Al, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы Мендзялеева, ат. н. 13, ат. м. 26,98. Прыродны алюміній складаецца з аднаго стабільнага ізатопа 27Al (100%). У літасферы алюміній складае 8,8% па масе (першае месца сярод металаў). Атрыманы ў 1825 дацкім вучоным Х.К.Эрстэдам. Галоўныя носьбіты алюмінію — алюмасілікаты, асн. крыніцы атрымання — баксіты, алуніты, нефелін-апатытавыя руды.
Лёгкі серабрыста-белы метал, добра праводзіць цеплыню і электрычнасць, пластычны, шчыльн. 2,7∙103кг/м³, tпл 660 °C. Хім. актыўны: на паверхні стварае ахоўную аксідную плёнку, аднаўляе металы і неметалы з іх аксідаў, узаемадзейнічае з галагенамі, пры высокіх т-рах з азотам, вугляродам і серай. На алюміній не дзейнічаюць разбаўленыя і моцныя азотная, саляная і серная к-ты. Алюміній з шчолачамі ўтварае алюмінаты. Прамысловы спосаб атрымання заснаваны на электролізе раствору гліназёму (Al2O3) у расплаўленым крыяліце (Na3AlF6) пры t 950 °C. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, буд-ве (канструкцыйны матэрыял), электратэхніцы, металургіі (гл.Алюмінатэрмія), хім. і харч. прам-сці (тара, упакоўкі), вытв-сці выбуховых рэчываў (аманал, алюматол). Як мікраэлемент уваходзіць у склад тканак жывых арганізмаў і раслін; лішак алюмінію шкодны, акумулюецца ў печані, падстраўнікавай і шчытападобнай залозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВЫЯ (Picidae),
сямейства птушак атр. дзятлападобных. 38 родаў, 213 відаў. Пашыраны ў трапічнай і ўмеранай зонах, акрамя палярных абласцей, Мадагаскара, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Новай Гвінеі і Палінезіі. Найб. разнастайныя ў Паўд. Амерыцы. Жывуць пераважна ў дрэвавых і кустовых насаджэннях. 4 віды і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 10 відаў: жаўна, круцігалоўка, зялёны дзяцел, трохпальцы дзяцы, вялікі, сярэдні і малы стракатыя, сівы, беласпінны, сірыйскі; у Чырв. кнізе зялёны і трохпальцы.
Даўж. 8—56 см. Большасць Дз. прыстасавана да жыцця на дрэвах. Ногі кароткія, з доўгімі пальцамі і вострымі кіпцюрамі. Долатападобная дзюба, трывалы чэрап, моцныя мышцы шыі, жорсткае рулявое пер’е хваста, якое служыць апорай пры лажанні па дрэвах, дазваляюць дзяўбці драўніну ў пошуках корму і выдзёўбваць дуплы для гнёздаў. Язык чэрвепадобны, тонкі, далёка высоўваецца для захопу корму Некаторыя Дз. маюць слабую дзюбу і мяккі хвост (круцігалоўкі, дзяцелкі). Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, мурашкамі. насеннем, пладамі, сокам дрэў. Гняздуюцца ў дуплах дрэў і вял. кактусаў, жыхары пустынь — у норах або сярод камянёў. Нясуць 2—12 яец.
Да арт.Дзятлавыя. Дзятлы: 1 — вялікі стракаты; 2 — сярэдні стракаты; 3 — малы стракаты; 4 — беласпінны; 5 — сірыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД МІЖНАРО́ДНЫ (МГГ),
перыяд з 1 ліп. 1957 да 31 снеж. 1958, калі 67 краін выконвалі геафіз. назіранні і даследаванні па адзінай праграме і методыцы; прадоўжаны і ў 1959 як Міжнар. год геафіз. супрацоўніцтва. З’яўляецца пераемнікам 2 Міжнар. палярных гадоў (1882—83 і 1932—33).
МГГ праводзіўся ў перыяд максімуму сонечнай актыўнасці. Яго праграма ўключала аэралагічныя, метэаралагічныя, акіянаграфічныя, гляцыялагічныя, магнітныя, гравіметрычныя, сейсмічныя даследаванні, а таксама вывучэнне палярных ззянняў, іанасферы, метэораў, касм. промняў і інш. У Антарктыдзе створаны базы для назіранняў (сав. абсерваторыя «Мірны» і інш.), праведзены навук. экспедыцыі; у Арктыцы ўстаноўлены плывучыя абсерваторыі на льдзінах, у акіянах працавалі экспедыцыі на н.-д. суднах. Выкарыстоўвалася новая апаратура: геафіз. ракеты, першыя штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. У выніку даследаванняў адкрыты радыяцыйныя паясы Зямлі, Паўд. полюс холаду ў Антарктыдзе, новыя ледавіковыя раёны ў Сібіры, наяўнасць гелію ў высокіх слаях атмасферы, вызначаны напрамак і скорасць ветру на выш. да 110 км, моцныя цячэнні на вял. глыбіні ў акіянах і інш. Копіі ўсіх матэрыялаў назіранняў у час МГГ захоўваюцца ў сусв. цэнтрах даных у Вашынгтоне, Маскве і спец. цэнтрах у Жэневе, Лондане і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛХА́Ш,
бяссцёкавае возера на ПдУ Казахстана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне, на выш. 342 м над узр. м.Пл. зменьваецца ад 17 да 22 тыс.км². Даўж. 605 км, найб.шыр. 74 км, найб.глыб. да 26 м, сярэдняя каля 6 м. Пл. вадазбору каля 501 тыс.км². Зах. і паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. ўзбярэжжа — плоская раўніна з зараснікамі трыснягу. П-аў Сарыесік падзяляе Балхаш на 2 часткі, злучаныя прал. Узун-Арал (шыр. 4 км): зах. — шырокую, з моцна парэзанай берагавой лініяй і ўсх. — вузкую, берагавая лінія менш звілістая. У зах. частку ўпадае р. Ілі, ва ўсх. — р. Каратал, Аксу, Лепсы і інш. Самыя вял. а-вы Басарал і Тасарал. Клімат у раёне возера пустынны. Высокая летняя т-ра паветра (каля 24 °C), нізкая адносная вільготнасць (55—60%), моцныя вятры спрыяюць выпарэнню (ад 950 да 1200 мм за год). Т-ра вады на паверхні ад 0 °C у снеж. да 28 °C у ліп. Ледастаў з ліст. да красавіка. Вада ў зах. частцы амаль прэсная (да 1‰), празрыстасць да 1 м, жоўта-шэрага колеру, ва ўсх. частцы — саленаватая (5‰), празрыстая да 5,5 м, колер ад блакітнаватага да ізумрудна-зялёнага. Прамысл. рыбы: сазан, судак, марынка, акунь. Шмат вадаплаўных птушак. Суднаходства. На паўн. беразе г. Балхаш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГО́ЛЬНЫЯ НАПІ́ТКІ, спіртныя напіткі,
напіткі, у састаў якіх уваходзіць алкаголь (этылавы спірт). Моцныя алкагольныя напіткі: гарэлка, каньяк, джын, віскі, ром, наліўкі, настойкі, лікёры — маюць ад 60 да 20% спірту, віно вінаграднае і пладова-ягаднае — ад 20 да 9% (гл.табл.). Змешаныя алкагольныя напіткі гатуюць непасрэдна перад ужываннем (кактэйлі, крушоны, глінтвейны); у залежнасці ад рэцэптаў прыгатавання маюць розную колькасць алкаголю. Да слабых алкагольных напіткаў адносіцца піва.
Для прыгатавання алкагольных напіткаў выкарыстоўваюцца спірт вышэйшага гатунку, памякчаная вада, часам сокі фруктаў і ягад, эсенцыі ягадныя і фруктовыя (пераважна штучныя), настоі духмяных траў, карэнняў, лісця, кветак, лупіны цытрусавых, вострыя прыправы. Тэхналогія прыгатавання моцных алкагольных напіткаў уключае разбаўленне, моцнага віна — дабаўленне спірту да патрэбнага мацунку. У сталовым сухім белым ці чырв. віне спірт толькі натуральнага зброджвання. Алкагольныя напіткі аказваюць на чалавека дзеянне ад танізавальнага да разбуральнага, з дэградацыяй асобы пры алкагалізме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБІ́ННЫ РАЗЛО́М,
разнавіднасць разрыўнога парушэння зямной кары. Уяўляе сабой працяглую на сотні і тысячы кіламетраў адносна вузкую (ад некалькіх сотняў метраў да дзесяткаў кіламетраў) і глыбокую зону рухомага сучлянення буйных блокаў, якое пранікае ў падысподнюю частку верхняй мантыі Зямлі.
Паводле сейсмічных паказчыкаў адрозніваюць разломы: звышглыбінныя (да 400—700 км), глыбокія (да 100—300 км) і ўласна зямной кары. Працягласць іх развіцця розная — да сотняў мільёнаў і больш за мільярд гадоў. Глыбінныя разломы адметныя радамі разнастайных расколін, зон крышэння, рассланцавання і дробнай прыразломнай складкавасцю. Маюць верт., гарыз. і нахіленыя асновы. Глыбінныя разломы падзяляюць зямную кару на асобныя буйныя блокі або глыбы, часта з’яўляюцца граніцамі асноўных тэктанічных элементаў літасферы. З глыбіннымі разломамі звязаны моцныя землетрасенні, павялічаныя цеплавыя патокі з зямных нетраў. Яны з’яўляюцца шляхамі пранікнення ў зямную кару магматычных руданосных і гідратэрмальных раствораў.
На Беларусі найб. выразныя глыбінныя разломы: Полацкі, Выжаўска-Мінскі, Стахоўска-Магілёўскі, Крычаўскі, Чачэрскі. Яны маюць вялікую працягласць і глыбіню, выцягнуты з ПдЗ на ПнУ, паралельныя адзін аднаму. Паміж імі размешчаны менш магутныя разломы зямной кары. У выніку тэр. разбіта на магутныя блокі, дзе верт. перамяшчэнне ўнутранай паверхні рухома-хвалевае. Характар паверхневых верт. зрухаў зямной паверхні вывучаецца з дапамогай геадэзічных назіранняў на геадынамічным палігоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГ, Ганга,
рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл.бас. 1120 тыс.км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс.км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс.м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс.м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн.т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл.Ганга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТЫ,
клас хім. злучэнняў, якія змяшчаюць вадарод, здольны пры электралітычнай дысацыяцыі ў водных растворах адшчапляцца ў выглядзе іона H+ (дакладней — іона гідраксонію H3O+). Пры замяшчэнні вадароду на іон металу ўтвараюцца солі.
У залежнасці ад колькасці іонаў вадароду, што адшчапляюцца ад малекулы, К. падзяляюць на аднаасноўныя (напр., азотная кіслата HNO3, саляная кіслата HCl), двухасноўныя (напр., серная кіслата H2SO4, вугальная кіслата H2CO3) і г. д. Паводле ступені дысацыяцыі адрозніваюць К. моцныя, якія ў разбаўленых водных растворах дысацыіруюць амаль цалкам (напр., HNO3, H2SO4), і слабыя, якія дысацыіруюць нязначна (напр., H2CO3). Для класіфікацыі К. і асноў у няводных растворах карыстаюцца пераважна 2 тэорыямі, прапанаванымі ў 1923: пратоннай І.Н.Бронстэда і электроннай Г.Н.Льюіса. Паводле тэорыі Бронстэда, К. наз. злучэнні, здольныя аддаваць пратон, а асновамі — злучэнні, здольныя далучаць яго. Згодна з тэорыяй Льюіса: К. — акцэптары электроннай пары, асновы — донары гэтай пары. Кіслотныя ўласцівасці рэчываў паводле першай тэорыі звязваюцца з наяўнасцю пратона, паводле другой — абумоўлены будовай малекул, якая вызначае іх электронаакцэптарныя ўласцівасці, таму да К., акрамя пратонных К., адносяць таксама электронаакцэптарныя злучэнні (напр., тэтрахларыд волава SnCl4, трыфтарыд бору BF3), якія не маюць вадароду.
Літ.:
Усанович М.И. Исследования в области теории растворов и теории кислот и оснований: Избр. тр. Алма-Ата, 1970;
Мискиджьян С.П., Гарновский А.Д. Введение в современную теорию кислот и оснований. Киев, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАФРЫКАНІ́ЗМ,
міжнародны ідэйна-паліт. рух, які ўзнік на мяжы 19 і 20 ст. сярод негрыцянскага насельніцтва ЗША і Вест-Індыі. Напачатку знаходзіўся пад моцным уплывам М.Гарві, які лічыў, што негрыцянскае пытанне можна вырашыць толькі шляхам перасялення ўсіх неграў на «гіст. радзіму» — у Афрыку. Пасля 1-й сусв. вайны рух П. ўзначаліў У.Э.Б.Дзюбуа, пад кіраўніцтвам якога пачалася арганізаваная барацьба супраць расавай дыскрымінацыі, за роўныя правы для чорных і белых. У 1919, 1921, 1923 і 1927 адбыліся панафр. кангрэсы. З 1930-х г. усё большы ўдзел у панафр. руху прымаюць выхадцы з самой Афрыкі. Сенегалец Л.Сенгор прапанаваў канцэпцыю негрыцюду — самабытнасці афр. культуры. Адначасова ў П. ўзмацнілася сацыяліст. плынь на чале з Дж.Пэдмарам. У кастр. 1945 у Манчэстэры (Вялікабрытанія) адбыўся 5-ы Панафр. кангрэс, на якім прадстаўнікі Афрыкі, у т. л. будучыя дзярж. дзеячы К.Нкрума, Дж.Кеніята, Х.К.Банда, А.Авалова, мелі ўжо больш за палавіну месцаў. Кангрэс выпрацаваў паліт. праграму ліквідацыі еўрап.калан. сістэмы ў Афрьщы і стварэння незалежных афр. дзяржаў. Гэтым быў дадзены моцны штуршок стварэнню ў афр. калоніях мясц.паліт. партый і рухаў і працэсу дэкаланізацыі Афрыкі ў 1950—60-я г. Некаторыя радыкальныя прыхільнікі П. (Нкрума) заклікалі да стварэння адзінай афр. дзяржавы, але іх ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў стварэнні Арг-цыі афр. адзінства (1963) і шэрагу рэгіянальных афр. міждзярж. саюзаў. 6-ы Панафр. кангрэс (Дар-эс-Салам, 1969) канстатаваў моцныя рознагалоссі ў руху П. і знікненне яго як адзінага руху.