сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНАМІЦ́Э́ТЫ (Prenomycetiidae),
група парадкаў грыбоў падкл. эўаскаміцэтаў. 5 парадкаў: гіпакрэальныя, дыяпартальныя, клавіцыпітальныя, мучністарасяныя грыбы, сферыяльныя. Каля 640 родаў, 6 тыс. (па інш. звестках да 10 тыс.) відаў. Пашыраны ўсюды.
Пладовыя целы — перытэцыі, радзей — клейстатэцыі. Утвараюцца на шчыльным спляценні міцэлію — стромах. Стромы цвёрдыя і мяккія, плоскія, круглыя, галінастыя. Сумкі 8-споравыя, звычайныя, булавападобныя, размешчаны пучкамі або слоем. Аскаспоры разнастайнай формы і афарбоўкі, у перытэцыяльных форм іх вызваленне актыўнае, у клейстатэцыяльных — пасіўнае. У некат. перытэцыі маюць доўгія шыйкі, здольныя да фотатрапізму, што спрыяе выкідванню спор у больш асветленыя месцы. Сапратрофы, некат. — паразіты раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́СНЕВЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя грыбы, што ўтвараюць характэрныя налёты (плесні) на паверхні арган. субстратаў (харч. прадукты, папера, скура, тэкстыль і інш.). Належаць да розных сістэм. груп: ааміцэты, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, сумчатыя грыбы і інш. Каля 250 відаў. Пашыраны ў глебе, раскладаюць арган. рэшткі і прымаюць удзел у іх мінералізацыі. Выклікаюць хваробы раслін, псаванне прадуктаў, разбурэнне прамысл. вырабаў і матэрыялаў.
Для П.г. характэрны паветраны міцэлій, які добра развіваецца на паверхні і ўнутры субстрату. Споры ўтвараюцца на гіфах. Выкарыстоўваюць П.г. для атрымання ферментаў, арган.к-т, антыбіётыкаў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮШЧА́Й (Sparganium),
род кветкавых раслінсям. рагозавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, а таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 7 відаў. Найб. пашыраны П.: малы (S. minimum), прамы (S. erectum), усплылы, або просты (S. emersum). Трапляюцца па берагах рэк, азёр, вадасховішчаў.
Шматгадовыя водныя ці балотныя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае або плаваючае. Лісце вузкалінейнае, у відаў, што растуць у глыбокай вадзе, — стужкападобнае.
Кветкі дробныя, аднаполыя, у шчыльных галоўках. Плод — касцянка. Корм андатры, нутрыі і вадаплаўных птушак. Некат. віды П. маюць пяргу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛ,
сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і інш. адзнак арганізма, якія абумоўліваюць узнаўленне падобнага да сябе. Уласцівы ўсім жывым арганізмам. Асобіны з процілеглымі адзнакамі здольны злівацца адна з адной (некат. аднаклетачныя водарасці) або прадуцыраваць гаметы розных тыпаў, якія пры зліцці ўтвараюць зіготу (большасць раслін і жывёл). З зіготы развіваецца новы арганізм; ён мае 2 адзінарныя (матчын і бацькаў) наборы храмасом гамет, што забяспечвае працэс генет.рэкамбінацыі і спрыяе натуральнаму адбору больш прыстасаваных форм. Гэта з’яўляецца асн. перавагай палавога размнажэння перад бясполым размнажэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШАНЕ́Ц, ватачнік (Asclepias),
род кветкавых раслінсям. ластаўневых. Больш за 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы, некат. — у Афрыцы. На Беларусі 1 заносны від — П. сірыйскі, або эскулапава трава (A. syriaca). Трапляецца на берагавых схілах, у зарасніках, каля жылля. Як дэкар. расліну культывуюць П. мяса-чырвоны (A. incarnata).
Шматгадовыя пераважна травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя. Лісце чаранковае, суцэльнае, супраціўнае. Кветкі двухполыя ў парасоніках. Плод — лістоўка. У культуры вырошчваюць П. сірыйскі (насенне мае каля 20% тэхн. алею, лісце — горкія гліказіды, засухаўстойлівы меданос). Лек., алейныя, тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАПЯЛЁСНІК (Coeloglossum),
род кветкавых раслінсям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 барэальна-таежны рэліктавы від — П. зялёны (C. viride), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лугах, у поймах невял. рэк.
П. зялёны — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см, з падоўжаным, звычайна 2-раздзельным клубнем. Лісце яйцападобнае або лінейнае, ніжняе — на кароткіх чаранках, верхняе — сядзячае. Кветкі, накшталт шлема, жаўтавата-зялёныя, інш. раз чырванавата-карычневыя, у суквецці — рыхлы колас. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХІ́РНІК (Cucubalus),
род кветкавых раслінсям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,
сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.
Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙109т сухой масы і мае каля 300—500∙1021Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙109т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙106т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),
сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г.раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г.раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;