Існаваў у 16—17 ст. у г.п. Ула Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Узведзены ў 1563 у час Інфлянцкай вайны 1558—82 паводле загаду вял.кн.ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста для абароны вусця р. Ула і кантролю за рухам па Зах. Дзвіне. Мысавую пляцоўку адрэзалі ровам ад плато, па перыметры ўзвялі абарончы вал, схілы замчышча, звернутыя да вады, выбрукавалі валунамі. Але буд-ва У.з., якім кіраваў венецыянскі інжынер, спынілася ў сувязі з нападам атрада рус. войск. Уся буд. каманда была перабіта. У 1567 Іван IV Грозны загадаў пабудаваць тут крэпасць у выглядзе драўляных сцен-гародняў і вежаў. Запоўненыя зямлёй гародні добра вытрымлівалі артыл. абстрэл. У.з. меў 8 вежаў, вароты і брамкі. З сярэдзіны лютага да 4.3.1568 У.з. беспаспяхова штурмавала войска Я.Хадкевіча. Разбіўшы гарматамі сцены і вежы, яно, аднак, адступіла. Толькі 20.9.1568 гетман Р.Сангушка прыступам захапіў У.з. У палон трапілі 2 ваяводы — браты Вельямінавічы, 300 баяр і 800 стральцоў са зброяй. Спалены ў час штурму замак хутка зноў быў адноўлены. Паводле загаду Стафана Баторыя ў 1580 тут насыпалі магутны вал выш. каля 11,5 м. У пач. вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 У.з. зноў быў заняты рус. войскамі, спалены і больш не аднаўляўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,
лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.
Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.Л.Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц.інжынер Ж.Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц.інжынер А.Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс.м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.І.Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.Э.Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс.м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс.м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян.інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.Пікар і М.Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс.м, у 1934—22 тыс.м. У Вял.Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.
Літ.:
Жуковский Н.Е. Собр. соч.Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;
Анощенко Н.Д. Воздухоплаватели. М., 1960;
Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.
У.М.Сацута.
Да арт.Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],
двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).
Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.М.Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.Драйз і Ф.М.Фішэр, шатландзец Г.Далзел, англічанін Трэфу, французы П.Лалеман і М.Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ.інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.Б.Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл.вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл.Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.
Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,
рухавік унутранага згарання, які стварае рэактыўную цягу ў выніку выцякання з яго струменя рабочага цела. Кінетычная энергія струменя ствараецца выкідам праз сапло распаленых газаў у выніку гарэння рабочага цела (рэактыўнага і ракетнага паліва). У энергію рэактыўнага струменя можа пераўтварацца таксама ядз., эл. і сонечная энергія. Р.р. спалучае ў сабе ўласна рухавік і рухач, г. зн. з’яўляецца рухавіком прамой рэакцыі: сіла цягі прыкладзена непасрэдна да корпуса і забяспечвае перамяшчэнне яго ў бок, процілеглы напрамку выцякання струменя. Адрозніваюць рэактыўныя ракетныя рухавікі (сілкуюцца толькі палівам і акісляльнікам, што знаходзіцца на лятальным апараце) і паветрана-рэактыўныя рухавікі (выкарыстоўваюць таксама кампаненты навакольнага асяроддзя — кісларод атм. паветра). Бываюць і камбінаваныя Р.р. — ракетна-праматочныя, ракетна-турбінныя і інш.
Прынцып рэактыўнага руху вынайдзены Геронам Александрыйскім (1 ст.н.э.), першыя цвердапаліўныя Р.р. (парахавыя ракеты) з’явіліся ў Кітаі (каля 10 ст.). Ідэю шматступеньчатай ракеты, ракетных батарэй, тэхналогію вырабу порахаў і інш. пытанні рэактыўнай артылерыі абгрунтаваў бел.інжынер і вучоны К.Семяновіч (17 ст.). Схему лятальнага апарата з парахавым Р.р. склаў М.І.Кібальчыч (1881), Р.р. на вадкім паліве прапанаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Стварэнню Р.р. спрыялі навук, працы М.Я.Жукоўскага, І.У.Мяшчэрскага, Б.С.Сцечкіна, франц. вучонага Р.Эно-Пельтры і інш. Р.р. розных канструкцый распрацавалі Ф.А.Цандэр, А.М.Люлька, С.П.Каралёў, В.П.Глушко, Г.Оберт, Р.Годард, Ф.Уітл (Вялікабрытанія) і інш.
Рэактыўны рухавік: а — паравы шар Герона Александрыйскага (1 — трубкі для падводу пары, 2 — выхлапныя трубкі, З — полы шар, які круціцца ад рэактыўных струменяў); б — парахавы рухавік на кітайскай вогненнай страле (1 — порах, 2 — папяровая гільза, З — запальны састаў), в — прынцыповая схема турбарэактыўнага рухавіка (у параўнанні з 4-тактавым поршневым рухавіком).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЯПЯ́НСКАЕ ВО́ДНА-ПА́РКАВАЕ ПАЎКАЛЬЦО́,
сістэма штучных каскадаў, каналаў, адкрытых вадаёмаў і прылеглых азялененых тэрыторый у Мінску, аснова комплекснай арх.-ландшафтнай арганізацыі паўн.-ўсх. часткі горада; частка Мінскага водна-паркавага кальца. Створана на аснове р. Сляпянка і левага прытока р. Свіслач. Пабудавана ў 1977—88. Даўж. 22 км, перапад вышынь рэльефу на трасе 31 м. Уключае вадаёмы (агульная пл. 140 га), каналы і 13 дэкар. каскадаў. Гал. збудаванне сістэмы — Цнянскае вадасховішча, вада ў якое паступае з вадасховішча Дразды праз напорныя вадаводы з уздымам на выш. 15 м. Ад Цнянскага вадасховішча адкрыты канал ідзе ўздоўж лесапарку і заканчваецца дэкар. вадаёмам каля гандл.-грамадскага цэнтра мікрараёна Зялёны Луг 6. За Лагойскім трактам у пачатку мікрараёна Зялёны Луг 5 створаны шматступеньчаты каскад. Уздоўж вул. Сядых сістэма прадстаўлена спалучэннем маляўнічых вадаёмаў і каналаў з масткамі, спускамі да вады, невял. фантанчыкаў і інш. малых арх. форм. Створаны таксама выразны 3-ступеньчаты каскад па вул. Парніковай, паўкруглы 2-ступеньчаты каскад з басейнам у раёне вуліц Уральскай—Мендзялеева і ў жылым раёне Серабранка, дзе Сляпянская водная сістэма злучаецца з Чыжоўскім вадасховішчам. Усе каскады сістэмы створаны паводле індывід. праектаў. Гал. кампазіцыйныя акцэнты арганічна спалучаюцца з прасторавым вырашэннем гэтых раёнаў горада. Запраектавана буд-ва Лошыцкага водна-паркавага паўкальца, у выніку даўж. водна-паркавага кальца Мінска дасягне 50 км суцэльнай сістэмы каналаў, каскадаў, вадаёмаў з прылеглымі да іх паркамі, скверамі, бульварамі. За стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў Мінска архітэктары Л.Белякова, Дз.Герашчанка, Л.Жлоба, М.Жлоба, В.Шыльнікоўская, Б.Юрцін, інжынер А.Самончык удастоены Дзярж. прэміі СССР 1989.
А.В.Сычова.
Да арт.Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо. Дэкаратыўныя басейны ў мікрараёне Зялёны Луг 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы),
мультыплікацыя, від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.
Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням.рэж. Л.Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж. Н.Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.
Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.Батурын) на тэмы лірыкі М.Танка і У.Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.Жыткоўская) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОРФАЗДАБЫ́ЧА,
сукупнасць аперацый па здабычы торфу, яго перапрацоўцы, сушцы і ўборцы з дапамогай тарфяных машын і комплексаў.
Звесткі пра здабычу «гаручай зямлі» для награвання ежы ёсць у Плінія Старэйшага (1 ст.н.э.). У 12—13 ст. Т. вялася ў Шатландыі. Галандыі, у сярэдзіне 17 ст. на Украіне, з канца 17 ст. — у Расіі. Напачатку Т. вялі ўручную: торф рэзалі спец. лапатамі (разакамі) на цагліны, якія сушылі на паветры. У 2-й пал. 19 ст. вынайшлі элеватарны спосаб: здабыты торф спец. элеватарнымі машынамі перамяшчалі з кар’ера, перамешвалі і фармавалі ў цагліны. У 1914 інжынер-электратэхнік Р.Э.Класон распрацаваў гідраўл. спосаб Т. («гідраторф»), пры якім тарфяны масіў размывалі струменем вады з гідраманітора, атрыманую масу перапампоўвалі па трубаправодах на спец. палі, дзе яе сушылі. З 1920-х г. укаранялі экскаватарны спосаб Т.: радовішча на ўсю глыбіню распрацоўвалі многакаўшовымі экскаватарамі, тарфяную масу высцілалі паралельнымі стужкамі. раздзеленымі на цагліны, якія сушылі, пераварочвалі і складвалі ў штабелі. З 1940-х г. развіваецца фрэзерны (паверхнева-паслойны) спосаб Т., які ўключае аперацыі фрэзеравання (здрабнення) паверхневага слоя радовішча, варушэння (сушкі) яго, валкавання (укладкі ўборачнымі машынамі ў навалы), штабелявання (складвання штабелявальнымі машынамі ў штабелі). Торф выкарыстоўваўся ў асн. як паліва — бытавое і для цеплавых электрастанцый. З 1960-х г. развіваецца с.-г. выкарыстанне торфу і прадуктаў яго тэрмахім. перапрацоўкі. У канцы 20 ст. ў сувязі з ростам здабычы вугалю, нафты, газу Т. значна скарацілася.
На Беларусі Т. пачалася ў 1896 пры шклозаводзе ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.), дзе торф выкарыстоўваўся ў газагенератарах, а ў 1899 каля Гомеля для патрэб цагельняў, з 1900 каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н) выраблялі торфабрыкеты. Да 1913 Т. пачалася каля Віцебска, Магілёва, Мінска, у Гомельскім і Полацкім р-нах. У перадваенныя гады дзейнічала больш за 200 торфапрадпрыемстваў. У 1950—60-я г. пабудаваны дзесяткі буйных торфапрадпрыемстваў. Да 1960-х г. на торфе працавала большасць ДРЭС і ЦЭЦ. З канца 1970-х г. здабыча торфу на паліўнаэнергет. мэты зменшылася. Гл. таксама Тарфяная прамысловасць.
Літ.:
Богатов Б.А., Никифоров В.А. Технология и комплексная механизация торфяного производства. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням.інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц.інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус.інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов А.К. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.