злучэнні, якія ўтвараюцца ўключэннем малекул ці іонаў малых памераў у поласці крышт. рашоткі (рашэцістыя) ці ў поласць адной вял. малекулы. К. называюць злучэннямі тыпу «гаспадар-госць».
Рашэцістыя К., ціінтэркалаты, існуюць толькі ў крышт. стане. Паводле формы поласці адрозніваюць К. клетачныя і слаістыя. Напр., клетачныя К. — газавыя гідраты, у якіх «гасцямі» з’яўляюцца малекулы газаў — аргон, крыптон, хлор, метал і інш., а «гаспадарамі» — малекулы вады, што ўтвараюць крышт. каркас. Знешне яны нагадваюць снег, але могуць існаваць пры дадатнай т-ры. Слаістыя К. ўтвараюцца пры ўкараненні малекул ці іонаў паміж слаямі крышталёў са слаістай рашоткай (напр., злучэнне ўключэння графіту з сернай к-той C+24HSO−4∙H2SO4). Утварэнне К. выкарыстоўваюць пры сінтэзе стэрэарэгулярных палімераў, апрасненні марской вады, захоўванні газаў і высокатаксічных рэчываў, у храматаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦЁР, шатровае пакрыццё ў архітэктуры,
завяршэнне будынка (храма, вежы, ганка і інш.) ці яго часткі ў выглядзе высокай 4-граннай ці шматграннай піраміды. Выконваліся з цэглы (нахіленымі радамі ці напускам гарыз. радоў цаглін) і дрэва (мелі вянковую ці каркасную канструкцыі). Вядомы ў дойлідстве многіх народаў свету пры завяршэнні будынкаў або памяшканняў з цэнтрычнай формай плана. Пашыраны пераважна ў рус. дойлідстве 16—18 ст. На Беларусі пакрыцці ў выглядзе Ш. вядомы са старажытнасці. Найб. пашырэнне атрымалі ў 16 — пач. 20 ст. Часцей іх будавалі над замкавымі вежамі (замкі ў г.п. Мір Карэліцкага, Любча Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.), ратушах, званіцах (г.п. Шарашова і в. Вяжное Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), храмах (царква ў в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.). Рабілі Ш. таксама над галерэямі і ганкамі (Ільінская царква ў Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНАСЦЬ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
змяненне індывідам ці групай сац. пазіцыі, месца, якое яны займаюць у сац. структуры грамадства. Тэрмін уведзены П.Сарокіным; шырока выкарыстоўваецца ў даследаваннях сац. структуры, для характарыстыкі ступені «адкрытасці» ці «закрытасці» сац. груп і грамадстваў. Адрозніваюць М.с. вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сістэме сац. іерархіі, звязанае са зменай сац.статуса. Пры гэтым вылучаюць сац. ўзыходжанне (прасоўванне індывіда ці групы да пазіцый з больш высокім прэстыжам, даходам, уладай) і сац. сыходжанне, дэградацыю (рух да больш нізкіх іерархічных пазіцый). Гарызантальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сац. структуры без змены сац. статуса. М.с. можа выяўляцца як добраахвотнае перамяшчэнне ў межах сац. іерархіі або быць абумоўлена структурнымі ці арганізацыйнымі зменамі. Сярод фактараў, якія ўплываюць на М.с., — мэтанакіраваная дзейнасць некаторых паліт. і сац. ін-таў (дзяржавы, царквы, арміі, паліт. партый і інш.), змена сістэмы грамадскага ўкладу, уплыў навукова-тэхн. прагрэсу, укараненне перадавой тэхнікі і тэхналогіі, узнікненне новых прафесій, удасканаленне сістэмы адукацыі, асобасныя імкненні і інш. Для індывіда магчымасць прасоўвання ўверх азначае не толькі павелічэнне долі сац. даброт, якія ён атрымлівае, але і рэалізацыю асабістага інтэлектуальнага патэнцыялу, дасягненне пастаўленай мэты, набыццё новага сац. вопыту. М.с. садзейнічае стабілізацыі грамадства, умацаванню пазіцый асобных сац. груп і паліт. эліт за кошт іх папаўнення таленавітымі асобамі з ніжэйшых сац. слаёў. Свабода М.с. выступае адной з умоў развіцця асобы, сцвярджэння прынцыпаў сац. справядлівасці, далейшага грамадскага прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА СУСА́ЛЬНАЕ, сусаль,
вельмі тонкія (звычайна долі мікраметра) плёнкі золата. Вырабляюць каваннем з золата ці яго сплаваў. Выкарыстоўваюць для дэкар. аздаблення вырабаў. З.с. наз. часам плёнкі з металаў, сплаваў (напр., медных) ціхім. злучэнняў (дысульфід волава), якія імітуюць золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТА́З (ад грэч. metastasis перамяшчэнне),
ачаг пухліннага ці запаленчага працэсу, які развіваецца ад пераносу па крыві ці лімфе паталагічнага матэрыялу (пухлінных клетак, мікраарганізмаў і інш.) з месцаў такога ж паталагічнага працэсу. Бывае адзіночны і множны. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭРЛА́К (Peplis),
род кветкавых раслін сям. плакуновых. Вядомы 4 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і Паўд. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца бутэрлак партулакавы (P. portula), вельмі рэдка чаргаваналісты (P. alternifolia). Растуць на вільготных глеяватых або пясчаных мясцінах: лясных дарогах, грунтавых агаленнях, берагах рэк і поймавых лугах.
Аднагадовыя травяністая расліны з сакаўнымі, часта чырванаватымі, распасцёртымі ці ўзыходнымі сцёбламі даўж. 5—20 см. Лісце супраціўнае ці чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, непрыкметныя, белыя або бледна-ружовыя, адзіночныя, на кароткіх кветканосах ці амаль сядзячых у пазухах лісця. Плод — шарападобная каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т (ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),
запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДЖЭ́ННЕ,
выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТЭР (ад англ. barter тавараабмен),
прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб. пашыраны ў міжнар. гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв.ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОСТ,
сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.
Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.