матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.
Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.Лок, Г.Лейбніц, Э.Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЙ ГО́ЛОС»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 6(19).1 да 22.8(4.9).1906 у Магілёве на рус. мове. Мела намер служыць усеагульнай паліт. свабодзе, выказвалася ў падтрымку нац.-вызв. руху і рэвалюцыі. Змяшчала артыкулы пра ролю розных класаў у рэвалюцыі, выступала з прапагандай марксісцкага погляду на грамадства (арт. «Аб Л.М.Талстым і пралетарыяце», «Папулярныя гурткі» і інш.). Давала станоўчую ацэнку творчасці Л.Андрэева, М.Горкага, часам суб’ектыўную — Л.Талстога. Ў аддзеле «Тэатр і музыка» асвятляла культ.-асв. дзейнасць у Гомелі. За падтрымку рэвалюцыі і арганізацыю збору ахвяраванняў для ссыльных газета неаднаразова падвяргалася праследаванням.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТО́НАЎ ЦЫКЛ,
19-гадовы каляндарны цыкл (6940 сут), які служыць для ўзгаднення працягласці сінадычнага месяца і сонечнага года ў месяцава-сонечных календарах.
Прапанаваны ў 433 да н.э. афінскім вучоным Метанам і лёг у аснову стараж.-грэч. календара. М.ц. звязаны з набліжанай (з дакладнасцю да некалькіх гадзін) роўнасцю: 19 трапічных гадоў = 235 сінадычным месяцам. Хібнасць у зруху фаз Месяца складае 1 сут за 219 гадоў. М.ц. складаецца з 12 гадоў па 12 месяцаў і 7 гадоў па 13 месяцаў (з устаўным месяцам). 125 месяцаў «поўныя» — па 30 сут, а астатнія 110 «пустыя» — па 29 сут. М.ц. выкарыстоўваецца ў яўр. і інш. календарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ ЭНЕ́РГІІў біялагічных працэсах,
пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял.сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКНО́,
канструкцыйна-мастацкі элемент пабудовы, які служыць для асвятлення, натуральнай вентыляцыі будынка. Найб. архаічнае акно — адтуліна ў 2 сумежных вянках драўлянай сцяны і валаковае (зачынялася звонку драўлянай засаўкай — волакам). У архітэктуры готыкі былі пашыраны вокны са спічастым завяршэннем, у архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму — прамавугольныя, лучковыя, арачныя, паўцыркульныя, падковападобныя, крыжовыя, у выглядзе разеткі або картуша, круглыя, авальныя і інш., якія аздабляліся філянговымі абрамленнямі, рустам, стылізаванымі порцікамі, завяршаліся франтонамі, сандрыкамі, аканіцамі і інш.
Да арт.Акно. Схемы вокнаў: 1 — валаковае; 2 — прамавугольнае; 3 — квадратнае; 4 — рамбічнае; 5 — «картушовае»; 6 — круглае; 7 — прамавугольнае з трохгранным завяршэннем; 8 — прамавугольнае са спічастым завяршэннем; 9 — прамавугольнае з паўцыркульным завяршэннем; 10 — «венецыянскае»; 11 — спараныя вокны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПО́ЎНЕНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
пластмасы, напаўняльнікамі у якіх служыцьгаз. Адносяцца да дысперсных сістэм тыпу «цвёрдае цела — газ».
Падзяляюцца ўмоўна на пенапласты і парапласты (адпаведна з асобнымі і злучанымі порамі), у залежнасці ад пругкіх характарыстык — на цвёрдыя, паўцвёрдыя і эластычныя. Шчыльн. 20—820 кг/м³, маюць добрыя цепла-, гука- і электраізалюючыя ўласцівасці. Атрымліваюць на аснове любых палімераў, якія ў вязкацякучым стане насычаюць інертным газам ці лёгкакіпячай вадкасцю або змешваюць з цвёрдым газаўтваральнікам. Выкарыстоўваюць для запаўнення шматслаёвых канструкцый, цеплаізаляцыі халадзільных установак, вытв-сці плывучых сродкаў, у якасці фільтраў для газу і вадкасцей, як амартызацыйны матэрыял (напр., у вытв-сці мэблі).
Літ.:
Тараканов О.Г., Шамов М.В., Альперн В.Д. Наполненные пенопласты. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНЫ СКАЗ,
сказ з рознымі аб’ектыўна-мадальнымі значэннямі, які служыць для выражэння эмацыянальна-ацэначных адносін да рэчаіснасці. Канструктыўныя элементы К.с.: выклічнікі, эмацыянальныя часціцы і клічная інтанацыя, якая заўсёды мае эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку — узрушанасць, урачыстасць і да т.п. Па характары вымаўлення клічнымі могуць быць апавядальныя сказы, пытальныя сказы і пабуджальныя сказы. У адрозненне ад няклічных сказаў К.с. вымаўляецца больш высокім напружаным тонам. Характэрна прэпазіцыя выказніка ці інш. члена сказа, які нясе інфарм. нагрузку. У канцы К.с. ставіцца клічнік. Шырока выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі, у публіцыстыцы, мове маст. л-ры («Мой родны кут, як ты мне мілы!...»); не ўласцівы навук. і афіцыйна-дзелавому стылям мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТА́Р,
цукрыстая вадкасць, сакрэт нектарнікаў кветкавых раслін. Уяўляе сабою водны раствор цукроў (пераважна цукрозы, глюкозы і фруктозы) з невял. дамешкам азоцістых рэчываў, арган.к-т, дэкстрынаў, мінер. солей, спіртоў, ферментаў, фітагармонаў, эфірных алеяў і інш. Выдзяляецца пры цвіценні. Канцэнтрацыя Н. залежыць ад віду расліны (як і склад цукроў) і надвор’я (вільготнасці і інш.), колькасць — таксама ад узросту расліны, стадыі цвіцення, часу дня, глебавых і інш. умоў. Прываблівае да кветак жывёл-апыляльнікаў (пераважна насякомых), для якіх служыць кормам; уплывае на прарастанне пылку, апладненне, развіццё завязі і інш.; валодае бактэрыястатычным дзеяннем. Меданосныя пчолы ўздзеяннем ферментамі і выпарэннем ч. вады ператвараюць Н. у мёд. Н. некат. ядавітых раслін і мёд з яго атрутныя для чалавека, часам для пчол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЫ́ЛКА (у традыц. логіцы),
суджэнне, якое служыць асновай для заключэння (вываду) і з’яўляецца неабходнай часткай любога розумазаключэння. П. могуць быць факты або суджэнні пра факты, прынцыпы, аксіёмы, пастулаты і інш., увогуле ўсякія з’явы або выказванні — зыходныя даныя, з якіх непасрэдна ці шляхам разважання можна вылучыць якую-н. новую інфармацыю (П. індукцыі і П. дэдукцыі). У непасрэдным розумазаключэнні вывад робіцца з адной П.; у дэдукцыйным — як правіла, з 2 П. (большая і меншая); у індукцыйным — больш як з 2 П. Асн. патрабаванне да П. — іх ісціннасць. Калі П. ісцінныя і ў працэсе розумазаключэння спалучаны па законах логікі, тады вывад (заключэнне) будзе ісцінным. П. — неабходная ўмова лагічнай аргументацыі або доказу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́Т (франц. maquette ад італьян. macchietta накід) у архітэктуры, аб’ёмна-прасторавае адлюстраванне будынка, арх. ансамбля, горада, якія будуюцца ці праектуюцца. Выконваецца з паперы, кардону, дрэва, пластмасы, гіпсу і інш. матэрыялаў у розных маштабах. Узнаўляе арыгінал ва ўсіх дэталях (наз. мадэллю) або набліжаны да яго. Служыць для праверкі і ўдасканалення арх. кампазіцыі. М. як адзін з метадаў распрацоўкі арх. праекта вядомы са старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18—19 ст. Выкарыстоўваецца пры праектаванні ці рэканструкцыі асобных жылых і грамадскіх будынкаў, забудовы вуліц, плошчаў, мікрараёнаў, генпланаў комплексаў, гарадоў. Макетны метад найб. пашыраны ў конкурсным праектаванні і ў навуч. працэсе пры падрыхтоўцы арх. кадраў. З’яўляецца таксама важным элементам экспазіцыі музеяў.