ФІНА́Л у музыцы,

1) заключная частка цыклічнага муз. твора (санаты, камернага ансамбля, канцэрта, сімфоніі і інш.; гл. Цыклічныя формы). Мае выніковы характар у сэнсавым і функцыян. значэнні. У музыцы бел. кампазітараў побач з традыц. формамі Ф. (санатная, санатная з эпізодам, ронда і інш.) знайшлі ўвасабленне разнастайныя сучасныя структуры (творы В.​Войціка, У.​Дарохіна, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага, А.​Мдывані, Дз.​Смольскага, А.​Хадоскі і інш.).

2) Заключная сцэна оперы, аперэты, балета і інш. ці асобнага іх акта. Звычайна складаецца з эпізодаў: сольных, ансамблевых, харавых. Новыя тыпы опернага Ф. стварылі Дж.​Вердзі, Р.​Вагнер, М.​Глінка, М.​Рымскі-Корсакаў, М.​Мусаргскі. Сярод яскравых прыкладаў дынамічных Ф. ў бел. музыцы: оперы «Алеся» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Багатырова, «Сівая легенда» Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана, «Джардана Бруна» С.​Картэса, аперэта «Несцерка» Р.​Суруса, балеты «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава, «Страсці» («Рагнеда») Мдывані.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Протопопов В.В. Очерки по истории инструментальных форм XVI — начала XIX в. М., 1979;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;

Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 3—4]. Мн., 1996—97.

Т.​А.​Дубкова.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́ПА Вячаслаў Алегавіч (н. 10.1.1955, Душанбе),

расійскі і бел. рэжысёр. Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.​Глінкі (1969—71), скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных (1976), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1981). З 1981 рэжысёр-пастаноўшчык Растоўскага т-ра муз. камедыі. З 1984 в.а. гал. рэжысёра, з 1987 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1992—98 рэжысёр-пастаноўшчык Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго работы вызначаюцца рэжысёрскай фантазіяй, паэтычна-рамант. светаадчуваннем, пошукам новых выразных сродкаў. У т-ры муз. камедыі паставіў «Сірано» С.​Пажлакова (1984), «Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна, «Сільва» І.​Кальмана (абедзве 1986), «Клоп» У.​Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1992), «Халопка» М.​Стрэльнікава (1994), «Чараўнік» Д.​Рансуінка (1992, Дзіцячы муз. т-р «Казка»); у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага (1989, канцэртная версія), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1990), «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (1992), «Іаланта» П.​Чайкоўскага (1993), «Сельскі гонар» П.​Масканьі (1996). З 1998 працуе ў Расіі.

Літ.:

Брылон В. Слава для мяне не самамэта // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.

В.​Г.​Брылон.

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЎНУШАН, Яўнушанс (JaunuSans) Алфрэдс (н. 24.3.1919, Рыга), латышскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1965). Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Латв. ун-т (1941), драм. студыю Латв. т-ра драмы (1948), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1963). З 1947 акцёр, з 1963 рэжысёр, у 1963—87 гал. рэжысёр Латв. т-ра драмы імя Упіта (цяпер Нац. т-р Латвіі). Адначасова выкладаў у Латв. кансерваторыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконвае трагічныя і камед. ролі: Рудзіс («Дні краўцоў у Сілмачах» Р.​Блаўмана), Дон Карлас («Дон Карлас» Ф.​Шылера), Карандышаў, Нарокаў («Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Мармеладаў («Злачынства і кара» Ф.​Дастаеўскага) і інш. Паставіў спектаклі «Філумена Мартурана» Э.​Дэ Філіпа (1958), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Вей, ветрык!» Я.​Райніса (1968), «Качынае паляванне» А.​Вампілава (1976), «Калі жанчыны мераюцца сіламі» Г.​Брыгадэрэ (1989), «Радзіма» Г.​Зудэрмана (1992), «Дом трох дачок» А.​Вільнера і Х.​Рэйхерда (1993; аперэта), «Напалеон I» Ф.​Брукнера (1996), «Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса (1996), «Запрашэнне ў замак» Ж.​Ануя (2000) і інш.

Літ.:

Dzene L. Mana versija par Alfrēdu Jaunuśanu. Riga, 1979.

т. 18, кн. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сын рэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першы гіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял. гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т. л. «З Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—12. М., 1976—80.

Літ.:

Моруа А. Три Дюма: Пер. с фр. Мн., 1982.

І.​С.​Александровіч.

т. 6, с. 129

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКНАДЫЁСАЎ Уладзімір Сяргеевіч (н. 8.5.1947, с. Аляксееўка Мацвеева-Курганскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

бел. артыст оперы (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Уральскую кансерваторыю (г. Екацярынбург, 1973). З 1972 артыст Свярдлоўскага і Краснаярскага т-раў муз. камедыі. У 1978—95 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 2002 рэжысёр Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Для творчасці характэрны эмацыянальнасць, рамант. тэмперамент, арганічнасць сцэн. інтэрпрэтацыі, спалучэнне вак. і акцёрскага майстэрства. Сярод партый: Раман («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ціханаў, Кудраўцаў («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Джардана Бруна (аднайм. опера С.​Картэса), Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Войшалк — Васіль («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), П’ер Бязухаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Герман, Ленскі, Вадэмон («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Гофман («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Дон Карлас, Радамес, Альфрэд, Манрыка, Герцаг («Дон Карлас», «Аіда», «Травіята», «Трубадур», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Эрнеста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Сяргей («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча). Лаўрэат 8-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1977). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

І.​В.​Глушакоў.

У.С.Экнадыёсаў.
У.Экнадыёсаў у ролі Дубатоўка.

т. 18, кн. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЦАЛА Яўген Піліпавіч (14.1.1937, с. Новажыватаў Вінніцкай вобл., Украіна — 5.7.1995),

украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскі пед. ін-т (1959). Друкаваўся з 1961. Аўтар зб-каў апавяданняў і навел «Людзі сярод людзей» (1962), «Яблыкі з восеньскага саду» (1964), «Выкупаная ў любісце» (1965), «Хусцінка шоўку зялёнага» (1966), «Пах кропу» (1969), лірыка-псіхал. аповесцей «Дзяўчаты на выданні» (1971), «Двое на свяце кахання» (1973), «З агню ўваскрэслыя» (1978), гумарыстычна-гратэскавага рамана-трылогіі «Пазычаны муж», «Прыватнае жыццё феномена», «Парад планет» (1982—84); зб-каў вершаў «Пісьмо зямлі» (1981), «Час і прастора» (1983), «Жывём на зары» (1984) і інш. Яго творы адзначаны мяккім лірызмам, тонкім моўным жывапісам, глыбокай народнасцю і філас. асэнсаваннем рэчаіснасці. За кн. прозы «Арламі аранае» (1977), «Што мы ведаем пра любоў» (1979), «Паляванне з гончым сабакам» (1980) і цыкл «Апавяданні з Цярноўкі» (1981) Літ. прэмія Ю.​Яноўскага 1982; за зб-кі «Сайёра» (1980) і «Праляцелі коні» (1984) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1985. За цыкл нарысаў-памфлетаў «Ментальнасць арды» (1994—95) прэмія імя І.​Агіенкі 1996. На бел. мову асобныя творы Гуцалы пераклалі М.​Дубянецкі, М.​Лужанін, А.​Мажэйка, М.​Прашковіч, Л.​Салавей, А.​Чаркасаў, А.​Шарахоўская, Б.​Сачанка і інш.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1987;

Бел. пер. — Сельскія настаўнікі;

Школьны хлеб;

Аповесці. Мн., 1976;

У кн. Сцежка без канца. Мн., 1980.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЕРЭ́,

расійскія мастакі; бацька і сын.

Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.​Талстога, М.​Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольскі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Подобедова О.И. Е.​Е.​Лансере. М., 1961.

Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛЯ́РСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.

На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст. н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).

На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс. пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс. т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).

П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс. т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс. т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс. т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс. т мёду).

П.​В.​Вараб’ёў, І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З. склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.​А.​Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.​Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.​А.​Бенда, К.​Г.​Нефе, І.​Ф.​Рэйхард. Тэксты для З. пісаў І.​В.​Гётэ. Станаўленне аўстр. З. звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.​Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.​Дзітэрсдорфа, В.​Мюлера і асабліва В.​А.​Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.​Бетховен («Фідэліо»), Ф.​Шуберт, К.​М.​Вебер, А.​Лорцынг, О.​Нікалаі, у венскай аперэце І.​Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З. адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.​Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.​А.​Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМ (Lem) Станіслаў (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),

польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанры навук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.​Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.​Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.

Тв.:

Бел. пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;

Салярыс. Мн., 1994;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—2. Мн., 1992;

Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.

Літ.:

Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;

Lem w oczach krytyki światowej. Kraków, 1989.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)