы; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Найб. распаўсюджаны верт. і гарыз. радковыя геналагічныя табліцы, якія паказваюць узыходную або зыходную роднасць. Кальцавыя генеалагічныя табліцы паказваюць узыходную роднасць і маюць выгляд канцэнтрычных кругоў, дзе ў цэнтральным змяшчаюць даныя пра пэўную асобу, у наступным крузе — даныя пра яе бацькоў і г.д.
т. 5, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)