ГІ́ЛЕЛЬС Эміль Рыгоравіч

(19.10.1916, г. Адэса, Украіна — 14.10.1985),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1954). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1935). Удасканальваўся ў Школе вышэйшага майстэрства пры Маскоўскай кансерваторыі ў Г.Нейгаўза (1935—38). З 1938 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Выступаў як саліст (з 1929) і ансамбліст. Адзін з найб. вядомых піяністаў сучаснасці. Дасканаласць і глыбіня прачытання вылучалі яго выкананне твораў Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, Ф.Ліста, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1-я прэмія, 1933), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Э.Ізаі (Брусель, 1-я прэмія, 1938), Міжнар. конкурсу піяністаў (Вена, 2-я прэмія, 1936). Ганаровы чл. Лонданскай каралеўскай акадэміі музыкі (1969), Муз. акадэміі імя Ф.Ліста (Будапешт, 1970), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1980). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1962.

Літ.:

Дельсон В. Эмиль Гилельс. М., 1959;

Хентова С. Эмиль Гилельс. 2 изд. М., 1967;

Цыпин Г.М. Портреты советских пианистов. 2 изд. М., 1990;

Баренбойм Л. Эмиль Гилельс. М., 1990.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)