гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен.справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛЮ́ЧНЫ АКТ НАРА́ДЫ ПА БЯСПЕЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ, Хельсінкскі акт. Падпісаны 1.8.1975 у Хельсінкі кіраўнікамі урадаў 33 еўрап. дзяржаў, а таксама ЗША і Канады. У ім зафіксаваны дамоўленасці, дасягнутыя на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, у т. л. 10 прынцыпаў узаемаадносін паміж дзяржавамі ( т.зв. Кодэкс мірнага суіснавання): суверэнная роўнасць, павага правоў, уласцівых суверэнітэту; непрымяненне сілы ці пагрозы сілай; непарушнасць граніц; тэр. цэласнасць дзяржаў; мірнае ўрэгуляванне спрэчак; неўмяшанне ва ўнутр.справы; павага правоў чалавека і асн. свабод; раўнапраўе і права народаў самастойна вызначаць свой лёс; супрацоўніцтва паміж дзяржавамі; добрасумленнае выкананне абавязкаў па міжнар. праве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЯДЗІ́НСКІ (Юрый Мікалаевіч) (10.12.1898, г. Адэса, Украіна — 24.11.1959),
расійскі пісьменнік. Адзін з кіраўнікоў Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Аповесці «Тыдзень» (1922), «Камісары» (1925) пра грамадз. вайну. Жыццю і побыту народаў Каўказа, іх мінуламу прысвяціў раман «Баташ і Батай» (1940—41), трылогію «Горы і людзі» (1947), «Зарава» (1952) і «Раніца Саветаў» (1957). Аўтар раманаў «Заўтра» (1923), «Паварот» (1927), «Нараджэнне героя» (1930), аповесцей «Паездка ў Крым» (1957), «Справы сямейныя» (апубл. 1962), мемуараў «Сучаснікі» (1958), «Сувязь часоў», «Выхаванне душы» (абедзве апубл. 1962), п’ес, нарысаў і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Либединская Л. Зеленая лампа: Воспоминания. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТ,
агульная назва ў ВКЛзаканад. актаў, кодэксаў права, распарадчых і суд. дакументаў, прыватнаправавых актаў, пасланняў і інш. Вядомы: Л. ваенны — прадпісанне шляхце на мабілізацыю; Л. вываланы — дакумент аб пазбаўленні пэўнай асобы грамадзянскіх правоў і выгнанні з краіны; Л. глейтоўны — дакумент пра адтэрміноўку выканання суд. прыгавору да разгляду справы ў велікакняжацкім судзе; Л. жалезны — дакумент пра адтэрміноўку выплаты даўгоў або прыцягнення да суд. адказнасці за даўгі; Л. заручны — пісьмовая гарантыя аховы жыцця, здароўя і маёмасці адной асобы ад замахаў другой; Л. сеймавы — распараджэнне пра скліканне сейма, сеймікаў, а таксама паведамленне аб прынятых на сейме рашэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́ЧКА,
гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАВО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ,
згода бакоў на спыненне ў любой стадыі суд. працэсу суд. спрэчкі на аснове ўзаемных уступак. Паводле цывільнага працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь магчымасць вырашэння спрэчкі шляхам М.п. суддзя высвятляе і ў працэсе падрыхтоўкі справы да суд. разбору. Кантроль за законнасцю М.п. належыць суду: ён не зацвярджае М.п., калі яно супярэчыць закону або парушае чые-н. правы ці інтарэсы, якія ахоўваюцца законам. Умовы М.п., выкладзеныя бокам у суд. пасяджэнні, заносяцца ў пратакол суд. пасяджэння і падпісваюцца абодвума бакамі. Пры зацвярджэнні М.п. суд выносіць вызначэнне пра спыненне вядзення па справе, у якім указваюцца ўмовы М.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Ж (франц. passage літар. праход, пераход),
1)у музыцы — паслядоўнасць гукаў у хуткім тэмпе (з 16 ст.), характэрная для віртуознай музыкі і цяжкая для выканання. Бываюць гамападобныя, акордавыя і мяшаныя. У віртуозных творах буйнейшых кампазітараў напоўнены значным меладычным зместам (фп. эцюды Ф.Ліста, Ф.Шапэна).
2) У архітэктуры — тып гандл. ці дзелавога будынка, у якім магазіны, канторскія памяшканні размешчаны ярусамі па баках шырокага праходу з зашклёным пакрыццем. Будавалі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Еўропе.
3) Адзін з відаў верхавой язды — высокая рытмічная рысь.
4) У пераносным сэнсе — нечаканае здарэнне, дзіўны паварот справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ННЕ СУДА́,
пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш.суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Мікалай Якаўлевіч) (1845, г. Разань, Расія —9.12.1898),
рускі драматург. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1865—69). Першая п’еса — «Куды падзецца» (1866). У гісторыю рус.т-ра ўвайшоў як аўтар п’ес, напісаных разам з А.Астроўскім: «Шчаслівы дзень» (1877), «Жаніцьба Бялугіна» (1878), «Дзікунка» (1880), «Свеціць, ды не грэе» (1881). Самастойна стварыў п’есы «На парозе да справы» (1879), «Мядовы месяц» (1881), «Ліквідацыя» (1883), «Выпадак выратаваў!» (1884) і інш. С. — майстар моўных характарыстык персанажаў, пабудовы канфлікту.
Тв.:
У кн.: Островский А.Н. Полн. собр. соч М., 1977. Т. 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАБА́Н (Віталь Уладзіміравіч) (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, літаратуразнавец. Канд.гіст.н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1972 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1992—95 заг. рэдакцыі). З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны, з 2002 у Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел.нац. руху, культуры 19 — пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст. (у зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918—1919 гг.», укл. з В.Дз.Селяменевым, 2000) і інш. Адзін са складальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.М.Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Р.П.Платонаў» (2000), «М.В.Доўнар-Запольскі» (2001). Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. фільмаў пра Ц.Гартнага, У.Ігнатоўскага, Я.Купалу і інш.
Тв.:
Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. №2;
Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1986;
«Хай ведаюць патомкі...»: Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. // Роднае слова. 1997. №8;
Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: прабл. збору, захавання і выдання // Архівы і справаводства. 2000. №1.