сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.
Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл.Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).
На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар.т-ва Н.с. (г. Брэст).
Літ.:
Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Расіі, вядучы цэнтр развіцця адукацыі, навукі, культуры. Засн. на базе імператарскага Варшаўскага ун-та (з 1869), які ў 1915 эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне. Паводле Пастановы Часовага ўрада ад 5.5.1917 імператарскі Варшаўскі ун-т скасаваны, а на яго базе створаны новы, які наз. Данскі, з 1925 Паўночна-Каўказскі, з 1931 Растоўскі-на-Доне, з 1957 сучасная назва.
У 2000/01 навуч.г. больш за 14 тыс. студэнтаў; ф-ты: біёлага-глебавы; геолага-геагр.; гіст.; механіка-матэм.; хім.; фіз.; псіхалогіі; сацыялогіі і паліталогіі; філалогіі і журналістыкі; філасофіі і культуралогіі; эканам.; юрыд.; ваеннага навучання. Вядзецца падрыхтоўка па 35 спецыяльнасцях. Аспірантура і дактарантура з 1957. У складзе ун-та класічны, эканам. і юрыд. ліцэі; ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманіт. і сац. навук, 2 ін-ты — права і кіравання, эканомікі і знешнеэканам. сувязей, даюць 2-ю вышэйшую адукацыю. Пры ун-це працуюць 10 НДІ, навукова-канструктарска-тэхнал. бюро «П’езапрыбор», Паўн.-Рас. рэгіянальны цэнтр інфарматызацыі вышэйшай школы, Занальная навук.б-ка (2,9 млн.экз. кніг), Бат. сад і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,
з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім.сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).
Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл.Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎКА (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 20.9.1937, в. Машчаліна Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Д-рфілал.н. (1991), канд.гіст.н. (1971).
Скончыў БДУ (1961). Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1971). З 1954 на культ.-асв. і камсамольскай рабоце. У 1971—79 і 1983—87 у Ін-це эканомікі сусв.сацыяліст. сістэмы АНСССР, у 1979—82 прадстаўнік Саюза сав. т-ваў дружбы і культ.сувязей з заграніцай, саветнік пасольства СССР у Польшчы. З 1987 гал. рэдактар час. «Советское славяноведение», з 1989 у Ін-це сусв. л-ры імя М.Горкага Расійскай АН. Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, сав.-польскіх адносін. З канца 1970-х г. распрацоўвае праблемы адраджэння і станаўлення нац. самасвядомасці, творчасці Ф.Скарыны, Я.Купалы, К.Езавітава, І.Луцкевіча, В.Ластоўскага, М.М.Улашчыка і інш. Укладальнік літ.навук. штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).
Тв.:
Польша: Отечество и социализм. М., 1977;
Тут мой народ: Францішак Скарыпа і бел.літ. XVI — пач. XX стст. Мн., 1989;
Жывом! М.;
Мн., 1997;
Будам жыць! Пра тое самае. Мн.;
М., 1998;
Letter to russian friend = Письмо русскому другу. London, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),
характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз.гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).
Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл.Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім. прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі і хім. тэхналогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КРЭДЫТ,
форма міжнар.эканам. супрацоўніцтва, пры якой дзяржавы, банкі і фін. арг-цыі, а таксама інш.юрыд. і фіз. асобы адных краін выдзяляюць сродкі адпаведным контрагентам інш. краін. Сутнасць міжнар. крэдытных адносін заключаецца ў тым, што крэдытор прадастаўляе пазычальніку ў часовае карыстанне пэўныя рэсурсы ў таварнай або грашовай форме для развіцця канкрэтных галін або на пэўныя мэты нац. эканомікі і для пашырэння ўзаемных гасп.сувязей. Асн. віды М.к.: міждзярж. (міжурадавы), банкаўскі, фірменны (камерцыйны.). У залежнасці ад тэрмінаў выдачы адрозніваюць кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя М.к. Паводле характару пазыкі бываюць таварныя, інвестыцыйныя і валютныя (грашовыя). Таварныя крэдыты характэрны для сферы знешняга гандлю і выдзяляюцца ў выглядзе паставак прамысл., харч. і інш. тавараў. Іх пагашэнне і выплата на іх працэнтаў ажыццяўляюцца звычайна таварамі традыц. экспарту краіны-пазычальніцы. Інвестыцыйныя крэдыты выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, расшырэнні, рэканструкцыі прамысл., трансп., с.-г. і інш. аб’ектаў у выглядзе камплектных паставак машын, абсталявання або поўнага будаўніцтва за кошт сродкаў крэдытора. Такія пазыкі звычайна прадастаўляюцца на кампенсацыйнай аснове і пагашаюцца прадукцыяй тых прадпрыемстваў, на затраты якіх гэтыя пазыкі прызначаліся. Валютныя крэдыты выдаюцца ў свабодна канверсаванай або інш. валюце, золаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РЦКІ Э́ПАС, нартаўскі эпас,
гераічны эпас каўказскіх народаў: асецін, абхазаў, адыгейцаў, кабардзінцаў, чэркесаў. Вядомы таксама балкарцам, чэчэнцам, інгушам, карачаеўцам і інш. Існуе ў празаічнай і вершаванай форме. У яго аснове — стараж. аланскі эпічны цыкл 7—4 ст. да н.э. Першыя запісы зроблены ў сярэдзіне 19 ст.
Апавядае пра легендарны народ — бясстрашных, свабодалюбівых, знаходлівых і жыццярадасных нартаў, іх гераічную барацьбу з захопнікамі. Архаічныя рысы эпасу: фрагменты этыялагічных міфаў (пра паходжанне культ. раслін, зброі і інш), матывы сваяцкіх сувязей ці барацьбы з багамі, сваркі паміж роламі і кроўная помста, грабежніцкія паходы, якія ўзначальвалі выбарныя правадыры, мужчынскія нарады і інш. Вакол асн. герояў эпасу сфарміраваліся цыклы сказанняў: пра родапачынальнікаў нартаў у асецінскім эпасе — Урызмагу і Сата́не (у абхазаў і адыгейцаў — Сатаней), мудрай дарадчыцы волатаў; пра Сослана (Созрука, у адыгейцаў — Сосрука, абхазаў — Сасрыква), які спалучае ў сабе сілу, храбрасць і магічныя здольнасці з функцыямі культавага героя (ён здабывае агонь); пра самага моцнага з нартаў Батрадза, загартаванага ў агні; пра сейбіта сварак і махляра Сырдона і інш. Эпас вылучаецца багаццем сюжэтаў, гумарам.
Публ.: Нарты: Адыгейский героич. эпос. М., 1974; Сказания о нартах: Осетин. эпос М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),
бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).
Тв.:
Rozamunda. Wilno, 1844;
Barbara. Wilno, 1844;
Jadwiga. Paryż, 1845;
Rèves d’amour de gloir et de liberté. Paris, 1845;
Katarzyna Wielka. Paryż, 1846.
Jlim.: Александровіч С.Х. Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі: З гісторыі бел.-пол. літ. і грамадска-паліт.сувязей у 40-я гг. XIX ст.Мн., 1975.