«ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ БІ́ЗНЕС МЭШЫ́НС КАРПАРЭ́ЙШЭН»
(International Business Machines Corporation),
электронная кампанія ЗША. Засн. ў 1911. Штаб-кватэра размешчана ў г. Арманк (штат Нью-Йорк). Адна з найб. у свеце прамысл. кампаній па вытв-сці офіснага абсталявання, выліч. тэхнікі, камп’ютэраў, размнажальных машын, дыктафонаў і інш. У сярэдзіне 1980-х г. кантралявала каля 60% сусв. вытв-сці ЭВМ, у кампаніі было занята 387 тыс. чал. Абарот складаў 59,7 млрд. дол., чысты прыбытак — 5,8 млрд. долараў. Сярод распрацовак кампаніі — жорсткі магнітны дыск (т.зв. вінчэстэр), найб. папулярная мадэль персанальнага камп’ютэра.
т. 7, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),
адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ШКАВІЧЫ,
літоўскі княжацкі род, прадстаўнікі якога Ванібут, Бутавіт, Віжэік, Вішлій, Кіценій, Плікасова ўдзельнічалі ў падпісанні з Уладзіміра-Валынскім княствам дагавора 1219, скіраванага супраць Польшчы. У сярэдзіне 1250-х г. кн. Сірвід Р. удзельнічаў у сумесным з рус. князямі паходзе супраць мангола-татар на Украіну. На думку рас. гісторыка І.Бяляева, Р. разам з Булевічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай). Літ. гісторык Э.Гудавічус лічыць, што Р. валодалі зямлёй Упіта. На думку М.Ермаловіча, іх уладанні ляжалі па суседстве з Пінскім княствам.
т. 13, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КА ў Нясвіжы.
Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйна наз. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв. вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АН БССР. У Вял. Айч. вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковай Нац. АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Л.І.Збралевіч.
т. 13, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ГАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
старажытнарускае княства ў 11—13 ст. з цэнтрам у Чарнігаве. Займала тэр. па цячэнні р. Дзясна, Сейм, верхняй Акі, ніжняга Пасожжа і верхняга Падняпроўя. Уваходзілі гарады Ноўгарад-Северскі, Любеч, Сноўск, Пуціўль, Рыльск, Курск, Старадуб, Трубецк, Бранск і інш. Склалася на землях севяран, палян, радзімічаў і вяцічаў. Уваходзіла ў склад Кіеўскай Русі. Чарнігаў вылучыўся з яе пры кн. Мсціславе Уладзіміравічу ў 1024—36. Пасля смерці Яраслава Мудрага (1054) Ч.к. належала яго сыну Святаславу Яраславічу, які княжыў у Чарнігаве да 1073. Рашэннем Любецкага з’езда 1097 Ч.к. замацавана за яго нашчадкамі. У 1097 з Ч.к. вылучылася княства з цэнтрам у г. Ноўгарад-Северскі, у 12 ст. цэнтрамі ўдзельных княстваў сталі Пуціўль, Рыльск, Трубчэўск, Курск, Ушчыж і інш. З 11 ст. ў Ч.к. ўваходзілі землі паўд. Пасожжа з г. Гомій (Гомель) і Чачэрск, верхняга Падняпроўя з г. Рэчыца. У 1160-я г. Гомій вылучыўся як цэнтр удзельнага княства. У сярэдзіне 12 ст. Ч.к. належалі таксама некаторыя дрыгавіцкія землі з г. Слуцк, Клецк, Рагачоў. У 1239 г. Чарнігаў спалены мангола-татарамі і Ч.к. як дзярж. ўтварэнне спыніла сваё існаванне. У 14 ст. чарнігаўскія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст. вял. князь ВКЛ Казімір падараваў г. Чарнігаў кн. І.А.Мажайскаму. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 чарнігаўскія землі перайшлі да Масквы.
Літ.:
Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;
Зайцев А.К. Черниговское княжество // Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975.
В.С.Пазднякоў.
т. 17, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎБІЦА (ням. Haubitze),
артылерыйская гармата для стральбы пад вуглом узвышэння да 70° па наземных цэлях. Першыя гаўбіцы з’явіліся ў Еўропе ў 15 ст., у Расіі (гаўфніцы) у сярэдзіне 16 ст. (гл. Артылерыя). Сучасныя гаўбіцы маюць калібр 105—203 мм, адносна кароткі ствол (15—40 калібраў), скарастрэльнасць да 10 стрэлаў за мінуту, далёкасць стральбы да 24 км (рэактыўнымі снарадамі — да 30 км). Бываюць самаходныя або буксіруюцца, некат. могуць страляць ядз. снарадамі. Гаўбіцы калібру 122-, 152- і 203-мм шырока выкарыстоўваліся ў гады Вял. Айч. вайны.
т. 5, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ МЕЖАВА́ННЕ,
суцэльнае вымярэнне, здымка, картаграфаванне і апісанне адм. адзінак, зямельных уладанняў («дач»), угоддзяў, падатковага насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1760-я г. — сярэдзіне 19 ст. У ходзе генеральнага межавання вырашаліся задачы: межавыя, землеўпарадкавальныя, статыстычныя, картаграфічныя, зямельна-падліковыя. На Беларусі праведзена толькі на землях, далучаных да Рас. імперыі паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — у Магілёўскай (1783—84) і Полацкай (1784—85) губернях. Межавая дакументацыя абвяшчалася адзінай законнай падставай землеўладання, чым скасоўваліся ўсе папярэднія прывілеі і граматы на зямлю. Матэрыялы генеральнага межавання — каштоўная гіст. крыніца.
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РСА,
пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15—пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.
М.А.Ткачоў.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛУРА́Т,
старажытны горад, рэшткі якога знойдзены за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Важны апорны пункт на подступах да Пантыкапея — сталіцы Баспорскай дзяржавы. Пабудаваны ў сярэдзіне 1 ст. н.э., пл. каля 2 га. Раскопкамі ўскрыты жылыя кварталы з дварамі, вымашчанымі каменнымі плітамі, шмат 1- і 2-павярховых дамоў, свяцілішча са слядамі ахвяраванняў. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі. Некропаль І. размяшчаўся побач з горадам. Большая частка пахаванняў зроблена ў скляпах — высечаных у скале камерах. І. знішчаны ў час нашэсця готаў у 270-я г.
А.В.Іоў.
т. 7, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБРА́Л (Cabral) Педру Алварыш (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),
партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.
т. 7, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)