прадпрыемства лясной гаспадаркі. Складаецца з лясніцтваў. Арганізуе ўлік і рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду, мерапрыемствы па лесаразвядзенні, меліярацыі і аднаўленні лясоў, паляпшэнні іх пароднага складу, павышэнні прадукцыйнасці, ахове лесу ад пажараў, шкоднікаў, хвароб, парубак; па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны і інш. прадуктаў лесакарыстання. Пры Л. ствараюць лясныя гадавальнікі, лесапаляўнічыя гаспадаркі, цэхі і ўчасткі па вытв-сці тавараў нар. спажывання. На Беларусі першыя Л. створаны ў 1929. На 1998 дзейнічала 88 Л. агульнай пл. 6,7 млн.га; існуюць таксама Л. навучальна-доследныя, навукова-даследчыя, ваенныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й ДАМА́СКІ (Nikolaos Damaskēnos; 64 да н.э., Дамаск — пач. 1 ст.н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык і філосаф. Быў саветнікам цара Іудзеі Ірада I, пасля смерці якога жыў пры імператарскім двары ў Рыме. З твораў М.Д. захаваліся ў фрагментах «Гісторыя» (у 144 кнігах, першыя кнігі пра гісторыю і міфалогію краін Усходу, апошнія пра падзеі 7—4 да н.э. ў Міжземнамор’і), «Жыццё Цэзара» (адзіная крыніца пра дзяцінства і юнацтва Аўгуста), «Збор выдатных звычаяў» (звесткі пра побыт і прававыя адносіны стараж. народаў). Творы М.Д. выкарыстоўвалі Страбон, Іосіф Флавій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «ЗАВО́Д ГАРЫЗО́НТ».
Засн. ў 1950 у Мінску як радыёзавод. З 1997 сучасная назва. У 1951 была выпушчана першая радыёла «Мінск Р-7», у 1955 — першыя тэлевізары «Беларусь», з 1968 — тэлевізары сям’і «Гарызонт». З 1972 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт». У склад ВА «Гарызонт» уваходзяць таксама «З-д Альмагор», навук.-вытв. комплекс «Сігнал», НДІ лічбавага тэлебачання, спецыялізаванае прадпрыемства «Кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання», з-д «Беліт», дзярж. выпрабавальны цэнтр «Белліс» і інш.Асн. прадукцыя (1999): тэлевізары каляровага адлюстравання з памерамі экрана па дыяганалі 37, 50, 61, 63, 70 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСУЛЬМА́НСКАЯ ЛІ́ГА, Усеіндыйская (з 1947 Усепакістанская) мусульманская ліга,
палітычная арг-цыя ў Брыт. Індыі і Пакістане. Створана ў 1906 пры падтрымцы брыт. улад. У 1920—30-я г. кіраўніцтва М.л. на чале з М.А.Джынам падтрымлівала барацьбу Індыйскага нацыянальнага кангрэса за незалежнасць Брыт. Індыі. З 1940 выступала за стварэнне асобнай дзяржавы інд. мусульман — Пакістана. Узначальвала ўрад Пакістана ў першыя гады яго існавання (у 1956 скінуты ваеннымі). У канцы 1960-х г. М.л. распалася на некалькі груп, якія спынілі сваё існаванне да пач. 1970-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў у 17 ст. — 1832 у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. полацкім войскім К.Храпавіцкім з жонкай Тэафіляй з Сакалінскіх паміж 1628 і 1648 (найб. верагодная дата — 1640). Першыя 2 касцёлы былі драўляныя. Мураваны касцёл св. Антонія пабудаваны ў 1763—75. Уяўляў сабой 3-нефавы храм памерам 14,5 χ 9,5 сажняў з 2-вежавым фасадам, у інтэр’еры было 7 алтароў. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў царкву, пасля 1917 разбураны. Захаваўся 2-павярховы жылы корпус пач. 18 ст., помнік архітэктуры барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,
1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.
2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКВОШ (англ. squash),
ракетбол, спартыўная гульня з гумавым мячом (дыям. каля 4 см) і ракеткамі на прамавугольнай пляцоўцы (корце), абмежаванай сценкамі. Гуляюць двое або чацвёра (парамі). Мэта — падтрымліваць мяч у гульні і пры гэтым перашкаджаць дзеянням саперніка.
Узнік у сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Першыя клубы арганізаваны ў 1890-х г. Спаборніцтвы праводзяцца з 1920, чэмпіянаты свету — з 1930. Існуюць варыянты гульні: т.зв. «брытанскі» («мяккі», або «міжнародны») і «амерыканскі» («жорсткі», або хардбол). Найб. пашыраны ў некат. краінах Еўропы, Паўн. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Афрыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі навуч. працэсу для асоб, якія спалучаюць атрыманне адукацыі з прац. дзейнасцю; частка сістэмы бесперапыннай адукацыі. Прадугледжвае самаст. праходжанне навучэнцамі асобных раздзелаў навуч. курсаў у адпаведнасці з праграмамі і планамі, выкананне кантрольных заданняў і здачу экзаменаў у навуч. установе. Сістэма З.н. сфарміравалася і развілася на аснове завочных школ (груп), курсаў, завочных аддзяленняў вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў. Выпускнікі завочных навуч. устаноў маюць тыя ж правы, што і выпускнікі дзённых і вячэрніх. З.н. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША, калі былі створаны першыя прыватныя школы для З.н. замежным мовам. У канцы 1960-х г. з’явіліся дзярж. і прыватныя вышэйшыя і сярэднія спец.навуч. ўстановы, спецыялізаваныя на завочнай форме навучання. Ствараюцца міжнар. аб’яднанні (кансорцыумы) завочных навуч. устаноў. Запісы лекцый і інш. заняткаў трансліруюцца па навуч. сетках і з дапамогай спадарожнікавай сувязі камплектуюцца ў відэабібліятэкі. Пры ЮНЕСКА дзейнічае Міжнар. савет па З.н.
У Беларусі першыя завочныя аддзяленні створаны ў 1931 пры Віцебскім, Магілёўскім, Мінскім пед. ін-тах, у 1933 — пры Бел.політэхн. ін-це. У 1997/98 навуч.г. ў Беларусі пры агульнаадук. школах і вячэрніх (зменных) агульнаадукацыйных школах 168 груп завочнага навучання (больш за 3 тыс. навучэнцаў), у сярэдніх спец.навуч. установах 23,8 тыс. навучэнцаў-завочнікаў, у дзярж.ВНУ — 62,6 тыс., недзярж. — 17,5 тыс. студэнтаў-завочнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЎРСКІ ФАРФО́Р,
мастацкія вырабы фарфоравага завода ў г. Сеўр (Францыя). Засн. ў г. Венсен (1740). У Сеўр вытв-сць пераведзена ў 1756. Першыя вырабы зроблены пад метал. формы і з уплывам майсенскага фарфору. Першыя майстры — жывапісец Ж.Ж.Башэлье і хімік Ж.Эло (вынаходнік унікальнай сіняй фарбы, адной з адметных рыс С.ф.). Размалёўкі на ярка-сінім, бірузовым і белым фонах уяўлялі сабой натуралістычныя выявы кветак, гірлянд, птушак, пейзажаў. У сярэдзіне 18 ст. быў пашыраны ружовы фон ракайлевых размалёвак золатам і шынуазры. Характэрны элемент С.ф. — размалёўкі пад камеі ў манахромнай тэхніцы грызайль. У 1770—1830-я г. С.ф. вырабляўся ў стылі класіцызму; былі пашыраны міфалагічныя і жанравыя скульптурныя групы, партрэтныя медальёны і бюсты, рэльефныя плакеткі (белым па сінім фоне), якія выкарыстоўваліся ў якасці ўставак у мэблю. Да 1800 вырабы (сервізы, вазы) ствараліся пераважна з мяккага фарфору (без кааліну), абпаленага пры параўнальна невысокай тэмпературы, што дазваляла дасягаць сакавітасці і вытанчанасці дробнага дэкору. З больш моцнага бісквіту стваралі групы і фігуры па мадэлях Э.М.Фальканэ, Л.С.Буазо, Ж.Б.Пігаля, Э.Бушардона, Кладыёна. З 1772 рабілі цвёрды фарфор. У 20 ст. ў стварэнні вырабаў С.ф. ўдзельнічалі вядучыя мастакі (Ж.Люрса і інш.).
Літ.:
Бирюкова Н.Ю. Французская фарфоровая пластика XVIII в. Л., 1962.
Я.Ф.Шунейка.
Сеўрскі фарфор. Марожаніца з сервіза з камеямі. 1778.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКВЕР (ад англ. square квадрат),
невялікі гарадскі сад; важная ч.азелянення населеных месцаў, дэкар. афармлення плошчаў і вуліц. Фарміруецца па асн. прынцыпах садова-паркавага мастацтва. Пл. звычайна 0,5—2 га. У адрозненне ад бульвара прызначаны пераважна для кароткачасовага адпачынку пешаходаў. С. можа мець самаст. закончаную кампазіцыю ці быць элементам буйнога арх.-ландшафтнага ансамбля. Звычайна асн. элемент кампазіцыі С. — пляцоўка для адпачынку з фантанам, дэкар. скульптурай, кветкавым партэрам, клумбамі, газонамі, пасадкамі дрэў, кустоў і інш.Першыя С. ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі, у 2-й пал. 19 ст. — у Расіі. Першыя С. на Беларусі — Аляксандраўскі сад (1870, цяпер Цэнтральны С.) з фантанам (1874) і на Саборнай пл. (1890-я г., цяпер пл. Свабоды) у Мінску. Найб. значныя С. ствараюцца ў адм.-грамадскіх цэнтрах (на плошчах Незалежнасці ў Мінску, Леніна ў Магілёве, Савецкай у Гродне), каля трансп.-планіровачных вузлоў (на прывакзальных плошчах у Гомелі, Маладзечне; Міхайлаўскі каля чыг. вакзала ў Мінску), перад буйнымі грамадскімі будынкамі (каля Бел.муз.т-ра ў Мінску, політэхн. ін-та ў Брэсце), каля помнікаў і мемар. комплексаў (С. на пл. Перамогі ў Мінску, каля помніка Вызвалення на пл. Свабоды ў Брэсце), у квартальнай забудове — т.зв. С.-«кішэні» (па вул. Берсана, на скрыжаваннях вул. Варвашэні і Куйбышава ў Мінску) і інш.
Г.С.Ларкін.
Міхайлаўскі сквер у Мінску. Скульптура «Дама на лаўцы» Скульптар У.Жбанаў. 1998.