СКЛА́ДКАВАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

сукупнасць складак горных парод розных участкаў зямной кары (напр., альпінатыпная або германатыпная складкавасць). Адрозніваюць С.г.п., якія ўтварыліся ў розныя эпохі тэктагенезу (напр., байкальская, каледонская, герцынская, кімерыйская, альпійская; гл. адпаведныя арт.). Таксама С.г.п. наз. працэс фарміравання складак горных парод (складкаўтварэнне).

т. 14, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.

2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРЫ́МЕТР (ад лац. calor цяпло + ...метр),

прылада для вымярэння колькасці цеплаты, што паглынаецца або аддаецца ў розных фіз., хім., біял. і інш. працэсах. Тэрмін прапанаваны А.Лавуазье і П.Лапласам (1780).

Адрозніваюць К. вадкасныя і масіўныя, адзінарныя і падвойныя (дыферэнцыяльныя), з пераменнай (колькасць цеплаты вымяраецца па змене т-ры К.) і пастаяннай т-рай (вымяраецца колькасць рэчыва, якое перайшло ў інш. агрэгатны стан, напр., расплавілася ці выпарылася). Канструкцыя К. вызначаецца характарам і працягласцю даследаванага працэсу, межамі т-р, у якіх праводзяцца вымярэнні, зададзенай дакладнасцю і інш. К. для вымярэння сумарнага цеплавога эфекту наз. К.-інтэгратарамі; вадкасны К.-інтэгратар выкарыстоўваюць для вымярэння цеплаты растварэння ці хім. рэакцый, масіўны К. — энтальпіі рэчываў. К. для вымярэння цеплавой магутнасці і яе змен на розных стадыях працэсу наз. К.-асцылографамі; прынцып іх работы заснаваны на Пельцье эфекце.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,

лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.

Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax​2 + 2Bxy + Cy​2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.

Да арт. Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ,

сярэднія агульнаадук. навуч. ўстановы ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Клімавіцкая мужчынская гімназія. Існавала ў 1911—17. Утрымлівалася за кошт дзярж. казны і спец. сродкаў. Тэрмін навучання 5, з 1914—8 гадоў. У 1916 было 305 навучэнцаў. Прымаліся дзеці розных саслоўяў і веравызнанняў. Пры гімназіі дзейнічалі балалаечны аркестр, гіст. музей; вучнёўская (2476 кніг) і фундаментальная (3380 кніг) б-кі. Клімавіцкая жаночая гімназія. Існавала ў 1912—18. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. Тэрмін навучання 6 гадоў. У 1915 адкрыты дадатковы пед. клас. У 1916 было 311 навучэнак розных саслоўяў і веравызнанняў. У гімназіях вывучаліся закон Божы, рус., ням., франц. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, уводзіны ў філасофію, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і інш. Наладжваліся літ. і муз. вечары, дабрачынныя спектаклі, канцэрты і інш.

А.​Л.​Еўдакімава.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАГРА́ФІЯ (ад клімат + ...графія),

раздзел кліматалогіі, які вывучае тыпы кліматаў і іх пашырэнне на зямным шары. Вывучае геагр. заканамернасці размеркавання розных тыпаў клімату і яго асобных элементаў на розных узроўнях, стварае яго комплексную характарыстыку, выяўляе прычынныя сувязі і ўмовы фарміравання, вызначае межы аднародных клімат. умоў. Дае найб. поўныя колькасныя характарыстыкі і вызначае рэсурсы клімату, якія адпавядаюць практычным запатрабаванням гасп. дзейнасці. Асн. задачы К. — класіфікацыя кліматаў, распрацоўка іх крытэрыяў і метадаў. Найб. пашыраны класіфікацыі рас. вучоных Б.​П.​Алісава (паводле асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы), Л.​С.​Берга (паводле характару геагр. ландшафтаў, якія абумоўліваюцца кліматам), ням. вучоных У.​П.​Кепена (паводле геагр. размеркаванняў т-р паветра і сум атм. ападкаў), А.​Пенка (па суадносінах паміж ападкамі і выпарэннем, якія абумоўліваюць характар многіх рэльефаўтваральных працэсаў).

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГУ́СТЫ (Herpestes),

род млекакормячых сям. віверавых атр. драпежных звяроў. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Малой, Пярэдняй і Паўд. Азіі, Афрыцы. Акліматызаваны ў Вест-Індыі, на Гавайскіх і Фіджы а-вах. Жывуць у розных умовах. Трымаюцца паасобна, часам групамі. Найб. вядомы самы буйны прадстаўнік роду М. егіпецкі — іхнеўмон (H. ichneumon), або фараонаў пацук.

Даўж. цела да 65 см, хваста да 51 см, маса да 3,2 кг. Тулава падоўжанае, канечнасці кароткія, морда вострая. Поўсць кароткая, грубаватая. Афарбоўка бурая розных адценняў, часам са светлымі плямамі. Драпежнікі, кормяцца дробнымі жывёламі, пераважна грызунамі і змеямі, у т. л. ядавітымі. Імунітэту да змяінага яду не маюць, спраўляюцца з імі дзякуючы хуткай рэакцыі. Нараджаюць 2—4 дзіцяняці. Лёгка прыручаюцца. М. называюць таксама шэраг інш. родаў сям. віверавых.

Э.​Р.​Самусенка.

Мангуст егіпецкі.

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЛІНЕ́ЙНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел нелінейнай оптыкі, які вывучае залежнасць нелінейных аптычных з’яў ад частаты святла і змен характарыстык рэчыва. Выкарыстоўваецца для вымярэння аптычных уласцівасцей рэчыва і яго энергет. узроўняў, шырыні квантавых пераходаў і іх імавернасці, эфектыўнасці і рэлаксацыі розных працэсаў у рэчыве.

Метады Н.с. грунтуюцца на назіранні нелінейных аптычных з’яў (гл. Нелінейная оптыка) і вывучэнні іх залежнасці ад параметраў выпрамянення (частаты, палярызацыі, інтэнсіўнасці, напрамку распаўсюджвання і інш.) Дае магчымасць атрымліваць прынцыпова новую інфармацыю, таксама даныя, даступныя метадам звычайнай лінейнай спектраскапіі са значна большай дакладнасцю, адчувальнасцю і раздзяленнем. Гл. таксама Лазерная спектраскапія.

На Беларусі даследаванні па Н.с. пачаты ў 1956 у Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцгвам Б.І.Сцяпанава і праводзяцца ў розных ін-тах Нац. АН і ун-тах.

Літ.:

Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

навука пра заканамернасці, паходжанне, развіццё псіхікі жывёл і чалавека, пра падабенства і адрозненне ў іх псіхічнай дзейнасці. Фарміраванне П.п. звязана з працамі Ж.​Б.​Ламарка, Ч.Дарвіна, У.​А.​Вагнера. Параўнальна-псіхал. аналіз будуецца на звестках зоапсіхалогіі, псіхалогіі чалавека і накіраваны на выяўленне ў анта- і філагенезе зыходных псіхічных працэсаў жывёл і чалавека і якасных адрозненняў чалавечай псіхікі ад псіхікі жывёл. Асаблівае значэнне мае ўлік сац.-гіст фактараў, якія вызначылі ўзнікненне і развіццё чалавечай свядомасці (прац. дзейнасць, грамадскае жыццё, членараздзельная мова). Даныя П.п. маюць вял. значэнне для вырашэння розных праблем псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, медыцыны, педагогікі (генет. аснова развіцця дзіцячай псіхікі) і інш. Параўнанне паводзін і псіхікі як неад’емная частка праблематыкі розных дысцыплін, у т. л. эталогіі, сацыябіялогіі, кагнітыўнай эталогіі і антрапалогіі, ператварылася ў міждысцыплінарную галіну.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА АЛІМПІ́ЙСКАГА РЭЗЕ́РВУ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў г. Бабруйск для падрыхтоўкі трэнераў па розных відах спорту. Створана ў 1989 у Бабруйску на базе школы-інтэрната спартыўнага профілю. Прымае асоб, пачынаючы з 7-га класа агульнаадук. школы. Тэрмін навучання да 7 гадоў. Навучанне дзённае.

т. 2, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)