У Перадкаўказзі, паўн.ч. раёна Каўказскіх Мінеральных Вод (у наваколлі г.Пяцігорск). Пакатая раўніна (выш. да 600 м), сярод якой узнімаюцца 18 ізаляваных гор-лакалітаў, якія маюць купалападобную (Машук, Лысая, Залаты Курган), канічную (Юца) ці вычварную (Развалка, Вярблюд і інш.) формы. Пяцікупальная (адсюль назва) г. Бештау самая высокая (1400 м). Трапляюцца карставыя формы рэльефу (правалы, пячоры). На схілах — шыракалістыя лясы, месцамі яны ўкрываюць і раўніну. Шмат мінер. крыніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗЛУ́ЧАНЫЯ САСУ́ДЫ, спалучальныя сасуды,
сасуды, якія ў ніжняй частцы злучаны паміж сабой. У С.с. аднародная вадкасць устанаўліваецца на аднолькавым узроўні незалежна ад формы сасудаў. На гэтым заснавана дзеянне вадкаснага манометра, вадамернага шкла паравых катлоў і інш. Калі ў С.с. наліты вадкасці розных шчыльнасцей (ρ1 і ρ2), то яны ўстанаўліваюцца на розных узроўнях у адпаведнасці з суадносінамі ρ1h1 = ρ2h2.
Да арт.Сазлучаныя сасуды: ρ1, ρ2 — шчыльнасці вадкасцей; h1, h2 — вышыні ўзроўняў вадкасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТЫ́РЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі лясныя божышчы, дэманы ўрадлівасці, якія складаюць світу бога Дыяніса. Іх уяўлялі як пакрытых поўсцю доўгавалосых, барадатых напаўлюдзей-напаўзвяроў: галовы і тулавы чалавечыя, але конскія або казліныя ногі з капытамі і конскія хвасты; на галовах рожкі або конскія вушы. Сімвалам іх невычарпальнай урадлівасці лічыўся фалас. Яны, заўсёды напаўп’яныя, нахабныя і юрлівыя, ганяюцца за німфамі або разам з імі бадзяюцца па лясах і наладжваюць вясёлыя карагоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛЫЯ»,
1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.Стажэнскі (Старжынскі).
2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл.Белая гвардыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,
панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г.Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т. л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.
старажытныя малюнкі на сценах пячор, скалах і асобных камянях у выглядзе контурных выяў (надрапаны або абведзены каляровымі лініямі), барэльефаў і паліхромнай размалёўкі. Вядомы ва ўсіх частках свету ад палеаліту да сярэднявечча. Наскальныя малюнкі эпохі палеаліту выяўлены на Пд Францыі, Пн Іспаніі (гл.Альтаміра), на Каўказе, Урале і каля р. Лена ў Расіі. Для іх характэрны выявы жывёл і паляўнічых сцэн. У неаліце і бронзавым веку тэматыка наскальных малюнкаў — дзейнасць чалавечых калектываў. Найб. вядомыя тагачасныя творы Н.м. выяўлены ў Скандынавіі, Карэліі, Усх. Сібіры, Сярэдняй Азіі і Закаўказзі. У раннім жал. веку наскальныя малюнкі пашыраны ўсюды. На Беларусі наскальныя малюнкі трапляюцца на асобных камянях у выглядзе гравіраваных салярных знакаў, слядоў жывёл і людзей, незразумелых сімвалаў. Паводле характару яны блізкія да надмагільных камянёў, каменных крыжоў, камянёў з надпісамі. Яны адлюстроўваюць у мастацкай форме гаспадарчае і духоўнае жыццё насельніцтва мінулых эпох і маюць вял. значэнне як гіст. крыніцы.
Літ.:
Гущин А.С. Происхождение искусства. Л.;
М., 1937;
Формозов А.А. Очерки по первобытному искусству М., 1969.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Наскальнае мастацтва: 1 — жывапіс цясніны Вальторга, Іспанія (мезаліт); 2 — петрогліфы з урочышча Кабустан, Азербайджан (ранні мезаліт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,
інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасці нац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццё бел.нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,
вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.Коласа, «Янук Сяліба» М.Танка, «Нянавісць» П.Панчанкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІН ТЭО́РЫЯ,
раздзел фармальнай логікі, дзе разглядаюцца агульныя ўласцівасці адносін і законы, якім яны падпарадкоўваюцца. Распрацавана А. дэ Морганам, Ч.С.Пірсам і Э.Шрэдэрам. Асн. кірунак — вылічэнне адносін, блізкае да тэорыі класаў; даследаванне сувязі паміж адносінамі і аперацыі над імі, устанаўленне законаў, пры дапамозе якіх з адных адносін можна вывесці другія. У матэм. логіцы адносін тэорыя звязана з вывучэннем уласцівасцяў і вылічэннем прэдыкатаў, адносін тоеснасці, роўнасці, прыналежнасці элемента да пэўнага класа аб’ектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (11.1.1921, Масква — 23.3.1985),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Сцэн. творчасць пачаў у самадзейнасці. З 1965 у Дзярж. рускім драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр. Сярод роляў: Кураслепаў («Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Андрэй Размётнаў («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Сарафанаў («Старэйшы сын» А.Вампілава), Брухаты, Мрачны («Энергічныя людзі» і «А раніцой яны прачнуліся» В.Шукшына), Навасельцаў («Саслужыўцы» Э.Брагінскага і Э.Разанава), Джэкаб («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Бутон («Мальер» М.Булгакава).