ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,

буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.

У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс. чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак. К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Дьвовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак. ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.

Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.

У Беларусі, як і ўсюды ў б. Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел. нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел. нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.

Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.

Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г. М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.

Літ.:

Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;

Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;

Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;

Ленін У.І. Тв. Т. 1-45. Мн., 1948—74;

Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;

Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;

Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;

Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.

І.М.Ігнаценка.

Да арт. Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.
Да арт. Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.
Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх. ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт. гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс. км². Нас. 58 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).

Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.

Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.

Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.

Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд. т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд. т) і прыродны газ (1400 млрд. м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).

Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс. чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн. чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн. чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км2 у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс. ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст. н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл. Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам І (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл. Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл. Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.Кета, 1549). Перамяшчэнне гал. гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ. дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт. Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн. бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс. арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст. англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-ва дзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.

Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).

З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б. герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс. чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн. чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял. ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.

З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац. эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.

Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн. чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.

Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл. Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт. тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл. ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг. прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн. т, бурага 10 млн. т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн. т, прыроднага газу — 48 млрд. м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр. прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн. т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд. кВт·гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн. т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і ​1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш. Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст. прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч. прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.

Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн. ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (​1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (​3/5 ворыва, збор 22,5 млн. т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.

Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн. т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс. км (1994), у т. л. 4,5 тыс. км электрыфікавана. Гал. чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч. ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс. км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс. км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс. км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн. гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн. чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс. чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс. чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс. чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс. чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш. ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн. навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.

На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж. агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац. б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац. б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс. інш. перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі І ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.

Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст. Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.

Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы І гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар. т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.Грын, Т.Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.Хейвуд, Т.Дэкер, Ф.Бомант і Дж.Флетчэр.

Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.Дон, Дж.Херберт), лірыка кавалераў (Э.Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.Беньяна, паэзія і драматургія Дж.Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.Уічэрлі, У.Конірыў, Дж.Этэрыдж, Дж.Ванбру, Дж.Фаркер). Паэма Дж.Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.Юнга, Т.Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кі нар. балад Т.Персі, Дж.Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.Уолпала і Г.Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал. рэаліст. раманаў звязала Дж.Осцін («Гордасць і прадузятасць»).

Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.Дж.Булвер-Літан, Ш.Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.Эліята («Млын на Флосе») і Дж.Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.Хардзі і С.Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.Мура і Дж.Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.Браўнінг, геданістычная — Э.Фіцджэралда (пераклады А.Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.Рэскін і У.Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.Г.Расеці і К.Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.Ч.Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.Бенета («Клейхенгер»), К.Мэнсфілд, А.Э.Копарда, Э.М.Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.К.Джэром, марыністыку — Дж.Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.Мейсфілд, У.Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.Паўнд).

Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.Брук, З.Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.С.Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.Х.Одэн, С.Спендэр, С.Д.Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.Г.Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.Бары, Дж.Б.Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.Кэры).

У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.Сілітаў і С.Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.Кларк, Дж.Уіндэм, Дж.Г.Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.Фаўлс, С.Хіл, М.Дрэбл, Ч.Дж.Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.Х’юз, Ф.Ларкін).

У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.Стопарда, «Грошы» М.Эліса, «Лэрнэк» Э.Грэя, «Ногі ў цырку» А.Картэра, «Сорам» С.Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.Барнс, Э.Бёрджэс, Т.Шарп, Г.Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.Бернтан, Э.Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.Мэя і інш. Бел. перакладчыкі: Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Семяжон, а таксама В.Валынскі, В.Небышынец, А.Разанаў, Я.Рапановіч, С.Шупа і інш. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Паўночная Ірландыя, Шатландыя.

Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст. н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.Ванбру, Н.Хоксмар). У.Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял. індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст. англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.Тэлфард, Р.Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.Бэры, А.П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.Скот, Н.Шо, Ч.Ф.Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.Фрай, О.Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.Мэцью, Л.Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.Спенс, 1954—62).

Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш. еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.Хіліярд, А.Олівер, С.Купер, жывапісцы У.Добсан, Дж.Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.Рэберна, Дж.Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.Ромні, Т.Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.Крома, акварэлі Дж.Козенса і Т.Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.Морленда і Дж.Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.Гілрэй, Т.Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.С.Котмен і Д.Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.Г.Расеці, Э.Мілес, Х.Хант, У.Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.Сікерт, У.Стыр, У.Фрыт, Х.Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.Джон, У.Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.Сміт, А.Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.Льюіс), сюррэалізм (С.Спенсер, Г.Сазерленд, П.Нэш, Ф.Бейкан), абстракцыянізм (Б.Нікалсан, Б.Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.Мур, К.Армітэдж), поп-арт (П.Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт. Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.

Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн. інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб. стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк. прафес. муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.Бул, А.Гібанс, К.Тай, Дж.Тавернер, Т.Таліс, Дж.Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ. муз. т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.Ферабоска, браты Г. і У.Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн. муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.Гея і І.К.Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.Арн, У.Бенет, Г.Бішап, М.Балф, Дж.Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.Салівена і С.Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап. муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Дж.Вердзі, А.Дворжак, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў; створаны т-р «Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв. англ. муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.Элгар, Х.Пэры, Ф.Дыліус, Г.Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.Айрленд, Ф.Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.Тыпет, Л.Берклі, А.Бліс, А.Бенджамін; дырыжоры Дж.Барбіролі, Т.Бічэм, М.Сарджэнт, А.Боўлт; піяністы Дж.Мур, Дж.Огдан; вакалісты К.Ферыер, Дж.Мак-Кормак, П.Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л. Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.

Тэатр. Вытокі англ. т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк. т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ. тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р «Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.Шоу, Дж.Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.Рычардсана, М.Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.Літлвуд, П.Хол, Т.Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ. т-ра пачаўся з п’есы Дж.Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ. т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр. навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр. ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.

Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.Колінз, Дж.Уільямсан і Дж.А.Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.Лоўтан, Р.Донат, Л.Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.Джэнінгс, С.Джыліят, Ф.Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.Макендрык, Г.Карнеліус, Дж. і Р.Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.Лестэра, П.Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш. Гал. навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).

Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн. Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел. хрысц. акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел. к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел. б-ка і музей імя Ф.Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт. «Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк. «Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел. хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).

Літ.:

Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;

Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;

Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;

Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;

Аникст А. История английской литературы. М., 1956;

Английская литсратура, 1945—1980. М., 1987;

Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;

Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;

Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;

Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;

Raynor H. Music in England. London, 1980;

Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.Я.Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.А.Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.П.Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.М.Саркісава, В.В.Халіпаў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),

трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн. км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс. км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн. км2 (у т.л. суша 149,1 млн. км2, або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн. км2, або 70,8%), аб’ём 1083·10​12 км3, маса 5976·10​21 кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс. км2). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс. км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6·10​11 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд. км3. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.

Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля ​2/з паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля ​1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр. атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,1510​15 т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б. ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш ​1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс. км і 22 тыс. км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).

Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5·10​12 т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).

Літ.:

Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.

В.П.Якушка.

Да арт. Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.
Да арт. Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.
Да арт. Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.

т. 7, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

Рэспубліка Малдова (Republica Moldova), дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на 3 з Румыніяй (па р. Прут), на Пн, У і Пд з Украінай. Пл. 33,7 тыс. км2. Нас. 4,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — малдаўская. Сталіца — г. Кішынёў. Падзяляецца на 40 раёнаў. У 1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі Гагаузіі (Гагауз Еры). Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 жніўня).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (104 дэпутаты, выбраныя на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае парламент паводле прадстаўлення прэзідэнта.

Прырода. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты з чаргаваннем узвышшаў (22,4% тэрыторыі), плато і раўнін (77,6%). На Пн краіны Паўн.-Малдаўскае плато — плоская раўніна з асобнымі ўзгоркамі-астанцамі. У цэнтры ўзв. Кодры з найвыш. пунктам г. Баланешты (выш. да 429 м). На Пд Паўд.-Малдаўская і Паўд.-Бесарабская раўніны. Моцна развіта эрозія, існуе больш за 100 тыс. яроў. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца на паўд.-зах. ускраіне Рус. платформы, крышт. фундамент якой перакрыты тоўшчай асадкавых парод (ад палеазойскіх да антрапагенавых). Карысныя выкапні: вапнякі, гіпс, гліны, пяскі, мергель, нафта, газ, буры вугаль. Ёсць лячэбныя мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і працяглым гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C (Кішынёў), ліп. 20,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на Пн і ў Кодрах да 380 мм на Пд. Рачная сетка разгалінаваная: 3085 пастаянных і часовых вадацёкаў, з іх толькі 246 даўжэй за 10 км. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Рэут, Ікел, Бык, Ботна) і Прут. Азёры поймавыя, найб. Белеў, Ратунда, Драчэле і інш. Глебы пераважна чарназёмныя, вышэй за 250—270 м шэрыя і бурыя лясныя, у поймах рэк — алювіяльна-лугавыя. Большая ч. тэрыторыі разарана. Расліннасць стэпавых і лесастэпавых відаў (кавыль, ціпчак, стэпавая вішня) захавалася плямамі. Лясы займаюць 9,6% тэрыторыі (бук, дуб, граб, клён, ясень і інш.). У складзе фауны 400 відаў пазваночных і 4600 беспазваночных жывёл. З млекакормячых водзяцца дзік, казуля, воўк, ліс, дзікі кот і інш. 257 відаў птушак (стэпавы арол, сава, жаваранак, сойка). Больш за 80 відаў рыб. Запаведнікі: Кодры, Егарлык.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — малдаване (64,5%). Жывуць таксама ўкраінцы (13,8%), рускія (13%), гагаузы (3,5%), балгары (2%), беларусы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — праваслаўныя хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км2. Найб. шчыльна заселены цэнтр. і паўд.-ўсх. раёны, найменш — паўднёвыя. Гар. насельніцтва 54% (1998). Найб. гарады (1998, тыс. чал.): Кішынёў (752,1), Ціраспаль (192,1), Бэлць (155,6), Бендэр (138,4). 41,6% занятых у эканоміцы прыпадае на сельскую гаспадарку, 14,8% — прам-сць і буд-ва, 43,6% — сферу паслуг.

Гісторыя. На тэр. М. чалавек з’явіўся у эпоху палеаліту. У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала трыпольская культура. У 6 ст. да н.э. ў вусці р. Днестр стараж.-грэч. каланісты з Мілета заснавалі г. Тыра (цяпер Белгарад-Днястроўскі, Украіна). У 4—3 ст. да н.э. міжрэчча Прута, Днястра і землі каля Чорнага м. насялялі геты і дакі. У 1 ст. да н.э. тут уладарыў Берэбіста (Бурэвіста) — правадыр гета-дакійскага плем. саюза. З 1—2 ст. гэтыя землі межавалі з уладаннямі Стараж. Рыма ў Паўн. Прычарнамор’і і Дакіі, у 2—4 ст. тут жылі плямёны чарняхоўскай культуры (сарматы, гета-дакі, скіфы, готы). З 6—7 ст. паміж Усх. Карпатамі і Днястром жылі стараж. славяне, у т.л. ў 9—12 ст. улічы і ціверцы. У 10—12 ст. частка зямель М. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і Галіцкага княства; у выніку ўварванняў сюды печанегаў і полаўцаў славяне вынішчаны або выцеснены на Пн. У 12—13 ст. на тэр. гістарычнай вобл. Малдовы, пазней і Бесарабіі, перасяліліся з-за Карпат волахі (валахі, улахі) — продкі сучасных румынаў і малдаван, якія паступова асімілявалі апошніх мясц. славян. Пасля 1241 да 1-й пал. 14 ст. землі паміж Усх. Карпатамі і Днястром былі пад уладай Залатой Арды. У 1-й пал. 14 ст. далінай р. Малдова завалодала Венгрыя. У 1359 узнікла самаст. Малдаўскае княства, якое да канца 14 ст. пашырылася і ўключала Малдову (тэр. ядро), Бесарабію і Букавіну. Яно найб. узмацнілася ў час праўлення гаспадароў (князёў) Аляксандра Добрага [1400—32] і Стэфана III Вялікага [1457—1504], Атрады Малд. княства (з 1387 фармальна васал Польшчы) удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410. У 14—16 ст. левабярэжжа Днястра было ў складзе ВКЛ. У 16 ст. паўд. частку левабярэжжа заваявалі туркі, паўночная з 1569 (акрамя панавання тут у 1672—99 туркаў) уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З 16 ст. Малд. княства ў васальнай залежнасці ад Асманскай імперыі, якая захапіла Паўд. Бесарабію з гарадамі Бендэр, Ізмаіл, Кілія, Акерман, а ў 18 ст. і Хацін з акругай. М. плаціла даніну, прымусова пастаўляла Турцыі с.-г. прадукты, удзельнічала ў войнах на яе баку. Жыхары М. значна цярпелі ад набегаў падвасальных Турцыі крымскіх татар і нагайцаў (у 16 ст. паселены туркамі ў прычарнаморскіх стэпах паміж Дунаем і Дняпром) і баявых дзеянняў на тэр. М. ў час войнаў Турцыі з Польшчай (17 ст.), Аўстрыяй і Расіяй (18 ст.). У 16—17 ст. большасць малд. сялян запрыгонена (афіцыйна паводле «Улажэння» 1646 гаспадара В.Дупу). З 1711 тур. султаны прызначалі гаспадарамі М. знатных грэкаў-фанарыётаў, што яшчэ больш узмацніла нац. ўціск малд. насельніцтва. У 16—18 ст. багацце малд. феадалаў (баяр) залежала ад іх становішча пры двары гаспадара, бо за дзярж. пасадамі замацоўваліся буйныя зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі. Жыхары М. неаднаразова паўставалі супраць тур. панавання, у т.л. пад кіраўніцгвам гаспадароў І.Лютага (1574) і Дз.Кантэміра (1711). У крас. 1711 Кантэмір заключыў з Пятром I дагавор аб ваен. саюзе і пратэктараце Расіі над М., на чале малд. войска ўдзельнічаў у Пруцкім паходзе 1711. Паводле «Улажэння» 1749 гаспадара К.Маўракардата катэгорыя прыгонных сялян (вечынаў) скасавана і пераўтворана ў феадальна-залежных, але асабіста свабодных царан. Паводле Яскага мірнага дагавора 1791, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91, паўд. частка левабярэжжа Днястра, а паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і паўночная (з 17 ст. тут сяліліся малдаване) далучаны да Расіі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812, якім скончылася рус.-тур. вайна 1806—12, да Расіі далучана і Бесарабія (да 50% тэр. і 25% насельніцтва М.) з цэнтрам у Кішынёве. Малд. баяры атрымалі правы рас. дваран, сяляне захавалі асабістую свабоду. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 у Малд. княства, потым (з 1862) у Румынію ўваходзіла паўд.-зах. частка Бесарабіі (пасля рус.-тур. вайны 1877—78 у выніку Берлінскага кангрэса 1878 далучана да Расіі). У 19 ст. актывізавалася с.-г. і прамысл. развіццё Бесарабіі, яе паўд. (стэпавую) частку, адкуль у 1807 рас. ўлады выдалілі качэўнікаў-нагайцаў, засялялі каланісты з Расіі, Украіны, Турцыі (балгары і гагаузы) і Германіі. У 1861—75 у Бесарабіі праведзена сял. рэформа. У 1867 са школ выключана малд. мова. У пач. 20 ст. каля 70% с.-г. зямель М. належала памешчыкам, асн. галіной эканомікі Бесарабіі заставалася сельская гаспадарка. У крас. 1917 абвешчана аўтаномія Бесарабіі. 4.12.1917 нац. прадпрымальнікі і інтэлігенцыя склікалі «Сфатул цэрый» («Савет краю»), які 15.12.1917 абвясціў Бесарабію Малд. Народнай Рэспублікай. У студз.сак. 1918 Бесарабію занялі рум. войскі. 10.12.1918 «Сфатул цэрый» абвясціў аб далучэнні яе да Румыніі, што не прызнала Сав. Расія. У 1918—20 левабярэжжа Днястра папераменна было пад акупацыяй войск Аўстрыі, Германіі, С.В.Пятлюры, Антанты, белагвардзейцаў. У выніку агр. рэформы 1921—23 сяляне Бесарабіі страцілі каля ⅔ сваёй зямлі, якая была вернута памешчыкам. 12.10.1924 на тэр. Украіны на У ад Днястра, дзе таксама жылі малдаване, сав. ўлады стварылі Малд. Аўт. Сацыяліст. Сав. Рэспубліку (сталіца — г. Балта, з 1929 Ціраспаль). У выніку тайнага дадатку да пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і пасля 2 сав. ультыматумаў Румыніі ад 26 і 27.6.1940 Бесарабія і Паўн. Букавіна 28.6.1940 далучаны да СССР.

2.8.1940 створана Малд. ССР са сталіцай у Кішынёве; паводле спец. герм.-сав. пагаднення тэр. М. пакінулі каля 93 тыс. бесарабскіх немцаў. Паводле рашэння ўрада СССР ад 4.11.1940 Паўн. Букавіна, Хацін з акругай, Ізмаіл і Акерман далучаны да Укр. ССР. Са жн. 1941 М. акупіравана рум. войскамі, якія знішчылі тут каля 64 тыс. чал. Пасля вызвалення Чырв. Арміяй у ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай аперацыі 1944, Адэскай аперацыі 1944 і Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944 адноўлена Малд. ССР, якую як частку СССР паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 прызнала Румынія. Пасля вайны сярод насельніцтва М. павялічылася доля рускіх і ўкраінцаў. У 1950—60-я г. ў М. засн. машына- і прыладабудаванне, электраэнергетыка і інш. галіны прам-сці. У час перабудовы ў СССР у М. пасля 1985 актывізаваўся нац.-культ. рух, які перарос у паліт. рух за выхад з СССР. На мяжы 1980—90-х г. узніклі шматлікія паліт. партыі і грамадскія арг-цыі. З 1990 прыхільнікі румынізацыі краю, найперш члены Хрысц.-дэмакр. нар. фронту, пераважалі ў Вярх. Савеце і ўрадзе М.

23.6.1990 яе Вярх. Савет прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце ўнутры СССР, у вер. ўвёў пасаду прэзідэнта рэспублікі і выбраў прэзідэнтам М.Снегура. Прарум. арыентацыя ўлад М., у т.л. ўвядзенне ў 1989 лац. алфавіта замест прынятага ў 1940 кірылічнага, выклікала канфлікты з гагаузамі (у жн. 1990 абвясцілі сваю рэспубліку на Пд М.), з рус. і ўкр. нац. меншасцямі на У ад Днястра, дзе ў вер. 1990 пры падтрымцы размешчанай там 14-й рас. арміі абвешчана Прыднястроўская Малд. Рэспубліка (ПМР) з цэнтрам у Ціраспалі (абедзве рэспублікі не прызнаваліся малд. кіраўніцтвам). 27.8.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць М. (з мая 1991 наз. Рэспубліка М.). 8.12.1991 у выніку першых усеагульных прэзідэнцкіх выбараў, якія байкатавалі гагаузы і насельніцтва ПМР, прэзідэнтам М. выбраны Снегур. Абвастрэнне адносін паміж кіраўніцтвам М. і ПМР прывяло да ўзбр. Прыднястроўскага канфлікту 1992. Пасля перамогі на першых шматпарт. парламенцкіх выбарах (люты 1994) дамінуючае становішча ў паліт. жыцці краіны заняла Агр.-дэмакр. партыя. У 1994 парламент прыняў канстытуцыю М., якая дэкларавала адмову ад аб’яднання з Румыніяй і магчымасць надання аўтаноміі нац. меншасцям М. (23.12.1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі раёнаў кампактнага пражывання гагаузаў з цэнтрам у г. Камрат). 10.8.1994 падпісана малд.-рас. пагадненне аб вывадзе з ПМР на працягу 3 гадоў 14-й рас. арміі (не зацверджана рас. Дзярж. думай). 20.11.1996 парламент М. ратыфікаваў Еўрап. канвенцыю аб абароне нац. меншасцей. На прэзідэнцкіх выбарах 1.12.1996 прэзідэнтам М. выбраны П.Лучынскі. У 1997 у Маскве Лучынскі і прэзідэнт ПМР І.Смірноў падпісалі Мемарандум аб забеспячэнні значнай аўтаноміі ПМР. На выбарах у парламент у 1998 перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя (Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову»), М. — чл. Садружнасці Незалежных Дзяржаў (з 1991), ААН і Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1992), Савета Еўропы (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 19.11.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Агр.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. нар. фронт, Партыя адраджэння і згоды, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову», Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, Партыя камуністаў М. і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 3518 млн. дол. ЗША (без уліку эканомікі ПМР). Доля прам-сці 48%, сельскай гаспадаркі 35%, сферы паслуг 17%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займае апрацоўчая (98,9%). Гал. галіна — харчовая (41,3%), якая працуе пераважна на мясц. сыравіне. Найб. развіта вінаробная прам-сць — больш за 200 цэнтраў па першаснай перапрацоўцы вінаграду. Буйныя вінна-каньячныя камбінаты ў Кішынёве, Ціраспалі, Кэлэрашы, шампанскіх він у Кішынёве; па перапрацоўцы вінаграду і фруктаў у Рыбніцы; вінзаводы ў Камраце, Фэлешці, Дубэсары, Сароцы і інш. У 1997 выраблена 18,4 млн. дал вінаграднага віна, 307 тыс. дал каньяку, 1147 тыс. дал пеністых він. Развіта кансервавая прам-сць, якая спецыялізуецца на выпуску кансерваў, сокаў, кампотаў з вінаграду, садавіны і агародніны. Асн. цэнтры Ціраспаль, Бендэр, Кэўшэнь, Кахул, Унгень. Цукр. з-ды размешчаны пераважна на Пн (Рыбніца, Дрокія, Фэлешць і інш.). Прадпрыемствы алейнай прам-сці ў Бэлці, Бендэры, Кішынёве. У М. вырабляецца эфірны алей з ружы, шалфею, мяты, лаванды для патрэб парфумернай, фармацэўтычнай і кандытарскай прам-сці. Буйныя мясакамбінаты ў Кішынёве, Бендэры, Ціраспалі, Бэлці, Унгені. Развіты тытунёвая прам-сць (Кішынёў, Фларэшць, Фэлешць, Дубэсар, Чадыр-Лунга і інш.), масларобная, кандытарская, мукамольная, макаронная і інш. галіны. Вытв-сць (тыс. т, 1998): цукру — 186, алею — 11,3, мяса — 19,7, масла — 2,6, мукі — 93,5, макароны — 9,7. На долю машынабудавання і металаапрацоўкі прыпадае 14,7% прамысл. прадукцыі. Вылучаюцца прыладабудаванне, эл.-тэхн., с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Кішынёў (халадзільнікі, помпы, пральныя машыны, выліч. тэхніка, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, трактары), Ціраспаль (рухавікі, трансфарматары, ліцейнае абсталяванне, аўтапрычэпы), Бэлць (машыны для ўборкі агародніны і тытуню, электрапагрузчыкі, электралямпы). Вытв-сць (тыс. шт., 1998) тэлевізараў — 2, пральных машын — 43,5, халадзільнікаў — 1, радыёпрыёмнікаў — 50,5, трактароў — 0,7. З-д пераробнай чорнай металургіі ў г. Рыбніца. Вытв-сць сталі 740 тыс. т, пракату 646 тыс. т. Электраэнергетыка працуе пераважна на прывазным паліве. Малдаўская ДРЭС, Кішынёўская і Бэлцкая ЦЭЦ. Дубэсарская ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,2 млрд. кВт гадз (1998). З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная (Ціраспаль), шаўковая (Бендэр), дывановая (Кішынёў, Унгень, Камрат, Леова), швейная, трыкат., абутковая (Кішынёў, Бэлць, Рыбніца), футравая (Бэлць). Вытв-сць тканін — 0,6 млн. м², трыкатажу — 2,6 млн. шт., абутку — 0,6 млн. пар. Прадпрыемствы па вытв-сці гумава-тэхн. вырабаў, лакаў, фарбаў у Кішынёве, Ціраспалі, Унгені. У дрэваапр. прам-сці вылучаецца вытв-сць мэблі, паркету, піламатэрыялаў, кардону, тары. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, гіпсу, цэглы, жалезабетонных вырабаў, шкла). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т.л. ворныя землі 1,8 млн. га, сады і вінаграднікі па 0,2 млн. га. Каля 0,3 млн. га арашаецца. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вял. значэнне маюць вінаградарства, вырошчванне пладоў і ягад, цеплалюбівых гатункаў агародніны (перац, памідоры, баклажаны і інш.). Пасяўныя плошчы (тыс. га, 1997) пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі — 1064, тэхн. — 300, кармавымі — 235, бульбай — 70, агароднінай — 65. Збор (тыс. т. 1997): пшаніцы — 1376, кукурузы — 1805, зернебабовых — 64, сланечніку — 204, соі — 3, цукр. буракоў — 1873, тытуню —23, бульбы —441, агародніны — 419, вінаграду — 310, пладоў і ягад — 1055. Пасевы эфіраалейных культур. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы — 453, свіней — 786, авечак і коз — 1108. Конегадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт. Даўж. чыгунак 1,16 тыс. км, аўтадарог 10,5 тыс. км, у т.л. 10,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Асн. чыгункі: Слабодка—Рыбніца—Бэлць—Унгень, Бендэр—Рэні, Адэса—Бендэр—Кішынёў—Бэлць—Чарнаўцы. Аўтадарогі Кішынёў—Ізмаіл, Ціраспаль—Дубэсар—Рыбніца. Суднаходства па р. Днестр. Газаправод Шабялінка—Адэса—Кішынёў. Аб’ём экспарту ў 1997 склаў 874,4 млн. дол., імпарту 1171,9 млн. дол. ЗША. На долю краін СНД прыпадае каля 70% экспарту і 52% імпарту. Асн. гандл. партнёры: Расія (58% экспарту і 28% імпарту), Украіна (5,6% і 18%), Румынія (6,7% і 8,6%), ЗША (6,7% і 3,5%) і інш. М. экспартуе харч. прадукты, тэкстыль, машыны і абсталяванне. З тавараў імпарту пераважаюць паліўна-энергет. рэсурсы, угнаенні, машыны і абсталяванне. Беларусь пастаўляе ў М. бульбу, прадукты перапрацоўкі нафты, трактары, шыны, імпартуе кукурузу, алей, сокі, віно, вінаматэрыялы, цукар. Грашовая адзінка — малдаўскі лей.

Узброеныя сілы. Складаюцца з груповак войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Непасрэднае кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны, якому падпарадкаваны 4 тэр. групоўкі войск (кожная ўключае мотапяхотную брыгаду, верталётную эскадрыллю і інш.). Налічваюць больш за 15 тыс. чал. (1998), на ўзбраенні 117 бронемашын, 168 артыл. сістэм, 30 баявых самалётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын — 69,9 года. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 82 чал., урачамі — 1 на 250 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,5%. Дзіцячая смяротнасць — 46 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі М. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з 3-гадовага ўзросту (з 5 гадоў — падрыхтоўчы клас), пач. і сярэднюю школу, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа (1—4-ы кл., для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту), сярэдняя мае 2 ступені: гімназія — 5—9-ы кл. (9-гадовае навучанне абавязковае) і ліцэй (10—12-ы кл.; дае званне бакалаўра). Паралельна існуюць 10—11-ы кл. агульнаадук. школы (выпускнікі атрымліваюць атэстат аб сярэдняй адукацыі). На ўсіх узроўнях навучанне вядзецца на малд. мове. Існуюць навуч. ўстановы нац. меншасцей (гагаузскія, укр., рус., яўр., балг., тур.). Сярэднюю спец. адукацыю і званне бакалаўра даюць шматпрофільныя школы і вучылішчы на базе гімназіі (тэрмін навучання 3 гады). У сістэме вышэйшай школы ун-ты, акадэміі і каледжы (на базе ліцэя, тэрмін навучання 3 гады па скарочанай праграме, даюць права паступлення ва ун-т на 2-і курс). У 1998/99 навуч. г. ў М. 1700 дашкольных устаноў (160 тыс. дзяцей), у т.л. 3 прыватныя; 107 пач. школ і 631 гімназія, у т.л. па 5 прыватных; 143 ліцэі і 625 агульнаадук. школ, у т.л. па 7 з іх прыватныя; 56 каледжаў, у т.л. 9 прыватных; 38 ВНУ (72,7 тыс. студэнтаў), у т.л. 20 прыватных (13 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя дзярж. ВНУ: Кішынёўскі ун-т, мед., пед., політэхн., с.-г. ун-ты, эканам. акадэмія (усе ў Кішынёве), пед. ун-т у Бэльці; недзярж. — Міжнар. незалежны ун-т «Алім» у Кішынёве і Незалежны ун-т у Ціраспалі. Буйнейшыя б-кі: Нац. і б-ка Нац. АН М. ў Кішынёве. Музеі: Цэнтральны, Карцінная галерэя, прыкладнога мастацтва, гіст. (усе ў Кішынёве); краязнаўчыя ў Кішынёве, Бэлці, Бендэры, Археі, Ціраспалі, Кахуле, Рыбніцы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў НДІ Нац. АН М., галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ў М. каля 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на малд. мове — «Cuvintul» («Слова», з 1990), «Vocea poporului» («Голас народа»), «Literatura şі Arta» («Літаратура і мастацтва»); на рус. — «Независимая Молдова» (з 1991); на малд. і рус. мовах — «Sfatul Ţării» («Савет краіны», з 1918), «Moldova Suverana» («Суверэнная Малдова», з 1924), «Tineretul Moldovei» («Моладзь Малдовы», з 1928), «Viaţa Satului» («Сельскае жыццё», 1945). Выдаюцца таксама газеты на мовах этн. груп: «Ana sӧзу» («Ана созу», на гагаузскай), «Родно слово» (на балг.), «Славянская газета» (на рус.), «Наш голос» (на рус. і ідыш). Інфарм. агенцтва — Малдовапрэс (засн. у 1940 як тэлегр. агенцтва АТЕМ, сучасная назва з 1990). Радыёвяшчанне з 1930. Тэлебачанне з 1953. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на малд., рус., гагаузскай, укр. і інш. мовах.

Літаратура. Вытокі л-ры М. ў вуснай нар. творчасці. Найб. стараж. ўзоры фальклору захаваліся ў каляндарнай, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, легендах, гераічным эпасе, гіст. песнях, баладах, песнях-дойнах і інш. Выдатны помнік малд. ліра-эпічнай нар. паэзіі — балада «Міёрыца». Першыя помнікі пісьменнасці ў М. ўзніклі на мяжы 9—10 ст. на паўд.-слав. мове малд. рэдакцыі (да 17 ст. афіц. дзярж., царк. і літ. мова). На ёй у 15—16 ст. створаны рэлігійна-гіст. творы: «Жыціе святога Іаана Новага» (1402), летапісы, пропаведзі Грыгорыя Цамблака. Першая малд. кніга — «Казанні» (1643) мітрапаліта Варлаама. Уклад у развіццё стараж. малд. л-ры зрабілі летапісцы Г.Урэке (аўтар першага летапісу на малд. мове), М.Косцін (філас. паэма «Жыццё свету», 1671—73), І.Некулчэ («Летапіс Краіны Малдаўскай» — першы звод-апісанне гіст. падзей 1359—1743, дапоўнены легендамі і паданнямі). Развіццю малд. культуры пач. 18 ст. спрыялі М.Мілеску (Спафарый), Дз.Кантэмір. У канцы 18 — пач. 19 ст. склаліся перадумовы для развіцця новай малд. л-ры. Зарадзіліся лірычная паэзія (М.Міло, К.Канакі, І.Кантакузіна, М.Дымакі), сатыра (Д.Белдыман), пашырыліся пераклады з рус., франц. і інш. л-р. Узніклі нац. перыяд. друк, т-р, школа, пачаўся працэс фарміравання літ. мовы. З пач. 19 ст. л-ра набывала больш свецкі характар: творы Канакі, К.Стамаці, А.Хыждэў, Б.П.Хашдэў, у Запруцкай (Зах.) М. — А.Доніча, А.Русы, В.Александры і інш. Развіваліся і суіснавалі розныя літ. кірункі: сентыменталізм (Канакі), класіцызм (Стамаці, Хыждэў, Г.Асакі), рамантызм (І.Крангэ, М.Эмінеску), крытычны рэалізм (Александры), рэалізм (Крангэ, К.Негруцы, А.Мяцяевіч). Узніклі літ. жанры: ода (Асакі, Александры), байка (Доніч, Стамаці), гіст. навела (Хыждэў, Негруцы), драма, памфлет, сатыр. камедыя (Хашдэў, Д.Мілеў, Александры), паэма (Эмінеску), аповесць (Негруцы), казка, апавяданне (Крангэ), публіцыстычны нарыс (Руса, М.Кагэлнічану, Хыждэў), гіст. раман (Хашдэў). Асн. тэндэнцыі л-ры 1920—30-х г. вызначалі проза Л.Барскага, І.Каны, М.Маркава, Мілева, паэзія М.Андрыеску, Л.Карняну, К.Кашэрэў, Т.Малая, драматургія П.Карнеліу, С.Лехтцыра і інш. У цэнтры іх увагі гіст. лёс малд. народа, сац. перамены ў яго жыцці і свядомасці. У Бесарабіі працавалі Э.Букаў, А.Лупан, Д.Ветраў, П.Дарыенка, Л.Дэляну, Б.Істру, М.Кастэнка, П.Кручанюк, Дж.Менюк і інш. У Вял. Айч. вайну найб. пашыранымі жанрамі былі паэзія і публіцыстыка: вершы і артыкулы Букава, Істру, Дарыенкі, Ветрава, Карняну, прасякнутыя героікай і патрыят. пафасам. Вядучае месца ў пасляваен. л-ры заняла паэзія (І.Балцан, Л.Даміян, П.Дарые, Дарыенка, Дэляну, П.Задніпру, А.Кодру). Пашырыўся яе жанравы дыяпазон (верш, лірычны рэпартаж, ода, песня, паэма). Лепшыя традыцыі л-ры М. ў прозе развівалі Кана, Букаў, А.Ліпкан, С.Шляху, Г.Лупан, І.Друцэ, У.Бешлягэ, А.Шалар, І.Чабану, Барскі, Г.Геаргіу, А.Бусуёк, В.Малева, Я.Куткавецкі, Р.Лунгу, А.Марынат; у драматургіі — Друцэ, Карняну, Г.Лупан, Г.Маларчук, Марынат, Р.Партной і інш. У 1960—80-я г. бурна развіваецца раман. Творы гіст., ваен., вясковай тэматыкі, прысвечаныя праблемам урбанізацыі, стваралі Друцэ («Стэпавыя балады», 1963), Чабану («Масты», 1965; «Падгаране», 1982), Шляху («Месяц як жарало гарматы», 1970; «Надзейны чалавек», 1974), С.Сакі («Выпрабаванне», 1972), Марынат («Гарачыя крыніцы», 1973), Маларчук («Бадзя Казма»), Геаргіу («Снягі вясной», 1974) і А.Чыбатару («Сейбіты», 1977), Бешлягэ («Дома», 1976), Г.Мадан («Перакрыжаваныя шаблі», 1977), Ф.Відрашку («На вуліцы Руж», 1977), Малева («Сярэбраны ўзрост», 1979) і інш. У 1970—90-я г. традыцыі пісьменнікаў старэйшага пакалення працягваюць Г.Віеру, А.Чыбатару, П.Боцу, Г.Водэ, І.Ватаману, Э.Лацяну, Даміян, В.Тэлеукэ і інш. Пра тэматычную разнастайнасць паэзіі сведчаць калектыўныя зб-кі вершаў «Пяю маю Айчыну» (1972), «Вобраз твой, Малдова» (1974), «Сузор’е сэрцаў» (1976), «Мая рэспубліка» (1977), а таксама кнігі лірыкі Водэ («Няхай заўсёды цудоўным будзе вобраз твой», 1976; «Сэрца бягучае», 1980), Ватаману («Зялёная калыханка песні», 1978; «Вяршыні кахання», 1981), Тэлеукэ («Імгненні сэрца», 1975; «Спроба не паміраць», 1980), Лацяну («Двайная спіраль», 1976), Боцу («Клятва», 1981) і інш. Для твораў сучаснай л-ры М. характэрны багацце маст. стыляў, жанраў, шматграннасць, надзённасць тэматыкі і праблематыкі, паглыблены сац.-псіхал. аналіз. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра (С.Вангелі, Віеру, Г.Лупан, Дарые, Шалар), крытыка і літ.-знаўства (С.Чыбатару, Х.Корбу). У 1928 створаны Саюз пісьменнікаў М.

Бел.-малд. літ. сувязі пачалі акрэслівацца ў 1940-я г.: першы бел. твор — верш Я.Купалы на малд. мове з’явіўся ў 1939 (перакладчык М.Цуркану). Пашырэнню літ. кантактаў у пасляваен. час спрыялі ўзаемны ўдзел пісьменнікаў у рабоце з’ездаў, іх перакладчыцкая дзейнасць, правядзенне тыдняў л-р (1956 і 1960). На малд. мове выдадзены анталогіі «Беларускія вершы» (1956), «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы» (1962), асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т.л. раман І.Шамякіна «Глыбокая плынь» (1954), паэтычныя творы Я.Купалы — «Хлопчык і лётчык» (1955, перакладчык Задніпру), выбраная лірыка (зб. «Песня ў імя свабоды», 1982; перакладчык Дарые), аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1968) і зб. «Апавяданні аб мінулым» (1958), аповесці Я.Брыля «На парозе сталасці» (1961), Я.Маўра «ТВТ...» (1961), В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), А.Рылько «Мядовыя краскі» (1965), раманы П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі» (1962), У.Дадзіёмава «Над Нёманам» (1963), І.Мележа «Людзі на балоце» (1966) і інш. Творы многіх бел. паэтаў і празаікаў публікуюцца ў малд. перыяд. друку. На бел. мове выдадзены: анталогіі «Малдаўскія апавяданні» (1958), «Паэты сонечнай Малдовы» (1960), «Малдаўскія народныя казкі» (1966), «Бочачка вінароба: Малдаўскі гумар» (1967), кн. прозы «Гронкі радасці: Творы пісьменнікаў Малдавіі і малд. фальклору» (1986), творы для дзяцей, у т.л. казка «Жалезны воўк» (1978), зб-кі вершаў Бешлягэ «Ляцім на Месяц» (1977), Ф.Міронава «Балада пра бусла» (1981), кн. апавяданняў Вангелі «Гугуцэ — капітан карабля» (1983), а таксама асобныя творы розных жанраў: аповесць Шляху «Таварыш Ваня» (1957), зб. апавяданняў В.Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962), раманы Лупан «Трэція пеўні» (1971), Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), зб-кі лір. твораў Букава «Нараджэнне першай зоркі» (1980), Віеру «Імя тваё» (1986) і інш. На старонках бел. газет і часопісаў змяшчаюцца творы Букава, А.Чакану, Даміяна, А.Гужэля, Боцу, Балцана, Дэляну, Кручанюка, П.Керарэ, Тэлеукэ і інш. Найб. плённа перакладалі і перакладаюць творы малд. пісьменнікаў А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Т.Бондар, Я.Брыль, Г.Бураўкін, А.Вольскі, М.Гіль, А.Грачанікаў, Х.Жычка, С.Законнікаў, А.Звонак, У.Казбярук, М.Калачынскі, У.Камейша, У.Карызна, К.Кірэенка, А.Клышка, Я.Лецка, А.Лойка, М.Маляўка, А.Марціновіч, С.Панізнік, У.Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, М.Чарняўскі, А.Шарахоўская, У.Шахавец, В.Шымук, Я.Янішчыц, Р.Яўсееў і інш.

Архітэктура. На тэр. М. выяўлены паселішчы трыпольскай культуры. З 10—11 ст. гарады мелі драўляна- і каменна-земляныя ўмацаванні, з сярэдзіны 15 ст. іх абносілі каменнымі сценамі. У Сароцы і Бендэры пабудаваны крэпасці з магутнымі вежамі і арачнымі ўездамі. Да 16 ст. склаўся мясц. тып 1-нефавага бяскупальнага храма з нартэксам і апсідай (царква Успення ў г. Кэўшэнь, 16 ст.) або з 3 апсідамі ў форме трылісніка (царква Успення манастыра ў Капрыянах, 16 ст.). З 15 ст. ў цэрквах рабілі пахавальні з нішамі ў сценах. Своеасаблівая «малдаўская сістэма» перакрыццяў: 2 ярусы арак падтрымліваюць барабан над цэнтр. ч. храма (царква манастыра ў Рудзі, 1774). Звонку храмы аздаблялі плоскімі нішкамі (фірыдэ) і арачнымі паяскамі (окніцэ), з 17 ст. — урачыстымі «каменнымі карункамі» (партал з багатай разьбой царквы св. Дзімітрыя ў г. Архей). Драўляныя цэрквы 18 ст. звычайна мелі прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатром. Грамадз. пабудовы 14—15 ст. (палацы, лазні) драўляныя або землябітныя, пазней — каменныя (рэшткі замка 14—15 ст. у Археі). У канцы 18 ст. склаўся тып гар. і сельскага дома з выкарыстаннем асобных элементаў класіцызму. У часы тур. панавання (15—18 ст.) многія арх. помнікі разбураны. Ад 16—17 ст. захаваліся пячорныя манастыры ў Сахарне, Жабцы і храмы каля с. Бутучэны, ад 18 ст. — царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве, і інш. З пач. 19 ст. ўзводзілі будынкі, ансамблі, мемарыялы ў стылі класіцызму: кафедральны сабор (1830—35, арх. А.Мельнікаў) і трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі, 1840, арх. І.Заушкевіч) у Кішынёве, мемар. дарычная калона на месцы бітвы 1770 пры р. Кахул (1845, Ф.Бафо), манастыр Цыганешты каля Архея (1846). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў гарадах пераважала 1-павярховая забудова асабнякамі, абкружанымі садамі. Кампазіцыйнай дамінантай былі грамадскія будынкі і цэрквы з каменю і цэглы (Грэчаская царква ў Кішынёве, 1895, арх. А.Бернардацы). У вясковых сядзібах стваралі ландшафтныя паркі (Цаульскі парк каля Тырнава, 1902—15), будавалі цэрквы (царква ў с. Верхнія Кугурэшты Фларэшцкага р-на, 1912—16, арх. А.Шчусеў). У архітэктуры 1920—30-х г. дамінаваў стыль мадэрн. У 1940—50-я г. істотна мянялася структура гарадоў, пракладваліся новыя магістралі, узводзіліся шматпавярховыя грамадскія і жылыя будынкі. У буд-ве выкарыстоўвалі мясц. светлы вапняк, у дэкоры — кераміку, разьбу па камені. У 1960-я г. будавалі паводле тыпавых праектаў з вапняку і жалезабетонных панэляў. З 1970-х г. забудова вядзецца паралельна з рэканструкцыяй гістарычных гар. цэнтраў. Захоўваюцца традыц. формы вясковага дома: драўляны ці каменны дом з ганкам або галерэяй, багата аздоблены разьбой і размалёўкай; будуюць таксама дамы новага тыпу з вял. вокнамі і верандамі, часам 2—3-павярховыя. Для архітэктуры 1980—90-х г. характэрны свабодная планіроўка мікрараёнаў, новыя буд. матэрыялы, колеравыя эфекты, разнастайныя рытмічныя акцэнты, больш маляўнічымі становяцца кампазіцыі мікрараёнаў, грамадскіх·і вытв. комплексаў (жылыя дамы ў мікрараёне № 7 па праспекце Міру і вул. Бельскага, арх. М.Думіх; гасцініца «Інтурыст», арх. А.Гарбунцоў; Палац Рэспублікі; усе ў Кішынёве). У 1945 створаны Саюз архітэктараў М.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія творы мастацтва на тэр. М. адносяцца да позняга палеаліту (рагавы «жэзл» з рэльефнай фігурай), неаліту (арнаментаваная кераміка), трыпольскай культуры (пасудзіны са складаным дэкорам, фігуркамі людзей і жывёл). Выяўлены помнікі культуры фракійцаў (з 9 ст. да н.э.), метал. ўпрыгожанні і зброя, гліняныя і бронз. фігуркі. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. высокім маст. узроўнем вызначаліся керамічныя пасудзіны, залатыя, сярэбраныя і бронз. фібулы, завушніцы, бранзалеты і спражкі. Да культуры стараж. славян адносяцца гліняныя фігуркі божастваў і жывёл, кераміка, ювелірныя вырабы. У 13—14 ст. мастацтва М. зазнала ўплывы рамёстваў Візантыі і мусульм. Усходу, часткова стараж.-рус. маст. культуры. Кніжнай мініяцюры 15—16 ст. характэрны арнаментаваныя застаўкі і гарманічныя колеравыя спалучэнні. У 17 ст. мініяцюры сталі больш экспрэсіўныя, кветкавы ўзор заставак спрасціўся. У размалёўках 18 ст. элементы нар. творчасці спалучаліся з познавізант. і балканскімі традыцыямі (размалёўкі ў царкве Успення ў г. Кэўшэнь з партрэтнымі выявамі царк. старастаў). У іканапісе канца 18 — пач. 19 ст. аб’ёмная лепка твараў спалучалася з плоскаснасцю адзення і фону. Развівалася дыванаткацтва. У 19 ст. ў выяўл. мастацтве пашырыліся свецкія жанры, асабліва партрэт (І.Краус). У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся прафес. мастакі, у 1887 заснавана рысавальная школа (з 1940 Рэсп. маст. вучылішча). У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам рус. перасоўнікаў малд. мастакі стваралі рэаліст. пейзажы, жанравыя карціны, псіхал. партрэты (У.Акушка, Я.Маляшэўская і інш.). У 1920—40-я г. мастацтва М. развівалася ў адзіным рэчышчы з укр. і рус. мастацтвам (карціны А.Файніцкага, плакаты і кніжная графіка Я.Мярэгі і інш.). У мастацтве Бесарабіі дамінавалі мадэрнісцкія плыні, у рэаліст. кірунку працавалі скульпт. А.Пламадзяла, жывапісцы М.Гамбурд, А.Бальер, графік Ш.Коган і інш. У 1941—45 патрыятычныя творы рабілі Л.Дубіноўскі, Гамбурд, Б.Нясведаў. У 1950—80-я г. ў скульптуры манум. сімволіка-алегарычныя і жанравыя кампазіцыі стварылі Дубіноўскі, Ю.Канашын, І.Кітман, Б.Марчанка, паэт. вобраз жанчыны — К.Кабізева. У жывапісе вызначаюцца тэматычныя карціны І.Віеру, М.Грэку, І.Жумація, В.Зазерскай, С.Кучука, В.Русу-Чабану, І.Сцяпанава, партрэты работы А.Зевінай, К.Кітайкі, Г.Саінчука, пейзажы А.Васільева, М.Петрыка. Э.Раманеску; у графіцы — І.Багдэска, Л.Грыгарашанкі, Э.Кілдэску, А.Калыбняка, І.Кырму і інш. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве працавалі С.Булгакаў, К.Ладзейскі, А.Матэр, А.Шубін. У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца дыванаткацтва, кераміка, разьба па дрэве, ювелірнае мастацтва (С.Врынчану, Э.Грэку, С.Чокалаў, М.Рэчылэ, Ф.Нутовіч, Л.Янцэн і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. У аснове малд. нар. музыкі 7-ступенныя дыятанічныя лады. Нар. песня пераважна аднагалосая (трапляецца двухгалоссе). Найб. стараж. песні працоўныя і абрадавыя (калядкі, вясельныя, галашэнні), пашыраны песні-балады і лірычныя, больш познія гар. песні-рамансы. Важнае месца ў малд. фальклоры займаюць дойна і танц. мелодыі — хора, сырба, бэтута. Сярод нар. муз. інструментаў: струнны шчыпковы кобза, язычковы шчыпковы дрымба (варган), духавыя — флуер, кавал (разнавіднасці жалеек), най (флейта Пана), тарагот, чымпой (дуда), бучум (трэмбіта), ударны — цымбалы. Носьбіты традыцый нар. выканальніцтва — лэўтары (ад нар. назвы скрыпкі), сярод якіх вядомы Б.Лэўтару, Я.Пержа, К.Марын, Г.Мурга. Прафес. музыка. пачала развівацца ў сярэдневякоўі ў манастырах, пры княжацкіх дварах, у вайск. асяроддзі. Вядомы малд. кампазітар, тэарэтык і выканаўца 18 ст. кн. Дз.Кантэмір. Муз. жыццё М. ажывілася ў 19 ст.; створаны. Муз.-драм. кансерваторыя Г.Асакі ў г. Ясы (1836), т-ва «Гармонія» (1880, з 1899 Кішынёўскае аддзяленне Рас. муз. т-ва на чале з У.Рэбікавым), муз. вучылішча (1900) у Кішынёве; выдадзены зборнікі нар. песень і танцаў Ф.Ружыцкага, К.Мікулі, Г.Музічэску, Т.Бурады. Вял. ролю ў развіцці малд. муз. культуры канца 19 — пач. 20 ст. адыгралі Е.Тойбер-Асака, А.Флехтэнмахер, Ч.Парумбеску, Музічэску, Мікулі, заснавальнік нац. оперы, інстр. канцэрта і сімф. уверцюры Э.Каўдэла. У 1918—40 вылучыліся дырыжоры В.Булычаў, І.Бейн, хормайстар М.Беразоўскі, кампазітары М.Быркэ, С.Златаў, Я.Кока і інш. У 1930-я г. арганізаваны хар. капэла «Дойна», сімф. аркестр, ансамбль нар. музыкі ў г. Ціраспаль. У станаўленні маст. калектываў, падрыхтоўцы нац. кадраў і стварэнні рэпертуару ўдзельнічалі рус. і ўкр. кампазітары. У 1937 створана малд. аддзяленне пры Саюзе кампазітараў Украіны (Адэса). У 1940—90-я г. ў розных муз. жанрах працавалі Ш.Няга (сімф. «Паэма пра Днестр», 1943; кантата «Штэфан Вялікі», 1946; араторыя «Песня адраджэння», 1951; канцэрт для скрыпкі з арк., 1944), Кока (першыя стр. квартэты), Л.Гураў, С.Лобель, В.Палякоў (сімфоніі) і інш.

У 1957 адкрыты Малд. т-р оперы і балета. Паявіліся оперы Д.Гершфельда («Гразаван!», 1955; «Аўрэлія», 1959; «Сяргей Лазо», 1980), А.Стырчы («Сэрца Домнікі», 1960), З.Ткач («Каза з трыма казлянятамі», 1966; «Галубы ў касую лінейку», 1974; «Крок у бессмяротнасць», 1986; «Мой парыжскі дзядзька», 1987), Г.Нягі («Гліра», 1972; «Залаты рог», 1984), Э.Лазарава («Дракон», 1976), Г.Мусці («Александру Лэпушняну», 1987); балеты Лазарава («Антоній і Клеапатра», 1965), В.Загорскага («Перакрыжаванне», 1977), Ткач («Андрыеш», 1980), Е.Догі («Лучафэрул», 1983) і інш. У жанрах сімф. і камерна-інстр. музыкі, інстр. канцэрта працуюць П.Рывіліс, Ф.Кірыяк, І.Макавей, Г.Няга, В.Біткін. Росквіт песеннага жанру і кінамузыкі звязаны з творчасцю Догі, у песенным жанры працуе К.Руснак. Сярод выканаўцаў: спевакі Т.Алёшына, М.Біешу, Л.Ерафеева, М.Мунцян, Т.Чэбан, дырыжоры Ц.Гуртавой, С.Лункевіч, хар. дырыжор В.Гаршця. У М. дзейнічаюць (1999): Малд. т-р оперы і балета, Малд. муз.-драм. т-р (з 1954), муз.-драм. т-ры ў гарадах Бэлць і Кахул, філармонія ў Кішынёве, пры якой сімф. аркестр, хар. капэла «Дойна», ансамбль нар. танца «Жок», аркестр малд. нар. інструментаў «Флуераш», ансамбль «Лэўтары»; эстр.-сімф. аркестр, стр. квартэт, ансамбль нар. музыкі «Фальклор» Малд. тэлебачання і радыё. Працуюць Малд. акадэмія музыкі, муз. вучылішчы і інш.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. ў нар. творчасці, стараж. абрадах і гульнях. У 14 ст. выступалі прыдворныя і вандроўныя тэатр. групы «Пелівань», «Мэскрэрыч», «Суітар». На мяжы 18—19 ст. пашырыліся формы нар. т-ра, насычаныя музыкай і танцамі («Ірозій», т-р лялькаводаў, гайдуцкі т-р і інш.). У 1816 заснавальнік малд. т-ра Г.Асакі паставіў першы спектакль на малд. мове — пастараль «Міртыл і Хлоя» С.Геснера і Ж.Фларыяна; у 1836—38 ён заснаваў кансерваторыю ў Ясах. У 1839 акцёр і драматург К.Караджале стварыў у Ясах «Т-ва дылетантаў», з якога ўзнік Нац. т-р. Станаўленню нац. тэатр. культуры садзейнічалі драматургі В.Александры, М.Кагэлнічану, К.Негруцы, Б.П.Хашдэў, К.Стамаці-Чура. Асновы рэаліст. школы акцёрскага мастацтва заклаў М.Міло. З сярэдзіны 19 ст. ў т-ры М. рысы класіцызму спалучаліся з рамант. тэндэнцыямі, асветніцкага рэалізму — з крытычным рэалізмам. У Кішынёве выступалі рус. і ўкр. трупы, гастраліравалі вядомыя рус. і ўкр. акцёры. У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў т-р заняпаў, дзейнічалі аматарскія калектывы. У 1927 у г. Балта створаны Малд. драм. т-р, акцёры якога ў 1930 увайшлі ў драм. студыю пад кіраўніцтвам А.Адашава і Н.Панасевіч-Рэміз у Ціраспалі (з 1932 у Адэсе). У 1933 у Ціраспалі адкрыты Першы малд. драм. т-р (з 1939 Малд. муз.-драм. т-р, з 1940 у Кішынёве, з 1957 імя А.Пушкіна). Дзейнічалі Укр. (1930—40) і Рус. (1935; з 1940 у Кішынёве, з 1959 імя А.Чэхава) т-ры. Ставіліся рус. і замежная класіка, п’есы малд. драматургаў. У 1945 у Кішынёве адкрыты т-р лялек «Лікурыч», у 1957 Бэлцкі малд. т-р (з 1966 імя Александры). Вял. ўвага аддавалася п’есам малд. драматургаў А.Лупана, Л.Дэляну, Л.Карняну, Р.Партнога і інш., нац. класіцы («Сынзяна і Пепеля», «Авідзій», «Кірыца ў Ясах» Александры, «Свякроў з трыма нявесткамі» паводле І.Крангэ). У 1960 у Кішынёве засн. маладзёжны т-р «Лучафэрул». Дзейнічаюць «Паэтычны т-р» у Кішынёве, Рус. т-р драмы і камедыі ў Ціраспалі. Сярод лепшых спектакляў: «Эмінеску» М.Штэфэнеску, «Фантан Бландузіі» і «Кірыца ў правінцыі» Александры, «Зямля» І.Падаляну, «Міндора» А.Стрымбяну, «Каса марэ» і «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Маскарад» М.Лермантава, «Рэвізор» М.Гогаля, «Без віны вінаватыя» Астроўскага, «Кароль Лір» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Швейк у другой сусветнай вайне» Б.Брэхта і інш. Вял. ўклад у развіццё т-ра М. зрабілі рэжысёры В.Купча, І.Шкура, акцёры Д.Дарыенка, Н.Масальская, Я.Урэке, К.Штырбу, М.Апосталаў, П.Баракчы, В.Герлак, Т.Грузін, К.Казімірава, К.Канстанцінаў, А.Плацында, Ю.Сакалоў, Л.Шутава, К.Тырцэў і інш. У т-рах М. пастаўлены п’есы бел. драматургаў, у т.л. К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Маўзона, Дз.Курдзіна і інш. У 1987 створаны Саюз тэатр. дзеячаў М.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы на тэр. М створаны ўкр. рэжысёрамі і аператарамі: «Дакументы эпохі» (1927), «На Дунаі» (1940). У 1944 аператар І.Гразноў зняў у Кішынёве спец. выпускі кіначасопіса «Савецкая Малдова», у 1949 рэж. М.Білінскі стварыў першы паўнаметражны дакумент. фільм «Савецкая Малдова». У 1952 засн. Кішынёўская кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў (кінанарысы «Кодры», 1953; «Помнікі баявой славы», 1955, інш.). Першы малд. маст. фільм «Малдаўскія напевы» (1955, рэж. А.Залатніцкі). У 1957 студыя хранікальна-дакумент. фільмаў рэарганізавана ў кінастудыю маст. і хранікальна-дакумент. фільмаў «Малдова-фільм». Здымаліся фільмы камед. («Не на сваім месцы»,1958, рэж. Г.Камароўскі), гіст. («Атаман кодр», 1959, рэж. В.Уліцкая), сучаснай тэматыкі («Я вам пішу...», 1959, рэж. М.Ізраілеў). Сярод лепшых стужак 1960—80-х г. «Армагедон» (1962, рэж. Ізраілеў), «Апошні месяц восені» (1965, рэж. В.Дзербянёў, Гран пры Міжнар. кінафестывалю фільмаў для моладзі ў Канах, 1967), «Сяргей Лазо» (1968, рэж. А.Гардон), «Абвінавачваюцца ў забойстве» (рэж. Б.Волчак), «Дзесяць зім за адно лета» (рэж. В.Гажыу; абодва 1970), «Рызыка» (1971, рэж. В.Паскару), «Дзмітрый Кантэмір» (1973, рэж. В.Іовіцэ і В.Калашнікаў), «Хто каго?» (1977, рэж. А.Кодру), «Лебедзі ў сажалцы» (1982, рэж. Паскару) і інш. Вял. ўклад у развіццё малд. кіно зрабіў рэж. і сцэнарыст Э.Лацяну. З 1968 выпускаюцца анімацыйныя фільмы («Гугуцэ-паштальён», 1976, рэж. К.Балан; «Як знайшлі сябра», 1981, рэж. Л.Домнін, і інш.). З 1971 здымаюцца тэлефільмы: «Чырвонае сонейка» (1972, рэж. Паскару), «I прыйдзе дзень» (1979, рэж. Ізраілеў), «Кодавая назва «Паўднёвы гром» (1980, рэж. Н.Гібу) і інш. З 1972 выпускаецца сатыр. кіначасопіс «Устурыч». Акцёры: М.Валанцір, Р.Грыгорыу, М.Сагайдак, С.Тома, І.Унгурану, І.Шкура і інш. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў М.

Беларусы ў Малдове. Гісторыя з’яўлення бел. дыяспары ў М. малавядома. У 14—16 ст., калі левабярэжная частка М. ўваходзіла ў склад ВКЛ, пасля далучэння М. да Расіі (канец 18 — пач. 19 ст.) і пазней міграцыя беларусаў у М. была нязначнай. Толькі пасля 2-й сусв. вайны тут з’явілася невял. ўстойлівая бел. дыяспара (беларусы прыязджалі пераважна на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым размеркаванні навучэнцаў, сямейных абставінах). У 1959 у М. жыло каля 9 тыс. беларусаў, у 1989 іх колькасць павялічылася да 20 тыс. чал., але сваіх нац. культ.-асв. асяродкаў беларусы там практычна не мелі. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чал. ў 1991—95), невял. колькасць прыбыла ў М. (45 чал. у 1995). У 1990-я г. ў М. створаны і дзейнічаюць: Бел. грамада (Кішынёў), пры якой існуе нядзельная школа, суполка «Беларусь» (Бендэры), аддзел бел. л-ры пры адной з бібліятэк Кішынёва. У вер. 1997 заключана міжурадавае пагадненне аб абароне правоў і інтарэсаў беларусаў у М. і малдаван у Беларусі.

Літ.:

Гросул Я.С. Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982;

Параска П.Ф. Внешнеполитические условия образования Молдавского феодального государства. Кишинев, 1981;

Полевой Л.Л. Раннефеодальная Молдавия, Кишинев, 1985;

Мохов Н.А. Очерки истории формирования молдавского народа. Кишинев, 1978;

Бессарабия на перекрестке европейской дипломатии: Док. и материалы. М., 1996;

Вопросы истории Молдавии XIX — начала XX в.: Сб. ст. Кишинев, 1989;

Пасат В.И. Трудные страницы истории Молдовы, 1940—1950-е гг. М., 1994;

Корбу Х.Г. Становление новой молдавской литературы и проблема творческого метода (1840—1860). Кишинев, 1976;

Чиботару С.С. Формирование социалистического реализма в молдавской литературе, 1917—1941. М., 1974;

Коробан В.П. Современный молдавский роман. М., 1979;

Изобразительное искусство Молдавской ССР. М., 1972;

Лившиц М.Я. Искусство Молдавской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Яго ж. Декоративно-прикладное искусство Молдавии. Кишинев, 1980;

Музыкальная культура Советской Моддавии: Сб. ст. М., 1965;

История музыки народов СССР. Т. 1—6. М., 1970—96;

Себов Н.Д. Становление молдавского музыкального театра. Кишинев, 1983;

Прилепов Д.И. Молдавский театр. М., 1967;

Иорданов И. Кино Молдавии. М., 1981;

Полюхов Н.М., Полюхова М.П. Киноискусство Советской Молдавии. М., 1981.

П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя), Г.В.Ратнікаў (кіно), Т.А.Папоўская (беларусы ў Малдове).

Герб і сцяг Малдовы.
Да арт. Малдова. Малдаўская вёска.
Да арт. Малдова. У каньячным цэху.
Да арт. Малдова. Помнік гаспадару (правіцелю) Стэфану III Вялікаму ў Кішынёве. Скульптар А.М.Пламадзяла. 1925.
Да арт. Малдова. Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Малдовы.
Да арт. Малдова. Царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве. 18 ст.
Да арт. Малдова Малдаўскі тэатр оперы і балета.
Да арт. Малдова. Палац Рэспублікі ў Кішынёве.
Да арт. Малдова. М.Грэку. Восеньскі дзень. 1964.
Да арт. Малдова. Э.Раманеску. Родны край. 1968.
Да арт. Малдова. М.Петрык. Вінаградная чаша. 1974.
Да арт. Малдова. Дыван. Канец 19 ст.
Да арт. Малдова. Ф.Нутовіч. Набор «Юбілейны». 1974.
Да арт. Малдова. М.Рэчылэ. Габелен «Веснавая ралля». 1977.
Да арт. Малдова. І.Віеру. Збор ураджаю. 1972.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс. км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн. Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г. Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх. ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 ммнайб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс. ж.), Гянджа (281 тыс. ж.), Сумгаіт (235 тыс. ж.), Мінгечаур, Шэкі.

Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст. н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл. Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж. мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст. манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц. феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам І. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл. «Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаумянам (гл. Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб. дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав. сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт. вобл. (1923, гл. Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл. Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.

Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб. нар. партыя, Азерб. сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб. сац.-дэмакр. партыя і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн. т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд. м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд. кВт·гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн. т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн. га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн. га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн. га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал. тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс. т, малака — 84,8 тыс. т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.

Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс. чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс. чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс. чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс. чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б. СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.

Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс. ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс. ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп. б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-ка АН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.

Літаратура. Азерб. л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ. азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).

На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац. арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л. нац. арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац. маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.

Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст. найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап. муз. культура. Асновы сучаснай азерб. прафес. муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.

Тэатр. Вытокі азерб. тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац. драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм. драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб. драм. трупа пераўтворана ў Азерб. дзярж. т-р (Азерб. акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн. Азерб. тэатр. т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.

Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц. т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.

Літ.:

Гаджи-заде А.М. Азербайджанский промышленный комплекс. Баку, 1975;

Географический справочник: Новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Кавказ. М., 1966;

История Азербайджана. Т. 1—3. Баку, 1958—63;

История Азербайджана по документам и публикациям: Сб. Баку, 1990;

Рахман-заде Ф. Дар судьбы. Баку, 1990;

Касим-заде Ф. Очерки по истории азербайджанской литературы XIX в. Баку, 1962;

Бретаницкий Л.С., Веймарн Б.В. Искусство Азербайджана IV—XVIII веков. М., 1976;

Эфандиев Р. Декоративно-прикладное искусство Азербайджана. Баку, 1976;

Гаджибеков У. Основы азербайджанской народной музыки. 3 изд. Баку, 1985;

История музыки народов СССР. Т. 1. М., 1966;

История советского драматического театра. Т. 1—4. М., 1966—68;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New York, 1995.

В.К.Міхеева (прырода, гаспадарка), А.Н.Гуліеў, Г.К.Кісялёў, І.Ф.Раманоўскі (гістарычны нарыс), Г.В.Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Азербайджана.
Азербайджан. Горад Баку.
Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.
Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.
Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.
Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.
Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.
Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.
Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.
Да арт. Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВА́ (Lietuva),

Літоўская Рэспубліка (Lietuvos Respublika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Латвіяй, на У і ПдУ з Беларуссю, на ПдЗ з Польшчай і Расіяй, на 3 абмываецца водамі Балтыйскага м. Пл. 65,2 тыс. км2. Нас. 3,6 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — літоўская. Сталіца — г. Вільнюс. Падзяляецца на 10 паветаў і 11 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. свята — Дзень незалежнасці Літоўскай дзяржавы (16 лютага).

Дзяржаўны лад. Л. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме 25.10.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сейм (141 дэпутат). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт сумесна з урадам на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Л. займае паўн.-зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны. На нізінным узбярэжжы Балтыйскага м. грады дзюн і пясчаныя пляжы. Куршская каса аддзяляе мелкаводны Куршскі зал. ад мора. Большая ч. тэрыторыі — нізіны (53%); на З і У — узгорыстыя ўзвышшы: Жэмайцкае ўзвышша і Балтыйская града, у межах якой вылучаюць Аўкштайцкае, Дзукскае і Судуўскае ўзвышшы. Паміж Балтыйскай градой і Жэмайцкім узв. размешчана Сярэднелітоўская нізіна. На крайнім У і ПдУ рэспублікі зах. ч. Свянцянскіх і Ашмянскай марэнных град — Мядзінінскае ўзв. (выш. да 292 м, г. Юазапіне, найвыш. пункт Л.), на ПнУ — Швенчонскае ўзв. Тэрыторыя Л. належыць да Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы. Крышт. фундамент залягае на глыб. 300—2000 м, укрыты пермскімі, мезазойскімі (на 3 і Пд), дэвонскімі (на ПнУ) і антрапагенавымі адкладамі. Карысныя выкапні: торф, вапнякі, даламіты, гліны, мел, нафта, бурштын. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. тарфяныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -4,9 °C, ліп. 17,2 °C. Ападкаў ад 540 мм на Сярэднелітоўскай нізіне да 930 мм на паўд.-ўсх. схілах Жэмайцкага ўзв. Гал. рака — Нямунас (Нёман) з прытокамі Нярыс (Вілія), Мяркіс, Нявежыс, Дубіса, Шашупе. Каля 3 тыс. азёр (1,5% тэрыторыі) пераважна ледавіковага паходжання; найбуйнейшыя — Друкшай (пл. 45 км2) і Дзіснай (24,9 км2). Каля 40 тыс. тарфяных балот (6%). Глебы дзярнова-падзолістыя (45%), балотна-падзолістыя (17%), дзярнова-карбанатныя (10%), карбанатныя глеева-падзолістыя (8%) і інш. Лясы займаюць каля 30% тэрыторыі. Пераважаюць хвойныя (хвоя, елка); у цэнтр. частцы — шыракалістыя лясы. Найб. лясістасць на ПдУ. У Л. пашырана фауна тайгі і шыракалістых лясоў, яна ўключае 61 від млекакормячых, 290 відаў птушак, 7 відаў паўзуноў, 11 відаў земнаводных, 57 відаў рыб. У лясах водзяцца плямісты алень, лось, казуля, дзік, рысь і інш. Прамысл. птушкі: цецярук, качка, глушэц, рабчык. З марскіх рыб пашыраны салака, балт. селядзец, траска, камбала, з прэснаводных — лешч, плотка, карась, вугор, акунь і інш. Запаведнікі: Жувінтас, Чапкяляй, Каманос. Нац. парк Л.

Насельніцтва. Літоўцы складаюць каля 81% насельніцтва. Жывуць таксама рускія (8,5%), палякі (7%), беларусы (1,5%), украінцы (0,9%), яўрэі (0,4%) і інш. Літоўцы жывуць па-за межамі краіны, у т.л. ў ЗША, Канадзе, Бразіліі, Аргенціне, Германіі, Расіі і краінах Усх. Еўропы. Большасць вернікаў — католікі, ёсць праваслаўныя і пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 56,7 чал. на 1 км2. Найб. шчыльна заселены прыгарады Вільнюса і Каўнаса (да 100 чал. на 1 км2). Гар. насельніцтва складае 68%. Найб. гарады (1996, тыс. чал.): Вільнюс — 590, Каўнас — 429, Клайпеда — 206, Шаўляй — 148, Паневяжыс — 132.

Гісторыя. Чалавек на тэр. сучаснай Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (10—4-е тыс. да н.э.), калі яго гал. заняткамі былі паляванне і лоўля рыбы. З пач. 2-га тыс. да н.э. тут з’явіліся індаеўрапейцы — продкі балтаў, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. вядомы балцкія гарадзішчы. Балты згадваюцца Тацытам y 1 ст. н.э. ў сувязі з промыслам бурштыну. З пач. 1 ст. н.э. яны пачалі вырабляць прылады працы з жалеза, з 9—12 ст. выкарыстоўвалі саху з жал. наканечнікам. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўжываецца ў пісьмовых крыніцах у пач. 11 ст. Фарміраванне літ. этнасу адбывалася на тэр. сучаснай Л. і паўн.-зах. Беларусі з пач. 2-га тыс. н.э. Гэты час адзначаны частымі ваен. сутыкненнямі продкаў літоўцаў з суседнімі народамі і плямёнамі, у т.л. з усх. славянамі (1040, 1132, 1191, 1201 і інш.).

У 10—12 ст. на тэр. сучаснай Л. ўтварыліся аб’яднанні плямён: судувы, куршы, селы, скалвы, літва і інш., частку якіх у 1236—40 князь Міндоўг (з 1250 кароль) аб’яднаў у адзіную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Ва ўтварэнні гэтай дзяржавы прымалі ўдзел княствы бел. зямель, а яе першы вял. кн. Міндоўг каранаваўся ў Навагрудку, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічаць гэты горад першай сталіцай ВКЛ. З пач. 13 ст. землі літоўцаў і інш. балтаў сталі гал. напрамкам ням. экспансіі на Усход (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У бітвах каля Саўле (1236), воз. Дурбе (1260), на р. Стрэва (1348), пад Коўна (1362) і інш. ням. рыцары былі разбіты. Аднак нягледзячы на падтрымку балцкіх плямён з боку войск ВКЛ, Тэўтонскі ордэн паступова прасоўваўся на Усход; розныя часткі тэр. Л. (пераважна Жамойць) і яе суседзі (найперш прусы) траплялі пад уладу крыжаносцаў (гл. Мантаса паўстанне). Палітыку Міндоўга і Віценя па процідзеянні крыжацкаму ордэну і далучэнні да ВКЛ новых зямель паспяхова прадаўжалі вял. князі ВКЛ Гедзімін і яго сын Альгерд. У час іх праўлення ВКЛ стала вял. і магутнай дзяржавай Еўропы, а яе новая сталіца Вільня (гл. Вільнюс) — важным паліт. цэнтрам, асяродкам культуры, цэнтрам рамяства і гандлю. Эканам. і ваен. моц ВКЛ яскрава праявілася ў бітве каля Сініх Вод 1362. Паспяховыя дыпламат. намаганні князёў ВКЛ, у т.л. заключэнне Ягайлам Крэўскай уніі 1385, Востраўскія пагадненні 1392, а таксама прыняцце каталіцтва насельніцтвам Аўкштайціі (1387) і Жамойці (1413) спрыялі росту міжнар. прэстыжу ВКЛ. У гэтых умовах паскорыліся працэсы зліцця этн. груп продкаў літоўцаў у агульную народнасць і асіміляцыі імі некаторых зах.-балцкіх і латв. плямён (паўн. прусаў, яцвягаў, земгалаў і інш.) Аднак паражэнне войска ВКЛ на чале з Вітаўтам у бітве на Ворскле 1399 змяніла суадносіны сіл паміж дзяржавамі Усх. Еўропы, прымусіла ВКЛ заключыць Віленска-Радамскую унію 1401 з Польшчай. Гэты саюз не аблегчыў барацьбу ВКЛ з усх. суседзямі (паводле Угрскага дагавора 1408 граніца ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы прайшла па р. Угра), але садзейнічаў паспяховым сумесным паходам аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы супраць Тэўтонскага ордэна і перамозе ў Грунвальдскай бітве 1410. Паводле вынікаў вайны (гл. Тарунскі мір 1411) Жамойць увайшла ў склад ВКЛ. Перамога над крыжакамі палепшыла міжнар. становішча ВКЛ, садзейнічала эканам. росту, развіццю гандлю з суседзямі і інш. Дзярж. і культ. жыццё ў ВКЛ, у т.л. на тэр. этнічнай Л., у гэты час у значнай ступені праходзіла пры дамінуючай ролі бел. фактару (бел. мова была дзяржаўнай). Гэтая культ. спадчына ўзбагацілася ў віленскі перыяд дзейнасці Ф.Скарыны, традыцыі якога прадоўжыў літ. асветнік М.Мажвідас. Значнымі дасягненнямі ў дзярж. і культ. жыцці ВКЛ былі адкрыццё ў Вільні акадэміі (1579, гл. Віленскі універсітэт), прыняцце Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Аднак становішча ВКЛ паступова пагаршалася: адбываліся паўстанні сялян (1418, 1535—37, 1545 і інш.), выступленні груповак знаці супраць вярх. улады (гл. Глінскіх мяцеж 1508), вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і інш. войны паміж гэтымі дзяржавамі. Асабліва цяжкай была Лівонская вайна 1558—83. Пасля Люблінскай уніі 1569 і стварэння федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай дзярж. ўстановы ў ВКЛ паступова пачалі дзейнічаць на польскі ўзор, пашыраўся польскі культ. і моўны ўплыў. З сярэдзіны 17 ст. бел. мова практычна выйшла з ужытку ў цэнтр. дзярж. органах, звужалася і сфера ўжывання літ. мовы. Але ВКЛ захавала гал. інстытуты сваёй дзяржаўнасці: заканадаўства, суды, войска, казну, асобную тэрыторыю, якая аднак значна зменшылася пасля далучэння непасрэдна да Польшчы ўкр. зямель, а таксама ў выніку ўзбр. канфліктаў з суседнімі дзяржавамі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1655—60 са Швецыяй рас. і шведскія войскі занялі частку тэр. ВКЛ, у т.л. Вільню. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай літ. і бел. землі засталіся ў складае ВКЛ. З сярэдзіны 17 ст. адбывалася гасп. і культ. адраджэнне, якое з-за Паўночнай вайны 1700—21 змянілася заняпадам ВКЛ. Цэнтр. ўлада ВКЛ слабела, з 2-й пал. 17 ст. асобныя сеймы на тэр. ВКЛ не склікаліся. Партыі знаці, аб’яднаныя ва ўзбр. канфедэрацыі, вялі міжусобныя войны (1700, 1767, 1792 і інш.). Складанымі заставаліся адносіны паміж рэліг. канфесіямі, асабліва паміж каталіцкім і правасл. насельніцтвам ВКЛ.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 большая частка тэр. Л. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (у 1797 тут створана Літоўская губ.), астатняя — у склад Прусіі. У 1801 утворана Віленская губерня, у 1843 — Ковенская губерня. Вял. страты прынесла вайна 1812. Пасля паўстання 1830—31 былі закрыты Віленскі ун-т, медыка-хірург. і духоўная акадэміі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 рас. ўлады забаранілі навучанне літ. мове ў школах і літ. выданні лац. шрыфтам. Указам ад 4.1.1866 абмежавана права набыцця зямлі літоўцамі-католікамі. Разам з тым рэформы, праведзеныя пасля паўстання, паскорылі развіццё сельскай гаспадаркі; буд-ва чыгунак (у 1861—62 Пецярбургска-Варшаўскай, у 1871—73 Лібава-Роменскай) садзейнічала развіццю гандлю, росту гарадоў, у якіх паступова павялічвалася колькасць рабочых і іх арг-цый (у 1895 засн. Цэнтр літ. сацыял-дэмакратыі, у 1900 — партыя Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). Насельніцтва Л. ўдзельнічала ў агульнарас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну большая частка Л. акупіравана герм. войскамі.

У вер. 1917 створана Літоўская Тарыба (Савет), якая 11.12.1917 прыняла Дэкларацыю аб незалежнасці літ. дзяржавы ў саюзе з Германіяй, а 16.2.1918 — Акт аб незалежнасці Л. і стварыла ўрад на чале з А.Вальдэмарасам. Супраць Тарыбы і ўрада выступілі бальшавікі Л., быў створаны часовы рабоча-сялянскі ўрад, а пасля ўступлення ў Л. Чырв. Арміі — Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел) са сталіцай у Вільні. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 12.7.1920 і абвяшчэння незалежнасці БССР 31.7.1920 Літбел спыніла існаванне. З увядзеннем пасады прэзідэнта Л. (крас. 1919) і пасля склікання Устаноўчага з’езда Л. (15.5.1920) Літ. Тарыба страціла свае функцыі. У складаных міжнар. абставінах польскія войскі неаднаразова захоплівалі Віленскі край і Вільню (1.1.1919, 21.4.1919, 9.10.1920), што прывяло да Віленскага канфлікту 1920—39, стварэння Сярэдняй Літвы (у 1922 уключана ў склад Польшчы). Літ.-польск. адносіны ўскладніліся. Часовай сталіцай Л. стаў г. Каўнас (да 1940), дзе 1.8.1922 прынята Канстытуцыя, якая абвясціла Л. парламенцкай рэспублікай. Пасля выбараў у 3-і сейм (май 1926) узмацнілася ўнутрыпаліт. барацьба. 17.12.1926 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, здзейснены афіцэрамі Каўнаскага гарнізона на чале з палк. І.Пятруйцісам пры садзеянні кансерватыўнай партыі таўцінінкаў. Улада перайшла да А.Сметаны, які быў выбраны прэзідэнтам краіны. Канстытуцыі Л. 1928 і 1938 юрыдычна замацавалі ўсталяванне ў Л. правай дыктатуры; у 2-й пал. 1930-х г. забаронены ўсе партыі, акрамя правячай таўцінінкаў. Польшча (сак. 1938) і Германія (сак. 1939) прад’явілі Л. ультыматумы, з прыняццем якіх Л. юрыдычна адмовілася ад Вільні на карысць Польшчы і Клайпеды на карысць Германіі. Ва ўмовах росту нестабільнасці ў літ. грамадстве 28.3.1939 створаны ўрад «сумеснай працы» на чале з ген. І.Чэрнюсам, які ў пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй i СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 падпісаў 10.10.1939 у Маскве Дагавор «Аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы г. Вільнюса і Віленскай вобл. і аб узаемнай дапамозе паміж СССР і Літвой»; у адпаведнасці з дагаворам 14.6.1940 у Л. ўведзены сілы Чырв. Арміі. Прэзідэнт Сметана 15.6.1940 эмігрыраваў у Германію. 17.6.1940 створаны ўрад на чале з Ю.Палецкісам, які правёў выбары ў сейм. 21.7.1940 сейм абвясціў стварэнне Літ. ССР, уключанай 3.8.1940 у склад СССР (літ. армія як 29-ы стралк. корпус увайшла ў склад Чырв. Арміі). У жн. 1940 Л. перададзена частка тэр. БССР (каля 2,6 тыс. км2 з насельніцтвам 82 тыс. чал.). Летам 1940 паводле рашэння ўрада Літ. ССР пачаўся перавод з Каўнаса ў Вільнюс цэнтр. дзярж. устаноў. Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі і нацыяналізацыя прам-сці; адбылася першая хваля дэпартацыі часткі насельніцтва ў глыб СССР. У чэрв. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. На тэр. рэспублікі дзейнічалі каля 10 тыс. сав. партызан і падпольшчыкаў, значная частка якіх прыходзіла з Беларусі (пераважна з Бягомльскай партыз. зоны). Частка насельніцтва Л. супрацоўнічала з акупац. ўладамі (на баку немцаў дзейнічалі літ. ваен. і паліцэйскія фарміраванні). У выніку Вільнюскай аперацыі 1944, Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да лют. 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. На франтах Вял. Айч. вайны ў складзе Чырв. Арміі ваявала каля 100 тыс. літоўцаў, у т.л. больш за 12 тыс. у 16-й Літ. стралк. дывізіі. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала ва ўзброеным супраціўленні, у выніку чаго многія з іх былі дэпартаваны ў Сібір і інш. рэгіёны СССР. У 1948 прам-сць Л. дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана яе сельская гаспадарка Сярод інш. сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту, у т.л. ў сельскай гаспадарцы (жывёлагадоўля і інш.). У час палітыкі «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваўся незалежніцкі рух. У чэрв. 1988 створаны літ. рух «Саюдзіс» (старшыня В.Ландсбергіс), які перамог у лют. 1990 на выбарах у Вярх. Савет Літ. ССР. 11.3.1990 новы літ. парламент прыняў Акт аб аднаўленні дзяржаўнасці. У вер. 1991 СССР прызнаў незалежнасць Літ. Рэспублікі. Першым яе прэзідэнтам стаў А.Бразаўскас (1992—97), са снеж. 1997 прэзідэнт краіны В.Адамкус. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў у рэфармаванні гаспадаркі краіны. Л. — член ААН (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 10.9.1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 30.12.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя працы Л. (пераемніца Камуніст. партыі Л.), Дэмакр. партыя Л. (пераемніца аднайм. партыі, што існавала ў 1902—20), Літ. с.-д. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя Л., «Саюдзіс» («Рух»), «Тэвінес саюнга» («Саюз Айчыны»), «Саюз Цэнтра», Сял. партыя, Партыя жанчын Л. Дзейнічаюць 6 прафс. цэнтраў, 56 галіновых прафсаюзаў (1997).

Гаспадарка. Л. — краіна з індустр.-агр. эканомікай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 7762 млн. дол. ЗША, 2120 дол. на душу насельніцтва.

Доля прам-сці і буд-ва ў ВУП 35,6%, сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) — 9,4%, сферы паслуг — 55%. У галіновай структуры прамысловасці вядучае месца належыць машынабудаванню, электраэнергетыцы, хім., лёгкай і харч. прам-сці, вытв-сці буд. матэрыялаў. Паліўна-энергет. комплекс выкарыстоўвае пераважна імпартнае паліва (нафта, газ) і ўласныя рэсурсы (торф, гідрарэсурсы). Магутнасць электрастанцый 6,2 млн. кВт. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—17,1 млрд. кВтгадз. Буйныя электрастанцыі: Літоўская ДРЭС, Каўнаская ГЭС, Мажэйкская і Вільнюская ЦЭЦ, Кайшадорская ГАЭС і Ігналінская АЭС. Здабыча нафты (70 тыс. т, 1994) і торфу. У г. Мажэйкяй працуе адзіны ў Прыбалтыцы нафтаперапрацоўчы з-д. У машынабудаванні вылучаюцца радыёэлектроніка, станкабудаванне, с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Вільнюс (станкі, электрарухавікі, радыёвымяральныя прылады, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны), Каўнас (станкі, электраматоры, радыётэхніка), Паневяжыс (вырабы дакладнай механікі, электракампрэсары, кабель), Шаўляй (тэлевізары), Клайпеда (судны, суднарамонт), Алітус (халадзільнікі) і інш. Металаапрацоўка ў Вільнюсе, Каўнасе, Вілкавішкісе, Гаргждаі. Хім. прам-сць працуе на прывазной сыравіне з Расіі (газ, апатыты) і спецыялізуецца на вытв-сці мінер. угнаенняў (0,3 млн. т, Кедайняй, Іонава). Фармацэўтычная прам-сць у Вільнюсе і Швенчонісе. Дрэваапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю паперы, кардону, цэлюлозы, піламатэрыялаў, мэблі, фанеры (Вільнюс, Каўнас, Шаўляй, Іонава, Клайпеда і інш.). Вытв-сць паперы і кардону — 30,7 тыс. т, піламатэрыялаў — 1,3 млн. м³ (1996). Сярод галін лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст. прам-сць. На мясц. і імпартнай сыравіне працуюць прадпрыемствы па вытв-сці баваўняных (Алітус, Клайпеда), ільняных (Паневяжыс, Біржай, Плунге), шарсцяных (Каўнас, Крэцінга) тканін, трыкат. (Каўнас, Вільнюс, Клайпеда, Уцена, Цельшай), гарбарнаабутковых (Вільнюс, Мажэйкяй) і дывановых (Лентварыс) вырабаў. У 1996 выпушчана тканін 60,3 млн. м², абутку 1,7 млн. пар. У многіх гарадах прадпрыемствы швейнай прам-сці. Традыцыйна важнае месца сярод галін прам-сці займае харчовая. Развіты малочная, масласыраробная, мясная, мукамольная, цукр., агароднінакансервавая, рыбная і рыбакансервавая галіны. Вытв-сць (тыс. т, 1996) масла —34,8, мукі — 131,5, цукру — 136,3. Ёсць шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Прам-сць буд. матэрыялаў (цэгла, шыфер, цэмент, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, шкло). Развіты маст. промыслы: апрацоўка бурштыну (Клайпеда, Паланга), вытв-сць керамікі, разьба па дрэве, цісненне скуры. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1065, свіней — 1270, авечак — 32, коней — 78. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. С.г. ўгоддзі займаюць 3,5 млн. га, у т.л. пасяўныя плошчы — 2,3 млн. га (1996). Пад збожжавымі 48%, кармавымі 45%, бульбай 4,5%, тэхн. культурамі 1,6%. Сярод збожжавых (збор 2,5 млн. т) пераважаюць жыта, пшаніца, авёс, ячмень, з тэхн. культур — лён-даўгунец, цукр. буракі. Садоўніцтва. Кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—49,5 тыс. т. Асн. віды транспартучыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 2021 км (у т.л. 122 км электрыфікавана), аўтадарог 56,7 тыс. км. Развіты марскі і рачны транспарт. Марскі флот налічвае 45 суднаў агульнай грузападымальнасцю 275,9 тыс. брута-рэг. т. Марскі порт — Клайпеда, рачны — Каўнас. Паромная пераправа звязвае Клайпеду з г. Мукран (Германія). Аэрапорты ў Вільнюсе, Каўнасе, Паланзе. Экспарт (3,4 млрд. дол. ЗША, 1996): тэкстыль, харч. прадукты, мінер. ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання і інш. Імпарт (4,4 млрд. дол. ЗША, 1996): нафта, газ, машыны, тэкстыль, мінер. ўгнаенні. Асн. гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя (24% экспарту, 25% імпарту), Германія (12,8%, 15,8%), Беларусь (10,2%, 2,4%), Латвія, Украіна, Польшча. Беларусь экспартуе ў Л. прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя ўгнаенні, хім. валокны і інш., імпартуе электраэнергію, фосфарныя ўгнаенні, рыбу, лек. сродкі і інш. Курорты: Друскінінкай, Паланга, Нерынга, Бірштанас, Пабіржэ. Грашовая адзінка — літ.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі), а таксама сіл хуткага разгортвання. Агульная колькасць каля 19 тыс. чал. (1998), у т.л. 5,2 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які кіруе ўзбр. сіламі праз міністра аховы краю і нач. аб’яднанага штаба. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы 12 мес. У сухап. войсках больш за 4 тыс. чал., 24 бронетранспарцёры, 10 баявых разведвальна-дазорных машын, 18 мінамётаў і безадкатных гармат. У ВПС 550 чал., 10 самалётаў, 8 верталётаў. У ВМС 500 чал., 4 караблі, у т.л. 2 баявыя (фрэгаты), 3 патрульныя катэры. Сілы хуткага разгортвання ў складзе 3 батальёнаў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 62,6, жанчын 74,4 года. Смяротнасць — 13 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86, урачамі — 1 на 225 чал. Узровень нараджальнасці — 14 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 16 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У сістэме дашкольных устаноў існуюць дзіцячыя сады-школы, у якіх дзеці знаходзяцца да 4-га класа.

Агульнаадук. школа падзяляецца на асноўную (1—9-ы кл., у т.л. пач. школа — 1—4-ы кл. для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту) і сярэднюю (3 гады навучання пасля асн. школы, 10—12—ы кл.). Пасля 8-га класа ўводзіцца дыферэнцыяцыя навучання з шырокімі магчымасцямі выбару альтэрнатыўных прадметаў, у 11—12-м кл. навучанне набывае гуманіт., прыродазнаўча-навук., камерцыйны або тэхнал. профіль. Найб. здольныя вучні могуць атрымаць сярэднюю адукацыю ў гімназіі, дзе падтрымліваецца больш высокі ўзровень выкладання. Навучанне вядзецца на літ. мове. Існуюць школы нац. меншасцей, у т.л. беларускія. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес. школы на базе асн. школы (3—4 гады навучання) і сярэдняй (1—2 гады), сярэднюю спец. адукацыю — навуч. ўстановы верхняга ўзроўню (каледжы і вышэйшыя школы) на базе сярэдняй школы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. У 1998/99 навуч. г. ў Л. 150 дзіцячых садоў-школ, у т.л. 2 прыватныя; 2,4 тыс. агульнаадук. школ, у т.л. 23 прыватныя; 59 гімназій, 29 школ маюць класы-гімназіі; Вільнюскі ліцэй дакладных, тэхн. навук і прыродазнаўства; 105 прафес. школ, у т.л. 40 с.-г., 70 вышэйшых школ, у т.л. 18 прыватных; 15 ВНУ. Буйнейшыя універсітэты: Вільнюскі (гл. таксама Віленскі універсітэт), вільнюскія пед. і тэхн., Каўнаскі тэхнал. (у яго складзе ін-т фіз. электронікі), Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, Клайпедскі; Літоўскія акадэміі: ваен., муз., паліцэйская, вет., сельскай гаспадаркі, мастацтва (усе ў Вільнюсе), мед. (у Каўнасе). Найбольшыя б-кі: Літ. нац. імя М.Мажвідаса, Вільнюская цэнтр. (мае 34 філіялы), Літоўская мед., тэхн., с.-г.; музыкі і мастацтва, Літ. т-ва сляпых (усе у Вільнюсе). Буйнейшыя музеі: мастацтва Л., прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя, Вільнюская карцінная галерэя, Палац Радзівілаў, Літ. музей ахвяр генацыду, Літ. дзярж. музей, Дзярж. яўр. музей, Цэнтр сучаснага мастацтва (усе ў Вільнюсе); Музей творчасці М.К.Чурлёшса, Музей А.Жмуйдзінавічуса (Музей чарцей), Карцінная галерэя М.Жылінскаса, Ваенны музей імя Вітаўта Вялікага, Літ. музей Майроніса (усе ў Каўнасе); Карцінная галерэя і Музей гадзіннікаў у Клайпедзе, Музей бурштыну ў Паланзе, гістарычны ў г. Тракай, Музей літ. сял. побыту ў Румшышкасе, Гісторыка-археал. музей-запаведнік у Кярнаве, Дом Томаса Мана ў Нідзе. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. ін-тах і ўстановах (усяго больш за 40), у 4 ін-тах Каўнаскай мед. акадэміі, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. выдаецца больш за 600 штодзённых газет, з іх больш за 500 на літ. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты на літ. мове «Valstiečiu Laikraštis» («Сялянская газета», з 1940), на літ. і рус. мовах — «Lietuvos aidas» («Рэха Літвы», з 1917), «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы», з 1989), «Respublika» («Рэспубліка», з 1988), на рус. і літ. мовах — «Вечерние новости» (з 1958) і інш. Інфарм. агенцтва: Літ. тэлеграфнае агенцтва (ЭЛЬТА, з 1920). Радыё з 1926 (2 праграмы, на літ., рус., польск. мовах, за мяжу — на літ. і англ. мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы і інш. гарадоў СНД. Тэлебачанне з 1957 (на літ., рус. і польск. мовах).

Літаратура. Вытокі л-ры Л. ў фальклоры (песні-дайны, казкі, паданні, прыказкі і інш.) і ў пісьмовых разнамоўных крыніцах. Найб. стараж. помнікі пісьменнасці Л. — летапісы 14—16 ст. на старабел. мове — афіц. мове ВКЛ. У іх ёсць элементы міфалогіі, нар. паданні, легенды, якія пазней жывілі маст. л-ру Л. Пісьменнасць 16—17 ст. развівалася на лац. (на ёй з 1579 вялося навучанне ў Віленскім ун-це) і польск. мовах. Захаваўся адзіны стараж. помнік на літ. мове — тэкст малітвы пач. 16 ст. У 16—17 ст. найб. значныя творы пра мінулае Л., яе прыроду на лац. мове стваралі М.Гусоўскі, А.Каяловіч, М.Літвін, Я.Радван, П.Раізій, М.Сарбеўскі, А.Шротэр, на лац. і польск. — А.Волан, А.Ратундус, на польск. — М.Стрыйкоўскі. Да 19 ст. л-ра Л. стваралася і ў т.зв. Малой Л.Усх. Прусіі. Помнікі старажытнасці мелі пераважна рэліг. характар. Першыя пераклады рэліг. песнапенняў на літ. мову зрабілі дзеячы Рэфармацыі праф. Кёнігсбергскага ун-та С.Рапалёніс і А.Кульвеціс. Першая кніга на літ. мове — «Катэхізіс» М.Мажвідаса (1547), якая ўключала літ. буквар і песнапенні. Значны ўклад у развіццё пісьменнасці Л. зрабілі першы перакладчык Бібліі на літ. мову, аўтар кнігі казанняў І.Брэткунас, аўтар першай літ. граматыкі (1653), кнігі духоўных песнапенняў (кантаў) і малітоўніка Д.Клейнас. Пачынальнік літ. пісьмовай л-ры М.Даўкша — перакладчык на літ. мову катэхізіса Я.Лядэсмы (1595) і зб. пропаведзяў Я.Вуека «Посціла каталіцкая» (1599). Важную ролю ў станаўленні стараліт. пісьменнасці адыгралі К.Шырвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М.Петкявічус, С.Славачынскіс, С.Хілінскіс, І.Якнавічус, С.Яўгеліс-Целега. Спробы ўнармавання літ. пісьмовай мовы былі ў 18 ст.: граматыкі, слоўнікі, калектыўны пераклад Бібліі (1735), пачаты збор і выданне фалькл. твораў (І.Брадоўскіс, М.Мерлінас, К.Мілкус, Г.Остэрмеер, П.Руйгіс). Першую кнігу свецкага зместу «Байкі Эзопа» выдаў І.Шульцас (1706). Пачынальнік літ. маст. л-ры — К.Данелайціс, аўтар паэмы «Поры года» (каля 1760—70, выд. ў 1818). Развіццю л-ры ў 18 ст. спрыяла дзейнасць Л.Рэзы і Ф.Куршайціса. У пач. 19 ст. цэнтрам культуры Л. стаў Віленскі ун-т. Вядучае месца ў л-ры займала паэзія: байкі, эпіграмы, паэмы (С.Валюнас, А.Клементас, Д.Пошка, С.Станявічус, А.Страздас). Найб. значны твор гэтага перыяду — паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) А.Баранаўскаса. У 1-й пал. 19 ст. зарадзілася маст. проза. Важную ролю ў яе станаўленні адыгралі гіст. працы з элементамі маст. прозы С.Даўкантаса, адметныя рамантычна-прыўзнятым асэнсаваннем мінулага краіны, узвышанасцю стылю. Каларытнасцю і выразнасцю нар. мовы вызначалася аповесць М.Валанчуса «Юзэ з Палангі» (1869), заснаваная на этнагр. і фалькл. матэрыяле. Развіццё л-ры Л. стрымлівала забарона царскімі ўладамі друку на літ. мове (1864—1904). Цэнтры друку пачалі стварацца па-за межамі Л. — ва Усх. Прусіі, ЗША. У перыяд абуджэння нац. руху ў Л. ўзнік рамантызм. Найб. яркі яго прадстаўнік Майроніс (кн. «Галасы вясны», 1895), паэзія якога садзейнічала развіццю асноў сілаба-танічнага вершаскладання, фарміраванню літ. мовы. Элегічнымі матывамі вызначалася лірыка П.Вайчайціса, патрыят. гучаннем, сатыр. паказам сац. з’яў — паэзія і проза В.Кудзіркі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў л-ры замацоўваюцца прынцыпы рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні вясковай тэматыкі Жэмайтэ). Традыцыі самабытнай рэаліст. прозы развівалі Ю.Тумас-Вайжгантас, Лаздзіну Пеледа (сёстры М. і С.Ластаўскене), Г.Пяткявічайгэ-Бітэ, Шатрыёс Рагана. У жанры рамана выступіў В.Петарыс, аўтар першага гіст. рамана «Альгімантас» (выд. 1904—05). Актывізацыі літ. і культ. жыцця ў пач. 20 ст. садзейнічала адмена забароны друку на нац. мове. Узніклі разнастайныя літ. плыні. Рэаліст. і фалькл. традыцыі спалучаны ў драме «Шарунас» (1911), «Паданнях Дайнаўскай даўніны» (1912), аповесцях і навелах В.Крэве; лірыцы Л.Гіры. Развіваліся неарамантызм, мадэрнізм (Ю.Гербачаўскас), рэалізм (І.Білюнас, А.Венуоліс). Рысы імпрэсіянізму і экспрэсіянізму выявіліся ў прозе К.Пуйды, Ю.Савіцкіса, І.Шэйнюса, сімвалізму і містыцызму — у драматургіі Відунаса (драмы «Цені прашчураў», 1908, і «Вечны агонь», 1912). Характар літ. працэсу ў 1918—40 вызначалі Майроніс (гіст. драмы ў вершах, балады), Тумас-Вайжгантас (апавяданні, аповесці, раман), Відунас (драмы), Пуйда (гіст. раман «Magnus Dux», 1936) і інш. У паэзіі і драме пераважаў сімвалізм (Ю.Балтрушайціс, В.Вайчунас, Ф.Кірша, В.Мікалайціс-Пуцінас, С.Сантварас, Б.Сруога), у творчасці футурыстычнай групоўкі «Чатыры вятры» (К.Бінкіс, Ю.Ціслява, С.Шэмерыс і інш.) — рысы экспрэсіянізму і рэалізму. Ідэйна-эстэт. прынцыпы неарамантызму развівалі маладыя паэты І.Айсціс, Б.Бразджоніс, А.Мішкініс, С.Нерыс і інш. Імпрэсіянісцка-неарамантычнай арыентацыі ў празаічных творах прытрымліваліся А.Вайчулайціс, Шэйнюс, К.Янкаўскас. Пашырыўся жанрава-стылявы, ідэйна-тэматычны дыяпазон твораў рэаліст. кірунку, вырас іх маст. ўзровень: псіхал. раман «У цені алтароў» Мікалайціса-Пуцінаса (1933), гіст. раман «Лёс Шымонісаў» Е.Сіманайцітэ (1935), празаічныя творы А.Венцлавы, Ю.Грушаса, Л.Давідзенаса, І.Марцінкявічуса, В.Рамонаса, П.Цвіркі і інш. Матывы вызв. барацьбы гучалі ў творах пісьменнікаў Віленскага краю, што ўваходзіў у склад Польшчы: у паэзіі — О.Міцютэ, А.Жукаўскас, Ю.Кекштас, у прозе — Р.Мацконіс. Гіст. абставіны пач. 1940-х г. паўплывалі на асабістыя лёсы пісьменнікаў Л., на характар маст. асэнсавання рэчаіснасці ў іх творах. У гады 2-й сусв. вайны многія пісьменнікі трапілі за межы краіны (Ю.Балтушыс, Гіра, Нерыс, Цвірка і інш.), асобныя апынуліся на фронце (В.Мазурунас, Э.Межэлайціс, П.Шырвіс), іх творчасць была прасякнута матывамі тугі па часова страчанай радзіме. У гады ням.-фаш. акупацыі ствараліся высокамаст. творы: лірычныя вершы і паэмы Нерыс, апавяданні Цвіркі, зборнікі філас. лірыкі Бразджоніса, Балтрушайціса, Мікалайціса-Пуцінаса. У л-ры з’явіліся новыя імёны (К.Брадунас, В.Мачэрніс). У 1944 многія пісьменнікі Л. эмігрыравалі на Захад (Брадунас, Бразджоніс, Кірша, Крэве, І.Мякас, Г.Нагіс, А.Ніка-Нілюнас, Г.Радаўскас, А.Шкема і інш.). Замежнае т-ва літ. пісьменнікаў выдавала літ. газеты і часопісы, кнігі, падручнікі. Вярнуліся на радзіму асобныя пісьменнікі з СССР, з ням.-фаш. канцлагера (Сруога), на радзіме плённа працавалі К.Борута, Вайчунас, Венуоліс, Мікалайціс-Пуцінас, Мішкініс, Сіманайцітэ і інш. Пачаўся складаны працэс развіцця л-ры першых пасляваен. гадоў. У асобных паэт. творах пераважаў псеўдапатрыят. пафас, публіцыстычныя штампы, паліт. лозунгі (Венцлава, А.Іанінас, Мазурунас, Ю.Мацявічус, Т.Цільвіціс). Думку пра гіст. неабходнасць сав. улады ў Л., выкрыццё і асуджэнне кулацтва выказвалі ў сваіх творах А.Гудайціс-Гузявічус, І.Давідайціс, Цільвіціс і інш. Навізной вызначаліся аповесць Боруты «Млын Балтарагіса» (1945), драмы Сруогі «Доля перадсвітальная» (1945) і «Казімір Сапега» (1947), яго мемуары «Лес багоў» (1957) і інш. Творчае абнаўленне адчувалася ў паэзіі С.Англіцкіса, Вайчунаса, І.Грайчунаса, Жукаўскаса, К.Інчуры, Э.Матузявічуса, Мішкініса, Мазурунаса. У песенна-рамант. кірунку працаваў П.Шырвіс, наватарства і эксперымент характэрны паэту-лірыку Межэлайцісу (зб-кі «Чалавек», 1961; «Тут Літва», 1968). Значны ўклад у л-ру зрабілі пісьменнікі-эмігранты (паэт Радаўскас, празаік і драматург Шкема). Анталогія «Зямля» (1951) выявіла новыя таленты: Брадунас, Мачэрніс (філас.-канцэптуальны цыкл вершаў «Прывіды»), Нагіс, Ніка-Нілюнас. Традыцыі вясковай прозы развіваў М.Кацілішкіс. 1960—70-я г. — перыяд кардынальных перамен у прозе і драматургіі. Зварот да гіст. тэматыкі, пераасэнсаванне праблем нацыі і дзяржавы, здабыткі этн. культуры, шматгранны духоўны свет сучасніка вызначалі сутнасць і змест літ. л-ры гэтага перыяду (Й.Авіжус, Балтушыс, І.Мікелінскас, Сіманайцітэ, М.Слуцкіс). Гал. арыенцірамі л-ры сталі інтэлектуалізм, псіхалагізм, актуальнасць тэматыкі, пошукі новых маст. форм. Супярэчлівасць чалавечай прыроды, права чалавека на выбар паказаны ў драмах «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967) і «Барбара Радзівіл» (паст. 1972) Грушаса, праблемы сучаснай вёскі, сял. лёсу — у прозе В.Бубніса, Слуцкіса, А.Поцюса, псіхал. праблемы выхавання моладзі — у творах Р.Кашаўскаса, пратэст супраць псеўдарэаліст. адлюстравання рэчаіснасці — у Р.Ланкаўскаса, уплыў навейшай зах. драмы ў творчасці К.Саі і Ю.Глінскіса. У 1970—80-я г. раскрыўся творчы талент пісьменнікаў А.Балтакіса, Я.Дзегуцітэ, А.Малдоніса, Ю.Марцінкявічуса, Л.Яцынявічуса, асн. змест твораў якіх — філас. роздум пра лёс нацыі, праблемы урбанізацыі і інш. Новыя якасці (парадокс, іронія) і тэндэнцыі, сувязь з фалькл. традыцыямі, духоўнасць выявіліся ў паэзіі О.Балюканітэ, В.Бложа, Ю.Вайчунайтэ, Т.Венцлавы, С.Гяды, М.Марцінайціса, І.Стрэлкунаса, Г.А.Чыгрэюса, І.Юшкайціса, у прозе Ю.Апуціса, Р.Гранаўскаса, П.Дзіргелы, Б.Радзявічуса. Новы этап развіцця л-ры звязаны з нац. адраджэннем у 1980—90-я г. Сучасныя тэндэнцыі прадстаўлены шматлікімі постмадэрнісцкімі творамі, насычанымі ўмоўнымі вобразамі, паэтыкай міфаў (проза Р.Гавяліса, С.Т.Кандротаса), розныя спосабы адлюстравання вызначаюць прозу Ю.Кунчынаса, А.Рамонаса, В.Юкнайтэ і інш. У паэзіі дамінуе пакаленне 1980-х г., творы якіх вылучаюцца арыгінальнасцю формы, паэт. майстэрствам, вытанчанасцю мовы (В.Бразюнас, А.Грыбаўскас, Д.Каёкас, Э.Келміцкас, В Кукулас, А.Марчэнас, Н.Міляўскайтэ, С.Парульскіс, Г.Цэшкайтэ і інш.).

Літоўска-бел. літ. ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Яны зарадзіліся ў часы ВКЛ, калі ў Вільні на старабел. мове пісаліся летапісы і статуты, а Ф.Скарына выдаваў беларускамоўныя кнігі (1522—25). Узмацніліся яны ў 19 ст. У літ. гуртку А.Г.Кіркора (канец 1850-х г.) разам з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім і інш. ўдзельнічаў літ. пісьменнік М.Акялайціс (пераклаў на літ. мову ананімны бел. твор 19 ст. «Гутарка старога дзеда»). У пач. 20 ст. Вільня была асяродкам літ. і бел. культуры. Тут выходзілі газ. «Наша доля», «Наша ніва», жылі, бралі ўдзел у грамадска-літ. жыцці Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, З.Бядуля, прыязджаў М.Багдановіч, адбываліся сустрэчы літ. і бел. пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў Важным фактарам творчых узаемакантактаў была дружба Я.Купалы з Гірам, М.Ластаўскене, мастаком і кампазітарам М.Чурлёнісам. У 1910 у перыяд. друку Л. з’явіліся першыя літ.-крытычныя артыкулы Гіры пра творчасць Я.Купалы, змяшчаліся яго вершы на літ. мове ў перакладзе А.Якштаса (А.Дамбраўскаса). У 1909 на бел. мове апублікавана апавяданне Білюнаса. У 1920—30-я г. ў Вільні і Каўнасе ставіліся п’есы Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Л.Родзевіча, выдаваліся бел. кнігі, газеты і часопісы, у т.л. час. «Крывіч», «Беларускі асяродак», «Крывічанін» і інш. У 1930-я г. ў Мінску жылі і працавалі Ф.Вайшнорас (Садайніс), Л.Мяркітэ (Лавенас Люда), А.Дабулявічус, В.Скарджус і інш., выходзілі газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), альманах «Пад чырвоным сцягам», працавалі літ. секцыі ў Саюзе пісьменнікаў і Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1920—30-я г. ў Мінску выдадзена 78 ліг. кніг, у т.л. пераклады на літ. мову паэмы «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1935), твораў Я.Маўра, А.Якімовіча. Асабістыя кантакты звязвалі М.Танка з Жукаўскасам, Міцютэ, І.Каросасам. Збліжэнню л-р спрыялі асабістыя сустрэчы Цвіркі, Венцлавы на 35-гадовым юбілеі творчай дзейнасці Я.Купалы ў Мінску ў снеж. 1940, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова і П.Броўкі ў маі—чэрв. 1941 у Вільні і Каўнасе. У 2-ю сусв. вайну бел. і літ. пісьменнікі ўдзельнічалі ў супольных вечарах, выступалі ў перыяд. друку. Адзінства матываў і вобразаў ядналі паэзію Гіры, Венцлавы, Цвіркі, Марцінкявічуса, В.Рэймерыса, Нерыс, Межэлайціса з творамі Я.Коласа, Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка і інш. У пасляваен. перыяд склаліся новыя формы супрацоўніцтва — тыдні, дні л-ры і культуры суседніх народаў. Актывізацыі бел.-літ. сувязей спрыялі тыдні літ. л-ры ў Беларусі (1956), бел. л-ры ў Літве (1958), бел. кнігі ў Літве (1962), літ. кнігі ў Беларусі (1963), дні бел.-літ. дружбы ў Літве (1963), сяброўскія сустрэчы дзеячаў л-ры, культуры Літвы ў Беларусі (1974), л-ры і мастацтва Беларусі ў Літве (1975) і інш. Сустрэчы пісьменнікаў, узаемакантакты, знаёмства з гісторыяй, культурай рэспублік выклікала ўзаемапранікненне тэм і вобразаў. Літоўская тэматыка заняла значнае месца ў творах Броўкі, М.Танка, Панчанкі, Р.Барадуліна, М.Калачынскага, У.Караткевіча, Л.Арабей, А.Лойкі і інш., беларуская — у творах Межэлайціса, Жукаўскаса, Ю.Палецкіса, Б.Мацкявічуса, А.Шульцайтэ, Балтакіса, Мікалайціса-Пуцінаса і інш. У 1945—84 у перакладзе на літ. мову выдадзена 45 кніг бел. пісьменнікаў, у перакладзе на бел. мову — каля 30 кніг літ. аўтараў. На літ. мове выйшлі: «Анталогія беларускай прозы» (1949), анталогіі бел. паэзіі «З беларускай паэзіі» (1952), «Па Нёмане песня плыве» (1958), зб. бел. нар. казак «Ліса ваўка пакарала» (1965), кн. вершаў, паэм і п’ес Я.Купалы «Не жалейка стогне» (1957), паэт. зб-кі Калачынскага «Прыгоды Патапкі» (1960), М.Танка «След бліскавіцы» (1961), Я.Коласа «Ой вы, думы, думы...» (1962), кн. апавяданняў і аповесцей Я.Брыля «У Забалоцці днее» (1955) і «Зялёная школа» (1963), З.Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956), кн. прозы М.Танка «Лісткі календара» (1969), кн. апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад» (1988), аповесці В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1994), раманы І.Шамякіна «Крыніцы» (1958) і «Сэрца на далоні» (1966), М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965), В.Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» (1983), В.Коўтун «Крыж міласэрнасці» (1997) і інш. На літ. мову бел. творы перакладалі А.Антанавічус, Балтакіс, Жукаўскас, А.Лапінскене, Э.Легутэ, Матузявічус, Межэлайціс і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі: анталогіі прозы «Літоўскія апавяданні» (1957), паэзіі «Паэты Савецкай Літвы» (1954), «Галасы сяброў» (1958), «Літоўская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1977), зб-кі літ. нар. казак «Цудоўная крыніца» (1955), «Літоўскія народныя казкі» (1961), «Літоўскі гумар» (1966), казка «Чаму ў моры вада салёная?» (1970), раманы Венцлавы «Дзень нараджэння», Балтушыса «Прададзеныя гады» (абодва 1961), В.Бубніса «Пад летнім небам» (1982), В.Місявічуса «Мядзведжая акадэмія» (1988), Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), паэма Данелайціса «Чатыры пары года» (1983), «Паэма братэрства» (1958) і зб. вершаў «Чалавек» (1984) Межэлайціса, зб-кі паэзіі Матузявічуса «Просіцца ў песню мора» (1965), Нерыс «Калі зямля прачынаецца» (1971), Марцінкявічуса «Трава і камень» (1981), Малдоніса «Вадзяныя знакі» (1985), шэраг твораў для дзяцей, у т.л. кн. вершаў Э.Балёнене «Уцёс і ружа» (1976), зб-кі вершаў «Рамоначак-Рамунеле» (1979), А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), кн. аповесцей Бубніса «Белы вецер» (1978), аповесць-казка Саі «Гэй, хавайцеся!» (1982), казка Цвіркі «Срэбная куля» (1991) і інш. На бел. мову творы літ. пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць А.Асташонак, Барадулін, Броўка, Я.Войніч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Грахоўскі, М.Грынблат, А.Зарыцкі, А.Звонак, В.Іпатава, Калачынскі, І.Калеснік, Г.Каржанеўская, У.Карызна, Лойка, Е.Лось, В.Лукша, П.Марціновіч, С.Панізнік, А.Разанаў, Ю.Свірка, Р.Семашкевіч, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Ставер, М.Танк і інш. Літ.-бел. сувязі даследуюць Лапінскене, А.Мальдзіс і інш.

Архітэктура. Пры археал. раскопках стаянак мезаліту і асабліва неаліту (4—2-е тыс. да н.э.) выяўлены рэшткі круглых і авальных у плане жытлаў з адкрытым ачагом, сценамі з верт. жэрдак з глінянай абмазкай. У пач. н.э. з’явіліся зрубныя, прамавугольныя ў плане пабудовы, умацаваныя паселішчы родавых абшчын — гарадзішчы-пілякальнісы (5—8 ст.) з равамі, валамі і частаколам з бярвён. У 9—12 ст. на тэр. пілякальнісаў будавалі драўляныя замкі феадалаў. Жылыя пабудовы 12—14 ст. — драўляныя зрубныя, з адкрытымі ачагамі ці глінянымі печамі. У перыяд барацьбы з крыжакамі будавалі шматлікія драўляныя (Кярнава) і каменныя (Каўнас) замкі. У 14 ст. ўзводзіліся буйныя абарончыя замкавыя комплексы (Тракайскі замак). Для ранняй замкавай архітэктуры характэрны манументальнасць, стрыманы дэкор, арган. ўпісанне ў прыроднае асяроддзе (Верхні замак, замак Гедзіміна ў Вільнюсе). Гар. забудова была пераважна драўляная, з 14 ст. ставілі і цагляныя будынкі. Некаторыя гарады абкружалі каменнымі сценамі (рэшткі гар. сцен з Вострай брамай у Вільнюсе, 16 ст.). Для пабудоў 14—1-й пал. 15 ст. (ранняя готыка) характэрны храмы з высокімі 2-схільнымі дахамі і трохвугольнымі франтонамі, рэдкімі аконнымі праёмамі ў масіўных сценах, умацаваных контрфорсамі, перакрытыя нервюрнымі крыжовымі скляпеннямі (касцёл Вітаўта ў Каўнасе). Культавыя збудаванні позняй готыкі (канец 15—16 ст.) сталі больш дэкаратыўныя, са святочным дэкорам з фасоннай цэглы разнастайнай канфігурацыі ў аздабленні фасадаў (т.зв. Дом Пяркуна ў Каўнасе, касцёл св. Ганны ў Вільнюсе). Блізкімі да нар. дойлідства былі драўляныя касцёлы і званіцы. У 1-й пал. 16 ст. пачала пашырацца архітэктура Адраджэння, фарміраваліся гарады і мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай (Біржай, Вірбаліс і інш.). У грамадз. архітэктуры гатычныя канструкцыі і планы часта спалучаліся з дэкорам у духу Адраджэння. Большасць феад. замкаў захоўвала сярэдневяковы абарончы характар (замак у Віценай, пач. 17 ст.). Будавалі таксама крэпасці-бастыёны (Клайпеда, Біржай), комплексы замкаў-рэзідэнцый феадалаў з палацам у цэнтры (замкі Ніжні ў Вільнюсе, каля 1530, і Раўдоне, канец 16 ст.). У 17—18 ст. узводзіліся пышныя касцёлы і палацы ў стылі барока (касцёлы св. Казіміра, св. Тэрэзы, палацы Слушкаў, Сапегаў у Вільнюсе, Пажайсліскі арх. ансамбль у Каўнасе). Інтэр’еры найб. значных цэркваў перыяду сталага барока аздаблялі багатым ляпным дэкорам (касцёл св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе), размалёўкамі. У перыяд позняга барока (1700—90) сфарміраваўся стыль т.зв. Віленскага барока (касцёлы св. Кацярыны, місіянераў, брама Базыльянскіх муроў у Вільнюсе). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пашырыліся прынцыпы класіцызму (Кафедральны сабор св. Станіслава; ратуша, цяпер Маст. музей; у Вільнюсе), распрацаваны і часткова здзейснены праекты рэгулярнай планіроўкі Вільнюса (1817), Каўнаса (1847, 1871), Швенчоніса (1874) і інш. гарадоў. Пасля 1820 пашыраюцца стылі ампір (б. губернатарскі палац, рэканструяваны ў 1832) і ампір мясцовы (панская сядзіба ў Траку-Воке Вільнюскага павета). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. дамінавалі эклектычныя формы, стылістычныя тэндэнцыі рамантызму, гістарызму (неаготыка, неарэнесанс, неабарока, неакласіцызм і інш.): будынкі філармоніі ў Вільнюсе, банка ў Каўнасе, касцёлы ў Рокішкісе і Паланзе; палац Тышкевічаў у Паланзе (цяпер Музей бурштыну). У 1930-я г. будавалі ў духу мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму (будынак паштамта, Маст. музей імя М.Чурлёніса ў Каўнасе, мікрараён на Антокалі ў Вільнюсе). Пасля 2-й сусв. вайны складзены генпланы буйных гарадоў: Вільнюса (1951, 1967, 1981), Шаўляя (1951, 1963, 1980), Паневяжыса (1951, 1962, 1973), Клайпеды (1952, 1964, 1977), Каўнаса (1953, 1983). Фарміруюцца новыя прамысл. гарады Наўйойі-Акмяне (з 1948), Электрэнай (з 1960), Вісагінас (з 1978) і інш. Сучаснай архітэктуры ўласцівы планамернае развіццё гарадоў, рацыянальнае размяшчэнне прамысл. зон і жылых раёнаў, укараненне тыпавога праектавання і індустр. метадаў буд-ва. Вясковае буд-ва адметнае спалучэннем сучасных арх. форм і традыцыйнай забудовы, азеляненнем. Для жылых гар. раёнаў характэрны рацыянальная планіроўка, кампактныя цэнтры, сувязь з ландшафтам, прастата форм: у Вільнюсе — Жырмунай (з 1962), Лаздзінай (з 1967), Каралінішкес (з 1971), у Каўнасе — Кальнечу (1976—85), Эйгулю (з 1985), у Клайпедзе — Чацвёрты (1968—74), у Шаўляі — Лепарай (1966—82), у Алітусе — Відгірыс (1984). Архітэктура грамадз. збудаванняў вызначаецца строгасцю форм, функцыян. мэтазгоднасцю, у афармленні інтэр’ераў пашыраны дрэва, кераміка, вітражы, вырабы з металу, манум.-дэкар. жывапіс і скульптура: кавярня (1959) і гасцініца (1960) «Нярынга», Выставачны палац (1967), будынкі Літ. нац. т-ра оперы і балета (1974), Літ. драм. т-ра (1981), комплекс бальніц Сантарышкес (1972—83) — усе ў Вільнюсе; аўтавакзал у Шаўляі (1966); санаторыі і дамы адпачынку ў Друскінінкаі («Жыльвінас», 1969, «Лінас», 1979). У Друскінінкаі помнік Чурлёнісу (1975, скульпт. В.Вільджунас). У 1944 засн. Саюз архітэктараў Л. Іл. гл. таксама да арт. Вільнюс.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З эпохі неаліту на тэр. Л. вядомы вырабы з каменю, косці і дрэва са скульпт. дэкорам, арнаментаваны гліняны посуд, бурштынавыя фігуркі жывёл і людзей. У бронз. веку пашырыўся выраб упрыгожванняў з каляровых металаў і бурштыну (скроневыя падвескі, шыйныя грыўні, фібулы, бранзалеты, пярсцёнкі), дэкарыраваных зброі, даспехаў і конскай вупражы. У аздабленні выкарыстоўваліся ліставое серабро, сіняе шкло, геам. і стылізаваны анімалістычны і расл. арнамент, часам рэльефныя выявы. У сярэдневякоўі мастацтва Л. развівалася пад уплывам краін Зах. і Усх. Еўропы ў агульным рэчышчы развіцця культур інш. народаў ВКЛ. У 13—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва — ювелірная справа, глазураваная кераміка, рэльефная кафля, разьба па дрэве і косці; пашырыліся драўляная гатычная пластыка («Мадонна», 15 ст., царква ў Крэцінзе), манум. жывапіс, у т.л. свецкі (размалёўкі пач. 15 ст. ў Тракайскім замку, не захаваліся). З пач. 16 ст. паралельна з готыкай развівалася рэнесансавае мастацтва, у якім дамінавалі партрэтны жанр і рэліг. кампазіцыі. Пашырыліся каменныя скульпт. надмагіллі з партрэтнымі выявамі. З пачаткам кнігадрукавання развіваўся дрэварыт, пазней медзярыт. У тэхніцы гравюры выконваліся тытульныя лісты, ініцыялы, застаўкі, канцоўкі кніг («Катэхізіс» М.Мажвідаса, 1547; «Посціла каталіцкая» Я.Вуека ў перакладзе М.Даўкшы, 1599). У 17—18 ст. у аздабленні барочных палацаў і цэркваў выкарыстоўваліся скульптура і манум.-дэкар. жывапіс (размалёўкі манастыра кальмадалійцаў у Пажайслісе каля Каўнаса, 1677—84). Багаццем дэкар. матываў, пластычнай экспрэсіяй вызначаліся разныя драўляныя алтары, скульптура. Працавалі жывапісцы С. дэ Мірыс, М.А.Палоні, І.Прэхтэль, С.Чэховічус, Ю.Шульцас, скульптары Дж.М.Галі, І.Мерлі, П.Перці, графікі П.Бальцявічус, Л.Вілацас, К.Гётке, К.Карэнга, І.Пятраўскас, Т. і М.Шнопсы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. літ. мастакі працавалі пераважна ў стылях класіцызму і рамантызму. Вял. ўклад у станаўленне літ. маст. школы зрабілі мастакі І.Аляшкевіч, В.Дмахоўскі, К.Русецкі, Я.Рустэм, Ф.Смуглевіч, скульпт. К.Ельскі і інш., дзейнасць маст. факультэтаў Віленскага ун-та. У дэкар.-прыкладным мастацтве сталі пашыранымі мануфактурныя вырабы маст. тэкстылю (шпалеры, дываны, паясы; майстры І.Літвінкявічус, А.Маркявічэне, М.Вербіцкіс), керамікі (М.Траповічус, П.Шуманаўскас, Л.Юравічус), шкла і інш. У жывапісе сярэдзіны 19 ст. дамінавалі партрэт (А.Валінавічус, І.Іацейка, К.Рыпінскі) і пейзаж (М.Кулеша, К.Рачынскі, М.Янушавічус). У жанравых і гіст. кампазіцыях сцвярджаліся ідэі нац. самасвядомасці (Ю.Карчэўскіс, К.Кукявічус і інш.). У графіцы былі пашыраны кніжная ілюстрацыя (В.Неверавічус, В.Смакоўскі), эстампы (партрэты і гіст. кампазіцыі Б.Кіслінга, М.Пшыцкіса, Ю.Саўндэрса, Ю.Хшчановіча). Ствараліся скульпт. партрэты (Р.Слізень, І.Цэйзік). У 2-й пал. 19 ст. рэаліст. кірунак развіваўся ў творчасці Р.Алекна-Швайніцкіса, Ю.Балзукявічуса, І.Зенкявічуса, А.Рэмерыса і інш. На пач. 20 ст. важную ролю ў фарміраванні нац. маст. школы адыграла дзейнасць Літ. маст. т-ва (засн. ў 1907). Найб. пашыраны былі жанравы рэаліст. жывапіс (А.Жмуйдзінавічус, П.Калпокас, М.Чурлёніс) і скульптура (Ю.Зікарас, П.Рымша). У 1919—40-я г. мастацтва Л. вызначалася разнастайнасцю кірункаў і плыняў. Разам з рэаліст. мастацтвам развіваліся імпрэсіянізм (Жмуйдзінавічус, Калпокас, К.Склерус), сімвалізм (А.Варнас, К.Шымоніс), акадэмізм і натуралізм (І.Мацкявічус, З.Пятравічус, І.Януліс). У скульптуры пераважаў рэаліст. кірунак, часам у спалучэнні з рысамі акадэмізму, імпрэсіянізму (Р.Анцініс, Б.Бучас, В.Грыбас, Ю.Мікенас, Б.Пундзюс). У 1930-я г. ў творчасці мастакоў з аб’яднанняў «АРС», «Т-ва незалежных мастакоў» і інш. авангардысцкія тэндэнцыі спалучаліся са зваротам да традыцый нар. мастацтва (В.Візгірда, А.Галвдзікас, А.Гудайціс, А.Самуоліс і інш.). Развіваліся тэатр,дэкарацыйнае мастацтва (І.Грэгараўскас, У.Дубянецкі, У.Дзіджокас), графіка (С.Жукас, Б.Жэконіс, І.Кузмінскіс, В.Юркунас), манум.-дэкар. і прыкладное мастацтва (вітражы С.Ушынскаса, мазаікі Мікенаса, кераміка В.Мікнявічуса, керамічная дробная пластыка В.Манамайціса). У канцы 1940-х — 1960-я г. ў мастацтве пераважалі тэматычная карціна (С.Грачоў, В.Дзілка, Жмуйдзінавічус, В.Мацкявічус, Б.Яцявічутэ), пейзаж (І.Бурачас, Гудайціс, Л.Кацінас, А.Мацеюнас, А.Пятруліс, А.Савіцкас, І.Шылейка), партрэт (Ю.Венажынскіс, І.Трэчакайтэ-Жэбянкене, М.Цвіркене, Януліс), развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, вітражы (А.Стомкус). У скульптуры дамінаваў партрэт (П.Александравічус, П.Вайвада, Л.Жукліс, Пундзюс, Н.Пятруліс), ствараліся сюжэтныя кампазіцыі (К.Багданас, Ю.Кедайніс, К.Кіселіс). У жывапісе 1970—90-х г. пераважаў каларыстычны кірунак (Р.Бічунас, С.Вейверытэ, Гудайціс, С.Джаўкштас, В.Каратаюс, В.Кісараўскас, Мацеюнас, В.Павілайціс, Савіцкас, Л.Сургайліс, Л.Тулейкіс, В.Цыпліяўскас, І.Чэпоніс, І.Шважас, С.Юсёніс). Скульптура вызначалася выразнасцю форм, выкарыстаннем нар. традыцый (Александравічус, А.Амбразюнас, Анцініс, Г.Якубоніс, Э.Фрэгос і інш.). Самабытны характар набыла літ. школа графікі і кніжнай ілюстрацыі (В.Валюс, Р.Гібавічус, Б.Жылітэ, С.Красаўскас, А.Скіруцітэ, А.Сцяпанавічус, Юркунас). Высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва кераміка (Ю.Адамоніса, А.Лічкутэ, М.Врубляўскаса, Г.Яцэнайтэ), маст. тэкстыль (Ю.Бальчыконіса, В.Даўётаса, М.Шважэне) і маст. апрацоўка бурштыну (Ф.Даўкантаса, К.Сіманоніса). У нар. мастацтве вызначаецца самабытная драўляная скульптура (невял. выявы святых, Хрыста і інш.) і дрэварыт У 1940 засн. Саюз мастакоў Л.

Музыка. Літ. муз. фальклор уключае працоўныя, каляндарныя і сямейныя абрадавыя, лірычныя, ваен.-гіст. і інш. песні, інстр. найгрышы, танцы. На Пд Л. пашырана аднагалоссе, антыфоннае спяванне, у паўн.-зах. і паўн.-ўсх. (Аўкштайція) раёнах — песні гамафоннага складу. У Аўкштайціі захавалася найб. спецыфічная частка літ. муз. фальклору — архаічныя поліфанічныя песні сугарцінес (у суправаджэнні ансамбля духавых інструментаў скудучай, трымітас ці струнна-смычковых канклес). Сярод інш. літ. нар. інструментаў: духавыя — бірбіне, даўдзітэ, ожрагіс, лумздзяліс, лабанора дуда; варган бандурэліс; ударны шумавы — джынгуліс. З прыняццем хрысціянства пашырыліся грыгарыянскі спеў, зах.-еўрап. музыка; у касцёлах спявалі хары, устанаўліваліся арганы. З канца 14 ст. ў касцельных і кляштарных школах навучалі спевам, пазней ігры на аргане. У 1547 у кн. «Катэхізіс» М.Мажвідаса ўпершыню апублікаваны літ. духоўныя песнапенні. Свецкае музіцыраванне развіваецца з 14 ст., напачатку пры дварах вял. князёў, дзе існавалі вак.-інстр. капэлы. У 16 ст. ў Вільні працавалі Б.Бакфарк, Вацлаў з Шамотул і інш. замежныя музыканты. У 1636 італьян. оперная трупа паставіла ў Вільні першы оперны спектакль «Выкраданне Алены» (мяркуюць, на музыку М.Скакі). Сярод кампазітараў-аматараў 17—18 ст. К.Рудаміна-Дусецкі, А.Гобята. У Віленскім ун-це ставіліся муз. спектаклі, працавалі аркестры, хары, пазней семінарыя для настаўнікаў і арганістаў (канец 18 ст.), выкладаліся ігра на муз. інструментах і музыказнаўства (Я.Д.Голанд, І.Рэнер). У 19 ст. выйшлі першыя зборнікі нар. песень (Кёнігсберг, 1825; Вільня, 1829). У Віленскім гар. т-ры ставіліся оперы В.А.Моцарта, К.М.Вебера і інш. У розны час у Вільні працавалі М.Дылецкі, С.Манюшка. У 1873—1915 у Л. дзейнічала аддзяленне Рас. муз. т-ва. Традыцыі новай нац. музыкі закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў творчасці М.Чурлёніса, М.Пятраўскаса (першая літ. опера «Бірутэ», 1906; аперэты, хар. творы), Ч.Саснаўскаса, Ю.Наўяліса (кіраўнік хору «Дайна» і т-ва арганістаў, заснавальнік курсаў арганістаў, 1892, і муз. школы, 1919, з 1933 кансерваторыя), С.Шымкуса, Ю.Груадзіса. У канцы 1918 — пач. 1919 працавала Муз. калегія Наркамасветы Л. (Ю.Талат-Кялпша, К.Галкоўскі і інш.). У 1919—40 цэнтрам літ. культуры быў Каўнас. У 1920 у ім заснаваны Дітоўскі нацыянальны тэатр оперы і балета (у 1948 пераведзены ў Вільнюс), дзе ў 1930-я г. пастаўлены нац. оперы Ю.Карнавічуса, А.Рачунаса, Пятраўскаса, І.Дамбраўскаса, балеты В.Бацявічуса, Груадзіса, Б.Дварыёнаса. Буйныя сімф. і камерна-інстр. творы пісалі Груадзіс, Бацявічус, Ю.Жылявічус (аўтар першай літ. сімфоніі, 1922), Карнавічус, К.-В.Банайціс, В.Якубенас, Рачунас, І.Набажас, Ю.Гайдзяліс, Ю.Пакальніс; у галіне хар. музыкі працавалі Шымкус, Талат-Кялпша, А.Качанаўскас, Ю.Каросас і інш. Значную ролю ў культ. жыцці краіны адыграў Саюз музыкантаў Л. (1924—40). У пач. 1940-х г. у Каўнасе адкрыты т-р муз. камедыі (цяпер Каўнаскі муз. т-р), у Вільнюсе — філармонія, у складзе якой працавалі сімф. аркестр, хор, ансамбль песні і танца. У гады 2-й сусв. вайны некаторыя літ. музыканты працавалі ў Расіі (у г. Пераслаўль-Залескі створаны Дзярж. маст. ансамбль Літ. ССР). У 1945 у Вільнюсе адкрыта Літ. кансерваторыя (у 1949 аб’яднана з Каўнаскай, з 1971 дзейнічае яе філіял у г. Клайпеда). З 1946 рэгулярна праводзяцца пеўчыя святы. У 1940—50-я г. ў вак.-сімф. і муз.-сцэн. жанрах працавалі кампазітары Рачунас, Ю.Юзелюнас, А.Белазарас, В.Клова, Дварыёнас. З 1960-х г. творчасць кампазітараў Л. стала больш разнастайнай у стылявых і жанравых адносінах, абнавілася муз. мова, паглыбілася цікавасць да нар. творчасці. Паявіліся оперы Юзелюнаса, Рачунаса, В.Лаўрушаса, П.-В.Палтанавічуса, В.Баркаўскаса, Э.Бальсіса, балеты Бальсіса, А.Рэкашуса; аперэты, мюзіклы, араторыі Бальсіса, В.Юргуціса, Б.Кутавічуса; кантаты Юзелюнаса, творы інш. жанраў А.Бражынскаса, А.Марцінайціса. У галіне сімф. і камерна-інстр. музыкі працуюць Дварыёнас, С.Вайнюнас, Юзелюнас, Бальсіс, Ф.Р.Баёрас, О.Балакаўскас, Баркаўскас, Кутавічус, Рэкашус, В і Ю.Юазапайцісы, Марцінайціс, В.Монтвіла, О.Нарбутайтэ, М.Урбайціс і інш., у песенным жанры — К.Кавяцкас, Дамбраўскас, Баёрас, у эстр. музыцы — Б.Гарбульскіс, Т.Макачынас і інш. У Вільнюсе праводзяцца Міжрэсп. конкурс юных піяністаў імя Чурлёніса (з 1965), рэсп. конкурс юных піяністаў імя Дварыёнаса (з 1974), фестывалі камерных аркестраў, стр. квартэтаў, арганнай музыкі, у г. Шаўляй — фестываль старадаўняй музыкі, у Клайпедзе — «Музычная вясна». Сярод выканаўцаў: дырыжоры І.Алекса, В.Віржоніс, Р.Генюшас, Дварыёнас, Ю.Домаркас, А.Кленіцкіс, Х.Паташынскас, С.Сандзецкіс; хар. дырыжоры В.Баргусявічус, А.Будрунас, А.Іазенас, Кавяцкас, Каросас, А.Крогертас, І.Швядас; піяніст Вайнюнас, скрыпачы Р.Кацілюс, А.Лівантас, Э.Паўлаўскас, арганіст Л.Дзігрыс; спевакі В.Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.Апанавічутэ, Б.Грынцявічутэ, К.Гутаўскас, В.Даўнарас, Э.Канява, Г.Каўкайтэ, Р.Марыёшус, І.Мількявічутэ, В.Нарэйка, В.Пруднікавас, К.Пятраўскас, А.Садзейка, Э.Саўлявічутэ, Р.Сіларыс, І.Стасюнас, А.Сташкявічутэ, А.Чудакова, К.Шылгаліс. Сярод музыказнаўцаў Ю.Гаўдрымас, Я.Чурлёнітэ, А.Амбразас, В.Ландсбергіс, О.Нарбуцене. У Л. працуюць: Літ. т-р оперы і балета, опера, Каўнаскі і Клайпедскі муз. т-ры; філармонія (з 1940; у яе складзе сімф. і камерны аркестры, 3 струнныя квартэты, ансамбль старадаўняй музыкі «Musica humana», эстр. ансамблі); Каўнаскі дзярж. хор (з 1969), камерны хор «Поліфанія» (з 1986), хор і аркестр лёгкай музыкі тэлерадыёкампаніі Л. (з 1963); ансамбль песні і танца «Летува» (з 1940); кансерваторыя, муз. вучылішчы і інш. У Каўнасе дзейнічае (з 1986) Музей старадаўніх літ. муз. інструментаў.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы са старажытнасці ў нар. абрадах, святах, танцах. Да сярэдзіны 20 ст. ў вёсках ставіліся імправізаваныя быт. сцэнкі з выкарыстаннем масак, спец. вопраткі, бутафорыі. У 16—18 ст. развіваўся школьны т-р. У Віленскім ун-це і езуіцкіх калегіумах ставіліся рэліг. прадстаўленні на лац., пазней на польскай мове, інтэрмедыі на літ. мове. Гастраліравалі прафес. трупы з Італіі, Англіі і інш. У 1639 у Вільні на тэр. Ніжняга замка ўзведзены спец. тэатр. будынак. Тэатр. трупы існавалі пры дварах вял. князя і буйных магнатаў. У 1785 В.Багуслаўскі стварыў першы публічны Віленскі гар. т-р (дзейнічаў да 1864), у якім працавалі трупы пад кіраўніцтвам М.Кажынскага, М.Корвел-Мараўскай, К.Скібінскага, К.Шлёгерыса і інш. Спектаклі ставіліся пераважна на польскай, з сярэдзіны 19 ст. і на рус. мовах. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. аматарскія т-вы і драм. гурткі на літ. мове дзейнічалі ў Вільні, Каўнасе, Паневяжысе, Шаўляі і інш. Першы публічны спектакль на літ. мове (камедыя Кетуракіса «Амерыка ў лазні») адбыўся ў Паланзе ў 1899. У 1916 Ю.Вайчкус арганізаваў драм. студыю ў Пецярбургу (з 1918 у Вільні), з якой узнік першы літ. прафес. т-р. У 1919 у Вільні існаваў Дзярж. літ. т-р (кіраўнік К.Глінскіс). У 1919—40 цэнтрам тэатр. жыцця быў Каўнас, дзе працавалі Нац. т-р (1916 і 1923—25), сатыр. т-р «Вілколакіс» (1919—25), Дзярж. т-р (з 1920, пазней Каўнаскі драм. т-р). У 1931 адкрыўся Шаўляйскі т-р драмы (у 1935—39 працаваў у Клайпедзе). Ставіліся літ. драматургія (Б.Варгшас-Ляўцявічус, Л.Гіра, Жэмайтэ, Кетуракіс, Г.Ландсбергіс-Жамкальніс, А.Фромас-Гужуціс) і перапрацаваная для літ. гледача сусв. класіка. Працавалі рэжысёры А.Олека-Жылінскас, Глінскіс, Вайчкус, Б.Даўгувеціс, А.Руцявічус, А.Суткус, І.Місюс, акцёры З.Арлаўскайтэ, Т.Вайчунене, А.Вайнюнайтэ, Ю.Талмантас, М.Грыкшайтэ-Вайчкувене, П.Кубертавічус, Ю.Лаўцюс, Ю.Пятраўскас, П.Пінкаўскайтэ, Э.Руцявічэне, Ю.Стануліс, І.Страздас, М.Хадаравічус і інш. У 1940 створаны Вільнюскі дзярж. т-р (з 1955 Акад. т-р Літвы), Панявежскі драм. т-р, Каўнаскі т-р юнага гледача (дзейнічаў да 1959), Марыямпальскі драм. т-р (дзейнічаў да 1949), у 1946 — Рус. драм. т-р (Вільнюс), у 1958 — Каўнаскі т-р лялек і Вільнюскі т-р «Леле» («Лялька»), у 1965 — Маладзёжны т-р (Вільнюс). У пасляваенны час ставіліся творы літ. аўтараў Ю.Балтушыса, Ю.Грушаса, А.Грыцюса, А.Гудайціса- Гузявічуса, Даўгувеціса, Ю.Марцінкявічуса, К.Саі, сусв. класіка. З 2-й пал. 1950-х г. тэатр. мастацтва вызначалася разнастайнасцю сцэн. форм і стыляў. Ставіліся героіка-манум., рамант., ярка тэатр. і філас. спектаклі. З 1970-х г. пашырыліся пастаноўкі гіст. тэматыкі. У 1970—90-я г. плённа працавалі рэж. Г.Ванцявічус, І.Вайткус, А.Рагаўскайтэ, Э.Некрошус, Г.Падзегімас, акцёры Р.Адамайціс, Г.Баландзітэ, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Р.Варнайтэ, К.Віткус, К.Геніс, Н.Гельжынітэ, А.Лаценас, А.Масюліс, Пінкаўскайтэ, А.Росенас, Ю.Рудзінскас, Р.Сталілюнайтэ, К.Тумкявічус, М.Чэрняўскайтэ, А.Шурна, С.Юкна, К.Юрашунас, Ф.Якшыс і інш. У Л. працавалі бел. тэатр. калектывы. У 1910—15 і ў 1916 дзейнічаў Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, наладжваліся бел. вечарынкі. Выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага (1910). У т-рах Л. ставіліся п’есы «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «У ціхім завулку» А.Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка.

Кіно. Першыя фільмы пра Л. стварыў у 1909 аператар і рэж. В.Старавічус («Каля Нямунаса» і інш.). У 1909—13 А.Раджунас (Рачунас) здымаў хранікальныя кароткаметражныя фільмы для амер. літоўцаў. Кінахроніка з’явілася ў Л. ў 1921, рэгулярна здымалася з 1932 аператарамі-аматарамі (С.Уздонас, С.Вайналавічус, А.Жыбас і інш.). Здымаліся і камедыі: «Урач паняволі» (1927), «Літоўскі салдат» (1928), «Анітэ і Іаняліс» (1931, рэж. усіх Ю.Лінартас). Першы лялечны фільм «Сон таўстуна» зняты ў 1938 (аператар Жыбас, мастак С.Ушынскас). У 1940 у Каўнасе створана Студыя хранікальных і дакумент. фільмаў (з 1944 кінастудыя, з 1946 Літ. кінастудыя; з 1949 у Вільнюсе). У 1945 пачаўся выпуск тэматычных кіначасопісаў («Савецкая Літва» і інш.), з 1950-х г.дакумент. («Яны — з Каўнаса», «Мае сябры», рэж. абодвух В.Старошас) і маст. («Над Нямунасам світанак», 1953, рэж. А.Файнцымер; «Мост», 1956, рэж. Б.Шрэйбер; «Юлюс Яноніс», 1959, рэж. Б.Браткаўскас, В.Дабашынскас) фільмаў. Для дакумент. фільмаў 1960—80-х г. характэрны паказ працы і творчасці («Там, за дзвярыма», 1966, рэж. А.Даўса; «Вядзьмарка», 1975; «Пастскрыптум да старога фільма», 1980, рэж. Р.Шылініс, Старошас), псіхал. аналіз («Стары і зямля», 1965, «Думы стогадовых», 1969, «Свет як вялікая сімфонія», 1975, усе рэж. Р.Верба), гіст. тэматыка («Вільнюскі універсітэт», 1978, рэж. А.Дзігімас; «Любоў і здрада», 1984, рэж. Л.Лазенас). Для маст. фільмаў гэтых часоў уласцівы актуальная праблематыка, яркая маст. форма: «Хроніка аднаго дня» (1963), «Ніхто не хацеў паміраць» (1965), «Гэта салодкае слова — свабода» (1972) В.Жалакявічуса; «Крокі ў начы» (1962), «Лесвіца ў неба» (1966), «Чэрвень, пачатак лета» (1969), «Абмен» (1977), «Палёт праз Атлантыку» (1983) Р.Вабаласа; «Апошні дзень канікул» (1964; прэміі міжнар. кінафестываляў у Лакарне 1965, у Канах 1966), «Прыгажуня» (1969), «Арэхавы хлеб» (1977) А.Жэбрунаса; «Пачуцці» (1968; прэмія міжнар. кінафестывалю ў Сан-Рэма 1975) А.Грыкявічуса і Даўсы; «Мужчынскае лета» (1970), «Расколатае неба» (1974), «Квітненне непасеянага жыта» (1978) М.Гедрыса; «Маленькая споведзь» (1972), «Злітуйся над намі» (1978) А.Арамінаса; «Жанчына і чатыры яе мужы» (1983) А.Пуйпы. З 1961 здымаюцца тэлефільмы: «Няскончанае апавяданне» (1966), «Тадас Блінда» (1972), «Кар’ера Дзічуса» (1980, усе рэж. Браткаўскас), «Уся праўда пра Калумба» (1970, рэж. Жалакявічус), «Смок і Малыш» (1975), «Багач бядняк» (1983, абодва рэж. Вабалас), «Прыгоды Калесышчыка» (1976, рэж. Жэбрунас), «Восень майго дзяцінства» (1977, рэж. Г.Лукшас), «Амерыканская трагедыя» (1981, рэж. Гедрыс) і інш. Сярод акцёраў: Р.Адамайціс, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Г.Кураўскас, А.Масюліс, Л.Нарэйка, Э.Плешкітэ, В.Томкус, Э.Шулгайтэ, А.Шурна і інш. У 1958 засн. Саюз кінематаграфістаў Л.

Беларусы ў Літве. З часоў ВКЛ да 1-й сусв. вайны сац.-эканам., нац. і культ. развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзярж. прасторы. Гал. бел. асяродкам тут здаўна была Вільня (гл. Вільнюс), дзе існавалі агульныя дзярж. і культ. ўстановы, у т.л. Віленскі ун-т, Віленская брацкая друкарня. Пасля далучэння. ў канцы 18 ст. бел. і літ. зямель да Рас. імперыі беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў нац.-вызв. руху (паўстанне 1794, т-вы філаматаў, філарэтаў і прамяністых, дзейнасць Ш.Канарскага і Ф.Савіча, паўстанне 1830—31, паўстанне 1863—64). Паводле перапісу 1897 на тэр. цяперашняй Л. жыло 70,3 тыс. беларусаў, яны складалі большасць насельніцтва Віленскай губ. (56%). У пач. 20 ст. ў Вільні дзейнічалі Віленскае мастацка-прамысловае таварыства, Віленскае мастацкае таварыства, выдавецтва «Нашай нівы», Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—30), Беларускі музычна-драматычны гурток, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». У 1-ю сусв. вайну пасля акупацыі Л. герм. войскамі ў Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб, у Коўне — Беларуская грамада. З абвяшчэннем незалежнасці Л. (люты 1918) дзейнасць бел. арг-цый на акупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі і Л. каардынавала Віленская беларуская рада (ВБР). Пасля дэнансацыі Брэсцкага міру 1918 прадстаўнікі ВБР увайшлі ў Літоўскую Тарыбу, створана Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У снеж. 1918 у Вільні, у канцы 1920 — кастр. 1923 у Каўнасе знаходзіўся ўрад БНР, у 1919—23 тут размяшчалася і дыпламат. Беларускае прадстаўніцтва. У чэрв. 1919 у Каўнасе сфарміраваны 1-я і 2-я асобныя бел. роты, якія разам з літ. часцямі ўдзельнічалі ў баях супраць сав. і польск. войск. У ліст. 1919 абедзве роты аб’яднаны ў Бел. батальён. У крас. 1920 ён пераўтвораны ў Бел. асобную роту, у снеж. 1920 зноў у Бел. асобны батальён, які да 1923 вёў антыпольск. партыз. вайну на тэр. Зах. Беларусі. У кастр. 1920 войскі польск. ген. Л.Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край (гл. Сярэдняя Літва) і ў пач. 1922 сейм зацвердзіў іх уключэнне ў склад Польшчы як Віленскае ваяводства. З гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадскім, асветным і культ. цэнтрам Заходняй Беларусі. У 1923—24 у барацьбе супраць Польшчы з літ. бокам супрацоўнічаў «Бел. стралецкі саюз». У пач. 1920-х г. у Каўнасе дзейнічалі замежная група партыі бел. эсэраў, Беларускае сабранне, Беларускае брацтва і інш.; у Л. выходзіла значная колькасць беларускамоўных перыяд. выданняў. Пасля скасавання Мін-ва бел. спраў Літвы (1923), пераемнікам якога намагаўся стаць Беларускі цэнтр (Каўнас), з-за непрыхільнага стаўлення ўлад Л. да бел. нац. праблем грамадская актыўнасць беларусаў у Л. паменшылася; да канца 1920-х г. тут былі закрыты амаль усе бел. школы. У 1930-я г. нац.-культ жыццё беларусаў у Л. зноў актывізавалася (гл. Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Каўнасе), адноўлены каўнаскі Бел. цэнтр. У пач. 2-й сусв. вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Л. (кастр. 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. У час акупацыі Л. ням.-фаш. войскамі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, бел. настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей у Вільні (закрыты ў 1945), выдавалася газ. «Беларускі голас» (рэд. Ф.Аляхновіч). Пасля вызвалення Л. частка беларусаў Віленшчыны на падставе літ.-польск. пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу. З 1945 у Л. па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася тут з 30 тыс. чал. у 1959 да 63 тыс. у 1989, аднак арганізаванага нац. жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П.Сергіевіч, З.Верас, Л.Луцкевіч, Я.Шутовіч і інш. Актывізацыя грамадскага жыцця бел. нац. меншасці ў Л. пачалася ў часы лібералізацыі грамадска-паліт. жыцця ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг бел. культ.-асв. арг-цый, у т.л. «Сябрына». З 1989 у Л. трансліруюцца бел. перадачы на радыё і тэлебачанні. Пасля абвяшчэння незалежнасці Л., Беларусі і развалу СССР у 1991—96 з Л. ў Рэспубліку Беларусь вярнулася больш за 7,6 тыс. беларусаў, у Л. з Беларусі пераехала 3,8 тыс. яе жыхароў. Паводле літ. стат. звестак, у сярэдзіне 1990-х г. у Л. (пераважна ў Віленскім краі) жыло больш за 50 тыс. беларусаў (1,5% насельніцтва краіны). У пач. 1998 культ.-асв. працу ў Л. (у Вільнюсе, Друскінінкаі, Вісагінасе, Шальчынінкаі, Швенчонісе і інш.) вялі 15 бел. арг-цый, у т.л. Т-ва бел. культуры, Т-ва бел. мовы. З 1993 у Вільнюсе дзейнічае бел. сярэдняя школа імя Ф.Скарыны, у Вісагінасе і інш. гарадах Л. праходзяць выстаўкі твораў мастакоў-беларусаў, фестывалі бел. песні, выдаецца беларускамоўная перыёдыка і інш. Забеспячэнне суродзічам умоў для свабоднага развіцця роднай мовы, захавання традыцый, выканання рэліг. абрадаў, абарону законных правоў грамадзян Беларусі ў Л. прадугледжвае Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Л. (1995), бел.-літ. міжурадавае пагадненне аб абароне сваіх грамадзян на тэр. абедзвюх краін (1996), аб гарантыі іх правоў у галіне пенсіённага забеспячэння (1994) і інш.

Літ.:

Кудаба Ч.П. Па Віліі: Падарожныя запісы: Пер. з літ. Мн., 1992;

Римантене Р. Палеолит и мезолит Литвы. Вильнюс, 1971;

Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;

Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг. М., 1965;

Мулявичус Л., Ючас М. Некоторые вопросы генезиса капитализма в Литве. Вильнюс, 1968;

История Литовской ССР (С древнейших времен до наших дней). Вильнюс, 1978;

Навицкас К.В. Литва и Антанта (1918—1920 гг.). Вильнюс, 1970;

Революционное движение в Вильнюсском крае, 1920—1940: Док. и материалы. Вильнюс, 1978;

Очерки истории Коммунистической партии Литвы: Пер. с лит. Т. 1—2. Вильнюс, 1973—80;

Гедвилас М.А. Годы великого перелома (1940—1945): Пер. с лит. Вильнюс, 1979;

История литовской литературы. Вильнюс, 1977;

Кубилюс В. Современная литовская поэзия. М., 1969;

Ланкутис Й. Панорама литовской советской литературы. Вильнюс, 1975;

Писатели Советской Литвы: [Биоблиогр. словарь). Вильнюс, 1978;

Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988;

Червонная С., Богданас К. Искусство Литвы. Л., 1972;

Ясюлис Л. Изобразительное искусство Литовской ССР: Живопись. Театрально-декорационное искусство. Скульптура. Графика. Монументалыю-декоративное искусство: [Альбом]. М., 1978;

Литовская графика: [Альбом]. Вильнюс, 1982;

Гаудримас Ю. Из истории литовской музыки. Т. 1—3. М.; Л., 1964—78;

Ландсбергис В. Основные этапы развития литовской музыкальной культуры (возможности периодизации) // Прибалтийский муэыковедческий сборник. Вильнюс, 1982. [Вып.] 1;

Мальцене М.М. Кино Советской Литвы. Л., 1980;

Горлов С.А. СССР и территориальные проблемы Литвы // Военно-ист. журн. 1990 № 7. Ружанцаў А. Беларускія войскі ў Літве 1918—1920 // Спадчына. 1993. №4;

Езавітаў К Беларусы ў Літве. Рыга, 1932. Łatyszonek O. Bialoruskie formacje wojskowe, 1917—1923. Bialystok, 1995.

В.М.Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.Л.Дзікаселіс, Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), А.П.Лапінскене (літаратура), Т.Р.Мартыненка (архітэктура), С.У.Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), Г.Г.Сяргеева, В.А.Астрога (беларусы ў Літве).

Герб і сцяг Літвы.
Да арт. Літва. У наваколлі Вільнюса.
Да арт. Літва. Каўнаскі замак.
Да арт. Літва. Палац Радзівілаў у Вільнюсе.
Да арт. Літва. Панарама Клайпеды.
Да арт. Літва. Інтэр’ер касцёла святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе. 1668—76.
Да арт. Літва. Замак у Раўдоне. Канец 16 ст.
Да арт. Літва. Кафедральны сабор св. Станіслава ў Вільнюсе. 1777-1801. Арх. Л.Стуака-Гуцявічус.
Да арт. Літва. Былы палац Тышкевічаў (цяпер Музей бурштыну) у г. Паланга. 1897. Арх. Ф.Швехтэн.
Да арт. Літва. Помнік М.Чурлёнісу ў г. Друскінінкай 1975. Скульптар В.Вільджунас.
Да арт. Літва. Вятрак у вёсцы Абеляй каля г. Рокішкіс. Пач. 20 ст.
Да арт. Літва. Святы Юргіс. Народная скульптура. Канец 19 — пач. 20 ст.
Да арт. Літва. М.Чурлёніс. Саната мора. Фінал. 1908.
Да арт. Літва. П.Калпокас. Лесвіца ў Цівалі. 1927.
Да арт. Літва. П.Александравічус. Пісьменніца Юлія Жэмайтэ. 1950.
Да арт. Літва. А.Стошкус. Вітраж «Літва». 1956—57.
Да арт. Літва. В.Юркунас. Буду даяркай. 1960.
Да арт. Літва. Ю.Мікенас. Першыя ластаўкі. 1964.
Да арт. Літва. Э.Фрэюс. Анёл. 1998.
Да арт. Літва. Сцэна з балета «Дон Кіхот» Л.Мінкуса.
Да арт. Літва. Каўнаскі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дрозд — птах зялёны» Б.Кутавічуса і С.Гяды.

т. 9, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЯ, Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (араб. Аль-Джамахірыя аль-Арабія аль-Лібія ашШаабія аль-Іштыракія),

дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на 3 з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс. км2. Нас. 5648,4 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г. Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар. к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».

Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На 3 — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на УЛівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд. т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд. м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.

Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км2. На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км2. У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.

Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л.рым. ўладанне. У 5 ст. н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).

У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц. ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.

24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст. Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар.араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб. Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л.чл. ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.

Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн. т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд. м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд. кВтгадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн. т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш. Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн. т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн. т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч. прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т.л. для земляробства каля 1% (1,8 млн. га). 470 тыс. га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш. Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн. га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс. км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс. км. У краіне 4,4 тыс. км нафтаправодаў, 0,4 тыс. км прадуктаправодаў, 1,9 тыс. км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т.л. міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд. дол., імпарт 7,3 млрд. дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.

Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст. л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн. літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лівіі.
Да арт. Лівія. Лівійская пустыня.
Да арт. Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.

т. 9, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст.крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.У.Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.

П.У.Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларусь.

Г.І.Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,

навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.

Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст. н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).

Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел. нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел. сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кі арт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел. эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел. філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;

Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

У.М.Конан.

т. 5, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬГІЯ (франц. Belgique, флам. België),

Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс. км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г. Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУ стараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн. ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд. т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-ра студз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 мм за год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл. цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).

Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр. ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст. н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст. тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар. гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст. тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц. рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г. бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесены вял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.

Сусв. эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна І. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл. Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.

Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. За цэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам. нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам. Хрысц. нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна І (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл. ААН, чл. Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл. Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш. паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.

У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел. акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).

Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц. нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс. цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.

Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, ​1/5 — каляровых цяжкіх металаў, ​1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн. т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн. т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд. кВт гадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн. т, сталі 10,1 млн. т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс. т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн. цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн. цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст. прам-сць (больш за ​3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс. га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс. га, пад лугамі і пашай 730 тыс. га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс. км, аўтадарог 15,1 тыс. км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс. км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн. т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал. гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.

Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс. чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс. бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс. чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр. ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг. мед. акадэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн. экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).

Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.Байрана, а потым В.Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А.ван Гасельта, творы Ш.Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.Леклерка, «Медзяніца» Ж.Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г. за нац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт. зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г. сац. раманы характэрны для творчасці К.Бюрньё, Ф.Эленса. Псіхал. драмы Ф.Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.Ленза, А.Карнелюса, Ж.Сіменона, п’есы П.Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.Тыры, М.Карэма, Ленза, Ж.Норжа, А.Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт. Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.Ф.Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац. літ. мовы (Х.Кансіянс, К.Л.Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.Элсхата. Пасля 2-й сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.Ройслінк, Х.Лампа, Х.Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст. Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт. Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал. цэнтры нідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.Тэнірс, Я.Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.Л.Гадшарля, інтэр’еры Л.Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.Ж.Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.Ваперс, Л.Гале, В.Гефс, Х.Лейс, Т.Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2-й пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.Дзюбуа, І.Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.Энсар, Ф.Ропс, Э.Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.Брам, М.Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.Бруселманс), сюррэалізм (П.Дэльво, Р.Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.Мазерэля, Ш.Лепле, мастакоў І.Опсамера, К.Пейзера, П.Палюса, Р.Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.Кай), дываны (Э.Дзюбрэнфо, Л.Дэльтур).

Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.Франка (Ж. і Л.Іонгены, Г.Лекё, В.Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.Вагнера (П.Бенуа, Я.Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.Абсіль. У 1920—40-я г. муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.А.Геварт, П.Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац. сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.С.Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст. т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст. па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш. тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг. нар. дома паставіла рэв. Драму Э.Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм. маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.Сторка, П.Хасартса і інш. Пасля 2-й сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.

Літ.:

Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;

Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;

Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр. М., 1966;

Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;

Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;

Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).

т. 3, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)