РА́ДЛАЎ (Васіль Васілевіч) (Фрыдрых Вільгельм 5.1.1837, Берлін — 12.5.1918),
расійскі ўсходазнавец-цюрколаг, этнограф і археолаг, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Акад. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1858 у Расіі. У 1885—90 дырэктар Азіяцкага музея, з 1894 Музея антрапалогіі і этнаграфіі АН. Адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Рус.к-тапа вывучэнні Сярэдняй і Усх. Азіі (1903—18). У 1860—70 у экспедыцыях па Алтаі, Сібіры, Казахстане і Сярэдняй Азіі сабраў матэрыял па мовах, фальклоры, этнаграфіі і археалогіі цюркскіх народаў. У 1891 кіраваў Архонскай экспедыцыяй АН (Манголія), у 1898 арганізаваў Турфанскую экспедыцыю (Цэнтр. Азія). Дэшыфраваў (адначасова з В.Томсенам) мову архона-енісейскіх надпісаў. Адзін з заснавальнікаў параўнальна-гіст. вывучэння цюркскіх моў. Аўтар фундаментальнай працы «Спроба слоўніка цюркскіх гаворак» (т. 1—4, 1882—1909), а таксама «Параўнальная граматыка паўночных цюркскіх моў» (т. 1, 1882), «Старажытнацюркскія надпісы Манголіі» (1894—95), «Уступныя думкі да апісання марфалогіі цюркскіх моў» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ПЛЕКСНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адной фіз. лініі (аднаму каналу сувязі) з адначасовай перадачай паведамленняў у абодвух напрамках. Гл. таксама Сімплексная сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫС..., перад галоснымі дыз... (лац. dis..., грэч. dys...), прыстаўка, якая абазначае парушэнне, разлад, страту чаго-н.; адпавядае па значэнні прыстаўкам раз..., не..., напр., дысгармонія, дыспрапорцыя, дызурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),
камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн.час.
Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).
Да арт.Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АМФІ́БІЯ»,
1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.
Да арт.«Амфібія». Аўтамабіль-«амфібія».Да арт.«Амфібія». Паплаўковы гідрасамалёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,
камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.
Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.
Літ.:
Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;
Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.
П.Я.Антонаў.
Горныя камбайны: а — праходчы (1 — пагрузачны стол, 2 — фрэзерная каронка, 3 — выканаўчы орган; 4 — перагружальнік, 5 — хадавая частка); б — здабычны (выкарыстоўваецца на рудніках ВА «Беларуськалій»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПО́ЛЬ (ад ды... + грэч. polos полюс),
1) Д. электрычны — сістэма з 2 роўных паабс. значэнні і розных па знаку засяроджаных (кропкавых) эл. зарадаў (q), размешчаных на некат. адлегласці l адзін ад аднаго. Характарызуецца эл.дыпольным момантамp = ql.
На вял. адлегласцях ад Д. (r ≫ l) яго эл. поле вызначаецца формуламі
,
,
, дзе φ — патэнцыял, Er — радыяльная і ΕΘ — трансверсальная кампаненты напружанасці у пункце назірання з радыус-вектарам , Θ — вугал паміж вектарамі і , ε0 — эл. пастаянная. Д. з пастаянным дыпольным момантам () стварае патэнцыяльнае (безвіхравое) поле, Д. з пераменным момантам з’яўляецца крыніцай выпрамянення эл.-магн. хваль.
2) Д. магнітны — сістэма з 2 роўных паабс. значэнні і розных па знаку фіктыўных магн. зарадаў (полюсаў), размешчаных на некат. адлегласці адзін ад аднаго. Лічыцца, што ў макраскапічным сэнсе магн. зарадаў (адасобленых магн. полюсаў) не існуе, аднак магн. поле замкнутых эл. токаў на вял. адлегласцях супадае з полем, якое ствараў бы магн. Д. Асн. характарыстыка магн. Д. — магнітны момант. Гл. таксама Манаполь магнітны.
А.І.Болсун.
Да арт.Дыполь. Лініі напружанасці вектара E электрычнага поля дыполя, p — электрычны дыпольны момант.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДБО́Л (англ. hand-ball ад hand рука + ball мяч),
ручны мяч, спартыўная камандная гульня з мячом. Існуюць 2 разнавіднасці гандбола: 7 × 7 і 11 × 11 (па 7 і па 11 чалавек у камандах). Міжнар. прызнанне атрымаў гандбол 7 × 7 (зарадзіўся ў Даніі ў 1898, правілы распрацаваў Х.Нельсен). Гуляюць у зале на пляцоўцы 40 × 20 м. Перадаючы рукамі мяч партнёрам, спартсмены імкнуцца закінуць яго ў вароты саперніка, якія абараняе варатар. Пры гэтым спартсмены не маюць права знаходзіцца бліжэй 6-метровай зоны перад варотамі. Гульня доўжыцца 2 таймы па 30 мін (у жанчын — па 25 мін). Пры парушэнні правіл гульні мяч перадаецца саперніку, грубыя парушэнні караюцца 7-метровым штрафным кідком (пенальці) і выдаленнем парушальніка на 2 мін. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1938 (мужчыны) і з 1956 (жанчыны), у праграме Алімпійскіх гульняў гандбола з 1972 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гандбола (ІГФ).
На Беларусі развіваецца з канца 1950-х г. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1961. Мінскі гандбольны клуб СКА (спарт. клуб арміі, трэнер С.Мірановіч) — чэмпіён СССР 1981, 1984—16, 1988, 1989, уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрап. краін 1983 і 1988, Суперкубка 1989. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі бел. гандбалісты А.Каршакевіч, Г.Свірыдзенка, А.Тучкін, К.Шаравараў, Ю.Швяцоў (1988), А.Барбашынскі, А.Мінеўскі, М.Якімовіч (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й,
навуковая і культурна-асветная ўстанова, у якой сабраны калекцыі жывёл (у фіксавальных вадкасцях, высушаныя ці дасканала прэпараваныя жывёлы, іх чучалы, шкілеты, скуры, а таксама вырабы з рогу, косці, ракавін і інш.). Калекцыі З.м. складаюцца з навук. фондаў і экспанаваных матэрыялаў. Асн. задачы З.м.: навук. даследаванні па сістэматыцы, фауністыцы, зоагеаграфіі, зменлівасці, параўн. марфалогіі і анатоміі жывёл, тэорыі эвалюцыі; культ.-асв. работа па заалогіі, папулярызацыя справы аховы прыроды; вучэбная работа са школьнікамі і студэнтамі, кансультацыі па пытаннях у галіне паляўнічай, сельскай, лясной гаспадаркі і мед. заалогіі.
Па калекцыях 1-е месца ў свеце належыць Брытанскаму музею ў Лондане, 2-е — С.-Пецярбургскаму (створаны на базе пятроўскай Кунсткамеры ў 1832). Існуюць З.м. ў Нью-Йорку, Вашынгтоне, Чыкага, Парыжы, Берліне, Вене, Празе, Капенгагене, Стакгольме, Калькуце, Пекіне, Рыме, Мюнхене, Маскве, Кіеве, Тбілісі, Ерэване, Ашгабаце, Ташкенце, Алматы і інш.
На Беларусі першы Віцебскі губ.вет.-заал. музей засн. ў 1918; у 1921 на базе энтамалагічнай калекцыі В.А.Плюшчэўскага-Плюшчыка пры Віцебскім с.-г. тэхнікуме створаны З.м. (з 1924 прыродазнаўча-гіст. музей Віцебскага вет. ін-та). З.м. існуюць у БДУ (1923), Гомельскім ун-це (1981). У 1992 пры музеі БДУ створаны Цэнтр заал. калекцый імя А.У.Фядзюшына (каля 120 тыс.экз., у т. л. каля 8 тыс. пазваночных жывёл).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ЦЭН,
абагульняльны паказчык дынамікі і суадносін узроўню цэн, які характарызуе адносныя змены цэн за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе. І.ц. можа быць індывідуальны — разлічваецца для пэўных відаў тавараў (паслуг), і зводны — характарызуецца суадносінамі ўзроўню цэн (тавараў, паслуг) па іх сукупнасці. У сваю чаргу зводныя І.ц. падзяляюцца на агульныя, якія ахопліваюць усю вывучаемую сукупнасць тавараў і паслуг, і групавыя — вызначаюцца для пэўных груп тавараў (паслуг).
Адрозніваюць індэкс рознічных і спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. Індэксы рознічных цэн разлічваюцца для вызначэння іх сярэдняга змянення на тыя тавары і паслугі, якія набываюцца пэўнымі групамі насельніцтва. Падлічваюцца на падставе рэгістрацыі рознічных цэн для стандартнага набору тавараў і паслуг, а вагі вызначаюцца па структуры спажывецкіх расходаў сем’яў рабочых і служачых (устанаўліваюцца папярэднімі абследаваннямі іх бюджэтаў). Індэксы гэтага віду адносяцца да індэксаў кошту жыцця. Пры налічэнні ўласна індэксаў рознічных цэн не ўлічваюцца паслугі, якія рэалізуюцца па-за рознічным гандлем, а вагі разлічваюцца па частцы тавараў у агульным абароце рознічнага гандлю. Індэкс спажывецкіх цэн характарызуе змяненне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі, якія набываюцца насельніцтвам для невытворчага спажывання. Ён паказвае дынаміку змены цаны рыначнага набору спажывецкіх тавараў («рыначны кошык») і выкарыстоўваецца для пераразліку намінальнага аб’ёму прадукцыі (даходу) у рэальны.