АЛЬБЕ́РЦІ (Alberti) Леон Батыста (18.2.1404, Генуя — 25.4.1472),

італьянскі вучоны, архітэктар, пісьменнік, музыкант; адзін з найб. значных гуманістаў эпохі Адраджэння. Атрымаў адукацыю ў Падуі, працаваў у Рыме і Фларэнцыі. Аўтар тэарэт. трактатаў, якія абагульнялі вопыт тагачаснага мастацтва і ўзбагачалі яго вынікамі навукі («Пра жывапіс», «Пра дойлідства», «Пра статую»). Пабудаваныя паводле яго праектаў цэрквы Сан-Франчэска ў Рыміні (1447—68), Сан-Себасцьяна (1460) і Сант-Андрэа (1472—94) у Мантуі былі вызначальным крокам у асваенні ант.

спадчыны архітэктуры ранняга Адраджэння.

Тв.:

Десять книг о зодчестве. Т. 1—2. М., 1935—37.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,

газета, орган Цэнтральнага саюза бел. культурных і гаспадарчых арг-цый. Выдавалася штотыднёва з 6.1.1931 да 2.12.1932 у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы пра паліт.-эканам. і культ. жыццё ў Польшчы, Зах. Беларусі, БССР, пра дзейнасць бел. культ. і навук. устаноў і арг-цый, артыкулы па гісторыі Беларусі, пра яе выдатных людзей. Выступала супраць КПЗБ. Напярэдадні прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера заклікала падтрымліваць нацыянал-сацыялістаў Германіі. Мела матэрыяльную падтрымку ад улад. Рассылалася бясплатна. Выйшла 58 нумароў. Спыніла існаванне з-за распаду «Цэнтрасаюза».

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАЛО́ГІЯ (ад грэч. hippos конь + ...логія),

навука пра коней. Вывучае анатомію, фізіялогію, біялогію размнажэння, пародаўтварэнне і інш. Творы па І. з’явіліся за некалькі стагоддзяў да н.э.; уключалі практычныя звесткі пра экстэр’ер, выездку і выкарыстанне коней. У далейшым комплекс біял., заатэхн. і вет. ведаў пра коней пашырыўся. На Беларусі з 19 ст. існавалі дзярж. конныя заводы і заводскія стайні, пазней узніклі племянныя станцыі і конегадоўчыя фермы, на якіх у наш час вядзецца племянная работа, выпрабаванне коней, павелічэнне іх пагалоўя і інш. Вядучая навук. ўстанова — Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Гл. таксама Конегадоўля.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЧАНТЫРА́ДЗЕ Канстанцін Канстанцінавіч (н. 1.1.1934, Тбілісі),

грузінскі літ.-знавец. Канд. філал. н. (1973). Скончыў Тбіліскі ун-т (1957). Даследуе груз.-бел. літ. ўзаемасувязі. Аўтар навук. прац «Руставелі ў беларускай літаратуры» (1971), «Беларускі раман пра Грузію» (пра раман Э.​Самуйлёнка «Будучыня»), «З гісторыі літаратурных сувязей грузінскага і беларускага народаў» (абедзве 1972), «Пытанні грузіна-беларускіх літаратурных сувязей на старонках грузінскіх і беларускіх газет і часопісаў» (1975), «Ля вытокаў літаратурнай садружнасці грузінскага і беларускага народаў» (1982), «Янка Лучына — аўтар першага беларускага твора пра Грузію» (1983) і інш.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРА́НІ,

герой стараж. грузінскага нар. эпасу «Аміраніяні», які вучыць людзей, як здабываць агонь і апрацоўваць метал, вызваляе іх ад міфічных пачвар — дэваў. Бог жорстка карае Амірані, прыкаваўшы да скалы Каўказскіх гор. Міф пра Аітрані блізкі да міфаў пра Абрскіла і Праметэя.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.​Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,

рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.

Літ.:

Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА СІВІ́ЛУ-ПРАРО́ЧЫЦУ»,

помнік перакладной бел. л-ры. Змешчана ў рукапісным зборніку 16 ст., які належаў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве. На старабел. мову перакладзена з чэшскай у 15 — пач. 16 ст. (трапляюцца царкоўнаславянізмы, паланізмы і чэхізмы). Уключае некалькі біблейскіх і апакрыфічных апавяданняў. Пачынаецца сюжэтам пра царыцу краіны Савы (паводле падання, была на Пд Аравіі), якая атаясамліваецца з Сівілай — адной з вандроўных варажбітак у Стараж. Грэцыі, пра яе знаёмства з біблейскім царом Саламонам. Далей змешчаны аб’яднаныя ў адно цэлае прароцтвы Сівілы Саўскай пра нараджэнне і вучэнне Хрыста, пашырэнне хрысціянства, з’яўленне антыхрыста, другі прыход Хрыста і канец свету.

Публ.:

Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Карский Е.Ф. Западнорусское сказание о Сивилле-пророчице по рукописи XVI в. // Карский Е.Ф. Тр. по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

У.​М.​Свяжыпскі.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СНАПО́К»,

заходнебеларускі ілюстраваны дзіцячы часопіс. Выдаваўся з мая 1937 да вер. 1939 у Варшаве на бел. мове. Рэдактар-выдавец С.​К.​Паўловіч. Меў на мэце пашыраць асвету на роднай мове, садзейнічаць фарміраванню дэмакр. поглядаў, абуджаць нац. свядомасць, далучаць да скарбніцы нац. і сусв. культуры. Змясціў артыкулы Паўловіча пра асветнікаў Кірылу і Мяфодзія, Ефрасінню Полацкую, арх. помнікі Беларусі; Р.​Шырмы пра каляндарна-земляробчыя святы, звычаі, нар. песні; нарысы М.​Караленкі пра прыроду, пазнавальныя матэрыялы пра бел. рэкі, паветраплаванне і інш. Друкаваў творы М.​Танка, М.​Васілька, М.​Машары, Н.​Тарас, А.​Дубровіча, байкі Я.​Быліны, казкі, песні, прыказкі, загадкі. Перадрукоўваў вершы і ўрыўкі з паэм Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, К.​Буйло, Я.​Журбы і інш. Змяшчаў у перакладзе творы М.​Лермантава, Ф.​Цютчава, І.​Нікіціна, Г.​Сянкевіча і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШТА́Р,

багіня ўрадлівасці і цялеснага кахання, вайны і разладу ў міфалогіі стараж. вавіланян і асірыйцаў, гал. жан. бажаство вавілонскага пантэона. Астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. У заходнесеміцкай міфалогіі наз. Астарта, у шумерскай — Інана. Звесткі пра культ І. ёсць у эпасе пра Гільгамеша.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)