плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.Лежэ, А.Глез, Х.Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.
У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.С.Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.Ларана, Р.Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.Ліпшыца).
У літаратуры Г.Апалінэр, М.Жакоб, А.Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл.Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.
Літ.:
Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;
Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.
І.М.Каранеўская.
Да арт.Кубізм. Х.Грыс. Сняданак. 1915.Да арт.Кубізм. П.Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.Да арт.Кубізм. Ж.Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»
(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),
1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.Папроцкі (1760—62) і А.Янушкевіч (1763—64).
2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.Ясінскі, К.Даніловіч, Э.Славацкі, А.Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ.«Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.
3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.Корвін-Мілеўскі, Ф.Завадскі, В.Бараноўскі, Э.Навіцкі, Т.Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел.нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел.нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел.нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ.нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,
арганізацыя Усеаг. яўр. рабочага саюза Літвы, Польшчы і Расіі (гл.Бунд) у Мінску ў 1897—1921. К-т утварыўся на аснове Мінскай яўр.с.-д. групы. У пач. 1898 ён займаўся тэхн. пытаннямі арганізацыі I з’езда РСДРП, на якім Бунд стаў часткай РСДРП. З 1899 вёў пераважна асв. прапаганду ў гуртках. У студз. 1901 к-т прыняў праграму падрыхтоўкі агітатараў, заснаваную на трэд-юніянісцкіх ідэях, і пачаў ствараць асобныя структуры для кіраўніцтва паліт. і эканам. барацьбой яўр. рабочых. Пасля II з’езда РСДРПк-т разам з усім Бундам выйшаў з партыі. У 1905—07 актыўна ўдзельнічаў у рэв. падзеях, уваходзіў у Мінскі кааліцыйны савет 1905, выдаваў газ. «Дэр Мінскер Арбайтэр» («Мінскі рабочы»), У 1906 (пасля IV з’езда РСДРП) Мінскі к-т Бунда зноў увайшоў у партыю. З пачаткам 1-й сусв. вайны к-т фактычна спыніў сваю дзейнасць. Пасля Лют. рэв. 1917 ён удзельнічаў у арганізацыі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, супрацоўнічаў пераважна з меншавікамі. У чэрв. 1917 Мінскі к-т увайшоў у Паўн.-Зах.абл. арг-цыю Бунда, удзельнічаў у выбарах у Мінскую гар. думу ў адзіным с.-д. блоку. У вер.-кастр. 1917 у бундаўскай арг-цыі складаліся левая (на чале з М.Я.Эстэр і Фрумкінай-Віхман) і правая (на чале з Х.Я.Гельфандам) плыні. Левыя паступова збліжаліся з бальшавікамі, увайшлі ў выканком Мінскага Савета, за імі ішла большасць прафсаюзаў Мінска. Левыя і правыя выступалі супраць абвяшчэння БНР. У студз. 1919 на аснове Мінскіх арг-цый Бунда ўзнікла Яўр.камуніст. партыя Беларусі, якая праз месяц перайменавана ў Яўр.камуніст. саюз (ЯКС). У маі 1919 быў створаны 1-ы Мінскі батальён бундаўцаў і паалейцыяністаў, 500 бундаўцаў былі мабілізаваны ў Чырв. Армію. На XIII надзвычайнай канферэнцыі (крас. 1920) было абвешчана пра далучэнне ЯКС да РКП(б) на ўмовах Камінтэрна. Правыя не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў т. зв.с.-д. Бунд (на чале з Гельфандам). 234 мінскія бундаўцы ўступілі ў пярвічныя арг-цыі КП(б)Б Мінска.
аўстрыйскі пісьменнік. У 1886—92 вучыўся ў ваен. школах, у Гандлёвай акадэміі ў Лінцы. У 1895—97 вывучаў л-ру, гісторыю, мастацтва, філасофію ў Пражскім, Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. Аўтар зб-каў вершаў «Жыццё і песні» (1894), «Ахвяры ларам» (1896), «Вянчаны снамі» (1897), «Перад калядамі» (1898), «Мне на свята» (1900), «Кніга вобразаў» (1902), «Часаслоў» (ч. 1—3, 1899—1903, поўнае выд. 1905), «Новыя вершы» (ч. 1—2, 1907—08), паэт. цыклаў «Дуінскія элегіі» і «Санеты Арфею» (абодва 1923), драм. і празаічных твораў, у т. л. рамана «Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге» (1910), мастацтвазнаўчых прац і інш. Пісаў таксама на франц. і рус. (захавалася 8 вершаў) мовах. У яго паэзіі рус., укр., італьян. і інш. матывы, яна адметная маст. універсалізмам, спалучэннем неарамант. і імпрэсіянісцкіх тэндэнцый з сімвалісцкімі і экспрэсіянісцкімі. У творах Р. праблемы чалавека і Бога, жыцця і смерці, мастака і мастацтва, вечнага і мінучага. Перакладаў з рус., франц., англ. моў. Яго канцэпцыя «новай рэчавасці» знайшла працяг у бел. паэзіі (А.Разанаў). На бел. мову яго вершы перакладалі А.Зарыцкі, В.Сёмуха, М.Сяднёў.
Тв.:
Бел пер. — Санеты Арфею. Мн, 1982;
Рус.пер. — Избр. лирика. М., 1974;
Лирика. М., 1981;
Записки Мальте Лауридса Бригге: Роман. Новеллы. Стихотворения в прозе. Письма. М., 1988;
Ворпсведе. Огюст Роден. Письма. Стихи. М., 1994;
Часослов: Стихотворения. М., 2000.
Літ.:
Березина А.Г. Поэзия и проза молодого Рильке. Л., 1985;
Карельский А.В. Жалоба и хвала: (Лирика Р.М.Рильке) // Карельский А.В. От героя к человеку: Два века западно-европейской лит. М., 1990;
Хольтхузен Г.Э. Р.М.Рильке...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;
Лявонава Е.А. Паблізу воблакаў і ветру: Штрыхі да філас.эстэт. партрэта Р.М.Рыльке // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Яе ж. А.Разанаў і еўрапейская філасофска-літаратурная традыцыя «рэчаўнасці» // Там жа;
Тычына М. З даверам да зямнога // Крыніца. 1997. № 12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст.н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал.плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж. ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач.н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст.н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн.філас. праблем.
Літ.:
Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;
Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́Л ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,
вобразнае ўяўленне пра духоўна-пачуццёвую дасканаласць і гармонію ў прыродзе, грамадскім быцці і маст. творчасці; гістарычна зменлівы крытэрый эстэт. густу і ацэнкі, што выяўляецца непасрэдна ў прыгожым, узнёслым і трагічным, ускосна — у агідным, нізкім і камічным. Як аб’ект эстэт. адносін да рэчаіснасці І.э. — арганічны кампанент сузірання, мыслення і практычнай дзейнасці, уключае таксама маст. культуру, вытв-сць, побыт. Яго суб’ектыўная ўмова — развітыя эстэт. пачуцці, маст. густ, гуманіст.грамадская свядомасць. У сістэме маст. культуры з’яўляецца адной з прычын і мэтай творчасці, крытэрыем ацэнкі мастацтва і прадметнага свету крытыкай і публікай. Дыялект. сутнасць І.э. ў супярэчлівым адзінстве рэальнага і належнага (таго, што павінна быць), гістарычнага абмежаванага ўзору і няспыннага руху да больш высокай дасканаласці, у адзінстве сац.-класавай, рэгіянальнай і нац. адноснасці з агульначалавечай універсальнасцю. Суадносіцца з ідэаламі пазнавальнымі, сац.-паліт. і этычнымі.
У ант. культуры І.э. выяўляўся найперш у гармоніі, меры і калакагатыі (адзінства красы і дабра). Для позняй эліністычнай культуры характэрна палярызацыя матэрыі і духу, рэальнага і ідэальнага. Хрысц. культура надала ім форму іерархіі духоўных, у т. л.эстэт. каштоўнасцей, на вяршыні якой боская Тройца — адзінства ісціны, дабра і красы. Сярэдневяковае мастацтва спасцігла І.э. як духоўную прыгажосць чалавека і яго творчасці, выяўленых у катэгорыі ўзнёслага. Для рэнесансавага гуманіст мастацтва характэрны ідэал гарманічна развітой асобы — мудрасць вучонага, адвага воіна, талент мастака, адзінства цялеснай і духоўнай прыгажосці. Ускладненне сац. структуры познафеад. і капіталіст. грамадства абумовілі дыферэнцыяцыю І.э., палярызацыю ўяўленняў пра яго ў асяроддзі арыстакратыі, буржуазіі і працоўных. Сучасныя кірункі ў эстэтыцы і розныя маст.плыні бачаць у І.э. кампанент «чыстай» маст. формы (абстракцыянізм), недасягальны ўзор або наогул адмаўляюць ідэалы (постмадэрнізм).
У гісторыі эстэтыкі і маст. культуры Беларусі ў самабытных формах выявіліся асн.гіст. тыпы І.э. У раннехрысц. культуры дамінавалі ідэалы маральнага ўдасканалення, хрысц. альтруізму (вобразы святых), рыцарскага служэння радзіме (вобразы ідэальных князёў і волатаў). Мысліцелі і асветнікі — гуманісты 16—17 ст. (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Сімяон Полацкі, Л.Сапега) сцвярджалі ідэал гарманічнага чалавека, агульнага дабра і прававой дзяржавы. У эпоху барока і класіцызму (17—1-я пал. 19 ст.) адбылася палярызацыя І.э. на высокі (арыстакратычны) і «нізкі» (народны). На аснове нар. ідэалаў, гуманіст. і рамант. традыцый у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сфарміраваліся эстэт. ідэалы бел.нац. адраджэння, таленавіта выяўленыя ў бел. класічнай л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна і інш., у газ. «Наша ніва»), якія сёння дамінуюць у нац. школах прафес. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТРЫНІТА́РЫІ (ад анты... + лац. trinitas тройца),
прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.
Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.Бляндрата, П.Альтыяці, В.Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.Бекеш, С.Лован, Ф.Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.Будны, В.Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;
Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. T. 24.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІ́ЗМ (франц. naturalisme ад лац. natura) у літаратуры і мастацтве, літаратурна-мастацкі кірунак, які характарызуецца свядомай устаноўкай на аб’ектывізм і біялагізм, адмовай ад сац. аналізу рэчаіснасці або схільнасцю да выяўлення вонкавых, эмпірычных фактаў жыцця без маст. абагульнення. маральна-эстэт. ацэнкі і без пранікнення ў іх духоўную сутнасць. На розных этапах развіцця маст. культуры Н. выявіўся як схільнасць да капіравання жыцця, рэпартажу без маст. адбору і тыпізацыі (натуралістычныя элементы ў познарымскім выяўл. мастацтве, у жывапісе, л-ры, т-ры 19—20 ст.). Як асобны кірунак са сваёй праграмай (адмова ад выразнай ацэнкі быцця і мастацтва ў дыяпазоне палярных эстэт. катэгорый) аформіўся ў франц. л-ры 2-й пал. 19 ст. пад уплывам філасофіі пазітывізму (А.Конт, І.Тэн і інш.), эвалюцыйнай тэорыі ў прыродазнаўстве. На думку яго тэарэтыка Э.Заля, задача мастацтва — даследаваць жыццё з той жа дакладнасцю і аб’ектыўнасцю, як гэта робіць навука. У творчасці прадстаўнікоў гэтай плыні (Заля, Г.Флабер, Гі дэ Мапасан, А.Дадэ, браты Ганкур і інш.) Н. аказаўся маст. прыёмам у рэаліст. аналізе жыцця. Руская натуральная школа ў л-ры (В.Бялінскі, М.Гогаль, І.Тургенеў, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын і інш.) была этапам станаўлення крытычнага рэалізму. Пазней натуралістычная плынь выявілася ў прозе П.Бабарыкіна, А.Пісемскага, Дз.Маміна-Сібірака, М.Арцыбашава, у сав. л-ры — Б.Пільняка, Ф.Панфёрава і інш. пісьменнікаў, у познім акад. жывапісе. Дасягненні натуралістычнай школы мастацтва — набліжэнне мастацтва да навукі, майстэрства бытапісання, аналіз сац. структуры грамадства, залежнасці чалавека ад матэрыяльных умоў жыцця, выяўленне кантрастаў багацця і беднасці, класавых супярэчнасцей, дэмакр. тэндэнцыі ў л-ры, інш. відах мастацтва. Сучасная масавая культура, тыражаваная сродкамі кінематографа і відэатэхнікай, страціла пазітыўныя набыткі традыц. Н., у ёй дамінуе арыентацыя на агіднае, нізкае і камічнае, адбываецца парадаксальнае спалучэнне натуралістычнага бытапісальніцтва з прыёмамі сюррэалізму, плыняў постмадэрнізму.
У бел. мастацкай культуры Н. не аформіўся ў асобную плынь, несумяшчальную з яе арыентацыяй на дэмакр. асветніцтва і рамантычныя ідэалы дзярж. і духоўнага адраджэння нацыі. Па аналогіі з негатыўнымі рысамі Н. могуць ацэньвацца недахопы ранняй бел. паэзіі, тэатр. і выяўл. мастацтва (блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, этнаграфізм, павярхоўнае бытапісанне), якія абумоўлены супярэчнасцямі станаўлення маст. прафесіяналізму. Інш. прырода натуралістычных тэндэнцый у л-ры і інш. відах бел. мастацтва перыяду 1930—50-х г.: яны з’явіліся пад націскам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі, дагматычнай ідэалогіі і рэпрэсіўнай палітыкі. У апошнія гады натуралістычныя тэндэнцыі выявіліся ў адыходзе некат. пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў ад значных грамадскіх праблем, тэматычным абмежаванні творчасці вузка-прымітыўнымі сферамі мяшчанскага побыту.
Літ.:
Давид-Соважо А. Реализм и натурализм в литературе и искусстве: Пер. с фр.М., 1891;
Тагер Е.Б. Проблемы реализма и натурализма // Русская литература конца XIX — начала XX в. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.
Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.Дэкарт, Г.Лейбніц, І.Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, П.Лафарг, К.Маркс, Ф.Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.Салаўёў, М.Лоскі, М.Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.
Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.Пацей, І.Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.Бандзевіч, А.Белабоцкі, Ф.Богуш, Б.Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.Пачобут-Адляніцкі, Я.Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.Луцкевіч, І.Канчэўскі, У.Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.А.Алексютовіча, А.А.Біралы, К.П.Буслава, Э.К.Дарашэвіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.М.Лушчыцкі, Н.М.Махнач, А.С.Майхровіч, В.І.Яфрэмава і інш.