здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф.фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.
2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт.пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСАМАТЫ́ЗМ, метасаматоз
[ад мета... + грэч. sōma (sōmatos) цела],
працэс замяшчэння адных мінералаў іншымі са зменай хім. саставу пароды (звычайна з захаваннем яе аб’ёму і цвёрдага стану) пад уздзеяннем раствораў (флюідаў) высокай хім. актыўнасці. Адрозніваюць М. магматычнай стадыі (напр., у сувязі з гранітызацыяй) і постмагматычнай стадыі (рудаўтварэнне метасаматычных радовішчаў). Са зменай хімізму раствораў, пры іх ахаладжэнні, вылучаюцца стадыі працякання М.: ранняя шчолачная высокатэмпературная (магнезіяльныя і вапняковыя скарны), кіслотная (грэйзены і другасныя кварцыты),
позняя шчолачная нізкатэмпературная (беразіты, лісцвяніты). Вылучаюць інфільтрацыйны М. (перанос хім. кампанентаў растворамі, якія фільтруюцца, праз горную пароду) і дыфузійны М. (дыфузія хім. кампанентаў у адносна нерухомым растворы). На мяжы 2 розных паводле хім. саставу асяроддзяў (напр., вапнякі і кварцыты) узнікае сустрэчная дыфузія, т.зв.біметасаматоз. У сувязі з дыферэнцыяльнай рухомасцю кампанентаў у растворах пры М. ўзнікае метасаматычная занальнасць з рэзкімі межамі паміж зонамі. З нарастаннем інтэнсіўнасці М. павышаная рухомасць хім. кампанентаў прыводзіць да ўтварэння монамінеральнай пароды. Пры рэгіянальным М. ўтвараюцца вял. аб’ёмы метасаматычных парод, пры лакальным М. на кантактах з руднымі целамі — калярудныя метасаматыты. На Беларусі метасаматычныя пароды трапляюцца: у крышт. фундаменце — альбітыт, біятыталіт, другасныя кварцыты, піраксеналіты, мікраклініт і інш.; у асадкавым чахле — даламіты, ангідрыты і інш.
Літ.:
Коржинский Д.С. Теория метасоматической зональности. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́РА,
статак авечак, які фарміруецца для сумеснай пасьбы і ўтрымання. У атару адбіраюць жывёл адной пароды, аднародных паводле полу, узросту, племянной каштоўнасці, а матак — з улікам тэрмінаў іх асемянення. Памер атары 200—1000 галоў. На племянных фермах атары на 20% меншыя, чым на прамысловых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ЛЫ [ад літа... + ...філ(ы)],
1) расліны і жывёлы, якія жывуць пераважна на камяністым субстраце (напр., лішайнікі, некат. малюскі, матылі, жукі, рыбы, яшчаркі і інш.).
2) Каменяточцы, звычайна нерухомыя або з запаволенымі рухамі марскія жывёлы (напр., некат. губкі, малюскі, многашчацінкавыя чэрві, ракападобныя), здольныя разбураць горныя пароды, каралы, ракавіны малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,
горныя пароды, утвораныя з пераадкладзенага вадой, тэктанічнымі рухамі ці ледавіком зыходнага матэрыялу. Трапляюцца найчасцей у платформавым чахле. На Беларусі пашыраны алахтонныя бурыя вугалі (з прынесеных вадой рэшткаў раслін), пяскі алювіяльныя, ледавіковыя адорвені і інш. Вывучэнне алахтонных адкладаў мае значэнне ў палеагеаграфіі, палеанталогіі, геалогіі нафты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЕ́Я (ад грэч. hylē лес),
вільготныя трапічныя лясы Цэнтр. і Паўд. Амерыкі, Цэнтр. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Фарміруюцца ва ўмовах пастаяннага гарачага і вільготнага клімату. Характарызуюцца гушчынёй, шмат’яруснасцю, вял. відавой разнастайнасцю, мноствам ліян і эпіфітаў. У гілеі растуць каштоўныя пароды дрэў (напр., какава, гевея і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРОВАСЛАІ́СТЫ ПЛА́СТЫКдэкаратыўны,
ліставы абліцовачны матэрыял. Таўшчыня 1—3 мм. Мае каляровы верхні слой, які звычайна імітуе каштоўныя пароды дрэў. Вызначаецца высокай трываласцю і ўстойлівасцю да цеплавога і хім. ўздзеянняў. Атрымліваюць гарачым прасаваннем паперы, прамочанай тэрмарэактыўнымі палімерамі. Выкарыстоўваюць у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКО́ЗЫ (франц. arcose),
аркозавыя пясчанікі, абломкавыя грубазярністыя горныя пароды пераважна з палявых шпатаў, кварцу, слюды і цэментавальнага (гліністага, карбанатнага) рэчыва. Колер ружовы ці чырвоны. Утвараюцца на перыферыі шчытоў і выступаў крышт. фундамента ў выніку разбурэння гранітаў, гнейсаў і блізкіх да іх па складзе горных парод. Сыравіна для атрымання друзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХІСІНКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + сінкліналь),
кароткая сінклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку лакальнага тэктанічнага прагінання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахісінкліналь, з усіх бакоў нахілены да яе цэнтра, дзе знаходзяцца найб. маладыя горныя пароды.
Брахісінкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАТРО́ФЫ [ад мез(а)... + ...троф(ы)],
расліны, сярэдне патрабавальныя да наяўнасці ў глебе элементаў мінер. жыўлення. Займаюць прамежкавае становішча паміж алігатрофамі і эўтрофамі. Да М. адносяць зялёныя імхі, некат. драўняныя пароды (напр., елка), з кусцікаў — чарніцы, брусніцы, а таксама нешматлікія травяністыя расліны, што растуць пад полагам цёмнахвойнага лесу (напр., кісліца, майнік і інш.).